Дом Свянціцкага ў Мінску, або загадка стагоддзя

№ 17 (1508) 24.04.2021 - 30.04.2021 г

Факт, на які трэба звярнуць увагу экскурсаводам
Сярод нешматлікіх мінскіх даваенных будынкаў ёсць некалькі былых гэтак званых “даходных дамоў”, якія маюць асабовае імя, атрыманае ў спадчыну ад іх уласнікаў. Напрыклад, “дом Уніхоўскага”, “дом Ждановіча”, “дом Абрампольскага” або “дом Свянціцкага”. Прыналежнасць першых трох да іх ранейшых гаспадароў, падаецца, ніколі не выклікала дыскусій у даследчыкаў гісторыі сталіцы. Што ж датычыцца “дома Свянціцкага”, які размешчаны на рагу вуліц Карла Маркса і Леніна, то тут нам ёсць што сказаць новага. І не толькі пра праўдзівага гаспадара, але і пра гісторыю дома, якая можа быць карыснай як гісторыкам, так і экскурсаводам.

/i/content/pi/cult/847/18003/27.jpgДОКТАР СУПРАЦЬ ІНЖЫНЕРА

Каля гэтага “мадэрновага” дома (сёння гэта жылы дом, на адным з паверхаў якога месціцца Літаратурны музей Петруся Броўкі), я праходзіў незлічоную колькасць разоў, днём і ноччу, у дождж і ў снегавую завіруху. Часам спыняўся, каб чарговы раз зірнуць на шматлікія памятныя дошкі розным дзеячам гісторыі і культуры, замацаваныя на яго фасадзе. Але ніколі не думаў, што мне выпадзе “жэрабя” распавядаць пра яго. Бо, вобразна кажучы, здавалася, што ўсе “аркушы справы” прашнураваны, пячатка пастаўлена і справа здадзена ў архіў.

Згодна афіцыйнай версіі, якая даўно і надзейна замацавала свае пазіцыі ў Вікіпедыі, папулярных публікацыях, інтэрв’ю і ў тэкстах экскурсаводаў, дом гэты належаў вядомаму мінскаму доктару медыцыны Зыгмунту Карлавічу Свянціцкаму (1836 — 1910), аднаму з заснавальнікаў унутрыполасцевай хірургіі ў Беларусі і філантропу. Доктар гэты з’яўляўся блізкім сябрам пісьменніцы Элізы Арэшкі, жанаты быў на пляменніцы Адама Міцкевіча Марыі, дачцы Аляксандра Міцкевіча і Тарэзы Тараевіч, і паходзіў з Берасцейшчыны. Цікава, што першую ступень адукацыі ён і яго старэйшы брат Мечыслаў, таксама ў будучым доктар медыцыны, бралі ў мінскай мужчынскай гімназіі, будынак якой калісьці стаяў акурат праз дарогу ад “дома Свянціцкага”. Адным з прынятых доказаў, што дом належаў менавіта яму, лічацца літары “ZS”, якія змешчаны на каваных кратах гаўбца і ўваходных дзвярэй. Ну і яшчэ спіс уласнікаў дамоў Мінска за 1911 год, у якім гаспадаром дамоў № 34 і 36 запісаны “Свенцицкий Cигизм. Карл.” Тым не менш, варта згадаць, што доктар Свянціцкі на той час ужо амаль год як быў пахаваны на Кальварыйскіх могілках (магіла леваруч ад касцёла).

Што стала пабуджальным матывам зацікавіцца гэтай справай, у якой быццам бы ўжо ўсе кропкі былі “расстаўлены”? Некаторы час таму мы атрымалі ліст, у якім блізкія сваякі Зыгмунта Свянціцкага звярталі нашу ўвагу на непраўдзівыя звесткі ў СМІ адносна ўласніка дома. Паводле дасланай інфармацыі, а гэта былі некаторыя дакументы і сямейныя ўспаміны, уласнікам знакамітага мінскага дома быў не доктар Зыгмунт Карлавіч Свянціцкі, але інжынер-архітэктар Зыгмунт Збігневіч Свянціцкі (1880 — 1963)! І тады ўсе разарваныя часткі пазла склаліся. Стала, нарэшце, зразумела, што не стары і не надта заможны доктар “пабудаваў” гэты шматпавярховы дом, што не доктар стварыў праектнае бюро “Гай, Свянціцкі і Ко”, што не доктар павінен лічыцца ледзь не першым аўтамабілістам Мінска. То-бок, далейшая наша гісторыя будзе пісацца пра Зыгмунта Збігневіча Свянціцкага. Хоць асоба доктара Зыгмунта К. Свянціцкага (і яго не менш знакамітага калегі Вінгельма Данілавіча Гіндэнбурга), як мне падаецца, заслугоўвае асобнай публікацыі.

/i/content/pi/cult/847/18003/28.jpgІНЖЫНЕР З РОДУ СВЯНЦІЦКІХ

Пішучы прозвішча “Свянціцкі”, мне ўвесь час карціць вярнуць яму першасную форму — “Свяціцкі”. Бо ў попісах войска ВКЛ XVI стагоддзя і ў іншых дакументах тых часоў на старабеларускай мове яно пісалася “Светицкий». Пазней, пасля пераводу справаводства ВКЛ на польскую мову, сярод Дамброўскіх (Дуброўскіх), Бжазоўскіх (Беразоўскіх) сталі ў адзін шэраг Свентаржэцкія (Святарэцкія) і Свянціцкія. З даўніх часоў былі яны вядомы ў Менскім і Мсціслаўскім ваяводствах ВКЛ. З гэтага роду выходзілі даволі высокія ўраднікі — пісары, падстарасты, суддзі. Мелі яны розныя ганаровыя тытулы — ротмістры, абозныя, канюшыя, мечныя, лоўчыя, і гэтак далей.

Зыгмунт быў малодшым сынам Збігнева Свянціцкага і меў брата Баляслава. Нарадзіўся ў 1880 годзе ў маёнтку сваіх бацькоў Закалюжжа, на Барысаўшчыне. 10 мая 1907 года Зыгмунт завяршыў сваю адукацыю ў Інстытуце Грамадзянскіх інжынераў Імператара Мікалая І і атрымаў дыплом. У ім сярод іншага сцвярджалася, што “Сигизмунд Збигневич Свенцицкий… удостоен Советом Института звания Гражданского Инженера с правом производить работы па гражданско-строительной и дорожной частям и носить Высочайше установленый знак”.

Але яшчэ да атрымання дыплома 30 сакавіка 1906 года Збігнеў Свянціцкі паведаміў у мінскае губернскае праўленне, што ён будзе ўзначальваць усе працы па будаўніцтве Чырвонага касцёла. А яшчэ праз год у Мінску з’явіўся варшаўскі архітэктар Генрых Гай, які пераняў справы ў Свянціцкага і завершыў са сваёй мінскай фірмай “Гай, Свянціцкі і Ко” распачатую ў маі 1905 года будоўлю касцёла. Генрых Гай (1875 — 1936) скончыў той самы Санкт-Пецярбургскі Інстытут Грамадзянскіх інжынераў, толькі на дзевяць гадоў раней за Свянціцкага, і таму паспеў да таго часу атрымаць дадатковую адукацыю і багаты досвед. У Мінску аб Гаі засталося нямала памятак — касцёл святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл), дамы Уніхоўскага і Абрампольскага і мінскага земляробчага таварыства (сённяшні будынак МУС), а таксама пад Мінскам: касцёл Сэрца Хрыста і Святой Дзевы Марыі, капліца і гаспадарчая забудова графа Чапскага ў Воўчкавічах (гл. “К”, № 44, 2020 г.). Праўда, пра дзейнасць суполкі Гая і Свянціцкага, на вялікі жаль, вядома не шмат. Бюро ж аб’яднання “Гай, Свянціцкі і Ко” месцілася ў доме Свянціцкага, на рагу Губернатарскай і Падгорнай, пра што сведчаць рэкламныя абвесткі.

ДЗЯДЗЬКА МУЛЬ

Згодна з сямейнымі ўспамінамі, сваякі Збігнева Свянцікага звалі яго “Муль”. “Мой дзядзька любіў лідзіраваць (магчыма, з-за невысокага росту), — распавядае пляменнік Свянціцкага. — Менавіта ён ездзіў па Мінску і ваколіцах на першай легкавой машыне, якая з’явілася тут. Гэта была марка Minerva. Шматлікія паненкі заклікалі яго пакатацца на гэтым самаходным монстры, але моцныя ўражанні ад глядовішча, мабыць, не перараслі ў моцныя пачуцці, бо дзядзька заставаўся халасцяком да канца жыцця. З часам ён стварыў кампанію ў Мінску, сёння мы назвалі б яе таксі, якая складалася з пяці аўтамабіляў Dixi…. Не ведаю, які гэта быў год. У 1894 г. па ўсёй Швейцарыі было 10 машын. У 1910 г. у Варшаве было 110 машын, а ў Амерыцы мадэль T Ford каштавала 950 долараў”.

У кнізе пра Мінск (т.2. “Памяць”) згадваецца, што першую спробу “таксаваць” ажыццявіў у 1906 годзе “нехта Фёдараў”. Але першы ж выезд завершыўся сур’ёзнай аварыяй з цяжкімі пашкоджаннямі пасажыраў і кіроўцы. Згадваецца ў кнізе і гараж-магазін Свянціцкага “Мінск-аўтамабіль”, чыя таксаматорная дзейнасць была больш паспяховая, і таму ў крымінальнай хроніцы не адлюстравалася.

Згодна з планам зямельнага ўчастка, які захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, гараж знаходзіўся ва ўнутраным двары з левага боку, дзе зараз цагляны мур. Паводле рэкламных абвестак, якімі падзяліўся з намі гісторык Дзмітрый Навумаў, Зыгмунт Свянціцкі меў эксклюзіўнае права продажу аўтамабіляў марак Overland, Lorrainde Dietrich, Panhard Levasonу Мінскай, Смаленскай, Віцебскай і Магілёўскай губерніям. Таксама займаўся ён продажам “подержанных” аўтамабіляў і рамонтам “жалезных коней”.

“У Мінску дзядзька жыў у мураванай сядзібе, прылеглай да яго камяніцы, побач з якой панаваў гараж, у якім, між іншага, захоўваліся бочкі з бензінам, — далей працягвае пляменнік. — Гэта цалкам супярэчыць сённяшнім супрацьпажарным нормам, але тады гэта не выклікала ўскладненняў, водгаласы якіх захаваліся б да нашых дзён. За сядзібай дзядзькі быў сад, засаджаны экзатычнымі раслінамі. Ад наступнага, значна ніжэйшага ўчастка, яго аддзяляла падпорная сцяна, падымаючы тым самым узровень зямлі, каб ён не апускаўся адносна ўзроўню цокальнага паверха. У абодвух дамах была электраўстаноўка пастаяннага току”.

Ад пералічанага ў наш час не засталося і следу. Але з планам у руках і па ўспамінах родных Свянціцкага, можна ўявіць, як выглядаў гэты двор у пачатку ХХ стагоддзя: “Дом пабудаваны дзядзькам як камяніца быў першы ў горадзе з поўнай каналізацыяй. Ачышчальныя ёмістасці пад брукам двара былі запраўлены адмысловымі штамамі бактэрый, прывезеных са Швейцарыі”.

Аднойчы нейкі нядбайны жыхар дома зліў у ачыстныя ёмістасці ваду з моцнымі хімікатамі, якімі або праў, або фарбаваў бялізну. Неабачлівыя дзеянні выклікалі сапраўдны перапалох: “Бактэрыі атруціліся, перасталі пераўтвараць змесціва сэптыка ў адносна чыстую ваду, якая скідаецца ў Свіслач. Таму прыйшлося тэрмінова замаўляць новую порцыю. Арандатарамі (кватэр) былі ў асноўным мясцовыя памешчыкі, якія мелі маёнткі ў ваколіцах, якія хацелі мець шыкоўную кватэру ў горадзе. …У доме было восем кватэр плошчай больш за 100 метраў і некалькі меншых па плошчы. Гэта быў адзін з самых вялікіх і цудоўных прыватных дамоў у Мінску на той час”.

Трэба сказаць, што дом Свянціцкага мае не толькі вельмі багатую гісторыю, але ж тут жылі й вельмі цікавыя людзі. Напрыклад, прадстаўнік старога беларускага роду Уняхоўскіх, спадар Станіслаў (1903 — 1979) — будучы прафесар і флоцкі інжынер.

На гэтым мы спынімся. Перадаем слова вядомаму мінскаму архівісту, супрацоўніку НГАБ спадару Уладзіміру Дзянісаву, да якога мы звярнуліся па каментарый.

“Паводле інвентарызацыі нерухомай маёмасці жыхароў города Менска, якую ў 1910 — 1911 гг. (дадаткі да яе рабіліся амаль да 1918 г.) правяла Менская гарадская ўправа, зямельны пляц разам з усёй забудовай на рагу вуліц Падгорнай і Губернатарскай, які меў № 34, належаў Зыгмунту Збігневічу Свянціцкаму, пачынаючы прыкладна з 1904 г. У 1913 г. на рагу вуліц на месцы старой забудовы быў узведзены 4-3 павярховы мураваны даходны дом у стылі мадэрн. Хто з’яўляўся аўтарам праекта гэтага дома — невядома. Праектные матэрыялы ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі выявіць не ўдалося. Аўтар гістарычных даследаванняў да праекта рэстаўрацыі гэтага помніка архітэктуры Вольга Кукуня выказала наступныя меркаванні. Гэта маглі быць альбо архітэктар Генрых Гай, альбо ўладальнік зямельнага пляца і будучага будынку грамадзянскі інжынер (архітэктар) Зыгмунт Свянцiцкi, магчыма, яны разам распрацавалі гэты праект. Гай і Свянціцкі мелі ў Менску сваю сумесную архітэктурна-праектную майстэрню. І спадар Свянціцкі быў у ёй далёка не апошнім спецыялістам. Ускосным пацверджаннем гэтай гіпотэзы з’яўляецца шэраг запраектаваных ім пабудоў на сваім пляцы ў 1912 — 1913 гг. Зыгмунту Карлавічу Свянціцкаму належаў суседні пляц з будынкамі пад № 36 па Падгорнай вуліцы. Пасля яго смерці ўся нерухомая маёмасць перайшла да яго дачкі”.

Такім чынам, загадка дома Свянціцкага, агульнымі намаганнямі, раскрыта. Спадзяемся, што гэта інфармацыя акажацца карыснай. А гісторыя дома, у якой перапляліся міфы і рэальнасць, дарэчы, магла б стаць тэмай тэматычнай выставы ў літаратурным музеі Пятруся Броўкі.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар