Знайсці інвестара для старой крэпасці

№ 17 (1508) 24.04.2021 - 30.04.2021 г

Разглядаючы нядаўна карту Беларусі і прыгадваючы свае вандроўкі, неяк заўважыў, што ёсць такая сабе паласа раёнаў — прыкладна ад Шуміліна да Мазыра, — якія не назавеш папулярнымі ў турыстаў. Перадусім, відаць, з той прычыны, што несправядліва абышлася з імі гісторыя. Менавіта гэтыя землі былі цягам доўгіх стагоддзяў арэнай баёў ва ўсіх войнах, якія пракаціліся па нашай краіне, і менавіта тутэйшыя мястэчкі і вёскі найцяжэй пацярпелі ад ваенных дзеянняў, страціўшы ладную частку сваёй архітэктурнай спадчыны, якая некалі не саступала ні колькасна, ні якасна іншым рэгіёнам Беларусі. Але ляжыць у гэтай паласе, амаль роўна пасярэдзіне яе, адзін горад, турыстычны патэнцыял якога я назваў бы вельмі недаацэненым. Бо тут, асабліва на фоне навакольных абшараў, акурат ёсць на што паглядзець і чым захапіцца любому вандроўніку, які цікавіцца помнікамі мінуўшчыны ды гісторыяй мясцін з незвычайным лёсам. Гаворка, вядома, пра Бабруйск, і тым больш дзіўнай выглядае такая сітуацыя, калі ўлічыць, што лёс тутэйшай забудовы насамрэч не назавеш банальным — дзвесце гадоў таму стары горад тут быў планамерна і цалкам знішчаны. А найвялікшы парадокс палягае ў тым, што зроблена гэта было для будаўніцтва аб’екта, які сёння, бадай што, зрабіўся візітнай карткай Бабруйска. Але — аб усім па парадку.

/i/content/pi/cult/847/18002/26.jpgСтары горад

Першая згадка аб Бабруйску ў гістарычных дакументах адносіцца да 1387 года, хаця, вядома, паселішча на гэтым месцы існавала і раней. Лічыцца, што мясцовыя жыхары, жывучы на беразе вялікай ракі, Бярэзіны, займаліся пераважна рыбалоўствам, а таксама бабровым промыслам, што магло адбіцца ў назве меншай тутэйшай рачулкі Бабруйкі, ад якой сваё імя атрымаў і сам горад.

У складзе Вялікага Княства Літоўскага Бабруйск, дзякуючы свайму выгоднаму геаграфічнаму становішчу, зрабіўся даволі буйным і заможным, атрымаў магдэбургскае права, тут квітнелі рамёствы і гандаль. Але лёс не заўжды быў літасцівы да горада і яго жыхароў — у сярэдзіне XVII стагоддзя Бабруйск зведаў ваенныя разбурэнні падчас паўстання пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай.

У 1793 годзе, у выніку другога падзелу “Дзяржавы абодвух народаў”, Бабруйск апынуўся ў складзе Расійскай імперыі. Мірнае існаванне горада і гэтым разам надоўга не зацягнулася — яшчэ да пачатку новай вайны Бабруйск зрабіўся ахвярай падрыхтоўкі да баявых дзеянняў. У 1807 годзе горад быў абраны месцам будаўніцтва магутнага фартыфікацыйнага комплексу — адной з крэпасцяў, якія мусілі ахоўваць новадалучаныя тэрыторыі імперыі. Як варыянты месца для размяшчэння крэпасці разглядаліся таксама Полацк, Быхаў і Рагачоў — але лёс засяродзіўся ў выніку ўсё-ткі на Бабруйску.

Ацалеў адзін будынак

Парадаксальна, але менавіта гэтае месца для пабудовы крэпасці прапанаваў вайсковы інжынер, які не толькі паходзіў з тэрыторыі сучаснай Беларусі, але і вылучаўся цікаўнасцю да мясцовых гісторыі, этнаграфіі і археалогіі — гэта быў аўтар шматтамовай “Гісторыі літоўскага народа” і здольны містыфікатар мінуўшчыны Тэадор Нарбут. Не можа не выклікаць здзіўлення, як такое захапленне гістарычнай спадчынай і схільнасць да рамантызацыі даўніны спалучаліся ва ўяўленні гэтага неардынарнага чалавека з усведамленнем таго сумнага лёсу, які ён уласнаручна падрыхтаваў для старажытнага Бабруйска.

У выніку стары горад быў цалкам зруйнаваны, а на яго месцы была ўзведзеная агромністая сістэма земляных і мураваных умацаванняў. Зрэшты, вядома, збудаваць крэпасць цалкам да пачатку вайны ў 1812 годзе не паспелі, і асноўную частку комплексу ўзводзілі ажно да трыццатых гадоў XIX стагоддзя. Дарэчы, тады такі ж лёс напаткаў і яшчэ адзін беларускі горад — у 1833 годзе пачаліся аналагічныя работы па руйнаванні старога Брэста і ўзвядзенні тамтэйшай славутай крэпасці, сёння больш вядомай дзякуючы тым трагічным падзеям, якія адбываліся там у першыя тыдні Вялікай Айчыннай вайны.

Такім чынам, старая забудова і гістарычная планіроўка Бабруйска цалкам сышлі ў нябыт. Адзіны будынак, які захаваўся да нашага часу, хоць і ў моцна змененым выглядзе — колішні касцёл каталіцкага ордэна езуітаў, збудаваны ў 1615 годзе, які пазней выкарыстоўваўся ў якасці гаўптвахты. Храм страціў частку свайго аб’ёму, былі зруйнаваныя яго вежы-званіцы, але частка старажытных муроў засталася стаяць.

Месца трагічных падзей

Новы горад, падзелены на роўныя квадраты кварталаў, вырас на захад ад сцен крэпасці, размешчанай ля ўзбярэжжа Бярэзіны. А тут, дзе некалі віравала жыццё і квітнеў гандаль, на доўгія гады атабарыліся вайсковыя часткі. Бабруйская крэпасць увайшла ў гісторыю таксама як адзін з цэнтраў руху дзекабрыстаў — тут служылі такія вядомыя ўдзельнікі паўстання 1825 года, як Сяргей Мураўёў-Апостал, Міхаіл Бястужаў-Румін і Іван Павала-Швяйкоўскі, якія былі ўдзельнікамі Паўднёвага таварыства дзекабрыстаў.

XX стагоддзе запісала новыя трагічныя старонкі ў гісторыю крэпасці. У гады Савецка-польскай вайны 1919 — 1920 гадоў, калі Бабруйск пэўны час знаходзіўся пад польскім кантролем, на яе тэрыторыі з'явіўся лагер, у якім утрымлівалі ваеннапалонных чырвонаармейцаў. У міжваенныя гады, калі Бабруйск увайшоў у склад савецкай Беларусі, тут размяшчаліся вайсковыя часткі. Але з пачаткам нацысцкай акупацыі, якая прыйшла ў горад 28 чэрвеня 1941 года, на тэрыторыі крэпасці зноў быў створаны лагер для савецкіх ваеннапалонных, вядомы пад назвай “шталаг № 131”.

Кульмінацыйным момантам трагедыі лагера была зладжаная гітлераўцамі правакацыя ў ноч на 7 лістапада 1941 года — тады яны адмыслова падпалілі казармы, у якіх утрымлівалі палонных, а калі тыя пачалі ратавацца ўцёкамі — расстрэльвалі іх, знішчыўшы такім чынам каля сямі тысяч чалавек. Агулам жа за час існавання лагера загінулі каля сарака тысяч савецкіх салдат і афіцэраў, і яшчэ столькі ж з ліку мірнага жыхарства.

Сучаснасць і будучыня ўмацаванняў

У пасляваенныя гады, як гэта часта бывала, крэпасць, нягледзячы на ўсе жахі, якія чыніліся падчас акупацыі, зноў выкарыстоўвалася для размяшчэння вайсковых частак. Старыя ўмацаванні ўсё больш разбураліся пад уздзеяннем часу, значныя змены адбыліся і ў ландшафце крэпасці — некаторыя з будынкаў былі засыпаныя зямлёй. Статус помніка крэпасць атрымала толькі ў 2002 годзе, яшчэ праз чатыры гады распачаўся працэс перадачы яе аб’ектаў ад Міністэрства абароны ва ўласнасць горада.

Пасля гэтага пакрысе распачаліся захады па прывядзенні тэрыторыі крэпасці да ладу, дзе-нідзе быў вернуты першапачатковы ландшафт, будынкі расчышчаныя ад наслаенняў зямлі. Наогул жа на тэрыторыі крэпасці да нашых дзён зберагліся з дзясятак двухпавярховых цагляных умацаванняў рознай ступені захаванасці, а таксама каля дваццаці будынкаў гаспадарчага прызначэння. Дайшлі да нашых дзён і тыя самыя казармы, якія былі сведкамі трагічнай гібелі вязняў гітлераўскага лагера.

Работу над праектна-каштарыснай дакументацыяй для аднаўлення земляных умацаванняў і рэстаўрацыі фартыфікацыйных збудаванняў крэпасці на трэцім палігоне, які прымыкае да вуліцы Карбышава, праводзіць ААТ “Белрэстаўрацыя”. Гатоўнасць праекта мясцовыя ўлады ацэньваюць на семдзясят пяць працэнтаў. Комплекс умацаванняў трэцяга палігона крэпасці быў абраны для першапачатковага добраўпарадкавання з той прычыны, што менавіта ён захаваўся ў даволі поўным аб’ёме: можна пабачыць чатыры рэдзюіты, ніжнія паверхі якіх ужо расчышчаныя ад наслаенняў зямлі. Менавіта тут мяркуецца ў будучыні стварыць музей гісторыі Бабруйскай крэпасці.

Для заканчэння работы над дакументацыяй патрабуецца сума дзвесце дзесяць тысяч рублёў, пасля чаго крэпасць атрымае магчымасць быць уключанай у дзяржпраграму “Культура Беларусі” і атрымаць адпаведнае фінансаванне. Іншых крыніц, на жаль, пакуль адшукаць не ўдалося, хаця робяцца спробы наладзіць дзяржаўна-прыватнае партнёрства і прыцягнуць увагу інвестараў. Для захавання ўмацаванняў ладзяцца суботнікі, падчас якіх праводзіцца добраўпарадкаванне і кансервацыя будынкаў. Разам з тым, на тэрыторыі крэпасці ідзе будаўніцтва Сабора Аляксандра Неўскага і манастыра Святых Жонак-Міраносіц. Часта збудаванні крэпасці выступаюць і ў ролі дэкарацый для здымак мастацкіх ды дакументальных фільмаў.

Падарожжа на машыне часу

Крэпасць над Бярэзінай даўно і па праве зрабілася візітнай карткай Бабруйска. Але не варта думаць, што акрамя яе ў горадзе больш няма на што паглядзець аматару помнікаў гісторыі і архітэктуры. Тут захаваўся адзін з найбольш цэласных комплексаў дарэвалюцыйнай гарадской забудовы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Прагульваючыся між двухпавярховых камянічак па цэнтральных вуліцах Бабруйска, лёгка ўявіць, як выглядалі падобныя мястэчкі па ўсёй Беларусі яшчэ сто гадоў таму. Прытым не можа не здзіўляць тая акалічнасць, што, на жаль, пераважная большасць старых будынкаў у гістарычным цэнтры Бабруйска дагэтуль не ўключаная ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Час пашкадаваў гэтыя вуліцы — але ці не лепей было б мець гарантыю таго, што іх забудова будзе захаваная і для будучыні?

Ёсць у Бабруйску яшчэ багата цікавостак. Гэта і ўнікальныя помнікі драўлянай архітэктуры, такія, як знакаміты будынак у стылі мадэрну, вядомы як колішні дом купчыхі Кацнельсон, і сем будынкаў сінагог, якія цудам зберагліся да нашага часу, і Свята-Нікольскі сабор, вядомы, між іншага, тым, што ў савецкія часы ён некалькі дзесяцігоддзяў выкарыстоўваўся як... басейн, і адзін з самых незвычайных з выгляду касцёлаў Беларусі — неагатычны храм, званіца якога ў 1958 годзе была зруйнаваная, а замест яе да будынка прыбудаваны пяціпавярховы адміністрацыйны гмах. Усе гэтыя “разынкі”, якія сведчаць аб багатай і незвычайнай гісторыі горада, несумненна могуць выклікаць зацікаўленасць у любога аматара даўніны. А калі да гэтага турыстычнага патэнцыялу дадаць яшчэ і Бабруйскую крэпасць з яе россыпам загадак і таямніц — Бабруйск можа зрабіцца сапраўдным цэнтрам прыцягнення для гасцей з усёй краіны і з-за яе межаў.