Фота, зробленае на Марсе

№ 16 (1507) 17.04.2021 - 23.04.2021 г

Як толькі мы ў мінулым нумары паразважалі пра законы папулярнага сёння жанра “мак’юментары”, адразу з’явілася добрая нагода працягнуць тэму. У Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура адкрылася выстава Сержука Мядзведзева “Новая зямля”. Класічны твор і апакаліптычны вобраз тут не прычым, а што мелася на ўвазе, вы ніколі без падказак не здагадаецеся. Як і не знойдзеце тую новую зямлю на глобусе нашай планеты. У зале прадстаўленыя невядомыя дасюль творы самога Язэпа Драздовіча. Сенсацыя? Аднак прозвішча на афішы чамусьці іншае — Сяржук Мядзведзеў. Зразумела, абазнаны ў справе арт-інсінуацый адмыслоўца адразу скеміць, у чым тут справа. Хаця супрацоўнікі музея сцвярджаюць, што некаторыя гледачы ўспрымаюць усё за чыстую манету.

/i/content/pi/cult/846/17978/5.jpgПерадгісторыя гэтай “сенсацыйнай знаходкі” выглядае даволі праўдападобна. Сучаснік, які з’яўляецца вялікім прыхільнікам творчасці вечнага вандроўніка, выправіўся ў яго родныя мясціны ў пошуках новых знаходак. Раней так не раз рабілі іншыя заўзятары, і вярталіся з цікавымі знаходкамі — тымі ж дыванамі-маляванкамі. Але Сержуку пашчасціла асабліва — прычым менавіта ў вёсцы з назвай Мядзведзева (а такая і сапраўды ёсць на Глыбоччыне).

На паддашку старой хаты адшукалася забытая ўсімі валіза з надзвычай каштоўнымі артэфактамі. Па-першае, гэта невядомы жывапісны твор легендарнага мастака, па-другое — яго зацемкі на касмічную тэму, якія ўтрымліваюць чарцёж карабля, здатнага паляцець на Марс, і выявы адмысловых скафандраў… Усё гэта, разам з самой валізай, можна ўбачыць у экспазіцыі, і ніякіх сумневаў яно не выкліча нават у самага пільнага гледача (хутка патлумачу, чаму).

Але ў валізе былі і іншыя знаходкі. Па-першае, старая фотастужка, а па-другое — мяшэчак з нейкім рэчывам колеру фуксіі. Як потым выявілася, усе гэтыя артэфакты ўзаемазвязаныя. Ёсць падставы меркаваць, што Драздовіч, у дадатак да многіх іншых сваіх талентаў, быў яшчэ і фатографам.

У апошнім чалавек, які ведае ягоную біяграфію, мог бы адразу ўсумніцца. Мастак-візіянер усё жыццё правёў у галечы, і такое нятаннае на той час захапленне яму было проста не па кішэні. У сваім дзённіку ён апісвае выпадак, калі ледзь не з’еў тварог, прызначаны для грунтоўкі халсціны, але ўрэшце ўсё ж палічыў за лепшае застацца галодным. А вы кажаце пра камеру і рэактывы!

/i/content/pi/cult/846/17978/6.jpgАле гэта ўсё нюансы параўнальна з галоўным мэсэджам, да якога нас паступова падводзяць: тым, што выяўлена на саміх здымках. Там пустэльныя краявіды з дзіўнымі пабудовамі, поўная абстрагаванасць ад усіх геаграфічных і грамадскіх кантэкстаў. Аднак Сяржук Мядзведзеў параўноўвае надрукаванае з негатыву фота і знойдзенае ў той самай валізе жывапіснае палатно, бачыць, што пейзаж там адлюстраваны той самы… І тут ужо мы самі з ягонай дапамогай прыходзім да высновы: здымкі зробленыя… на Марсе.

Як вядома, Драздовіч там не раз падарожнічаў у снах — ды і па іншых планетах таксама. Гэта нікому не ў навіну. Але “знойдзеныя” фотаздымкі сведчаць за тое, што бываў ён на Марсе не толькі ў мроях. Мяшэчак той “новай”, марсіянскай зямлі — нібы “кантрольны стрэл”, які павінен нас канчаткова ў гэтым пераканаць.

Наколькі вы бачыце, усё і сапраўды выглядае даволі пераканаўча. Складны наратыў, бліскучая стылізацыя твораў Драздовіча, выкананая мастачкай Лізай Лянкевіч, плюс сугестыўныя ўласцівасці рэчыўных доказаў… Дзіўна толькі, што дзядзька Язэп не забамбіў сэлфі на тле марсіянскіх краявідаў. Хаця, магчыма, гэта быў бы ўжо “перагін”.

…І тут застаецца хіба адказаць на тое пытанне, якое многім з шаноўных чытачоў ужо даўно карціць задаць: навошта ўсё гэта патрэбна? Па вялікім рахунку, адказ навідавоку: дзеля забавы. А навошта патрэбныя, скажам, дэтэктывы на “злом мозга” або фокусы ілюзіяністаў? Зрэшты, у дадзеным выпадку гульня гэтая папраўдзе інтэлектуальная.

Але такі адказ не адзіны магчымы: ёсць і іншы, куды глыбейшы. Яго можна знайсці ў эксплікацыі праекта, куратарамі якога, дарэчы, выступілі такія паважаныя ў свеце мастацтва асобы, як Алена Пратасевіч і Уладзімір Парфянок: “Мэта мак’юментары — прымусіць гледача не браць усю інфармацыю на веру, аналізаваць навакольную рэальнасць, якая таксама часта з’яўляецца сканструяванай некім пры дапамозе медыя ці іншымі метадамі. Мак’юментары вучыць больш скептычна ставіцца да навакольных падзей, бачыць нестыкоўкі і, магчыма, знаходзіць новыя шляхі іх развіцця. Мастакі новага пакалення аднаўляюць новыя сувязі фатаграфіі з рэальнасцю, пераўтвараючы фатаграфію ў прыгоду, вяртаючы яе ў часы піянераў фатаграфіі”.

Урэшце, варта тут згадаць і яшчэ пра адзін фактар — хай сабе ён трохі і па-за рамкамі сучаснага мастацтва. Вельмі цешыць, калі ў якасці глебы для вынаходлівых арт-інсінуацый аўтары выбіраюць менавіта беларускую культуру. Бо няма сумневаў, што іх праекты становяцца дадатковым сродкам прыцягнення ўвагі да яе герояў. Прычым зусім не на тым павярхоўным узроўні, які забяспечвае, скажам, тапаніміка (спадзяюся, большасць тых, хто жыве на вуліцы Драздовіча, здолее ў двух словах патлумачыць, хто гэта такі — але не болей за тое). Тут жа мы занурваемся ў самыя нетры яго мастацкай практыкі ды заахвочваемся пазнаёміцца з ёй глыбей.

Творчы падыход, інтрыга, таямніца, квэст  — што можа быць больш прывабным для аўдыторыі? Такі прынцып універсальны.