Гульня ў класіку і шалёныя тыгры

№ 11 (1502) 13.03.2021 - 20.03.2021 г

Зборныя выставы, зразумела, не рэдкасць, але ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва яны атрымліваюцца асаблівымі. Прычынай таму хаця б сама архітэктоніка прасторы — не суцэльная вялікая зала, а гронка колішніх майстэрняў. Адпаведна, кожны з аўтараў можа атрымаць не “койкамесца ў камуналцы”, а цалкам сабе адасобленую жылплошчу. Маленькую, але сваю. Менавіта таму адзінкай вымярэння зборных выстаў тут становяцца не творы, але цэльныя праекты. І гэтая прасторавая перавага куды важнейшая, чым нейкая абагульняльная ідэя: яе ў такім выпадку можна асабліва і не шукаць. Ладзіць такія зборныя ініцыятывы ў НЦСМ стала ўжо традыцыяй. Чарговая з іх — “Альтэрнатыва” — прадстаўляе пяць даволі размаітых міні-выстаў, чыста механічна склееных у адно. Аб’ядноўвае аўтараў хіба адносная невядомасць (прычым незаслужаная) іхніх імёнаў.

/i/content/pi/cult/841/17892/4.jpgВарта адзначыць, што адбор удзельнікаў быў дэмакратычным. Прапанаваць свой праект на выставу мог кожны ахвотны — у фармаце open call. Ахвотных знайшлося даволі багата, заявак было атрымана з паўсотні: у дзесяць разоў больш, чым вакантных месцаў. І, здаецца, куратары імкнуліся ўзяць на свой каўчэг як мага больш разнастайных біялагічных відаў.

Адзін з полюсаў выставы — плакаты Паўла Кашэўскага. Свае мэсэджы аўтар фармулюе дакладна і ў выглядзе лозунгаў — такія ўжо законы жанру, які не дазваляе множнасці інтэрпрэтацый. Ды, як выяўляецца, нават лозунгі можна пісаць творча. Прыкладам, актуальны сёння заклік захоўваць сацыяльную дыстанцыю дызайнер увасабляе літаральна — ствараючы адлегласці паміж літарамі.

Працуе ён ударна: усе 20 прадстаўленых на выставе плакатаў з’явіліся за мінулы год, прычым тэмы самыя разнастайныя. Часам дызайнеру ўдаецца знайсці трапныя рашэнні — прыкладам, талерантнасць увасобленая як галінка з рознай формы лісцікамі. Але часам вобразы не тое каб трапляюць у яблычак: пяць аднолькавых дзяўчат у сцэнічных строях ды з румянамі на шчоках наўрад ці могуць увасабляць нематэрыяльную культурную спадчыну, якая прадугледжвае найперш аўтэнтыку.

Аднак дызайнерскі ўзровень усё адно відавочны. Параўноўваючы яго з той нярэдка панылай сацыяльнай рэкламай, якую бачыш на вуліцы, разумееш, што ёсць у нас аўтары, здатныя рабіць гэта куды лепей. Плакаты Паўла Кашэўскага рэгулярна выйграюць прызы на буйных міжнародных конкурсах, але ў наклад пакуль не ідуць (прынамсі, у людных месцах мне сустракаць іх не даводзілася). Хочацца верыць, у камерныя залы НЦСМ завітае нехта з тых, у чыёй кампетэнцыі гэта змяніць.

Супрацьлеглы полюс — праект Паўла Булвы “Адзін супраць усіх”. Мастак здатны прэтэндаваць на званне самага інтравертнага ды энігматычнага беларускага аўтара (хаця сякая-такая канкурэнцыя ў гэтай намінацыі маецца). І справа нават не ў саміх творах — іх можна было б прыняць за модныя візуальныя экзерсісы на крымінальную тэматыку. Справа ў суадноснасці выяў ды вербальнага мэсэджа. Выявы — нібы паасобныя кадры фільмаў: хутчэй за ўсё вінтажных дэтэктываў або мо нават Наспара Ноэ, стужцы якога праект і прысвечаны. Гэтыя творы не даюць ніякага шанцу адгадаць іх сюжэт, але спараджаюць само жаданне адгадваць, транслюючы пэўнае эмацыйнае напружанне.

А вось апісваючы іх ідэйны бэкграўнд, мастак прапануе цэлы россып кодавых словаў: экзістэнцыйная адзінота, адчуджанасць, неабароненасць, адчай, канцэпцыя вечнасці чалавечай душы ў рамках эсхаталагічнай філасофіі, чаканне, сексуальнасць… І ў даважак яшчэ “мастацкія пошукі сімвалічнага вытлумачэння хрысціянскіх тэм і матываў”. У выніку глядач трапляе ў густы лес сэнсаў ды вобразаў, поліфанія якіх і выклікае даволі моцны эфект.

Асобную выспу займаюць афорты Уладзіслава Квартальнага. Як падаецца, гэта заканамерны працяг нашай выдатнай графічнай школы, якая здавён уражвае сваім умельствам. Што цікава, памкненне мастакоў звяртацца да літаратурных сюжэтаў не знікае нават у тым выпадку, калі чакаць на ілюстратарскія замовы з выдавецтваў асабліва не даводзіцца.

Калі тры з тых міні-выстаў — персанальныя, то ў дзвюх астатніх у галаву кута становіцца не мастак, а куратар. Выкладчыца Акадэміі мастацтваў Марыя Карпянкова прадэманстравала частку навучальнага працэсу — арганізаванага, трэба адзначыць, вельмі крэатыўна. Відавочна, менавіта студэнты БДАМ здатныя засвоіць гісторыю сусветнага мастацтва не толькі ў тэорыі, але і сваімі рукамі — што ім і было прапанавана зрабіць, “прымерыўшы на сябе” апісаныя ў падручніках з’явы. Моладзь падышла да такой “гульні ў класіку” творча ды з імпэтам, амажы атрымаліся небанальныя. Скажам, засвойваючы японскую традыцыйную графіку тушшу сумі-э, “забыўшыся рука” выводзіць заміж японскіх гор знаёмыя нам абрысы царквы ў Сынкавічах, а кітайская цзяньчжы становіцца роднай выцінанкай.

Назваць трох вышэйзгаданых аўтараў пачаткоўцамі зусім не выпадае, ды і век кожны з іх мае даволі сталы. Уласна новае пакаленне мастакоў прэзентаваў куратарскі праект Валерыі Каляга “Мы, канешне, адразу ў рай”. Тэхналогіі тут прысутнічаюць адносна сучасныя (без QR-кодаў не абышлося), а вось мастацкія тэхнікі не тое каб вылучаліся наватарствам. Ды і тэма — вечная: жыццёвы цыкл чалавека. Магчыма, кагосьці больш уразлівага рэфлексіі на гэты конт і скаланулі, але мне яны падаліся не дужа арыгінальнымі. Запомніліся затое псіхадэлічныя “Шалёныя тыгры” Настассі Рыдлеўскай: думаю, яны наогул усім наведвальнікам добра запомніліся. Серыя спарадзіла новага пазнавальнага героя, які, па словах аўтаркі, увасабляе метафару плыні бязмернай энергіі, здатнай прывесці або да руйнавання, або да пачатку новага шчаслівага цыкла.

…Пытанне, каму ж альтэрнатыўныя ўдзельнікі гэтай, без сумневу, вартай увагі выставы, па яе праглядзе вырашылася само па сабе. Зразумела, яны альтэрнатыўныя не камусьці вонкаваму, а адзін аднаму. Толькі так, па вялікім рахунку, у наш мастацкі век і бывае.