Сядзіба ў Грушаўцы: зрэз эпох

№ 50 (1490) 12.12.2020 - 18.12.2020 г

Частка ІІ
На мой суб’ектыўны погляд, калі б у Беларусі праводзіўся конкурс на топ-5 самых знакавых аўтэнтычных сядзіб, котлішча Рэйтанаў лёгка перамагло б астатніх прэтэндэнтаў. А сярод апошніх маглі б стаяць Завоссе (Адам Міцкевіч), Марачоўшчына (Тадэвуш Касцюшка) і… спіс можна доўжыць. Прычын тут, безумоўна, некалькі. І вось дзве галоўныя. Непадрыхтаванаму чытачу цяжка сабе нават уявіць той культ асобы, тую пашану, якой было цягам стагоддзяў акружана імя Тадэвуша Рэйтана. Зямляк нашага героя па Навагрудчыне Адам Міцкевіч, адзін з галоўных папулярызатараў асобы Рэйтана ў ХІХ стагоддзі, адзначаў: “сам народ прызнаў Рэйтана вялікім”. Па-другое, сядзібы Міцкевіча і Касцюшкі — наватворы. Знаходзячыся там, даволі цяжка адчуць “подых часу”. У Грушаўцы гэта магчыма. Бо будынкі, якія захаваліся, паходзяць з канца XVII — пачатку XX стагоддзяў. Ёсць і іншыя плюсы.

/i/content/pi/cult/828/17682/11.jpgШТО БЫЛО І ШТО ЗАХАВАЛАСЯ

У часы Тадэвуша Рэйтана (1740 — 1780), то-бок у XVIII стагоддзі, на тэрыторыі сядзібы была вялікая колькасць самых розных гаспадарчых пабудоў. Усё яны (свірны, стайні, птушнікі, кароўнікі і іншыя), за выключэннем лядоўні (верагодна, як і цяпер, з бутавага каменю), былі драўляныя, крытыя саломай. Адзіным “каменным” будынкам, пабудаваным з буйнапамернай цэглы-пальчаткі, з’яўлялася “Мураванка”. Той самы стары (а старым ён быў ужо ў 1780-х ) і самы каштоўны будыначак, праваруч сядзібы, захаваўся да нашых дзён. У ім, вярнуўшыся з сойму, апошнія пяць гадоў пражыў Тадэвуш Рэйтан. Пазней у ім захоўваўся сямейны архіў, збожжа, а пры Саветах там зрабілі калгасную лазню. Сядзібны будынак у тым дакуменце згаданы не быў, але яго выгляд мы ведаем з малюнкаў Напалеона Орды (гл. частку І).

СПРЭЧНАЕ ПЫТАННЕ — ДРЭВА ЦІ КАМЕНЬ?

Цяжка ўстанавіць таго, хто першым “пусціў у свет” думку, што намаляваная Ордай сядзіба была каменная. На сённяшні дзень нікім і нідзе не прыведзена аніводнага дакумента на карысць гэтага сцвярджэння. Але, так як пры падрыхтоўцы праекта рэстаўрацыі гэта беспадстаўная думка набыла рысы амаль “факта” (без доказаў), і яна працягвае замацоўваць свае пазіцыі, час падзяліцца меркаваннямі.

/i/content/pi/cult/828/17682/12.jpgУ 1990-х польскі даследчык Раман Афтаназы выдаў шматтомнік “Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej”, з якіх чатыры тамы ахапілі тэрыторыю былых ваяводстваў ВКЛ. У працы прыводзіліся знойдзеныя аўтарам даваенныя фотаздымкі некаторых сядзіб і палацаў, іх інтэр’ераў, а таксама давалася гістарычная даведка па кожнай з іх. Ёсць там, зразумела, і Грушаўка. Пра тое, з якога матэрыялу была сядзіба, аўтар не згадаў, але некаторыя высновы, гартаючы тыя тамы, зрабіць можна.

У ВКЛ у сярэдзіне XVIII стагоддзя сядзібы, падобныя або ідэнтычныя грушаўскай, будаваліся ў асноўным з лістоўніцы, вельмі рэдка з сасны. Як вядома, лістоўніца — трывалы матэрыял, і сядзібы, складзеныя з такога бруса, стаяць стагоддзямі. Таму я больш чым перакананы, што і Дамінік Рэйтан, абмяркоўваючы з архітэктарам праект і, можа, малюючы на жвіры кійком для нагляднасці, спыніўся менавіта на гэтым матэрыяле. Маю думку падтрымаў прафесар Сяргей Сергачоў, выдатны знаўца драўлянага дойлідства Беларусі.

Белы колер сядзібы на малюнках Орды — хутчэй за ўсё сведчанне, што збудаванне было атынкавана. Такія прыклады ёсць. Менш заможныя шляхціцы свае сядзібы бялілі вапнай, часам толькі франтон. Далей. Старая сядзіба была значна меншая па памерах, чым сённяшняя. І гэта добра бачна па малюнках Орды. Аналаг той рэйтанаўскай сядзібы сёння можна ўбачыць у вёсцы Райца (Карэліцкі раён), дзе стаіць драўляная, але атынкаваная старая пабудова. Вельмі верагодна, што грушаўская сядзіба не мела і такіх падвалаў, як цяпер. Бо, напрыклад, райчанская мае толькі невялічкі падвальчык з правага тарца, дзе круты схіл.

Тое, што прымусіла апошняга прадстаўніка роду Юзафа Рэйтана разабраць старую сядзібу і пабудаваць новую, падаецца, навідавоку. Ва ўспамінах пляменніцы Тадэвуша Рэйтана Ганны Герыч маецца апісанне сядзібы на пачатак ХІХ стагоддзя: “Пакоі, як памятаю, былі вялікімі і халоднымі, дзверы добра не зачыняліся і снег часта набіваўся ў сенцы”. Зразумела, што весці “спартанска-сармацкае” жыццё на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў, ды яшчэ чалавеку са слабым здароў’ем, ды яшчэ наконадні вяселля з Алінай з Гартынгаў, Юзаф не планаваў. Таму стары сядзібны дом, сведка столькіх падзей, пайшоў на злом. А замест яго ў 1880-х распачалася будоўля новага палацыка, таксама з лістоўніцы (мяркуючы па гадавых кольцах на спілах брусоў равесніцы Тадэвуша Рэйтана). Але гэтым разам — у стылі, блізкім да англійскай вілы. Шыкоўны будынак спярша быў накрыты гонтам, а пазней бляхай. І ў такім выглядзе, за выключэннем векавых страт, ператрываў да пачатку рэстаўрацыі.

Увогуле на мяжы стагодзяў Грушаўка змянілася моцна. З’явіліся тры велізарныя свіраны за ставам (захаваўся адзіны, унікальны для Беларусі, які неабходна рэстаўраваць), бровар (за савецкім часам быў узарваны), будынак спіртасховішча з бутавага камяню, муры якога нагадваюць аб залатых часах стыля “разынкавай муроўкі” (дробныя каменьчыкі розных колераў навечна замураваліся ў вапне), неагатычныя кароўнік і стайня. Рэшткі лядоўні з бутавага камяню (пабудова канца ХІХ стагоддзя) і аранжарэі, а таксама яшчэ адзін флігель (леваруч ад сядзібы), стаў, прысады, — бадай і ўсё, што можна бачыць у наш час. Паглыбляцца ў архітэктурныя асаблівасці будынкаў і шукаць сляды прысутнасці іншых (а яны былі) не будзем, пяройдзем адразу да падзей самага апошняга часу.

ХХІ СТАГОДДЗЕ. ЗАНЯПАД І АДРАДЖЭННЕ.

Пасля вайны сядзіба і гаспадарчыя будынкі ў Грушаўцы актыўна эксплуатаваліся і, зразумела, даглядаліся. Пазней сядзібны будынак пераўтварыўся ў велізарную камуналку. І толькі пасля таго, як апошніх людзей з дома перасялілі ў іншае месца і сядзіба аказалася без нагляду, туды заструмяніліся вандалы і аматары даўніны. Кафлевыя печы, вокны, дзверы, усё, што “рухалася”, пераехала на новае месца жыхарства. Але калі невядомыя ўзяліся рваць паркет, мясцовыя краязнаўцы забілі ў званы.

На праблему звярнула ўвагу пракуратура і мясцовыя ўлады далі загад зрабіць ў сядзібным будынку “кансервацыю” (былі забіты вокны і дзверы). Праўда, “цікаўных да цікавостак” гэта абсалютна не спыняла. Як і шыльды аб тым, што гэта “Помнік гісторыі культуры 2 катэгорыі” і што “ўваход строга забаронены”. Памятаю, як я ўпершыню патрапіў у Грушаўку дзесяць гадоў таму і ў вялікай роспачы ад паўсюдных слядоў прысутнасці вандалаў вяртаўся ў Мінск. Так спакваля і нарадзілася думка гучна ўдарыць у набат ратавання, якую горача падтрымала ў 2013 годзе газета “Культура”. Узгадваецца першы сумесны суботнік рэдакцыі газеты і нашай Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана, які адбыўся ў гадавіну сойму (распачаўся 19 красавіка 1773 года) і па збегу абставінаў супаў па часе з правядзеннем Рэспубліканскага суботніка. Тады на знакамітай сядзібе быў замацаваны першы інфармацыйны шчыт. На ім была змешчана інфармацыя пра гісторыю Грушаўкі, род Рэйтанаў. Каб кожны мог, нарэшце, даведацца, чым гэты маёнтак так важны для Беларусі. Падаецца, такі маленькі крок, некалькі радкоў тэкста і ілюстрацый, але як шмат ён змяніў. Пазней такія інфармацыйныя шчыты былі намі ўсталяваны на ўездзе ў сядзібу і ля капліцы-пахавальні роду Рэйтанаў (каля 1 кіламетра ад сядзібы).Так пачаўся валанцёрскі рух Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана ў Грушаўцы, які доўжыўся пяць гадоў. За гэты час было праведзена пяць суботнікаў і чатыры летніка (а таксама пленэры, фестывалі). Валанцёры змагаліся з кустоўем, якое не толькі атачала густым частаколам старыя будынкі, але, дзе-нідзе, павырастала і на дахах. Як, напрыклад, на даху “Мураванкі”, дзе да 2013 года ўлетку бадзёра зелянеў цэлы бярозава-крапіўны гаёк. Дарэчы, менавіта на ратаванне гэтага старога будыначка, які стаяў амаль без даху пасля аднаго з ураганаў, і была накіравана асноўная ўвагу валанцёраў і рэдакцыі “Культуры”. Так, год за годам, спярша выкарыстоўваючы рубероід, а пазней цалкам аднавіўшы пакрыццё страхі з шыферу, ўдалося надзейна закансерваваць “Мураванку”. І дапамог валанцёрам у гэтым старшыня Начаўскага СПК Вячаслаў Новік. У “Мураванцы”, на нашу думку, павінен быць адкрыты музейчык Тадэвуша Рэйтана. Прычым, калі б за аднаўленне гэтага будынка ўзяліся бліжэйшым часам, то за кошт павелічэння турыстычнага патоку можна было б збіраць дадатковыя сродкі на супраць-аварыйныя працы і рэстаўрацыю ўсяго сядзібнага комплексу.

НАЙНОЎШЫ ЧАС

Ад 2014 года актыўна ўключылася ў ратаванне сядзібы Рэйтанаў і дзяржава. Адначасова са сціплымі суботнікамі валанцёраў тут цягам некалькіх гадоў адбыліся магутныя суботнікі, якія ядналі высілкі ці не ўсіх устаноў і прадпрыемстваў Ляхавіцкага раёна. Сабраныя сродкі пайшлі на падрыхтоўку праекта аднаўлення котлішча Рэйтанаў. Праз нейкі час з’явіўся буданчык ахоўнікаў, які даўно стаў неад’емнай часткай грушаўскага пейзажу. Потым быў даволі працяглы перыяд падрыхтоўкі заяўкі на грант трансгранічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю, Украінай і Польшчай. Мясцовыя ўлады запрашалі для абмеркавання будучага лёсу сядзібы краязнаўцаў і прадстаўнікоў Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана, якія ўжо мелі канкрэтныя прапановы (яны леглі ў падмурак заяўкі). Прайшло яшчэ пару гадоў, заяўка была ўхвалена, грант атрыманы і вясной 2020 года на Грушаўцы высадзіўся будаўнічы дэсант з усім рыштункам. Урэшце, на закінутай дзясяткамі гадоў сядзібе завіравала жыццё.

Што было зроблена за гэты перыяд, што было знойдзена падчас аднаўленчых прац і што чакае Грушаўку ў будучым, мы распавядзем у наступным нумары.

Працяг будзе

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар