Канон захавання, або Аб’ект рэстаўрацыі і вакол яго

№ 49 (1489) 05.12.2020 - 11.12.2020 г

Напрыканцы мінулага года ў краіне з’явілася Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне рэстаўратараў, а сёлета ў лістападзе адбыўся пашыраны з’езд гэтай арганізацыі. Мерапрыемства прайшло ў анлайн-рэжыме пад назвай “Аб’яднанне экспертаў у галіне рэстаўрацыі як неабходная ўмова захавання аб’ектаў культурнай спадчыны Беларусі”. Удзельнікі з’езду паразважалі аб задачах аб’яднання і ключавых накірунках яго дзейнасці ў сучаснасці і будучыні.

/i/content/pi/cult/827/17670/022.jpgЯк адзначаюць стваральнікі аб’яднання, павелічэнне колькасцi аб'ёмаў рэстаўрацыйных аб’ектаў гiсторыка-культурнай спадчыны і аб’ёмаў рэстаўрацыйных работ, як правіла, заканамерна прыводзіць да нарастання кола праблем навуковага, метадалагічнага і практычнага планаў у сферы рэстаўрацыі. Узнікненне рэспубліканскай грамадскай арганізацыі спецыялістаў у галіне рэстаўрацыі акурат і пакліканае спрыяць вырашэнню гэтых надзённых пытанняў.

Аб’яднанне ставіць за мэту садзейнічаць даследаванням, звязаным з захаваннем аб’ектаў культурнай спадчыны, рэстаўрацыяй і кансервацыяй помнікаў архітэктуры, іх рамонтам і эксплуатацыяй. Сябры арганізацыі таксама маюць намер пашыраць практычнае прымяненне новых будаўнічых матэрыялаў, тэхналогій, працэсаў, прынцыпаў і метадаў рэстаўрацыі.

Першыя крокі

/i/content/pi/cult/827/17670/023.jpgЯк паведаміў старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання рэстаўратараў Міхаіл Жых, устаноўчы сход арганізацыі адбыўся 12 снежня 2019-га, а зарэгістраваная яна была 10 студзеня 2020 года. Сёння членамі аб’яднання з’яўляюцца 54 чалавекі, сярод якіх рэстаўратары, архітэктары, інжынеры, фізікі і хімікі, што маюць досвед работ на аб’ектах рэстаўрацыі.

Адна з прыярытэтных задач аб’яднання ў найбліжэйшай перспектыве — стварэнне ў мэтах рэстаўрацыі адзінай базы дадзеных нерухомых матэрыяльных і гісторыка-культурных каштоўнасцяў, у тым ліку аб’ектаў праектавання і выканання рэстаўрацыйных работ. Такая база дазволіць аператыўна адсочваць актуальны стан, у якім знаходзяцца помнікі архітэктуры, і наладжваць супрацоўніцтва па іх захаванні з мясцовымі органамі ўлады, ды каардынаваць рэстаўрацыйныя работы, размяркоўваць іх па прыярытэтнасці аб’ёмаў фінансавання, у залежнасці ад фізічнага стану помнікаў і іншых вызначальных крытэрыяў.

Правядзенне класіфікацыі аб’ектаў па відах работ, неабходных для іх захавання, дазволіць больш абгрунтавана планаваць даследаванні ды рэстаўрацыю, і праводзіць своечасовае выяўленне помнікаў у крытычным стане, а таксама арганізоўваць маніторынг правядзення выратавальных, супрацьаварыйных мерапрыемстваў ці кансервацыйных работ. У найбліжэйшай будучыні на сайт аб’яднання па адрасе роор.бел, дзе будзе змешчаная база, кожны ахвочы зможа даслаць інфармацыю пра стан таго ці іншага помніка. Таксама на падставе звестак базы плануецца распрацоўка сістэмы інтэрактыўных карт помнікаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны Беларусі.

У пошуках аднадумцаў

У сферы міжнароднага супрацоўніцтва праводзіцца работа па наладжванні ўзаемадзеяння з шэрагам грамадскіх арганізацый, якія займаюцца пытаннямі аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Так, аб’яднанне атрымала статус нацыянальнай групы Міжнароднай арганізацыі па навуцы і тэхналогіях захавання ды эксплуатацыі помнікаў (WTAInternational) — гэтая супольнасць была створаная ў 1976 годзе ў Германіі і аб’ядноўвае адмыслоўцаў у сферы рэстаўрацыі з усяго свету, дазваляючы ім аператыўна абменьвацца найноўшым досведам у галіне захавання архітэктурнай спадчыны. Наладжанае супрацоўніцтва і з польскай экспертнай супольнасцю рэстаўратараў Stowarzyszenie konserwatorow zabytkow і Расійскай асацыяцыяй рэстаўратараў. У рамках такога супрацоўніцтва, пры спрыяльных абставінах, мяркуецца правесці шэраг стажыровак у рэстаўрацыйных майстэрнях у Расіі.

Вядзецца наладжванне супрацоўніцтва і з навучальнымі ўстановамі, што займаюцца падрыхтоўкай спецыялістаў, якія могуць быць занятыя ў сферы рэстаўрацыі — Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам, Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам, Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам, Беларускім дзяржаўным універсітэтам транспарту. Каардынацыя дзеянняў з гэтымі ўстановамі і сумесная распрацоўка навучальных праграм дазволіла б палепшыць сітуацыю з падрыхтоўкай кадраў і дала магчымасць аднавіць айчынную школу рэстаўрацыі і прэстыж прафесіі рэстаўратара ў вачах моладзі.

Закон на варце памяці

Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталля Хвір нагадала аб асновах заканадаўства па захаванні помнікаў архітэктуры і той працы, якая праводзіцца ў гэтай галіне на дзяржаўным узроўні. Так, уключэнне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў азначае пастаноўку аб’екта на дзяржаўную ахову, якая прадугледжвае, у тым ліку, магчымасць атрымання фінансавання, у залежнасці ад катэгорыі значнасці, з бюджэту адпаведнага ўзроўню, на ўтрыманне і правядзенне ахоўных мерапрыемстваў, а таксама для асобных аб'ектаў спадчыны ўсталёўвае падатковыя льготы, дадатковыя абавязкі, крымінальную і адміністрацыйную адказанасць за парушэнне заканадаўства аб ахове помнікаў.

У адпаведнасці з артыкулам 44 Бюджэтнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, забеспячэнне захаванасці гісторыка-культурных каштоўнасцяў, якія знаходзяцца ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь, і доступу да іх, а таксама гісторыка-культурных каштоўнасцяў катэгорый "0", "1" і "2", якія знаходзяцца ва ўласнасці адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Рэспублікі Беларусь і ва ўласнасці рэлігійных арганізацый, па пераліку такіх каштоўнасцяў, зацверджаным Урадам Рэспублікі Беларусь, у частцы капітальных выдаткаў могуць фінансавацца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, а рэшта — з мясцовых бюджэтаў.

Аб’екты, унесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, маюць пэўныя гарантыі захаванасці. Для такіх аб’ектаў распрацоўваюцца і зацвярджаюцца праекты зон аховы, у якіх вызначаюцца іх межы, а таксама рэгламенты ўтрымання і выкарыстання. Любая дзейнасць, якая можа аказваць уздзеянне на аб’ект гісторыка-культурнай каштоўнасці, мусіць ажыццяўляцца з улікам неабходнасці захавання яго вартасцяў, не дапускаецца навукова не абгрунтаванае змяненне аб’екта або пагаршэнне ўмоў яго ўспрымання.

Найбольш спрэчныя праблемы, якія ўзнікаюць пры ўзгадненні навукова-праектнай дакументацыі, выносяцца на разгляд Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. У выпадку неабходнасці правядзення рамонтна-рэстаўрацыйных работ уласнік аб’екта мусіць атрымаць дазвол Міністэрства культуры на выкананне навукова-даследчых і праектных распрацовак. Прытым кіраўніцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыі і навукова-метадычнае кіраўніцтва пры выкананні рамонтна-рэстаўрацыйных работ мусяць выконваць спецыялісты, якія таксама маюць на тое пасведчанне Міністэрства культуры.

Паслужыць людзям

Аб актуальных пытаннях работы з Дзяржаўным спісам гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь паразважаў старшыня Беларускага камітэта ICOMOS Сцяпан Стурэйка. Зазіраючы ў гісторыю пытання, варта згадаць, што першы ў свеце спіс помнікаў, якія мусілі ахоўвацца дзяржавай, быў зацверджаны ў 1842 годзе ў Францыі, а другі — толькі праз сорак гадоў, у 1882 годзе ў Вялікабрытаніі. Наогул жа вядзенне спісаў стала распаўсюджанай практыкай толькі ў мінулым стагоддзі. Дакументы такога кшталту пачалі выконваць функцыі не толькі ўліку і аховы помнікаў, але і замацавання своеасаблівага канона, стварэння спісу аб’ектаў, якія вызначаюць нацыянальны здабытак.

Але з часам паняцце гісторыка-культурнай спадчыны значна пашырылася. Так, калі ў 1842 годзе ў французскім спісе помнікаў знаходзіліся 1082 аб’екты, то сёння іх колькасць складае ўжо 45 тысяч. У свеце пастаянна адбываецца рост аб’ёму архітэктурнай спадчыны, якая трапляе пад абарону дзяржавы, у спісы помнікаў залічваюцца ўжо не толькі адзінкавыя аб’екты, але і цэлыя тэрыторыі, напрыклад, гістарычныя цэнтры гарадоў. І ўсё паказвае на тое, што гэты працэс росту будзе працягвацца.

У такіх абставінах само захаванне аб’екта часта ўжо не разглядаецца як самамэта. Прыярытэтна вырашаюцца пытанні актуалізацыі сацыяльна-эканамічнага патэнцыялу спадчыны, яе інвестыцыйнай прыцягальнасці. Мэтай захавання помнікаў робіцца стымуляванне іх выкарыстання, паляпшэнне якасці архітэктурнага асяроддзя і жыцця грамадзян.

Вяртанне страчаных абрысаў

Аб шэрагу канкрэтных праектаў па рабоце з помнікамі архітэктуры распавёў старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. Хаця ў адпаведнасці з заканадаўствам таварыства не мае права рабіць паўнавартасныя праекты, тым не менш, архітэктурная секцыя арганізацыі, створаная ў 2010 годзе, распрацоўвае эскізную і перадпраектную дакументацыю.

Перш секцыяй быў створаны праект аднаўлення забудовы Гандлёвай набярэжнай у Мінску — на жаль, пакуль нерэалізаваны, як і адпаведны праект па колішняй забудове Ніжняга рынку. Таксама ў выніку дзейнасці таварыства Дзяржаўны спіс папоўніўся такім аб’ектам, як падмуркі касцёла Святога Тамаша і кляштара дамініканцаў на рагу сталічных вуліц Энгельса і Інтэрнацыянальнай.

У 2013 годзе таварыствам быў распрацаваны праект выяўлення страчаных архітэктурных аб’ектаў у гістарычным цэнтры Мінска — у выніку было абазначанае на мясцовасці контурам тратуарнай пліткі месца на рагу вуліц Рэвалюцыйнай і Камсамольскай, дзе знаходзіліся касцёл Святога Міхала Архангела і кляштар ордэна бенедыктынцаў. Шэраг праектаў таварыства таксама рэалізуецца ў Магілёве, у тым ліку ў рамках рэгенерацыі гістарычнага раёна Школішча.

Яднанне зацікаўленых

Акрамя працягу распачатай працы па вышэйзгаданых накірунках, Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне рэстаўратараў плануе на наступны год правядзенне першага ў Беларусі Міжнароднага форуму рэстаўратараў культурнай спадчыны, які можа стаць пляцоўкай дэманстрацыі найлепшых праектаў ды тэхналогій у галіне рэстаўрацыі, і платформай для ўдзелу беларускіх рэстаўратараў у міжнародным прафесійным дыялогу.

Мяркуецца, што ў гэтым мерапрыемстве прымуць удзел не толькі рэстаўратары ды архітэктары, але і ўласнікі аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, патэнцыйныя інвестары, прадстаўнікі сферы турызму, праектныя арганізацыі, вытворцы рэстаўрацыйных матэрыялаў, студэнты профільных спецыяльнасцяў і ўсе, чыя прафесійная дзейнасць звязаная з помнікамі гісторыі і культуры. Працы ў гэтай сферы яшчэ багата, і чым шырэйшае кола будзе ёй усур’ёз зацікаўленае, тым большыя шанцы на добрую будучыню нашых архітэктурных набыткаў.