Аберагаць... руіны

№ 45 (1484) 07.11.2020 - 13.11.2020 г

Прыём кансервацыі архітэктурнага помніка — абавязковы!
Маляўнічыя муры, вытанчаныя аркі скляпенняў, рэшткі лесвіц і дымаходаў... Як рэстаўратары мусяць працаваць з руінаванымі помнікамі — захоўваць іх у існым стане, альбо аднаўляць у першапачатковым выглядзе? Чым каштоўныя руіны, як яны могуць быць карыснымі і хто мусіць вырашаць іх лёс?

/i/content/pi/cult/823/17595/7.jpgАберагаць руіны — клапаціцца пра спадчыну

Здаецца, даўно ўжо развенчаны міф, нібыта краіна нашая бедная на помнікі гісторыі і архітэктуры. У самых розных кутках Беларусі, дзесьці больш, дзесьці менш, але амаль паўсюль можна напаткаць архітэктурныя сведчанні мінулага — ад велічных замкаў да сціплых каплічак на вясковых могілках альбо ўтульных палацыкаў у колішніх шляхецкіх сядзібах. Няўмольны час, войны і разбурэнні прывялі да таго, што не ўсе помнікі, на жаль, захаваліся да нашага часу некранутымі — некаторыя з іх дайшлі да нас у стане руін.

Былі часы, калі такія аб’екты лічыліся нічога не вартымі, непрыдатнымі ні для жытла, ні для выкарыстання ў гаспадарцы. Але паступова грамадства ўсведамляла іх гістарычную і культурную каштоўнасць, а адмыслоўцы пакрысе вучыліся аберагаць руіны ад далейшага разбурэння, захоўваць альбо рэканструяваць іх. Сёння ўжо нікому не трэба тлумачыць, напрыклад, што руіны Навагрудскага альбо Крэўскага замкаў не менш каштоўныя за лепш захаваныя муры фартэцый у Міры альбо Нясвіжы. Не ўсім гэтым помнікам аднолькава пашанцавала за доўгія гады іх гісторыі, але сёння яны зазнаюць клопат па іх захаванні ў роўнай ступені.

/i/content/pi/cult/823/17595/8.jpgАсэнсаванне ролі і месца руінаваных аб’ектаў у шэрагу іншых помнікаў, метады працы з імі, неабходнасць кансервацыі альбо цэласнай ці частковай рэстаўрацыі такога кшталту аб’ектаў дагэтуль выклікаюць дыскусіі і вялікую зацікаўленасць у спецыялістаў. Апошнім часам усё большае распаўсюджанне ў Беларусі набывае метад цэласнага аднаўлення руін, у выніку якога гістарычныя будынкі набываюць свой гістарычны выгляд, нібыта не кранутыя часам.

Але ж не кожны помнік можа быць адноўлены ў поўнай меры і вернуты да першапачатковага стану — усё залежыць, перадусім, ад ступені захаванасці канструкцый. Да таго ж, такія аб’екты часта маглі перабудоўвацца, змяняць свой выгляд, набываць рысы, уласцівыя архітэктуры розных эпох, І ў такім разе перад рэстаўратарамі паўстае пытанне, якія з часавых напластаванняў мусяць быць захаваныя, і на які перыяд у гісторыі помніка варта арыентавацца пры стварэнні яго адноўленага вобраза. Пытанні захавання руінаваных аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны абмяркоўваліся і падчас нядаўняга анлайн-форуму, зладжанага Беларускім камітэтам ICOMOS пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

З прыцэлам на будучыню

Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталля Хвір зазначае, што выбар рэстаўрацыйнага рашэння і характар работ шторазу залежаць ад шэрагу фактараў, такіх як асаблівасці архітэктуры помніка, ступень змянення яго вобліку, тэхнічная захаванасць канструкцый, месца аб’екта ў асяроддзі, а таксама ад яго меркаваных функцый. Прытым, аднак, варта адзначыць, што яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя вядучыя тэарэтыкі і практыкі рэстаўрацыі вылучылі як асаблівы і прытым найбольш усеабдымны рэстаўрацыйны метад менавіта кансервацыю.

Асноўная задача рэстаўрацыі палягае акурат у кансервацыі, то-бок, у сукупнасці мер, накіраваных на паляпшэнне ўмоў, у якіх знаходзяцца помнікі. Як галоўны метад рэстаўрацыі вызначае кансервацыю і Венецыянская хартыя, прынятая ў 1964 годзе, якая абумоўлівае пытанні захавання і аднаўлення помнікаў. Паводле гэтага дакумента, асноўнай мэтай кансервацыі з’яўляецца захаванне помніка архітэктуры ў тым выглядзе, у якім ён дайшоў да нашага часу, разам з пазнейшымі гістарычнымі напластаваннямі. Прытым кансервацыя павінна пакідаць недатыкальнай сапраўднасць помніка і не мусіць знішчаць яго элементы, каштоўнасць якіх пакуль яшчэ не вызначана, але можа быць выяўлена ў будучыні.

Існуюць катэгорыі помнікаў, для якіх прымяненне кансервацыі з’яўляецца не толькі пажаданым, але і адзіна магчымым. Перадусім гэта помнікі са складанай будаўнічай гісторыяй. Таксама прыём кансервацыі абавязковы пры працы з помнікамі старажытнасці і сярэднявечча — у гэтых выпадках неабходнае безумоўнае захаванне арыгінала без якіх-кольвек дадаткаў. Кансервацыя — адзіны метад, які можа прымяняцца таксама да тых помнікаў альбо іх частак, якія непарыўна звязаныя з элементамі, што маюць характар твораў мастацтва — такімі як рэльеф, разьба, роспіс і гэтак далей.

Руінаваныя помнікі, як правіла, маюць маляўнічы выгляд і своеасаблівую эмацыйную выразнасць. Таму пры правядзенні кансервацыйных работ важна не страціць эфект іх старажытнасці. Сёння неабходны таксама і аналіз ужо выкананых работ, бо помнікі старэюць, на іх уздзейнічаюць антрапагенныя фактары, асабліва ў гарадах. Так ці іначай, рэстаўрацыйны досвед, назапашаны на сённяшні дзень, сведчыць аб павелічэнні значнасці і актуальнасці кансервацыі помнікаў як асноўнага рэстаўрацыйнага метаду, прычым як з навукова-метадалагічнага, так і з эканамічнага пункту гледжання.

Вядома, кансервацыйныя работы, як і ніводзін з відаў рэстаўрацыйных работ, не з’яўляюцца таннымі — пры іх правядзенні патрабуецца вырашэнне пытанняў водаадвядзення, захавання эстэтычнага складніку помніка. З улікам турыстычнай прывабнасці руін, варта звяртаць увагу і на прыярытэт сапраўднасці аб’екта, бо сёння турыстаў перадусім цікавіць аўтэнтыка. Таму на дадзены момант галоўная задача, накіраваная акурат на кансервацыю помнікаў, — зрабіць усё магчымае, каб у будучыні, калі гэтаму будуць спрыяць умовы, іх маглі аднавіць нашыя нашчадкі.

Эстафета ад продкаў

Аб методыцы захавання руінаваных аб’ектаў на прыкладзе досведу работ у Гальшанскім замку разважае кіраўнік праектнай групы Ігар Раханскі. У аснове методыкі работы з помнікамі такога кшталту ляжыць комплексны падыход, які заключаецца ў стварэнні сацыяльнага, мастацкага і тэхнічнага праектаў, якія ўзаемна ўплываюць адзін на аднаго. Архітэктурна-будаўнічы праект добраўладкавання і прыстасавання змяняецца з улікам патрабаванняў, мэтаў і межаў, пастаўленых у сацыяльным і мастацкім праектах, і вынікам гэтага з’яўляецца комплексны праект устойлівага развіцця тэрыторыі з гістарычнай забудовай.

Канцэпцыя сацыякультурнага развіцця такой тэрыторыі знаходзіць адлюстраванне ў тэматыка-экспазіцыйным плане, а мастацкая канцэпцыя — у эскізным праекце. Разам яны ўплываюць на архітэктурна-планіровачную канцэпцыю, паводле якой у выніку адбываюцца будаўніча-мантажныя ды рэстаўрацыйныя работы і стварэнне экспазіцыі. Комплексны праект таксама ўлічвае мэты і задачы развіцця тэрыторыі вакол помніка, прапаноўвае сістэму вобразаў, праз якія будуць экспанавацца гісторыка-культурныя каштоўнасці, носьбітам якіх з’яўляецца архітэктурны аб’ект.

Стваральнікі праекта аднаўленчых работ на замку, што ў Гальшанах на Ашмяншчыне, арыентаваліся перадусім на патрэбы мясцовай супольнасці. Мястэчку была неабходная пляцоўка для правядзення культурных мерапрыемстваў і рэкрэацыйная зона, а таксама музейная экспазіцыя, якая зацікавіла б турыстаў. Так у 2008 годзе з’явілася канцэпцыя парка-музея, якая прадугледжвала экспанаванне гісторыка-культурнага ландшафту — то-бок, не толькі самога замка, але і прылеглай да яго тэрыторыі, па якой былі распрацаваныя пешаходныя і веласіпедныя экскурсійныя маршруты. У ахоўнай зоне помніка забароненае будаўніцтва, таму задачы, пастаўленыя ў мастацкім праекце, мусяць вырашацца інструментамі добраўладкавання тэрыторыі і ландшафтнага дызайну. Сцэнарый жа экспанавання саміх руін быў задуманы як уяўны рытуал “пасвячэння ў нашчадкі”. Наведвальнік помніка нібыта прымае эстафету ад продкаў, праходзячы на шляху па экспазіцыі ў замкавых мурах праз стадыі азнаямлення, ацэньвання і засваення, ад насцярожанасці ў незнаёмым асяроддзі руін, праз трывогу аб страчаных каштоўнасцях — да радасці спазнання.

Пры выбары метадаў аднаўленчых работ стваральнікі праекта зыходзілі з таго стану, у якім розныя часткі помніка дайшлі да нашых дзён. Тыя элементы, якія былі пашкоджаныя адносна нядаўна, цягам мінулага стагоддзя, лічыцца магчымым аднавіць, а тыя, якія дайшлі да нас у выглядзе руін — дапушчальна кансерваваць. Прытым заўжды важна ўлічваць патрэбу выразнага візуальнага размежавання аўтэнтыкі і сучасных праектных рашэнняў. У выніку комплекса-навуковых даследаванняў, якія праводзяцца ў складзе архітэктурна-будаўнічага праекта, з’явіліся гіпатэтычныя рэканструкцыі помніка на пэўныя моманты часу, што дазваляюць зразумець, якія менавіта элементы былі каштоўнымі на кожным этапе існавання замка, і якія з іх мусяць быць захаваныя для будучыні.

У выніку, паўночная вежа Гальшанскага замка сёння адноўленая па стане на 1812 год — менавіта адсюль будзе пачынацца музейная экспазіцыя. Важнымі яе элементамі, паводле задумы, мусяць таксама зрабіцца такія цікавыя пункты, як вінтавая лесвіца, цудам захаваныя прыбіральні пачатку ХVII стагоддзя, альбо своеасаблівая “скарбніца” — так умоўна назвалі ўчастак, куды падчас рамонтаў будаўнікі ранейшых стагоддзяў скідвалі фрагменты тынкоўкі, кафлі, ляпніны, цэглы — у гэтым месцы можа быць паказаная праца археолагаў.

Сімбіёз культуры і прыроды

Старшыня Беларускага камітэта ICOMOS Сцяпан Стурэйка звярнуў увагу на такі аспект захавання руінаваных помнікаў, як суадносіны аховы спадчыны з аховай прыроды. У сістэму помніка ўваходзяць не толькі архітэктурныя элементы, але і расліннасць, атачэнне, навакольныя пабудовы — усё, што фарміруе эмоцыю ад яго сузірання. Захоўваючы толькі адзін з гэтых складнікаў, можна страціць іншыя, якія таксама могуць аказацца не менш важнымі для ўспрыняцця аб’екта.

Парадокс работы па захаванні з руінаванымі аб’ектамі палягае ў тым, што з часам можа губляцца аўтэнтыка помніка, але адначасова і назапашваюцца веды аб ім і расце разуменне, што менавіта варта захоўваць і як трэба дзейнічаць, каб зрабіць аб’ект па-сапраўднаму жывым, каштоўным, падкрэсліць яго вартасці. Таму ў задачу неабыякавых грамадзян і інстытуцый, заклапочаных лёсам такіх помнікаў, уваходзяць дакументаванне і збор максімальнай колькасці інфармацыі аб аб’ектах.

Між іншым, руіны ў сукупнасці з раслінным і жывёльным светам могуць утвараць цэласныя прыродныя комплексы. Напрыклад, на некаторых помніках, дзе захаваліся мармуровыя элементы, магчыма праводзіць палеанталагічныя даследаванні, бо там зберагліся рэшткі мікраарганізмаў, якія налічваюць мільёны гадоў. Неабходна таксама ўлічваць, што памяць аб помніку можа знаходзіць адлюстраванне і ў навакольных пабудовах. Так, у выпадку са згаданым Гальшанскім замкам, частка забудовы самога мястэчка ў ХІХ ст. была збудаваная таксама з выкарыстаннем цэглы, узятай з муроў замка, якую ягоны тагачасны ўладальнік Гарбанёў прадаваў усім ахвочым — і гэта таксама ўжо элемент гісторыі гэтага помніка, як бы мы ні ставіліся да такой з’явы.

Трасфармацыя помніка ў прыродна-культурны комплекс, інтэрпрэтацыя яго як часткі культурнага ландшафту вымагае таксама правядзення масавых мерапрыемстваў, накіраваных на актуалізацыю памяці і каштоўнасцяў, звязаных з гэтым аб’ектам, прыцягненне новых людзей, якія могуць быць зацікаўленыя лёсам помніка. Важна звяртаць увагу на падтрымку не толькі стану саміх помнікаў, але перадусім — на людзей, зацікаўленых іх лёсам, асабліва прадстаўнікоў мясцовых супольнасцяў.

Захаванне руінаваных аб’ектаў, як і любых архітэктурных помнікаў, а таксама аднаўленне айчыннай школы рэстаўрацыі мусіць быць агульнай справай як для дзяржаўных органаў улады, так і для грамадскасці ды навуковых устаноў. Руіны мусяць мець сваіх гаспадароў — калі не ў юрыдычным, то ў сімвалічным сэнсе. Толькі неабыякавасць грамадзян і іх зацікаўленасць у захаванні помнікаў можа быць зарукай лепшай будучыні для нашай агульнай архітэктурнай спадчыны.