Контр-адмірал і “Камень-Дзед”

№ 44 (1483) 31.10.2020 - 06.11.2020 г

Часам неяк так выходзіць, што чым бліжэй знаходзіцца тая ці іншая мясціна, тым даўжэй да яе не можаш дабрацца — у мяне так выйшла з захадам Мінскай вобласці, з маляўнічай Валожыншчынай. Чамусьці доўга абмінаў яе ў сваіх падарожжах, хаця і ведаў, што ёсць там на што паглядзець і чаму падзівіцца.

/i/content/pi/cult/822/17588/21.jpgТаму, калі ў сямейным коле мне чарговы раз прапанавалі прыдумаць маршрут для новай вандроўкі, выбар быў даволі просты. З усіх магчымых накірункаў, неахопленым нашай увагай заставаўся толькі шлях на захад ад Мінска, праз Іўе на Ліду. Зручнасць яшчэ і ў тым, што дарога ў адзін бок займае не больш за дзвесце кіламетраў — а гэта важна для восеньскіх дзён, калі цямнець пачынае ўсё раней. Але і так трэба спяшацца — бо агледзець давядзецца багата.

“Наша вёска зусім не новая”

Першы прыпынак робім перад старой мяжой, якая дзяліла Беларусь да 1939 года. Новае Поле — пасёлак у Мінскім раёне, якім на працягу ХІХ стагоддзя валодалі шляхецкія роды Сяляваў і Друцкіх-Любецкіх. Візітная картка гэтай мясціны — сядзіба, заснаваная ў 1828 годзе. Асноўны, аднапавярховы аб’ём работ, быў зроблены Сялявамі, а бакавое двухпавярховае крыло і дэкаратыўная вежачка надбудаваныя напрыканцы ХІХ стагоддзя ўжо новымі ўладальнікамі. Навокал раскінуўся жывапісны парк, у якім захаваўся таксама старадаўні будынак лядоўні. У сядзібным доме з пасляваенных гадоў размяшчаецца Навапольскі аграрна-эканамічны каледж — у музеі гэтай навучальнай установы таксама захоўваюць памяць аб колішніх гаспадарах маёнтка.

/i/content/pi/cult/822/17588/22.jpgАле дбаюць пра зберажэне слядоў мінулага не толькі ў каледжы — мясцовыя жыхары дамагліся, каб на месцы, дзе некалі стаяла брама сядзібы, з’явіўся інфармацыйны стэнд з расповедам аб гісторыі Новага Поля. Першы радок, які вітае гасцей пасёлка, прымушае адразу ж задумацца: “Наша вёска зусім не новая...” І сапраўды, далей адбываецца пагружэнне ў мінуўшчыну — падарожнік можа пабачыць партрэты колішніх уладальнікаў Новага Поля, азнаёміцца з іх біяграфіямі. Вядома, як носьбіты княжацкага тытула, Друцкія-Любецкія з’яўляліся ў жыцці нашага краю надзвычай важнымі постацямі — сярод прадстаўнікоў роду былі губернатары, члены Дзяржаўнага савета Расійскай імперыі, дэпутаты Дзяржаўнай думы. Апошні ўладальнік маёнтка, Геранім Друцкі-Любецкі, акрамя актыўнасці ў дзяржаўным і грамадскім жыцці, быў таксама таленавітым драматургам і займаўся дабрачыннасцю.

Мясцовыя жыхары не пакідаюць надзеі на далейшае добраўпарадкаванне прысядзібнага парка. Паводле ўспамінаў, колішнія ўладальнікі палаца разводзілі тут адмысловых слімакоў, якія, як вядома, лічыліся выкшталцоным далікатэсам. Зрэшты, слімакоў у вільготныя дні і сёння можна часта пабачыць на паркавых сцежках. Нездарма свята вёскі, зладжанае дбаннем мясцовых актывістаў пазалетась, прайшло пад назвай “Гарбузы і слімакі Новага Поля”.

У вёсцы сёння няма ні клуба, ні бібліятэкі, але неабыякавыя жыхары пасёлка спадзяюцца, што ім яшчэ ўдасца стварыць тут усе ўмовы для культурнага адпачынку — як для сябе, так і для турыстаў. Сёння ў Новым Полі жыве каля тысячы чалавек, а блізкасць да сталіцы сведчыць на карысць таго, што колькасць тутэйшых жыхароў у будучыні будзе расці. Таму зрабіць пасёлак камфортным для пражывання — задача, якая мусіць быць актуальнай і для жыхароў, і для мясцовых уладаў.

Развітанне з марскім чалавекам

Наступны пункт на нашым шляху ляжыць ужо па іншы бок колішняй Рыжскай мяжы — гэта Ракаў, што ў Валожынскім раёне. На колішняй рынкавай плошчы ў цэнтры мястэчка — велічны храм, збудаваны ў 1793 годзе князямі Сангушкамі, што валодалі Ракаўскім графствам, як касцёл кляштара каталіцкага ордэна дамініканцаў. Аднак ужо ў 1866 годзе ён быў перабудаваны пад праваслаўную царкву, а перад уваходам у храм у 1877 годзе на гонар 25-годдзя адмены прыгоннага права была ўзведзеная брама-званіца. Зрэшты, гістарычныя крыніцы сведчаць, што праваслаўная царква стаяла на гэтым месцы яшчэ ў сярэднявеччы.

/i/content/pi/cult/822/17588/23.jpgКрыху воддаль, за квартал ад цэнтральнай плошчы Свабоды, узвышаюцца неагатычныя вежы касцёла, узведзенага ў 1906 годзе. Стыль неаготыкі быў надзвычай папулярны ў нашым краі напачатку ХХ стагоддзя, а з’яўленне ў Беларусі вялікай колькасці касцёлаў, будаўніцтва якіх датуецца менавіта гэтымі часамі, тлумачыцца тым, што ў 1904 годзе ў Расійскай імперыі былі прынятыя першыя змены ў заканадаўстве, якія прадугледжвалі пашырэнне верацярпімасці, і дазвалялі, у тым ліку, адкрыццё новых храмаў розных канфесій. Дарэчы, фундатарам будаўніцтва быў ужо згаданы вышэй князь Друцкі-Любецкі, хаця свой унёсак зрабілі і іншыя мясцовыя памешчыкі.

Мы наведалі касцёл у незвычайны і сумны дзень — тут акурат адбывалася пахаванне мясцовага ўраджэнца Зігмунда Жабко — контр-адмірала, які трыццаць пяць гадоў аддаў службе ў Ваенна-марскім флоце, быў намеснікам камандуючага флаціліі атамных падводных лодак Ціхаакіянскага флоту, а пасля выхаду ў адстаўку ўзначальваў Беларускі саюз ваенных маракоў.

Цені класікаў

Не кожны раён у Беларусі можа пахваліцца сваім контр-адміралам — таму пры жыцці Зігмунд Жабко, вядома, быў жаданым госцем на ўсіх урачыстасцях Валожыншчыны. Не дзіва, што мы знаходзім яго і на здымку, які змешчаны на інфармацыйным стэндзе ў цэнтры вёскі Кіявец. Фота — з цырымоніі адкрыцця памятнага знака “Камень-Дзед”, усталяванага летась тут жа, каля мясцовай царквы. Валун густоўна аздоблены мясцовым скульптарам Валяр’янам Янушкевічам. На трох баках каменя — вобраз Божай Маці з немаўляткам Ісусам, Дрэва жыцця, крыж і надпіс “Любі Айчыну сваю. Рабі дабро. Адказвай прад Богам”. Міжволі задумваешся, што пакрысе да нашых продкаў, “дзядоў”, далучаюцца і тыя, хто яшчэ ўчора быў побач з намі.

Таксама ў вёсцы можна пабачыць рэшткі колішняга фальварку — яго гаспадарчыя пабудовы цяпер рыхтуюцца да аднаўлення. А старыя Кіявецкія могілкі адметныя тым, што тут знайшоў свой апошні прыстанак настаўнік Адама Міцкевіча, нямецкі філолаг, прафесар антычных моваў і літаратуры Віленскага ўніверсітэта Готфрыд Эрнст Гродэк. Гэты выдатны навуковец вядомы, між іншага, тым, што ў свой час адмовіўся прыняць магістарскую дысертацыю Адама Міцкевіча. А жыццё сваё ён скончыў у Кіяўцы даволі выпадкова — прыехаў у госці да дачкі, чый муж валодаў тутэйшым маёнткам, і памёр ад запалення лёгкіх.

Суседняя з Кіяўцом вёска Падневічы звязаная з імем іншага літаратурнага класіка —тут, на могілках ва ўрочышчы Тупальшчына, побач з неагатычнай капліцай-пахавальняй шляхецкага роду Жаброўскіх, збудаванай у 1852 годзе, знайшоў спачын адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры — Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Адпявалі яго ў гэтай самай капліцы, а памёр ён 29 снежня 1884 года непадалёк, у сваім маёнтку ў Люцінцы. Дом пісьменніка, на жаль, згарэў неўзабаве пасля яго скону, на месцы сядзібы цяпер можна пабачыць толькі рэшткі прыступак і памятны знак, усталяваны ў 1986 годзе. Хоць колішнія маёнткі даўно зніклі з аблічча зямлі — памяць аб іх захоўваецца ў творах гаспадароў, якія ведалі, што зрабіць іх імёны несмяротнымі могуць не матэрыяльныя даброты, а толькі мастацтва.

Помнікі, да якіх не дабрацца

З літаратурных мясцін Валожыншчыны кіруемся ў раённы цэнтр. Горад на працягу сваёй гісторыі належаў цэламу шэрагу самых буйных і славутых магнацкіх родаў Вялікага Княства Літоўскага, але да нашых дзён тут захавалася толькі тая архітэктурная спадчына, якую пакінулі па сабе Тышкевічы. На галоўнай плошчы мястэчка стаіць велічны класіцыстычны касцёл з брамай-званіцай, а побач з ім — палацава-паркавы комплекс, збудаваны ў пачатку ХІХ стагоддзя, які складаецца з уласна палаца, афіцыны, флігеля і аранжарэі.

На жаль, вольны доступ ёсць толькі да апошняга будынка — астатнія размяшчаюцца на тэрыторыі вайсковай часткі, альбо занятыя раённым аддзяленнем міліцыі, што стварае пэўныя нязручнасці для турыстаў, якія хацелі б азнаёміцца з архітэктурнымі помнікамі. Тым не менш, з пагорка, на якім размешчаны палац Тышкевічаў, адкрываецца цудоўны від на горад і ваколіцы — сюды варта завітаць ужо хаця б дзеля таго, каб агледзець мясцовыя маляўнічыя краявіды.

За Валожынам — Налібоцкая пушча і мясціны, дзе ў гады Першай сусветнай вайны на два з паловай гады затрымалася лінія фронту. У вёсцы Бакшты Іўеўскага раёна, якая ляжыць на паўдарозе з Валожына ў Іўе, на могілках у самым цэнтры мястэчка знаходзім сляды той трывожнай пары — два масіўныя жалезабетонныя доты, збудаваныя тут кайзераўскай арміяй. Пабудовы занядбаныя, зарослыя хмызамі — хаця побач і сельсавет, і школа, і царква, а проста да сцен аднаго з дотаў прымыкае прыватны ўчастак з домам. Усярэдзіне магутных умацаванняў — смецце, рэшткі пахавальных вянкоў. А чаму б не расчысціць гэтыя пабудовы, не закансерваваць належным чынам, каб можна было паказваць іх турыстам і выхоўваць у школьнікаў, якія бачаць іх штодзень, павагу да помнікаў і сваёй гісторыі?

Сталіца памяркоўнасці

Іўе, куды мы накіроўваемся далей, славіцца сваімі традыцыямі нацыянальнай і рэлігійнай памяркоўнасці. У гэтым мястэчку, акрамя хрысціян і іўдзеяў, спрадвеку жылі таксама мусульмане — татары, якія з’явіліся тут яшчэ ў часы Вітаўта. Сёння ў Іўі жыве каля паўтысячы мусульман, што дазваляе раённаму цэнтру прэтэндаваць на званне татарскай сталіцы Беларусі. На паўднёвай ускраіне мястэчка, спрадвек званай Мураўшчызнай, непадалёк ад татарскіх дамоў стаіць драўляная мячэць, узведзеная ў 1884 годзе, а ў ваколіцах яе раскінуліся некалькі татарскіх могілак.

Талерантнасць і верацярпімасць у Іўі выяўляецца не толькі ў добрасуседстве розных рэлігій і народаў, але і ў суіснаванні памяці аб розных плынях хрысціянства — нават некалі варожых. Архітэктурная дамінанта мястэчка — касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла, ля якога ўзвышаецца статуя Ісуса Хрыста, што раскінутымі рукамі нібыта дабраслаўляе навакольны горад, амаль як падобная знакамітая скульптура ў Рыа-дэ-Жанэйра. Але калі падысці да сціплага каменя з надпісам, што ляжыць акурат перад касцёлам, можна даведацца, што ён усталяваны на памяць аб тым, што на гэтым месцы ў XVI стагоддзі існавала арыянская школа. Арыянства было адным з кірункаў рэфармацыі, і асуджалася каталіцкай царквой як ерась — але, як бачым, гісторыя здольная звесці разам нават колішніх непрымірымых праціўнікаў.

Новыя цікавосткі старога замка

З Іўя, нарэшце, кіруемся у фінальны пункт нашай вандроўкі — сёлетнюю культурную сталіцу Беларусі — Ліду. Вядома, пандэмічная сітуацыя нечакана ўнесла свае карэктывы ў планы мерапрыемстваў з гэтай нагоды, але, тым не менш, выглядае, што цікаўнасць турыстаў да гэтага горада не надта знізілася — ля ўвахода ў тутэйшы замак мы раз-пораз назіралі цягам дня экскурсійныя групы. Гасцям тут прапаноўваюць не толькі звыклую аглядную экскурсію, але і інтэрактыўныя праграмы, гульні ды віктарыны для дзяцей і дарослых, майстар-класы і дэгустацыю сярэднявечнай кухні, а таксама паказ тэатралізаваных мініяцюр і рыцарскіх двубояў.

У ліпені тут адкрылася новая пастаянная экспазіцыя, якая заняла ўжо другую замкавую вежу. Вітае яна мо і не надта ласкава, але запамінальна — на першым ярусе размешчаная зала, прысвечаная ўзорам прыладаў, якія выкарыстоўваліся ў сярэднявеччы для катаванняў і пакарання злачынцаў. На астатніх ярусах вежы экспазіцыя ўжо больш традыцыйная — тут прадстаўленыя археалагічныя знаходкі, адшуканыя на тэрыторыі замка і ў яго ваколіцах, узоры сярэднявечнай зброі, рэплікі даспехаў, касцюмаў, посуду.

Напамін ад продкаў

На зваротным шляху вырашаем зазірнуць у вёску Навіцкія, што непадалёк ад Ліды. Тут, на ўскрайку паселішча, сярод бязмежных палёў стаіць каменны гмах старога вадзянога млына, да якога вядзе брукаваная сцежка. Дзверы і вокны млына надзейна зачыненыя — выглядае, што неўзабаве яго яшчэ збіраюцца давесці да ладу. Пашукаўшы нядаўнія фота ў інтэрнэце, можна заўважыць, што нейкія дзесяць гадоў таму патрапіць усярэдзіну можна было бесперашкодна, але ўсе механізмы млына захоўваліся амаль некранутымі — цікава, ці засталіся яны цэлымі да нашых дзён? Будзем спадзявацца на лепшае.

Невялікая шыльдачка, якую можна пабачыць на сцяне, прымушае, аднак, задумацца аб нечаканых паваротах гісторыі і няпэўнасці чалавечага лёсу — надпіс на ёй, зроблены па-польску, паведамляе: “Млын Міхала Арэхвы, 1938 год”. Міжволі прыгадваеш, што ўжо налета распачнецца Другая сусветная вайна, і тыя, хто будаваў гэты млын, магчыма, нават не паспеюць ім скарыстацца. Помнікі нашай гісторыі, вялікія яны альбо малыя, значныя альбо сціплыя, старадаўнія ці адносна маладыя, хаваюць у сабе нямала сакрэтаў і ўрокаў-папярэджанняў, якія нашыя продкі пакінулі нам — часам нават самі таго не ведаючы. Трэба толькі ўмець прачытаць гэтыя знакі і прыслухацца да парадаў.