Спасцігнуць краіну

№ 43 (1482) 24.10.2020 - 31.10.2020 г

21 — 23 кастрычніка адбыўся VII Міжнародны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры”, арганізатарамі якога выступалі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь, Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельнікаў СНД, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, а таксама Беларуская і Расійская бібліятэчныя асацыяцыі.

Сёлетні кангрэс быў прысвечаны тэме краязнаўства ды краіназнаўства як магістральных напрамкаў захавання гісторыка-культурнай спадчыны краін ды народаў, і прымеркаваны да завяршэння ў Беларусі трохгодкі малой радзімы. Удзел у ім прынялі спецыялісты бібліятэк, музеяў, архіваў, навукова-даследчых арганізацый, адукацыйных устаноў, цэнтраў народнай творчасці, краязнаўцы-аматары, распрацоўшчыкі і вытворцы інфармацыйнай прадукцыі, прадстаўнікі грамадскіх і культурных арганізацый беларусаў у замежных краінах.

У рамках урачыстага адкрыцця адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў XXVIII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”. У першы дзень кангрэса прайшло пасяджэнне Савета бібліятэк Беларусі па інфармацыйным узаемадзеянні, адбыліся секцыі “Інфармацыйная прастора рэгіёнаў: захаванне і папулярызацыя нацыянальнай культуры і краязнаўчых ведаў”, “Арганізацыя і нарматыўнае рэгуляванне краязнаўчай дзейнасці”, “Развіццё краязнаўчай дзейнасці: этапы, людзі, супольнасці, дакументальная спадчына”. Таксама ў рамках мерапрыемства прайшла прэзентацыя анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”, якая змяшчае самыя значныя і цікавыя матэрыялы аб нашай краіне, юбілеях і памятных датах беларускага календара — з гэтым праектам можна азнаёміцца на сайце Нацыянальнай бібліятэкі па адрасе nlb.by.

У сувязі з нестабільнай эпідэміялагічнай сітуацыяй, мерапрыемствы кангрэса часткова прайшлі ў анлайн-фармаце. Сярод асноўных тэм, якія абмяркоўваліся — гісторыя і культура краін, рэгіёнаў, мясцовасцяў у сучасных даследаваннях, бібліяграфічнае краязнаўства, рэгіянальная бібліяграфія, арганізацыя краязнаўчай дзейнасці бібліятэк, яе нарматыўнае і метадычнае забеспячэнне.

Былі прадстаўленыя таксама электронныя і бібліяграфічныя інфармацыйныя краязнаўчыя рэсурсы і праекты, краязнаўчая дзейнасць архіўных ды адукацыйных устаноў і бібліятэк. Адмыслова разглядаліся пытанні гістарычнага, літаратурнага і царкоўнага краязнаўства, асаблівая ўвага таксама была нададзена неабходнасці папулярызацыі краязнаўчых і краіназнаўчых ведаў у бібліятэках, музеях, архівах, выдавецкай прадукцыі, сродках масавай інфармацыі і інтэрнэт-прасторы.

Паводле слоў дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Аляксандра СУШЫ, удзел у кангрэсе прынялі каля трохсот чалавек фізічна і яшчэ вялікая колькасць — дыстанцыйна. “Але некаторыя замежныя госці ўсё ж завіталі ў Мінск, — паведаміў адмыслоўца галоўнай бібліятэкі краіны. — Напрыклад, да нас прыехала кіраўнік Лабараторыі скарыназнаўства i валарызацыi даследаванняў гiсторыi культуры Беларусi ў Парыжы Вольга Шутава. Яна выступіла вядучым экспертам падчас круглага стала, прысвечанага кнігазнаўчым даследаванням у Францыі, і прадставіла даклад “Інтэлектуальны пейзаж Бібліі Скарыны: кантэкст, персаналіі, тэмы і ўплывы. Дарэчы, даследаванне спадчыны Францыска Скарыны налічвае больш за шэсць тысяч публікацый, але намаганні навукоўцаў часта застаюцца падзеленыя геаграфічнымі ды дысцыплінарнымі межамі і стэрэатыпамі. А Лабараторыя скарыназнаўства дае ўнікальную платформу для публікацыі і каардынацыі даследаванняў, аб’ядноўвае навукоўцаў, якія цікавяцца жыццём і творчасцю Францыска Скарыны і беларускімi даследаваннямі ў цэлым. Бо ўзаемаабмен ідэямі, праектамі і дасягненнямі заўсёды патрэбны”.

Між іншых мерапрыемстваў у межах кангрэса таксама адбыўся круглы стол на тэму міжлітаратурнага ўзаемадзеяння “Мастацкая лiтаратура як шлях адзiн да аднаго”, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі дзевятнаццаці краін. Адмыслоўцы адзначаюць, што з прычыны ўжо згаданай эпідэміялагічнай сітуацыі цікаўнасць да літаратуры ў грамадстве павышаецца.