У новых сцянах музея

№ 36 (1475) 05.09.2020 - 12.09.2020 г

Падчас святкавання Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах 6 верасня адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Бялыніцкага мастацкага музея імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі.

/i/content/pi/cult/814/17438/3.jpgМузей з’явіўся ў Бялынічах паўстагоддзя таму, што на той час было з’явай даволі нешараговай. Размяшчаўся ён у колішнім будынку кінатэатра, прыстасаваным пад музейныя экспазіцыі. Перад пачаткам работ ранейшы будынак музея планавалі адрамантаваць, але ў выніку прыйшлі да высновы, што гэта немэтазгодна, і летась было прынятае рашэнне аб узвядзенні новага гмаху, плошча якога будзе ўдвая большай, што дазволіць размясціць тут тры музейныя залы і прастору для часовых экспазіцый.

Музей будзе абсталяваны сучасным экспазіцыйным абсталяваннем: асвятленнем, клімат-кантролем, мультымедыйнай тэхнікай. Новай канцэпцыяй экспазіцыі займаліся супрацоўнікі Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е.Р. Раманава — цяпер музей у Бялынічах мае зрабіцца не толькі мастацкім, але і краязнаўчым.

Адна з залаў, прысвечаная творчасці Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, будзе змяшчаць 27 работ славутага мастака, якія прайшлі кансервацыю і рэстаўрацыю ў Нацыянальным мастацкім музеі. Большая частка гэтых карцін была перададзеная ў музей у 1970-я гады ўдавой мастака. Наступныя залы музея будуць распавядаць аб гісторыі, культурнай і духоўнай спадчыне Бялыніччыны.

Сярод найбольш цікавых экспанатаў тут можна будзе пабачыць фрэску “Нясенне крыжа” або “Узыходжанне на Галгофу”, яшчэ ў 1970-я гады ўратаваную з разбуранага мясцовага каталіцкага кляштара кармелітаў, якая доўгі час захоўвалася ў музеях Магілёва, а цяпер адрэстаўраваная мастакамі са Мсціслава Юрыем і Мікалаем Маліноўскімі. Таксама тут будзе змешчаная сучасная копія цудадзейнай іконы Маці Божай Бялыніцкай.

У Дзень беларускага пісьменства перад новым будынкам музея разгорнецца асноўная канцэртная пляцоўка, таксама тут запланаваная выстава старажытных друкаваных кніг. Іншыя святочныя пляцоўкі размесцяцца на вуліцы Савецкай і ў старадаўнім гарадскім парку “Ліпавы гай”, дзе нядаўна ўсталяваны знак, што гэтая мясціна з’яўляецца помнікам садова-паркавага мастацтва XVIII стагоддзя, закладзеным князем Агінскім.

/i/content/pi/cult/814/17438/4.jpg

/i/content/pi/cult/814/17438/5.jpgТаксама падчас свята каля царквы ў гонар Іконы Божай Маці Бялыніцкай адбудзецца ўрачыстае адкрыццё скульптуры “З’яўленне іконы”. Аўтарам статуі, што ўяўляе з сябе анёла, які трымае крыламі абраз Божай Маці, з’яўляецца Аляксандр Мінькоў.