На кніжнай алеі збіраюцца госці

№ 36 (1475) 05.09.2020 - 12.09.2020 г

У рамках адзначэння Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах, мерапрыемствы якога адбудуцца 5 і 6 верасня, гасцям і ўдзельнікам свята традыцыйна будуць прадстаўленыя кніжныя навінкі. Якія цікавосткі прапануюць чытачам асноўныя беларускія выдавецтвы?

/i/content/pi/cult/814/17437/1.jpgВыдавецтва “Беларусь” падрыхтавала кнігу-альбом “Вітольд Бялыніцкі-Біруля”. Яна распавядае аб жыццёвым і творчым шляху мастака-імпрэсіяніста, чый лёс непарыўна звязаны з мясцінамі, якія сёлета прымаюць свята беларускага пісьменства. Кніга змяшчае больш за 130 рэпрадукцый яго карцін. Ілюстрацыі для выдання былі прадстаўленыя як беларускімі, так і расійскімі музеямі ды галерэямі, такімі як Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В. Масленікава, Бялыніцкі раённы мастацкі музей імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі, Дзяржаўная Траццякоўская і Цвярская абласная карцінная галерэя. Аўтарам тэксту і складальнікам кнігі выступіў генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў. Тэкст у кнізе пададзены на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай.

Яшчэ адзін альбом, падрыхтаваны выдавецтвам — “Ларыса Журавовіч”, гэтае выданне прысвечанае творчасці беларускай мастачкі, якая нарадзілася і ўсё жыццё жыве ды працуе ў Бялынічах. Кніга таксама змяшчае як рэпрадукцыі жывапісных твораў, так і іх мастацтвазнаўчы аналіз ды звесткі аб біяграфіі і творчасці мастачкі.

/i/content/pi/cult/814/17437/2.jpgУ выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” выйшла кніга бялыніцкага пісьменніка, журналіста і краязнаўца, старшыні рады грамадскага аб’яднання “Бялыніцкае краязнаўчае таварыства” Міхася Карпечанкі. Выданне, якое мае назву “…І Маці Божай памалюся”, распавядае аб гісторыі Бялынічаў, паходжанні іх назвы, а таксама легендах, звязаных з узнікненнем горада, які ўпершыню згадваецца ў гістарычных крыніцах у 1577 годзе.

Вялікая ўвага, як вынікае з назвы кнігі, нададзеная гісторыі цудатворнай іконы Маці Божай Бялыніцкай, якая, паводле адной з версій, вядомая яшчэ з ХІІІ стагоддзя. На жаль, сёння вядомыя толькі яе копіі, сама ікона бясследна знікла ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны, адначасова з Крыжам Еўфрасінні Полацкай, Слуцкім Евангеллем і іншымі каштоўнымі рэліквіямі, якія захоўваліся ў той час у Магілёўскім абкаме Камуністычнай партыі.

Таксама выдавецтвам падрыхтаваны чарговы том энцыклапедыі “Рэгіёны Беларусі”, прысвечаны шэрагу раёнаў Магілёўшчыны, у тым ліку Бялыніцкаму краю. Выданне ахоплівае звесткі аб раёнах з літары А да К, і змяшчае інфармацыю аб іх гісторыі, культуры, прыродзе, эканоміцы, вядомых ураджэнцах і славутых людзях.

Выдавецтва “Мастацкая літаратура” прэзентуе чарговае выданне ў рамках серыі “Беларусь літаратурная” — кнігу “Васільковае поле Айчыны”, у якую ўвайшлі літаратурныя творы трыццаці сямі аўтараў, жыццё і дзейнасць якіх звязаныя з Бялыніччынай. Таксама падрыхтаваны зборнік “Імёны ў кантэксце эпох”, які змяшчае біяграфічныя нарысы больш як пяцідзесяці дзеячаў культуры, мастацтва, навукі, вытворчай і іншых галінаў дзейнасці з Бялыніччыны. Складальнікам абедзвюх гэтых кніг таксама выступіў ужо згаданы вышэй Міхась Карпечанка. Таксама да 90-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча выдавецтва прымеркавала прэзентацыю дзевятнаццатага тома збору твораў пісьменніка, дзе змешчаныя яго малюнкі.

А выдавецкі дом “Звязда” прадставіць новыя кнігі вядомага гісторыка і калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава з серыі “У пошуках страчанага”. Першая з іх, пад назвай “75 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”, змяшчае выявы ўнікальных здымкаў ваеннай тэматыкі, многія з якіх раней не публікаваліся, а таксама падборку агітацыйных плакатаў “Раздавім фашысцкую гадзіну”, якія друкаваліся з ліпеня 1941 да мая 1945 года на неакупаванай тэрыторыі СССР для распаўсюджвання за лініяй фронту. Другі альбом мае назву “Блакада” і прысвечаны ваеннай трагедыі горада над Нявой — ён змяшчае як фотаздымкі часоў Вялікай Айчыннай, так і дакументы ды лісты жыхароў блакаднага Ленінграда.

Таксама выдавецкі дом прадставіць дзве новыя дзіцячыя кнігі — перавыданне вершаванай п’есы Алены Стэльмах “Дуб і Крумкач”, якая раскрывае перад маленькімі чытачамі класічную праблему адвечнай барацьбы дабра са злом, і зборнік дзіцячых вершаў “У казачным лесе” паэткі Ніны Галіноўскай, многія з якіх маюць гумарыстычны характар. Абедзве кнігі густоўна аздобленыя — адпаведна, мастачкамі Марыяй Міцкевіч і Аленай Карповіч.