Палкі ў колы?

№ 29 (1468) 18.07.2020 - 25.07.2020 г

Кінематаграфісты ў пошуку “блох”
Навіна з разраду сенсацыйных. Пастаноўка двух ігравых фільмаў прыватных студый, якая атрымала падтрымку з дзяржбюджэту, была прыпыненая высілкамі калег-прыватнікаў. “Чорны дзень для беларускага кіно” — лаканічна пракаментаваў сітуацыю кінакрытык і былы калега з “Мастацтва” Антон Сідарэнка. Думаецца, з ім можна пагадзіцца. Справа не толькі ў тым, што два кінапраекты, якія многія (уключна з конкурснай камісіяй Міністэрства культуры) лічаць вартымі рэалізацыі, на няпэўны час пакладзеныя пад сукно. Гэты канфлікт бы рэнтгенаўскі апарат засведчыў, што праблемы ёсць не толькі ў заканадаўстве. Яны — у галовах.

Так у аналы гісторыі белкіно былі падшытыя два новыя дакументы. Жанр — скарга. Абедзве яны, размешчаныя на сайце дзяржзакупак, займаюць па некалькі аркушаў. Адзін аўтар наўпрост заяўляе, што для яго праекта былі заангажаваныя самыя дасведчаныя сцэнарыст і рэжысёр, а калі нехта палічыў іначай — значыць, “стопрацэнтова засудзілі”. А фраза “ў сцэнарным досведзе наш спецыяліст пераўзыходзіць больш чым у пяць разоў” і сама просіцца ў нейкі сцэнарый. Або ў п’есу тэатра абсурда.

Другі аўтар, на шчасце, не настолькі катэгарычны — ён “топіць” за аб’ектыўнасць і празрыстасць крытэрыяў. І пры гэтым кідаецца на “суддзяў”, агулам ды бяздоказна абвінавачваючы іх у некампетэнтнасці. Так, быццам перадузятасць і кампетэнтнасць можна вымераць лагарыфмічнай лінейкай. Разам з талентам, кінематаграфічным досведам і, вядома, сумленнем.

Але паколькі “грамадзянска-філасофская лірыка” не можа прывесці да чаканага выніку, а ціснуць на эмоцыі супрацоўнікаў МАРГ справа марная, спрактыкаваныя кінематаграфісты свае допісы пачынаюць з указання канкрэтных юрыдычных “блох”.

Адзін “пакрыўджаны” заўважыў, што ў дачыненні да яго не была прымененая прэферэнцыяльная папраўка, прадугледжаная для нацыянальных вытворцаў. Каб не абцяжарваць чытача доўгім тлумачэннем справы, адзначу толькі адно: тыя пару балаў, якія недаатрымаў (калі гэта сапраўды так) скаржнік, не надта б наблізілі яго да пераможцы — бо разрыў, згодна з пратаколам ацэнкі, вымяраецца ў дзясятках балаў. Адпаведна, на вынікі конкурсу тая папраўка ніяк не паўплывала. Тым не менш — ёсць за што зачапіцца.

У скарзе, якая спыніла пастаноўку “Радзіва Прудок”, даводзіцца, што вытворца не мае права на экранізацыю кнігі — адпаведная дамова з аўтарам была падпісаная не “Першай КінаВідэакампаніяй”, а студыяй R2, якой кіруе сцэнарыст і рэжысёр фільма Аляксей Раковіч. Супрацоўнікі Міністэрства культуры палічылі гэтую акалічнасць не надта істотнай, засяродзіўшыся на мастацкіх вартасцях праектаў. А вось пільныя калегі прамаўчаць не змаглі.

Думаецца, прычына згаданай хібы вельмі простая: Раковіч пачаў працаваць над фільмам задоўга да хаўрусу з “Першай”. Тут увогуле варта абавязкова адзначыць: абодва пераможцы — праекты даўнія, у пэўнай меры выпакутаваныя. Гэта не “інсайты”, якія ўзніклі адразу пасля абвяшчэння конкурсу.

У віры абмеркаванняў пра такія “зачэпкі” чамусьці ніхто не кажа публічна. Кажуць пра рэчы больш абстрактныя і ўзнёслыя. Мы ж пішам пра іх толькі дзеля таго, каб паказаць, якія норавы пануюць у кінасупольнасці.

Зразумела, пра недасканаласць механізма адбору і няпэўнасць крытэрыяў ацэнкі казаць ніхто не забараняе. Можна доўга спрачацца, якія праекты варта падтрымліваць: вялікія, але за пяць, або малыя, але па тры. Можна нават уздымаць пытанне, ці дапушчальна, калі адна кампанія выйграе некалькі конкурсаў за кароткі адмежак часу — хаця тут прыходзіць да галавы забытае ўжо слова “ўраўнілаўка”. Можна даводзіць неабходнасць пітчынгаў і наогул мэтазгоднасць “танчыць” не ад дзяржзаказу, але ад творчай задумы. Хаця тут варта адразу падумаць, як уціснуць прыгожыя ідэі ў пракруставы ложак тых раздзелаў заканадаўства, якія да фільмавытвочасці не маюць наўпроставага дачынення. Але можна, урэшце, наогул імкнуцца вывесці фінансаване кінапраектаў з агульнай сістэмы дзяржзакупак (бо выпадак, усё ж, выключны).

Ва ўсім гэтым ёсць пэўнае рацыянальнае зерне і нагода для абмеркавання — і яно, наколькі я ведаю, даўно вядзецца на базе Міністэрства культуры. Ідэі і прапановы можна агучваць у любы зручны момант. Апрача хіба аднаго: калі застаялы воз, якім кіруюць твае кінакалегі, урэшце зрушыўся з месца.

Падазраю, нават самае што ні ёсць ідэальнае заканадаўства ў сферы кіно не прынясе належнага плёну, калі не зменіцца “чалавечы фактар”. Калі творцы не навучацца радавацца чужому поспеху — ці, прынамсі, яго дараваць.