“Бельвэдэр” над Вяллёй
У папярэдняй частцы я згадваў, што дзядзька жонкі кампазітара Аляксандры Станіслаў Мюлер памёр 15 чэрвеня 1847 года на руках жонкі, дачкі і зяця (Караля Штурма). Здарылася гэта не ў самой Вільні, дзе Мюлеры мелі вялізарны дом. За нейкі час да смерці Станіслава яны перабраліся ў ваколіцы горада, дзе быў больш здаравейшы клімат. Ігнат Ходзька ў некралогу сябру называе апошняе месца яго жыхарства “бельвэдэрам”. А паколькі гэты “бельвэдэр” быў адзіны і, да таго ж, вельмі вядомы дзякуючы сувязям са славутымі асобамі, пра яго варта распавесці асобна.
Размяшчалася гэтая сядзібка непадалёк ад цэнтра — да яе можна было без напругі дайсці пешшу ў любую пару года. Дзе дакладна, невядома, але згадваецца, што ў вельмі прыгожым месцы на беразе Віліі. Сёння яе называюць Нярыс, але ад першых згадак Вільні і ажно да сярэдзіны ХХ стагоддзя ў дакументах і на картах рака была Вяллёй або Віліяй.
Першым вядомым на сённяшні дзень уласнікам “бельвэдэра” быў славуты лекар, прафесар Віленскага ўніверсітэта Аўгуст-Людвік Бекю (1775 — 1824). Нашчадак французаў-пратэстантаў, якія ў XVII стагоддзі адшукалі прытулак у Прусіі, нарадзіўся ён ужо ў ВКЛ, у каралеўскім горадзе Гародні. Там жа атрымаў першую школьную адукацыю, якую пазней працягнуў у Галоўнай Літоўскай школе (будучы Віленскі ўніверсітэт), скончыўшы яе з залатым медалём. Пабываў на стажыроўцы ў Шатландыі, куды быў пасланы ад Віленскага ўніверсітэта. Па вяртанні першым у былым ВКЛ пачаў рабіць прышчэпкі ад воспы, якая, разам з халерай, у тыя часы наносіла насельніцтву нашых земляў страты, не меншыя, чым любая з войнаў. Выдаў пра вакцынацыю адмысловую брашуру — агулам, дарэчы, працаў у яго шмат. А ў супрацы з прафесарам Юзафам Франкам заснаваў пры ўніверсітэце інстытут вакцынацыі!
Калі б не справа філаматаў, магчыма, ніхто б і слова дрэннага пра яго не сказаў. Але пашчасціла гэтаму прафесару-гігіенолагу застацца ў памяці “як навушніку Навасільцава” ды “прыгнятальніку перадавой віленскай моладзі”. Хоць доказаў таму, што ён актыўна супрацоўнічаў у гэтым накірунку з расійскімі ўладамі, знойдзена не было. Тым не менш, калі прафесар-медык, 26 жніўня (7 верасня) 1824 года быў забіты шаравой маланкай у сваім пакойчыку пры ўніверсітэце насупраць касцёла святога Яна, шмат хто ўбачыў у гэтым “Божы провід” — пакаранне за здраду. Праўда, былі і тыя, якія звязвалі “провід” з іншай справай. Нібыта Бекю, змагаючыся за лепшае месца пад сонцам, выжыў з Collegium medicum пры ўніверсітэце іншага выкладчыка Лабенвайна, чым выклікаў вялікую хвалю абурэння. Іншымі словамі, прылёт маланкі задаволіў многіх.
Наш славуты паэт і адзін з філаматаў Адам Міцкевіч паспяшаўся ўвесці злавесную асобу Доктара (Бекю) у “Дзяды” (ІІІ частка) — што, на думку даследчыкаў, справакавала лютую варажнечу паміж аўтарам і іншым паэтам Юліем Славацкім. Бо Бекю, застаўшыся ўдаўцом, ажаніўся з маці Славацкага, якая таксама страціла сужонка. Славацкі, які вельмі любіў айчыма, не змог дараваць Міцкевічу здзек з памяці Бекю.
Але вернемся да “бельвэдэра”. Гэты дамок, звязаны яшчэ і з памяццю славутага паэта, пасля смерці Бекю перайшоў у спадчыну ягоным дочкам. Вядома, што ў 1833-м годзе ён быў маёмасцю сваякоў прафесара — Мяноўскіх і Янушэўскіх. А вось наступная згадка звязваецца ўжо з імем Станіслава Мюлера. Ці зняў ён “бельвэдэр” у арэнду як лецішча, або набыў яго ў сваякоў Бекю, застаецца таямніцай. Як і тое, што сталася з дамком пасля смерці Мюлера. Для нас важна адно: менавіта “бельвэдэр”, верагодна, быў першым віленскім адрасам Штурма, дзе ў “віленскі брук” прарос ягоны “варшаўскі корань”.
Арыя варшаўскага госця
Мы ўжо ведаем, што Караль Штурм ажаніўся са стрыечнай сястрой жонкі Станіслава Манюшкі Сафіяй Мюлер. Але акалічнасці гэтага шлюба былі невядомыя манюшказнаўцам. Перакажам тут метрычны запіс, у якім ёсць цікавыя падрабязнасці ўрачыстасці.
Шлюб яны ўзялі 11 жніўня 1846 года ў віленскім касцёле святога Яна. Караль Штурм меў 29 гадоў, а яго абранніца Сафія была на год маладзейшая. У метрыцы згадваюцца бацькі маладых — Вінгельм Фердынанд і Апалонія з Напяркоўскіх Штурмы і Станіслаў ды Альжбэта з Закрэўскіх Мюлеры.
У адрозненне ад Аляксандры, у якой у дзень шлюба “аднялі пару гадоў жыцця”, амаладзіўшы яе з 22 да 20 гадоў, у выпадку з Сафіяй указаны ейны рэальны — і даволі паважны, як на “маладую” — узрост. Што да Штурма, ён, як вынікае з метрыкі, з’явіўся ў Вільні не пазней за ліпень 1846 года.
Што ж магло справакаваць перасяленне “сталічнага сіраты” з Варшавы ў Вільню — ды яшчэ адразу зрабіць яго сваяком Манюшкі? На гэты конт маю сваю тэорыю.
У 1846 годзе Станіслаў Манюшка вырашае ехаць у Варшаву. Ехаць разам з жонкай, пакінуўшы малых дзетак на бабулю Мюлераву. Рашэнне цвёрдае, і яго рэалізацыі не магло перашкодзіць нават тое, што сыну Баляславу не было і года, бо нарадзіся ён ў кастрычніку 1845-га. Ды і астатнія дзеці — Альжбэта (ліпень 1841-га), Станіслаў (лістапад 1843-га) - вырасці яшчэ не паспелі. Да ўсяго, сама Аляксандра ўжо была цяжарная Марыяй, якая з’явіццца на свет у лістападзе 1846-га.
Манюшка ішоў ва-банк. У сваім лісце да варшаўскага крытыка Юзафа Сікорскага, датаваным 9 лютага, кампазітар загадзя абвясціў пра намер прыехаць у Варшаву ўлетку 1846 года. Мэтаў было шмат, але адна з галоўных — пошук лібрэціста. Манюшка, які паспрабаваў сябе ў малых музычных формах, адчуў, што здольны замахнуцца на буйны твор — оперу. Але … “Тут, у Вільні, не маю здольнага да напісання лібрэта” — пісаў ён.
Сабраўшы ўсё неабходнае, праінструктаваўшы бабулю ды пацалаваўшы дзетак, Манюшкі выехалі ў Варшаву.
Улетку 1846 года ў Польшчы было неспакойна. На землях, акупаваных аўстрыйцамі, завяршалася грамадзянская вайна. Палыхалі сядзібы, сяляне жахлівым чынам забівалі шляхту і ксяндзоў. Як пісала ў сваёй кніжцы Надзея Друцкая (“Stanislaw Moniuszko. Zycie i tworczosc”, 1966) думкі Манюшкі на гэты конт былі даволі цвярозыя. Нібыта сваёй жонцы ён тлумачыў тыя трагічныя падзеі тым, што эгаістычная шляхта стагоддзямі крыўдзіць сялянаў. Паміж сядзібай і вёскай адвечная непрыязнасць і нават нянавісць. Любыя патрыятычныя заклікі шляхты не даходзяць да свядомасці сялянаў, бо тыя бачаць у іх чарговае ашуканства. І гэтая нянавісць не дазваляе сфармавацца нацыянальнай салідарнасці.
Так разважаючы, Станіслаў і Аляксандра напачатку лета прыязжаюць у Варшаву. І цяжкія, але справядлівыя думкі, і прыезд праз нейкі час нарадзілі знакамітую оперу “Галька”. Але ж нас цікавіць Штурм, які неўзабаве пачне штурмаваць віленскія бастыёны.
Як вядома з ліставання Станіслава Манюшкі з Сікорскім, у будучых антаганістаў у Варшаве было шмат агульных знаёмых. Гэта вытлумачальна, бо Штурм быў ужо немаладым варшавянінам з вядомай сям’і, меў брата-тэатрала, і, да таго ж, таксама займаўся музыкай. Магчыма, меў і вялікія амбіцыі. Верагодна, вандруючы па варшаўскіх салонах, завязваючы і развіваючы знаёмствы і творчыя стасункі, Манюшкі і пазнаёміліся з ім. Думаецца, што менавіта ад Аляксандры Штурм і пачуў пра Сафію. Жонка кампазітара, пэўна, перажывала за лёс стрыечнай сястры, якая засядзелася “ў нявестах”, а паколькі ў Вільні добра ведалі яе характар, ахвотных прапанаваць руку і сэрца там не знаходзілася.
І ў Штурма адразу абудзіўся інтарэс. Як наймалодшы сын, па смерці бацькі ён, верагодна, амаль нічога са спадчыны не атрымаў. А тут раптам — адзіная дачка такой нябеднай і вядомай асобы, як Станіслаў Мюлер. Ва ўсялякім выпадку, такі ход думак выглядае цалкам лагічным. Бо не ўсе ж вераць у цуды “завочнага кахання”.
І вось, пакуль Манюшка рыхтуецца да варшаўскай прэм’еры “Латарэі”, Штурм выязжае “на перакладных” у Вільню. Маючы “сталічны шарм”, валодаючы “сакрэтамі спакусы” іншага ўзроўню (а можа, і не маючы, і не валодаючы, а проста патрапіўшы ў сіло, якое яму падрыхтавалі Мюлеры), Штурм вокамгненна заручыўся з Сафіяй. І ажаніўшыся з ёй, у тым самым годзе стаў віленчуком.
Пачаткі вайны
Зразумела, што на ролю Антоніа Сальеры Караль Штурм трошкі не дацягваў, бо і ўсеагульнай пашанай у Вільні не карыстаўся, ды і творчы даробак мае значна больш сціплы (да гэтага часу не знойдзена слядоў хоць якіх яго твораў). Нават пушкінскі вобраз “зайздросніка-атрутчыка” і тое падыходзіць не цалкам. Бо зайздрасць, відаць была, а вось замахнуцца кінжалам на Манюшку Штурм не наважыўся. Тым не менш, падзеі разгортваліся імкліва.
Толькі-толькі атабарыўшыся ў Вільні, Штурм распачаў нейкую пазакадравую, але бурлівую дзейнасць, скіраваную супраць Станіслава Манюшкі. Ды такую бурлівую, што Манюшка ўжо ў сакавіку наступнага 1847 года піша да Сікорскага ліст, поўны роспачы: “Дадай да таго інтрыгі, якімі намагаецца сапсаваць добрую славу, якую мне ўдалося атрымаць у тутэйшай грамадскасці — спружына гэтага бруду ваш Караль Штурм, які асеў у Вільні і хоча даваць лекцыі — разумеш, што гэта канкурэнцыя. Хоча мне шкодзіць, але цяжка ідуць намаганні — тым большая зацятасць! Баюся нават, ці не сягнула вашага горада, бо супольных маем знаёмых. Ты мне спрыяй, дарагі Юзаф, і сваім пяром падмацоўвай маю самлелую рашучасць” .