“Сонца” адхілілі, “Полымя” не прынялі?

№ 14 (1453) 04.04.2020 - 11.04.2020 г

“Кавальская выцінанка” — без падземнага горна
Станцыя метро “Кавальская слабада”, размешчаная ў звычайным для Мінска “спальніку”, будзе куды больш насычаная арт-аб’ектамі за тры свае “сястрычкі”. У апошніх прадугледжаны толькі паасобныя скульптуры, тут жа — цэлая канцэпцыя мастацкага аздаблення, якая ахоплівае абодва ўзроўні станцыі. Выканаў яго ў самых розных тэхніках аўтарскі калектыў пад кіраўніцтвам Паўла Вайніцкага, які гэтым разам выступіў не толькі скульптарам, але і куратарам ды ініцыятарам. Аднак не ўсё з задуманага ўдалося рэалізаваць. Ужо на даволі позняй стадыі — літаральна за паўгода да здачы — паміж архітэктарамі і мастакамі ўзніклі рознагалоссі. Зрэшты, пра ўсё па парадку.

/i/content/pi/cult/792/17057/017.JPGПераўвасабленне кузні

Як гэта часта здараецца ў мастацтве, канцэпцыя аздобы станцыі збудаваная на парадоксе. Кавальства і крохкія выцінанкі падаюцца нечым дыяметральна-супрацьлеглым ужо па сваёй прыродзе — і менавіта таму іх было вырашана спалучыць.

— Адну і тую самую кавальскую гісторыю мы планавалі распавесці трыма рознымі тэхнікамі, — тлумачыць Павел Вайніцкі. — Гэта графічныя роспісы на шкле-трыплексе, каваныя падвесы, якія нагадваюць традыцыйную выцінанку, а таксама сэрца кузні — горн, зроблены з чырвонага шкла. Выявы адлюстроўваюць эфемерны бок кавальскай творчасці — задумы, чарцяжы, тое, што застаецца толькі ў галаве або на паперы. Гэты суплёт творчых думак праз агонь трансфармуецца ў рэальныя аб’екты — кшталту тых, якія будуць размешчаныя пад столлю станцыі.

Гэта ў задуме, а што ж у рэальнасці? Выкшталцона-дэталізаваная стылістыка Марыны будзе выдатным акцэнтам і ў аздабленні вентыляцыйнай шахты, размешчанай на ніжнім узроўні. Непасрэдна па-над платформай з’явяцца круглыя каваныя канструкцыі з проразямі — тыя самыя выцінанкі. Іх выконвае Марыя Тарлецкая — адна з рэдкіх прадстаўніц, здавалася б, “мужчынскай” прафесіі, якая пакуль нават не набыла фемінітыву. Апроч традыцыйных умельстваў, былі выкарыстаныя і сучасныя тэхналогіі — скажам, лазерная рэзка. Але аўтарка запэўнівае, што рабілася гэта выключна дзеля эканоміі часу і сродкаў, бо прабіваць па гарачым метале тонкія карункі — справа карпатлівая і скаладаная. Пагатоў, выглядаць усё будзе, як сапраўдная коўка.

/i/content/pi/cult/792/17057/016.JPGПры гэтым, увагу на рэндары прыцягваюць не толькі самі канструкцыі, але і тыя цені, якія яны кідаюць на белую падвясную столь. Хаця Вайніцкі кажа, што каб была яго воля, ён бы не закрываў скляпенні вырытай будаўнікамі шахты: яны і аб’ём павялічваюць, і візуальна выглядаюць самавіта.

Трэцяя частка праекта (аўтары разглядалі яе як своеасабліваю кульмінацыю мастацкай канцэпцыі) павінна была размясціцца ля “глухой сценкі” станцыі — выхад з яе плануецца толькі адзін. Гэта сэрца кузні — горн. Варыянтаў яго ўвасаблення было шмат — Вайніцкі паказвае ладны стос эскізаў. Скажам, адна з ідэй прадугледжвала праекцыю агня. Але ў выніку спыніліся на цэльналітым аб’екце са шкла з адмысловай падсветкай. Аўтарамі “Кавальскага сонца” выступілі сам Павел і вядомая мастачка Алена Атрашкевіч-Златкавіч. Рабочая мадэль твора стаіць у майстэрні скульптара, аднак яго канчатковы выгляд можна будзе ўбачыць толькі на рэндары.

Чаму так сталася? Каб гэта зразумець, варта звянуцца да храналогіі падзей.

Тупіковы канец?

Архітэктурныя канцэпцыі чатырох новых станцый архітэктурна- горадабудаўнічы савет Мінска зацвердзіў яшчэ 20 верасня 2013 года. Распрацавалі яе чацвёра аўтараў — Уладзімір і Вольга Целяпнёвы, Ганна Кузьміч і Рыгор Васільеў. Графіка і падвясныя каваныя плафоны з ценямі там прадугледжаныя. А вось горн-сонца — не.

У 2016 годзе прайшоў конкурс на мастацкае аздабленне, які выйграў Павел Вайніцкі. Ягонай задачай было напоўніць ідэйныя абрысы канкрэтыкай.

— Нашы прапановы былі прынятыя, і мы працягвалі працу ў шчыльным кантакце з архітэктарамі, — распавядае мастак. — Працэс быў даволі доўгім — шмат дыскусій, узгадненняў… Той самы шкляны аб’ект меў безліч варыянтаў.

У самы разгар працы здарылася бяда. Легендарны Уладзімір Целяпнёў, які загадваў архітэктурным складнікам, заўчасна адышоў у лепшы свет. Аднак стварэнне аб’екта трэба было працягваць без прамаруджвання. Тым болей, і тэрміны падціскалі.

І вось, летась 14 жніўня мастацкая канцэпцыя была прынятая Мінскім гарадскім мастацка-экспертным саветам па манументальнаму і манументальна-дэкаратыўнаму мастацтву. Гэта свайго кшталту Рубікон. Затым рабочую мадэль “Сонца” выканалі ў мяккім матэрыяле ды “прымерылі” да станцыі. 31 кастрычніка яна была зацверджаная тым самым саветам — што праўда, з пэўнымі заўвагамі.

Аўтары іх выпраўлялі ды ўжо намерваліся адліваць сваё шкляное сонца на гуце ў Латвіі — у нас магчымасцяў яго вырабіць папросту няма. Аднак іх чакала неспадзяванка.

4 студзеня ў Мінскі мастацкі камбінат, які з’яўляецца падрадчыкам работ, быў накіраваны ліст ад арганізацыі “Мінскметропраект”, дзе інфармавалася аб “неўзгадненні эскізаў (…) у сувязі з неадпаведнасцю архітэктурна-мастацкай канцэпцыі станцыі”. “Неадпаведным” быў прызнаны менавіта аб’ект са шкла.

Ці можна лічыць з’яўленне такога новага элемента парушэннем адпачатнай задумы? Альбо гэта наадварот яе развіццё, як перакананыя самі аўтары? Меркаванні тут, як бачым, падзяліліся. І ўся праблема ў тым, што рассудзіць тую спрэчку няма каму.

Таму планамернае дасюль развіццё падзей з гэтага моманту пайшло па нейкім пакручастым сцэнарыі. “Сонца” адхілілі і, лічы, пахавалі. Як сцвярджае Вайніцкі, каштоўны час быў згублены, і адліць аб’ект ужо папросту не паспеюць — эпідэміялагічная сітуацыя не дазваляе. Каб запоўніцць нечым пустую сцяну, быў прапанаваны графічны твор з красамоўнай назвай “Полымя”. Але… мастацкі савет яго не прыняў. Рэзюмэ наступнае: “Улічваючы адсутнасць абгрунтавання кампазіцыйнай увязкі мастацкіх элементаў станцыі “Кавальская слабада”, лічыць немэтазгоднай далейшую работу…”

Таму пытанне, як вырашыцца гэтая сітуацыя, пакуль адкрытае. Хочацца верыць, тупіковы канец станцыі не стане алегорыяй… Але ж тут узнікае і іншае пытанне: як іх вырашаць у прынцыпе? Як выбудаваць такую сістэму субардынацыі пры зацвярджэнні маштабных мастацкіх праектаў, каб падобныя казусы не ўзнікалі наогул?

Не проста аздабляльніцтва

У той самы час, Павел Вайніцкі лічыць, што апрача юрыдычнага аспекту, праблема мае і іншы характар, бадай светапоглядны: хто важнейшы на такім аб’екце, архітэктар або мастак?

— Нам хацелася мысліць комплексна, — кажа ён. — Не проста вырабіць нейкія “штукі”, якія былі б механічна ўсталяваныя ў інтэр’ер, але выткаць свайго кшталту мастацкую абалонку для архітэктурнага асяроддзя. Так, архітэктура — гэта, вядома, вызначальна важна, але і наш унёсак не зводзіцца адно да ўпрыгожвання прасторы. Мы імкнемся яе асэнсоўваць, напаўняць кантэкстуальна — а не ствараць дэкаратыўныя элементы. Лічу, нашы творы маюць і сацыяльнае значэнне. У сінтэзе з архітэктурай яны павінны спрычыніцца да гуманізацыі прасторы. А ў выпадку з метро гэта асабліва важна: шалёны гарадскі рытм, людзі кудысьці бягуць, грукат цягнікоў, гэткі канвеер, у якім чалавечыя целы нібы перамолваюцца.

Павел ужо далёка не ўпершыню стварае мастацкія працы для публічнага асяроддзя. Скажам, у хуткім часе ў цэнтрах буйных беларускіх гарадоў маюць з’явіцца яго “арт-лаўкі”, што ўтвараюць слова “МовА1” (добрая справа, як вы ўжо здагадаліся, ініцыяваная аператарам мабільнай сувязі). Як і ўласціва для сур’ёзных аўтараў, просценькі на паверку аб’ект — літары, на якіх можна сядзець — утрымлівае глыбокія культурныя рэферэнцыі. У выпадку з “Кавальскай слабадой” — усё тое самае. Але я не мог устрымацца ад пытання: ці не баіцца мастак, што гэтыя сэнсы ў гарадской мітусні ніхто не будзе счытваць?

— Зразумела, я не настолькі саманадзейны, каб лічыць, быццам творы ў метро здатныя выклікаць у мінакоў масавы катарсіс, — адказаў ён. — Але людзі, спяшаючыся па сваіх справах, іх бачаць хай сабе перыферыйным зрокам. І нешта ў іх адкладаецца. Не кажучы ўжо пра дзяцей з заўсёды цікаўнымі позіркамі. Дарэчы, добра памятаю свае дзіцячыя ўражанні ад маскоўскага метро: ты доўга-доўга спускаешся ўглыб на эскалатары — і раптам апынаешся ў сапраўдным падземным палацы з мазаікамі, роспісамі, ляпнінай. Прастора цябе спярша сціскае, а потым выплёўвае ў гэтую веліч. Або метро Стакгольма, збудаванае ў скальных пародах, дзе кожную з цэнтральных станцый аддалі на водкуп асобнаму мастаку або мастацкаму калектыву, і яны сталі сапраўднай гарадской адметнасцю… Думаю, нам да гэтага таксама трэба імкнуцца.