Ключ да культуры нацыі

№ 10 (1449) 07.03.2020 - 14.03.2020 г

26 лютага ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася прэзентацыя кнігі “Рэспубліка Беларусь і Еўрапейская Хартыя рэгіянальных моў і моў меншасцяў”. Кніга з’явілася ў рамках сумеснага праекта Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук з Саветам Еўропы, рэалізаванага ў 2018 — 2019 гг., і асвятляе распаўсюджанасць ды развіццё моў нацыянальных меншасцяў у Беларусі.

/i/content/pi/cult/788/16961/1_opt.jpegУ выданні прадстаўлены механізмы Еўрапейскай Хартыі рэгіянальных моў і моў меншасцяў, а таксама разглядаюцца пытанні дзевяці традыцыйных для Беларусі моў нацыянальных меншасцяў і перспектывы выканання Хартыі ў іх адносінах. Мерапрыемства праходзіла ў рамках святкавання Дня роднай мовы і Дня “Нуль дыскрымінацыі”, што адзначаецца 1 сакавіка.

Аб стварэнні кнігі і яе змесце распавяла загадчык Цэнтра даследаванняў глабалізацыі, інтэграцыі і сацыякультурнага супрацоўніцтва Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Наталля Кутузава. Яна адзначыла, што ў сферах культуры, адукацыі і сродкаў масавай інфармацыі Беларусь не проста выканала, але істотна перавыканала патрабаванні хартыі. У краіне створаныя ўсе ўмовы для захавання моў нацыянальных супольнасцяў. Такім чынам, Беларусь патэнцыйна гатовая да прыняцця і выканання Еўрапейскай Хартыі рэгіянальных моў і моў меншасцяў.

У прадстаўленай кнізе перадусім прааналізаваныя прававыя аспекты і ўмовы існавання моў нацыянальных супольнасцяў у Беларусі, а таксама магчымасці для іх развіцця. Былі вызначаныя дзевяць моў, традыцыйных для нашай краіны (па ступені пашыранасці): польская, літоўская, латышская, украінская, ромская (цыганская), татарская, эстонская, нямецкая і ідыш. У выданні разглядаецца таксама гісторыя іх бытавання. Тэксты для кнігі пісалі самі прадстаўнікі нацыянальных супольнасцяў і носьбіты адпаведных моў. Кіраўнікі нацыянальных аб’яднанняў прэзентавалі матэрыялы аб развіцці моўнай інфраструктуры: дзе існуюць гурткі па іх вывучэнні, колькі чалавек і якія ўзроставыя групы яны налічваюць.

На аснове гэтых звестак былі таксама выдадзеныя брашуры, прызначаныя для распаўсюджання сярод прадстаўнікоў нацыянальных супольнасцяў — яны дазволяць ім зарыентавацца, дзе можна вывучаць мову продкаў, у які гурток альбо школу накіраваць дзіця, каб яно засвойвала сваю культуру. Напрыклад, у Беларусі працуе па дзве школы з польскай і літоўскай мовамі навучання.

Таксама кніга будзе карысная для прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, асабліва ў рэгіёнах кампактнага рассялення нацыянальных супольнасцяў. Цікавы для ўсіх і юрыдычны аспект, дзе апісваюцца механізмы абароны правоў носьбіта мовы, напрыклад — выкарыстання яе ў судовых разбіральніцтвах.

Дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Рыбакоў адзначыў, што ўзнятае пытанне ўключае ў сябе таксама і аспект развіцця літаратурнай творчасці, а творы, напісаныя ў Беларусі на гэтых мовах, таксама з’яўляюцца часткай беларускага пісьменства. У зборах музея прадстаўлены, напрыклад, кітабы — кнігі беларускіх татар, пісаныя арабскай вяззю, але на беларускай мове.

На прэзентацыі прысутнічалі і выступалі віцэ-кіраўнік цыганскай дыяспары Артур Гоманаў, кіраўнік літоўскай абшчыны Віталія Калеснікава і старшыня аб’яднання “Татара-башкірскай культурнай спадчыны “Чышма” Эльвіра Ляўшэвіч.

Кнігу распаўсюдзяць у школах, частка накладу мяркуецца перадаць у пасольствы тых краін, прадстаўнікі народаў якіх жывуць у нашай рэспубліцы, а таксама ў грамадскія аб’яднанні, створаныя імі.