Карані Кораня

№ 6 (1445) 08.02.2020 - 15.02.2020 г

Беларускі стваральнік народнай Бібліі
17 студзеня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ў межах праекта “Вяртаем забытыя імёны” адбылося адкрыццё часовай экспазіцыі “Біблія для народа 1692 — 1696 гг. Васіля Кораня”.

У экспазіцыі былі прадстаўлены рэканструяваныя аркушы першай гравіраванай Бібліі ў малюнках, створанай беларускім майстрам-разьбяром па дрэве Васілём Коранем з мястэчка Дуброўна (цяпер горад у Віцебскай вобласці). Гэты ўнікальны твор захаваўся ў адзіным экзэмпляры з тысячнага тыражу і знаходзіцца ў Дзяржаўнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу.

/i/content/pi/cult/784/16898/14_3.jpg

Адноўленыя аркушы Бібліі Васіля Кораня.

Васіль Корань лічыцца адным з заснавальнікаў жанра лубочнага малюнка, а значэнне ягонай творчасці адмыслоўцы параўноўваюць з унёскам Францыска Скарыны. Калі Скарына быў першадрукаром і перакладаў на зразумелую мясцоваму народу мову біблійныя тэксты, то Васіль Корань з дапамогай сваіх гравюр зрабіў Біблію маляўнічай і даступнай нават для тых, хто не ўмеў чытаць. Пераехаўшы ў Маскву падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654 — 1667 гадоў, разьбяр з Дуброўна прысвяціў сваё жыццё аздабленню біблійных кніг гравюрамі, якія адкрыта падпісваў сваім іменем — што, дарэчы, было на той час рэдкасцю.

Вяртанне на радзіму

На адкрыцці выставы дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Рыбакоў адзначыў важнасць вяртання забытых імёнаў дзеячаў мастацтва з розных куткоў Беларусі, нагадаўшы, што асаблівую актуальнасць такая задача здабыла ў Год малой радзімы. Каб падкрэсліць пераемнасць пакаленняў творцаў, у экспазіцыі прадстаўленыя творы сучасных мастакоў-аматараў з Дубровеншчыны, якія сваёй працай працягваюць традыцыі, запачаткаваныя Васілём Коранем. Прысутнічаў на адкрыцці выставы і былы старшыня Дубровенскага гарвыканкама Міхаіл Ляшчынскі, які таксама з’яўляецца заўзятым краязнаўцам і зрабіў немалы ўнёсак у вяртанне духоўнай спадчыны Васіля Кораня на ягоную малую радзіму.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, дыпламат Валерый Варанецкі адзначыў, што яшчэ і сёння многія культурныя здабыткі нашых продкаў знаходзяцца за межамі Беларусі ў іншаземных музеях, дзе яны, часам, на жаль, не ўяўляюць асаблівай цікавасці для даследчыкаў і наведвальнікаў — у той час як у нас, на радзіме, гэтыя творы ўспрымаюцца як сапраўдныя скарбы. Таму вельмі прыемна, калі ў выніку супольных намаганняў такія артэфакты вяртаюцца да беларускай публікі хаця б у форме копій і часовых экспазіцый, вяртаецца і памяць пра напаўзабытыя імёны майстроў.

Дзесяцігадовы подзвіг

Экспанаты для выставы былі прадстаўленыя кіраўніком Акадэміі народнага мастацтва Расіі, мастаком-гравёрам Віктарам Пензіным. Яшчэ ў 1982 годзе, у часы панавання сацрэалізму, ён стварыў Майстэрню народнай графікі пры Маскоўскім дзяржаўным музеі народнай графікі. У склад майстэрні ўвайшлі больш за 100 мастакоў.

Годам пазней акурат выйшла кніга Антаніны Саковіч “Народная гравіраваныя кніга Васіля Кораня 1692 — 1696”, у якой даследчыца ўпершыню адкрыла шырокай аўдыторыі творчасць і асобу славутага майстра з Дуброўна. Менавіта гэтая публікацыя натхніла ўдзельнікаў майстэрні народнай графікі на аднаўленне гравюр Васіля Кораня.

Вырашэнне гэтай задачы заняло ў сучасных майстроў ажно дзесяць гадоў — удвая больш, чым у аўтараў арыгінала. Віктар Пензін адзначыў, што неўзабаве пасля стварэння копіі Бібліі Васіля Кораня адзін з асобнікаў быў уручаны тагачаснаму Папу Рымскаму Яну Паўлу ІІ. З тых часоў копіі гравюр былі прадстаўленыя больш чым на ста выставах па ўсім свеце.

Таямніцы пачатку і канца свету

Віцэ-прэзідэнт Акадэміі народнага мастацтва Расіі Георгій Гадлеўскі правёў для прысутных экскурсію па выставе і больш падрабязна распавёў аб прадстаўленых экспанатах, нюансах біблійных сюжэтаў, вобразнасці гравюр Васіля Кораня і гісторыі іх аднаўлення. Акрамя спадчыны майстра-разьбяра, у экспазіцыі прадстаўлены кнігі іншых выдаўцоў, якія паказваюць кантэкст часу, у якім жыў і ствараў свае творы Васіль Корань. Таксама тут можна пабачыць і формы, паводле якіх рабіліся адбіткі адноўленых гравюр.

Георгій Гадлеўскі звярнуў увагу прысутных, што хаця мастацтвазнаўцы ўжываюць для азначэння кнігі Васіля Кораня тэрмін “Біблія бедных”, гэта зусім не значыць, што яна выдавалася толькі для маламаёмных людзей. Гэтым толькі падкрэсліваецца агульнадаступнасць кнігі, імкненне яе стваральнікаў і выдаўцоў данесці слова Божае да ўсіх, нават да непісьменных.

Вядома, ва ўсе часы людзей перадусім цікавілі два пытанні — як быў створаны свет і як ён можа скончыцца. Менавіта таму Васіль Корань абраў для сваёй працы акурат дзве біблійныя кнігі, якія давалі адказы на гэтыя пытанні — кнігу Быцця і Апакаліпсіс. Такім чынам, у сваёй творчасці ён спалучыў выяўленчымі сродкамі кнігі Старога і Новага запаветаў.

Спалучэнне заходніх і ўсходніх традыцый

Манеры Васіля Кораня ўласцівае паказанне біблійных герояў і нават самога Бога ў чалавечых вобразах, характэрных для рускай нацыянальнай выяўленчай традыцыі, у выглядзе, набліжаным да вобліку рэальных людзей, якіх чытачы “Бібліі для народа” бачылі наўкол сябе ў штодзённым жыцці. Таму гравюры Васіля Кораня з’яўляюцца таксама неацэннай крыніцай для сённяшніх даследчыкаў, бо даюць уяўленне аб дэталях побыту, вопратцы, знешнім выглядзе, уяўленнях і светапоглядзе сучаснікаў славутага разьбяра XVII стагоддзя. Адмыслоўцы адзначаюць, што ў сваёй творчасці Васіль Корань таксама творча пераасэнсоўваў узоры заходнееўрапейскага мастацтва, па-майстэрску спалучаючы і адаптуючы іх да рускай выяўленчай традыцыі.

Працягам адкрыцця выставы стаў круглы стол “Народная гравіраваная кніга Васіля Кораня “Біблія для народа”, прысвечаны спадчыне разьбяра і яе значнасці для Беларусі. А сама выстава працягнецца да 29 лютага.

Фота аўтара