“Беларускі Манчэстар” або спісаная торба?

№ 16 (1403) 20.04.2019 - 28.04.2019 г

У той дзень, калі ўвесь свет халаднеючы ад жаху назіраў за тым, як зыркае полымя плавіць свінцовы дах парыжскай святыні Нотр-Дам, аўтар гэтых радкоў у кампаніі сяброў выправіўся ў генеалагічна-гістарычную “перыгрынацыю” ва ўсходнюю Беларусь. Адной з мэтаў гэтай вандроўкі была сядзіба старабеларускага шляхецкага роду Цюндзявіцкіх у вёсцы Галошава, якую ў пару свайго росквіту называлі “Беларускім Манчэстарам”.

/i/content/pi/cult/741/16081/5.JPGАле, на шляху нас чакалі і іншыя цікавосткі. Спярша старадаўняя Друцкае гарадзішча, з абарончымі валамі і стромкімі схіламі. Дзікі і маляўнічы пейзаж, цяпер ужо амаль без прыкмет цывілізацыі, быў шчодра аздоблены чорнымі палямі выпаленай травы, ад чаго складалася ўражанне, нібы тут зноў не так даўно ўзніклі са старажытнасці ваяўнічыя татары-крымчакі. А ўжо па вяртанні дадому мы даведаліся, што менавіта праз выпальванне травы ў нас здарыўся “свой” Нотр-Дам — акурат напярэдадні Міжнароднага дня помнікаў дашчэнту згарэў закінуты драўляны касцёльчык у вёсцы Рамні Гарадоцкага раёна.

Але вернемся ў Друцк. Стары і дыхтоўны будынак з ахоўнай шыльдай, які захаваўся ў цэнтры малога гарадзішча, замест таго, каб гасцінна прыняць турыстаў музейнай экспазіцыяй, змрочна пазіраў на нас выбітымі шыбамі і разрабаваным інтэр’ерам.

Належала нам, акрамя пошукаў герояў будучых публікацый заняцца і карыснай працай. Рыштунак для правядзення талакі і папярэдняй інвентарызацыі старых могілак у вёсцы Стараселле быў падрыхтаваны і свайго часу дачакаўся. На вялікі жаль, клады нагадвалі поле, на якім “папрацавалі ўсе краты Беларусі”. Магілы немаведама калі былі раскапаныя, а помнікі раскіданыя і перагорнутыя. Нешта нам удалося “вярнуць да жыцця”, але нескладана было б прывесці ўсё ў належны стан, калі б мясцовая ўлада хаця б прарэдзіла кустоў’е — не кранаючы дрэваў. І прыбрала з цэнтра кладоў стыхійны сметнік, які побач з магіламі сваіх сваякоў арганізавалі вяскоўцы.

Праязджаючы праз мястэчкі і вёскі, шмат размаўлялі мы пра тое, што праз гадоў 10 — 12 беларускае сяло рызыкуе знікнуць як з’ява. Бо цяпер у некаторых вёсках, якія налічваюць па 40 — 50 хат, дажывае свой век тры — чатыры чалавекі, а некаторыя і ўвогуле ўжо зніклі — ды так, што і следу не засталося, нават дарогі да іх. І чым спыніць гэты працэс, пад які падводзяцца рэйкі арыгінальнага тлумачэння — “наступствы ўрбанізацыі”?

/i/content/pi/cult/741/16081/6.jpgВось і сядзіба ў Галошава стала нявіннай ахвярай гэтага працэсу. За “савецкім часам”, тыя сядзібы і палацы, што не былі знішчаны ў часы Другой Сусветнай вайны, пераўтвараліся ў школы, амбулаторыі, шпіталі, адміністратыўныя будынкі і падтрымліваліся ў належным стане. Шмат у каго з нас захаваліся цёплыя ўспаміны дзяцінства, назаўсёды звязаныя з імі.

Вось і сядзібны дом Цюндзявіцкіх, размешчаны на беразе прыгожага возера, яшчэ гадоў 10 — 12 таму быў у стане “заязжай ды жыві”. Там знаходзілася сельская школа. Але вучняў паменела, школу зачынілі… А пра тое, каб знайсці сядзібе новае прызначэнне, у свой час не парупіліся. Аднесліся ж да яе як да спісанай торбы.

Як толькі школа зачынілася, “руплівыя” мясцовыя жыхары пачалі рабункі. Як толькі будынак страціў гаспадара, пачалася адвечная барацьба за тое, што дрэнна ляжыць. І пацяклі на прыватныя сельскія падворкі вырваныя дзьверы і вокны, печы, дошкі падлогі і элементы страхі. Нібыта трафеі такой вайны маглі прынесці гаспадарам шчасце.

Найперш быў знішчаны інтэр’ер сядзібы. Затым абрынуўся дах у левым крыле. Урэшце, нехта зніштожыў і чатыры калоны, якія трывала стаялі яшчэ паўгады таму. Цікава, навошта яму гэта спатрэбілася?

Пра несамавітую гісторыю сядзібы нам распавёў адзін са спадарожнікаў — выдатны знаўца шляхецкіх родаў усходняй Беларусі, прафесійны генеолаг Вітальд Ханецкі. Не раз і не два чулі мы яго захапляльныя апавяданні пра гэты куток нашай краіны. Як нам падавалася, такое захапленне мог мець толькі чалавек, які мае з гэтымі мясцінамі яшчэ і жывую сувязь праз сваякоў. Так і аказалася: у Галошава ў свой час жыла будучая жонка спадара Ханецкага, вядомая журналістка Ірына Завадская.

Старыя сядзібы шчодра рассыпаныя па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Кожная з іх з’яўляецца патэнцыйным Кландайкам і турыстычнай Мекай. За кожнай з іх — сотні гадоў архіцікавай і насычанай падзеямі ды асобамі гісторыі. Шкада, калі гэта гісторыя знікае літаральна на вачах.

Але дзе-нідзе ў такіх адноўленых сядзібах, палацах, замках ужо віруе культурнае жыццё. Узгадайце Марачоўшчыну, Косава, Завоссе, Нясвіж, Мір і безумоўна, “Пружанскі палацык”, які ўвогуле можа лічыцца эталонам. Не праходзіць і тыдня, каб у ім не адбывалася якой імпрэзы ці выставы.

Вось і спадчына Цюндзявіцкіх магла б — і пакуль яшчэ можа — прыцягнуць у Галошава не толькі патэнцыйных інвестараў, але і турыстычны паток, які, пры разумнай раскрутцы аб’екта, прынясе сталы прыбытак у раённую казну. Хаця цяпер, пасля “руплівай працы” вандалаў, гэта будзе куды больш складана зрабіць у самай бліжэйшай перспектыве.

Пра гісторыю ж самога маёнтка, які за сваю ці не тысячагадовую гісторыю пабачыў шмат чаго і шмат каго — Друцкіх, Сапегаў, Агінскіх, Лускінаў і Цюндзявіцкіх, а напрыканцы свайго існавання пераўтварыўся ва ўзорны моцны эканамічны цэнтр, за што і быў названы “Беларускім Манчэстарам”, мы распавядзем у асобным артыкуле. Яно таго вартае!

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар