Уся справа — у паслядоўнасці

№ 4 (1391) 26.01.2019 - 01.02.2019 г

Адна з галоўных адметнасцяў Падуі — самая вялікая ў Італіі плошча Прата-дэла-Вале. На яе амаль дзевяці гектарах размешчаны адзін з самых амбітных праектаў еўрапейскага манументальнага мастацтва. Памкненне ўшанаваць знакамітых падуанцаў прывяло да з’яўлення канала, аточанага статуямі. Агулам іх 78. Сярод прататыпаў ёсць як асобы сусветна вядомыя, гэтак і “мясцовага значэння”. Дзіўным чынам у гэтую пярэстую кагорту патрапілі і пару “нашых хлопцаў” — напрыклад, Стэфан Баторый, які вучыўся ў Падуанскім універсітэце, і Ян Сабескі — хто яго ведае, за якія заслугі. Шкада, няма Скарыны.

/i/content/pi/cult/729/15851/_opt.jpegЗразумела, ад такіх маштабаў у нашага чалавека захоплівае дых. Уявіце, каб, скажам, у Бабруйску з’явіліся 78 статуй мясцовых герояў — прычым не абы-якія паводле мастацкіх сваіх якасцяў. А калі б сваіх герояў забракавала, там увекавечылі б заадно і тых, хто проста “міма праходзіў”. Вось і задумваешся: як гэта ў падуанцаў атрымалася? У чым сакрэт?

Праходзячыся ўздоўж шэрагаў статуй, ты наіўна думаеш, нібы з’явіліся яны ў адначассе, як грыбы пасля дажджу: настолькі цэласным выглядае ансамбль. Насамрэч, гэта не так. Яго стварэнне запатрабавала ажно 63 гады — з 1775 па 1838.

Уявіце: шэсцьдзясят тры! Цэлае жыццё. Гэта ж колькі вады сплыло за той час! Колькі вакол было розных войнаў ды іншых мітрэнгаў! Як эвалюцыянавалі мастацкія густы! Колькі змянілася мэраў у Падуі? А колькі пакаленняў скульптараў!

І тым не менш, распачаты праект планамерна рэалізоўваўся. Яго не закінулі на паўдарозе і не перайначылі да непазнавальнасці. Таму ўрэшце ён шчасліва дапоўз да фінішу. Пасля чаго і ў падуанцаў з’явілася новая падстава для гонару на многія пакаленні наперад, і ў турыстаў — яшчэ адно месца для сэлфі.

Зразумела, параўноўваць нашы рэаліі цяжка. Досыць праблематычна знайсці ў шматвяковай гісторыі роднага краю адцінак часу ў 63 гады, за які б не здарылася нейкіх глабальных гістарычных пературбацый. Але ў кожным разе… Паслядоўнасць — вось тое, чаму нам варта ў падуанцаў вучыцца. Бо яе пакуль што бракуе.

Падняўшы нашу падшыўку ды азнаёміўшыся са Зводным планам манументальных пабудоў, які мы публікавалі гадоў дзесяць таму, вы самі ў гэтым пераканаецеся. Бо далёка не кожная яго пазіцыя рэалізаваная. Пра некаторыя ўжо і прызабылі. Змяняюцца людзі ў муніцыпальных кабінетах — і замест адных прыгожых ідэй прыходзяць іншыя, яшчэ прыгажэйшыя.

Ёсць вядома, і прыемныя выключэнні — кшталту помніка Гедыміну ў Лідзе, стварэнне якога выйшла на фінішную прамую акурат дзякуючы паслядоўнасці мясцовай улады. А вось Міндоўгу, які даўно ўжо меўся гарцаваць па Навагрудку, пашанцавала куды меней.

Тое самае тычыцца і такой сферы, як рэстаўрацыя. Колькі выдатных ініцыятыў было анансавана на старонках СМІ — але потым забуквасавала ўсімі коламі! Колькі сіл і сродкаў патрачана на падрыхтоўку праектна-каштарыснай дакументацыі, якой так і не собіла ўвасобіцца ў матэрыяле! Чаго вартая хаця б тая ж музеефікацыя Мінскага замчышча, якая пэўны час таму здавалася ўжо справай, ледзь не вырашанай!

Тут прыгадваецца эпізод з фільма Таркоўскага: калі штодня цягам доўгіх гадоў паліваць уторкнутую ў зямлю палку, урэшце яна зацвіце. Адна ўмова: палкі пры гэтым нельга мяняць на іншыя. Іначай цуду дакладна не здарыцца, а ўся арашальная справа будзе ўпустую.