Нашчадкі сарматаў

№ 38 (1373) 22.09.2018 - 30.09.2018 г

Таямніцы роду Дамейкаў
У папярэдніх частках мы ў агульных рысах распавялі гісторыі двух старабеларускіх шляхецкіх родаў: Дамейкаў і Анцутаў. А зараз самы час сканцэнтраваць увагу на двух асобах, датычных маці Ігната Дамейкі Караліны-Барбары: яе бацьку і старэйшым браце. Пагатоў, ім выпала жыць акурат у той драматычны час, падзеі якога потым водгуллем адбіваліся і на лёсе вялікага навукоўца.

/i/content/pi/cult/710/15553/21.JPGНе болей, чым сведка

З дакументаў вынікае, што Адам-Антон Анцута нарадзіўся недзе ў 1710 — 1711 гадах. Доўгае жыццё дзеда Ігната Дамейкі прайшло пад кіраваннем ажно чатырох каралёў Рэчы Паспалітай Абодвух Нацый — ад Аўгуста ІІ Саксонскага да апошняга, Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Да яго ўзыходу на трон Анцута нават спрычыніўся асабіста, аддаўшы свой голас падчас элекцыі.

Адначасова з такой пярэстай гамай уладароў ВКЛ, давялося яму перажыць і найбольш значныя падзеі ХVIII стагоддзя — ад Паўночнай вайны, якая нанесла радзіме Анцуты мноства глыбокіх ранаў, і да канчатковага скону заблытанай у палітычных сетках Расійскай імперыі Рэчы Паспалітай.

Якую ролю адыграў у гэтым ва ўсім Адам Анцута? Дакладнага адказу на такое пытанне я не маю, але найбольш імаверны вымалёўваецца сам сабою: ніякай! Гэты даволі буйны ўраднік не пакінуў слядоў у памяці берасцейскага шляхціца Марціна Матушэвіча, аўтара знакамітага і вельмі падрабязнага дыярыюша. За 50 гадоў (1714 — 1764) ён ніводнага (!) разу не згадаў прадстаўнікоў роду Анцутаў, хаця быў вельмі пільным назіральнікам і актыўным палітычным гульцом на берасцейскім полі.

Першыя ўцямныя звесткі пра Адама, якія мне пашэнсіла адшукаць у актавых кнігах Галоўнага Трыбунала ВКЛ, паходзяць з сярэдзіны 1750-х гадоў. Ажаніўшыся з Ангелай — дачкой ужо памерлага на той час менскага падсудковіча Марціна Валадковіча — наш герой разам з жонкай уступіў у барацьбу з яе апекунамі-сваякамі, якія прыкладалі недастаткова шмат высілкаў, каб вярнуць ёй тое, што ў сваім тастаменце пакінуў бацька — сваю палову маёнтка Новы Двор.

Дарэчы, знаходка гэтых дакументаў абвергла маю ранейшую гіпотэзу адносна таго, што Ігнат Дамейка даводзіцца Тадэвушу
Рэйтану і Тадэвушу Касцюшку пляменнікам у чацвёртай стрэчы. Пляменнікам ён, вядома, з’яўляўся, але ў больш аддаленай ступені.

Ці да, ці ўжо пасля шлюбу Адам набыў фальварак Каўпеніца блізу сучасных Баранавічаў. Сёння, на жаль, на ягоным месцы — калгасная ферма. А мог бы стаць адметнасцю, бо акрамя таго, што тут нарадзіліся многія дзеці Анцутаў, ужо пазней, 21 ліпеня 1799 года, менавіта ў гэтым фальварку ўзялі шлюб бацькі маці Станіслава Манюшкі — Антон Маджарскі і Тэафілія з Алізаровічаў.

/i/content/pi/cult/710/15553/22.JPGНашчадкаў Адам Анцута пакінуў па сабе ажно дзесяць! І двое з іх нібы апраўдваюць тое “пустое месца”, якое ён заняў у гісторыі свайго краю. Найперш гэта, вядома, Караліна-Барбара, ахрышчаная 3 кастрычніка 1772 года. Але немалую цікавасць уяўляе таксама і адзін з шасці яе братоў — першынец Ян. Як паказвае інтэрнэт, у поле зроку беларускіх літаратуразнаўцаў гэты даволі вядомы ў свой час паэт пакуль што не трапляў. Сціплыя звесткі пра яго, якія ўдалося знайсці ў працах польскіх даследчыкаў, мы трошкі дапоўнім архіўным дакументам і ўласнымі дадумкамі-гіпотэзамі.

Інспірацыя і канспірацыя

Ян нарадзіўся неўзабаве пасля шлюбу бацькоў (недзе ў 1755 — 1756 гадах) у фальварку Каўпеніца. Пра дзіцячыя гады ніякіх звестак знайсці не ўдалося — як і пра адукацыю будучага паэта. Варыянтаў — незлічоная колькасць: у гарадах і мястэчках ВКЛ на той час працавала багата самых разнастайных адукацыйных устаноў. А для заможнай шляхты, зразумела, былі варыянты і за мяжой — напрыклад, у Польшчы.

Урэшце, менавіта ў Варшаве апынуўся і Ян Анцута. Адны даследчыкі сцвярджаюць, што гэта здарылася ў 1770 годзе, іншыя — што ў сярэдзіне 1770-х. То бок або ў час вучобы, або ўжо па яе завяршэнні.

На правах гіпотэзы, звяжу яго прыезд у польскую сталіцу з правядзеннем там ганебнага сойму, мэтай якога было зацвярджэнне першага падзела Рэчы Паспалітай. 23 сакавіка 1773 года бацька Яна, на той час ужо гродскі суддзя, быў у складзе тых сямі дзясяткаў шляхціцаў Берасцейскага ваяводства, якія падпісалі інструкцыю сваім паслам. Сойм правялі. Краіну падзялілі. Берасцейскія паслы Міхал Радзівіл і Францішак Урсын Нямцэвіч
падзел ухвалілі.

Мне думаецца, што з’яўленне малодшага Анцуты ў Варшаве акурат у той час было невыпадковым. Не маючы магчымасці прысутнічаць на пасяджэннях сойму персанальна, бацькі маглі адаслаць туды свайго сына, каб той “глядзеў, слухаў, набіраўся досведу”. Пагатоў, такая практыка была распаўсюджанай.

Як сцвярджае беларускі гісторык Яўген Анішчанка, у 1778 годзе Ян Анцута атрымаў патэнт земскага рэгента — стаў чыноўнікам нізкага звяна. Магчыма, пра тое, каб паставіць сына на першыя прыступкі сацыяльнай лесвіцы, таксама парупіўся бацька, які ў тым самым годзе быў абраны на куды больш пачэсную пасаду — берасцейскага земскага суддзі.

Гэтым самым годам польскія даследчыкі датуюць і літаратурны дэбют Яна Анцуты. Першы свой твор пад доўгім і мудрагелістым (у духу часу) загалоўкам — амаль на паўстаронкі! — ён адрасуе стражніку ВКЛ Юзафу Юдыцкаму з нагоды атрымання ім ордэну Св. Станіслава, заснаванага каралём Панятоўскім.

/i/content/pi/cult/710/15553/23.JPGПачаўшы з панегірыку, Анцута хутка перайшоў на сатыру, памфлеты, вершаваную палеміку. Творы, якія выходзілі з-пад ягонага вострага пяра, карысталіся пэўнай папулярнасцю. Але за славай ён не гнаўся, лічачы за лепшае захоўваць ананімнасць або падпісвацца крыптанімам J.A. Таму, адзначаючы высокую мастацкую вартасць твораў, даследчыкі часцяком прыпісвалі іх іншым, слынным у тыя часы паэтам — Адаму Нарушэвічу, Томашу Каэтану Вянгерскаму і Францішку Заблоцкаму. Гэтыя аўтары, якім наступстваваў або “таварышаваў” Анцута, неслі струмень свежага паветра ў задушлівую атмасферу старасветчыны і клерыкалізму. Шмат якія вершы таго часу сваёй мішэнню мелі высокія палітычныя і духоўныя інстанцыі.

Канспірацыя Яна Анцуты была настолькі добра распрацаваная, што ягоныя вершы нават выходзілі ў зборніках паэзіі згаданых вышэй асобаў! І толькі пазней, дбаннем літаратуразнаўцаў, іх аўтарства было ўстаноўлена канчаткова або з пэўнай долей верагоднасці. Менавіта дзякуючы карпатлівай працы даследчыкаў з’явілася магчымасць сабраць вершы забытага паэта і перавыдаць іх асобным томам — ужо пад сапраўдным імем.

У віры паўстання

Між тым, чыноўніцкая кар’ера таксама ідзе сваім ходам — паралельна літаратурнай. У 1788 годзе Яна Анцуту абіраюць сакратаром канфедэрацыі “Вялікага” Сойму ад ВКЛ. Якую ролю гэты дзеяч
адыграў у прыняцці знакамітай Канстытуцыі 3 мая і ці браў ён удзел у спрэчнай Таргавіцкай канфедэрацыі (1792), польскія даследчыкі не паведамляюць. Але з далейшых падзей яго жыцця можна зрабіць пэўныя высновы.

Як ужо не раз казалася, род Анцутаў быў мінімум пяць
разоў перакрыжаваны сваяцтвам з Касцюшкамі. Зразумела, Ян ведаў, што ён даводзіцца генералу Тадэвушу Касцюшку братам у нейкай там ступені. І калі грымнула паўстанне, прымае яго бок.

Варшава, як і сталіца ВКЛ Вільня, у красавіцкія дні 1794 года была падобная да разварушанага пчалінага вулея. На вуліцах грымелі загады новага ўраду, маршыравалі апалчэнцы, праходзіла і экзекуцыя найбольш яркіх прадстаўнікоў шматлікага лагеру здраднікаў, якія не паспелі ўцячы або “перафарбавацца”.

19 красавіка вялікалітоўскі ўраднік Ян Анцута, які быў у той час у горадзе, падпісаў у ратушы Акт далучэння да паўстання месцічаў Варшавы. Яго імя за нумарам 1415 — сярод тых, хто прысягнуў на вернасць народу.

Але фінал гэтай узнёслай гісторыі — сумны. Пасля паразы паўстання адбыўся трэці, апошні падзел Рэспублікі абодвух нацый. У 1795 годзе стары суддзя Адам Анцута быў вымушаны даваць справаздачу ў сямейных справах ужо новым уладам — расійскім. У пасямейным спісе ён напісаў што ягоны сын Ян “з’яўляецца камісарам маёнткаў Яснавяльможнага Панятоўскага, былога падскарбія ВКЛ, і жыве ва Украіне, пры сваім пане”.

Гаворка тут вядзецца пра іншага Станіслава Панятоўскага — пляменніка караля, якога той хацеў узвесці на трон Рэчы Паспалітай, закладаючы такім чынам дынастычнае кіраванне дзяржавай. Аднак у 1790 годзе Панятоўскі-малодшы адмовіўся ад сваіх высокіх чыноў, чым выклікаў незадавальненне грамадскасці. У 1791-м падпісаўся пад Канстытуцыяй 3 мая, хаця вельмі скептычна ставіўся да яе жыццяздольнасці. Падчас паўстання знаходзіўся ў Рыме, дзе акурат прыдбаў сабе палац. У наступным годзе ён-такі вярнуўся на радзіму — але толькі для таго, каб прадаць усю сваю маёмасць і ўжо назаўжды з’ехаць у Італію.

Думаецца, што Ян Анцута, які без следу знік з гістарычных радараў недзе ў 1797 годзе, адправіўся ў сонечную краіну ўслед за сваім патронам. І менавіта там трэба шукаць яго сляды, а таксама і невядомыя нам пакуль вершы. Не здзіўлюся, калі яны раптам выявяцца пад якім-небудзь змененым на італійскі манер прозвішчам — скажам, Анцуці.

Як мне бачыцца, гісторыя таленавітага паэта эпохі Асветніцтва Яна Анцуты вельмі падобная на жыццярыс генія ўжо наступнага стагоддзя — Адама Міцкевіча. У кожным разе, іх лёс быў залежны ад лёсу роднай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар