Ноеў каўчэг у мядовым моры

№ 19 (1354) 11.05.2018 - 17.05.2018 г

Асноўны праект “Арт-Мінска” рабіўся паводле прынцыпу “абы ніхто не пакрыўдзіўся”. Канцэптуальнасць тут суседнічае з фарматворчасцю, эпатажнасць — з дэкаратыўнасцю. Убок былі адсунутыя шматгадовыя бясплённыя дыскусіі пра тое, што сучаснае, а што не. І ў гэтым, думаецца, ёсць рацыя: перад тым, як занурвацца ў тэорыю, варта хаця б проста паказаць цікаўнай публіцы, якое яно, беларускае мастацтва. Дзякуючы нечувана добрай па мясцовых мерках рэкламе гэта атрымліваецца. Толькі ў дзень адкрыцця выставу наведалі дзве з паловай тысячы чалавек.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

/i/content/pi/cult/691/15182/3.JPGКуратарскую канцэпцыю можна акрэсліць як татальны open call. Ініцыятыва сыходзіла выключна знізу — ад саміх удзельнікаў працэсу, вольных падаваць якія заўгодна заяўкі. Як запэўніў галоўны завадатар праекта Аляксандр Зіменка, менавіта тое, што было прапанавана аўтарамі, і патрапіла ў залы Палаца мастацтваў. А тое, што не было прапанавана, — адпаведна, не патрапіла. І менавіта таму мы не бачым у экспазіцыі ніводнага твора, скажам, відэа-арта.

Італьянскі куратар хіба зрабіў выбарку, непазбежную пры той навале заявак. І хаця ён мог выбраць нават аднаго мастака, па дабрыні душэўнай Стэфана Антанэлі выбраў іх ажно паўтары сотні — столькі, колькі ўлезла ў экспазіцыйную прастору. Таму зала Палаца пераўтварылася ў своеасаблівы Ноеў каўчэг — чыёй задачай, як вядома, было захаванне біялагічнай разнастайнасці.

Талерантнасць куратара і арганізатараў пераўзышла ўсе межы, і крытыкаваць праект было дазволена нават у рамках самога праекта. Апошняе бліскуча зрабілі Руслан Вашкевіч і Аліна Саўчанка, змясціўшы ў экспазіцыю пару гандлёвых павільёнаў — з мёдам і кітайскімі таварамі. Не сакрэт, што “выставы” такіх тавараў прыцягваюць у Палац мастацтва куды болей паспалітага люду, чым профільная яго дзейнасць.

Заяўка была прынятая і адобраная. А тое, што павільёны папрацавалі ўсяго пару дзён, тлумачыцца выключна акалічнасцямі айчыннага заканадаўства аб гандлі, а ні ў якім разе не цэнзурай.

Вынесці сябе па-за дужкі “Арт-Мінска” ў гэтага правакацыйнага праекта не атрымалася: ён быў вокамгненна ўключаны ў кантэкст і каталагізаваны. Вось тут у нас нядрэнны жывапіс, вось скульптура, вось узоры дызайну, а вось вам, калі ласка, — і актуальнае мастацтва. Кожнай тварыне па пары.

Спадзявацца на выверанасць экспазіцыі ў дадзеным выпадку было б празмерным. Тым не меней, удалыя знаходкі трапляюцца. Прыкладам, нервовыя аб’екты Паўла Вайніцкага з гукавым дызайнам Яўгена Рагозіна, у якіх мастацкае шкло адлюстроўвае дыханне, позірк і голас сучаснага чалавека, цудоўна спалучаюцца з пейзажам Валерыя Шкарубы. Спалучаюцца, вядома ж, на кантрапунктах.

У натоўпе дыпламаваных мастакоў удала згубіліся і двое насельнікаў псіханеўралагічнага інтэрната, чые творы ў дадзеным выпадку ніхто адмыслова не маркіраваў. Інклюзія ў дзеянні!

Ці атрымаўся больш-менш адэкватны зрэз таго, што сёння робіцца ў айчынным мастацтве? Так — калі казаць пра імёны і вектары руху. І не зусім — калі меркаваць па агульным уражанні ад экспазіцыі. Многія надзвычай цікавыя самі па сабе аўтары прадстаўлены неяк “мелькам” — адной не самай выразнай работай. У каўчэгу ім відавочна зацесна. Але ніхто ў дадзеным выпадку і не абяцаў камфартабельных каютаў. Таму трэба было ад пачатку вынаходзіць правільную тактыку самарэпрэзентацыі ў гэтым гармідары.

Думаецца, каб стаць прыкметным на агульным пярэстым фоне, мастакі павінны былі прапанаваць не першыя-лепшыя свае творы (як, падобна, зрабілі многія), а маніфестатыўныя выказванні, здатныя зачапіць за жывое, альбо бяспройгрышныя выставачныя хіты. Іх, на жаль, няшмат. Але ў тым, што шматфігурная карціна Аляксандра Некрашэвіча, які адкарэктаваў “Грунвальдскую бітву” Матэйкі, прымаляв аўшы Вітаўту і фон Юнгінгену твары галівудскіх пачвараў, запомніцца ўсім і надоўга, можна не сумнявацца.

Іншая праблема — эксплікацыі, якія б дазвалялі гледачам зразумець ідэю і кантэкст таго ці іншага твора. Падыход арганізатараў выставы ў дадзеным выпадку быў ліберальным: хочаш — рабі. Асобныя ўдзельнікі пра тлумачэнні парупіліся. А ў некаторых выпадках (як, напрыклад, двух канцэптуальных праектаў Міхаіла Гуліна) іх відавочна бракуе. Зразумець, што гэта за кубікі ляжаць пасярод залы, здолее толькі той глядач з вуліцы, які валодае добрай інтуіцыяй.

Перакананы, што многім прадстаўнікам арт-супольнасці выстава не спадабаецца. З розных прычын. Яна наогул занадта стракатая, каб спадабацца агулам. Але на вузкую тусоўку заўсёднікаў вернісажаў праект і не разлічаны. Гэта — бы тыя дыскі-складанкі “The best of…”, якія падвяргаюцца меламанамі астракізму, аднак добра разыходзяцца сярод дальнабойшчыкаў. Звычайна такія падборкі бываюць да пачварнага эклектычныя. Але, затое, дазваляюць шырокай публіцы пазнаёміцца з нейкай новай для яе музыкай.

Хочацца верыць, што для тысяч хаця б дзесяці мінчан “Арт-Мінск” таксама стане такім лікбезам. І ён ужо даўно наспеў. Даўно пара наводзіць масткі паміж вузкімі коламі (якія становяцца чым далей, тым вузейшымі) і цікаўным шараговым рэцыпіентам. Урэшце, гэта адзіны на сёння эфектыўны спосаб хоць неяк супрацьстаяць экспансіі мёда.

Аўтар: Ілья СВІРЫН
Галоўны рэдактар газеты "Культура"