Пра шкоднасць допінгу

№ 15 (1350) 14.04.2018 - 20.04.2018 г

Напэўна, артыкул Віктара Корбута выкліча ў многіх жаданне палемізаваць — як наконт асобных яго пастулатаў, гэтак і адносна агульнага падыходу да тэмы. Ці праўда, што трохі адышоўшы ад міфаў пра беларускую гісторыю савецкага перыяду (да 1917 года — толькі лапці, прыгнёт і каўтуны), мы даволі хутка і незаўважна абраслі новымі, куды больш для нас прыемнымі?

/i/content/pi/cult/687/15108/_MG_8589-44444444-ILLYA-S.jpgПарадокс у тым, што гэты аўтар найперш вядомы менавіта як таленавіты папулярызатар беларускай гісторыі, чые публікацыі ў самым шматтыражным выданні краіны дабівалі да папраўдзе масавай аўдыторыі. І тым не меней, ён адважыўся пусціць на мяса пару-тройку святарных для многіх з нас кароў. Заявіўшы, напрыклад, што ставіць знак роўнасці паміж ВКЛ і Беларуссю наўрад ці выпадае, а Ягайла падчас сяброўскіх бяседаў, хутчэй за ўсё, спяваў літоўскія застольныя песні.

Зрэшты, хто яго ведае, што ён там спяваў? Ніхто ж з нашых сучаснікаў гэта на свае вушы не чуў. І менавіта таму ў артыкулах сумленных даследчыкаў (напрыклад, у Змітра Юркевіча) вельмі часта абазначаюцца тыя лакуны. Яны так і пішуць: гэта я не ведаю. І нічога тут няма заганнага. Да ўсяго, бы ў фахверкавай забудове, каркас фактаў напаўняецца размаітымі гіпотэзамі, фантазіямі і дапушчэннямі — часам даволі маляўнічымі. Таму чытаюцца такія матэрыялы з захапленнем. Але пры тым там нідзе не сцвярджаецца, што гіпотэзы — гэта факты.

А між тым, многія гэтай мяжы прынцыпова не хочуць заўважаць — абы было цікава і кранала душу. Адсюль той вал псеўдагістарычнай лухты, якая забівае ўсе інфармацыйныя каналы. Часам даходзіць і да зусім ужо анекдатычных сітуацый. Прыкладам, літаратар Георгій Барташ напісаў артыкул пра беларускага адмірала Вінцука Еванова-Лапусіна. І што б вы думалі! Тыповую
постмадэрнісцкую містыфікацыю, дзе сцвярджаецца, нібы пасярод нашага краю ў часы ВКЛ было вялізнае мора, на поўным сур’ёзе скапіпэйсцілі ажно два “гістарычныя” выданні!

Віктар Корбут выразна і тонка разумее псіхалогію чалавека, які часцяком сам прагне быць падманутым ды ачараваным нейкімі эфектнымі канцэпцыямі. Да ўсяго, у наш век яму як ніколі моцна патрэбныя бясхібныя героі — да іх ён прызвычаіўся, гледзячы галівудскія блокбастары. Дадамо яшчэ і ўласцівы многім суайчыннікам комплекс непаўнавартаснасці — а менавіта ён часцяком натхняе на ўзнёслую міфатворчасць.

І таму кожны сапраўды будзе абіраць сваё. Неафіт — прасякацца міфамі, а сталы гісторык — іх разбураць. Бо яшчэ адзін парадокс палягае акурат у тым, што менавіта інтарэс да гісторыі і дбайнае яе вывучэнне і спрычыніліся да дэзавуіравання многіх міфаў. І сёння мы ўжо разумеем, што тое ж паўстанне 1863 года — гэта сюжэт хутчэй не для рамантычнага Караткевіча, а для Быкава, з яго звышскладанымі калізіямі і адсутнасцю хэпі-энда. Ды і наогул… ніякі ён вам не Кастусь!

Аднак можна нават не сумнявацца, што пазбаўляцца выгодных для нас міфаў адносна беларускай гісторыі многія не захочуць свядома. І прывядуць, між іншым, даволі моцныя аргументы. Маўляў, некаторыя нашы суседзі сваімі міфамі актыўна карыстаюцца — праглынаючы, бы тая рыбіна Ёну, ледзь не ўсе здабыткі нашай мінуўшчыны, альбо і наогул даводзячы, нібы такую нацыю, як беларусы, нехта прыдумаў на хворую з раніцы галаву. І таму атрымліваецца, што, калі твае спаборнікі шчыльна сядзяць на гістарычным допінгу, быць сумленным азначае быць “лузерам”.

Але допінг — справа небяспечная, і ментальныя зрухі апошняй змены эпох акурат пра тое сведчаць. Зняверыўшыся ў афіцыйнай (савецкай) версіі мінуўшчыны, спажывец зняверыўся і ў гістарычнай навуцы як такой. І таму ахвотна верыць, што Чынгісхан насамрэч быў славянінам, а Ісус Хрыстос — язычніцкім богам Радамірам.

Я гэта не прыдумаў дзеля жарту. Ёсць людзі, якія сапраўды ў гэта вераць. Ці лёгка іх будзе пераканаць у адваротным? Дарослых адэптаў — не. А вось каб у школах і ВНУ забяспечваўся добры базіс гуманітарных ведаў, гэта станавілася б сапраўднай прышчэпкай ад розных інфекцый.

Таму ўсё ж я схіляюся да хай сабе не заўсёды для нас прыемнай, але праўдзівасці — наколькі яна ўвогуле магчымая ў такой сферы, як гісторыя. А што тычыцца гістарычных міфаў… Думаецца, ніхто не будзе супраць іх існавання як такога. Балазе, міфы — гэта яшчэ і своеасаблівы літаратурны жанр. І добра напісаная белетрыстычная кніга, якая будзе ўтрымліваць самыя сакавітыя з іх, мае ў сто разоў болей шансаў стаць бестселерам за навуковую манаграфію пра кампаратыўны аналіз у кантэксце працэсаў самаідэнтыфікацыі.

Толькі вельмі важна, каб на вокладцы так і было напісана: міфы.