Сталоўка як храм спажывання

№ 49 (1332) 08.12.2017 - 16.12.2017 г

Прыемна здзіўляе ўжо тое, што мастакі па-ранейшаму могуць здзіўляць — нават не важна, прыемна альбо не. Пагатоў калі патрафяць здзівіць ужо цалкам сфармаваныя аўтары. Знакаміты абстракцыяніст Сяргей Кірушчанка нечакана для ўсіх скарыстаўся вынайдзеным Ільём Кабаковым жанрам татальнай інсталяцыі — гэта калі аўтар стварае цэласную прастору, непадзельны штучны сусвет, які цалкам паглынае гледача. Жывапіс, якому мастак аддаў ці не ўсё свядомае жыццё, тут выконвае хіба другасную, утылітарную функцыю — не нашмат важнейшую, чым белая пашчэрбленая кафля, цыратавыя абрусы ды іншыя часткі праекта.

/i/content/pi/cult/669/14783/9.jpgМесца для выставы “Воспитывать новые вкусы” (апошняе слова тут можна перакласці і як густ, і як смак) было выбранае надзвычай удала — колішняя заводская сталоўка, пераўтвораная, згодна з сучаснай тэндэнцыяй, у лофтавую крэатыўную прастору. Інтэр’еры прынцыповых зменаў не спазналі. І само атачэнне, і яго гісторыя былі мастаку на руку. Калі ён зноў пераўтварыў лофт у сталоўку, атрымалася дзіўная нават для англійскай мовы мешаніна часоў: ці то Future-in-the-Past, ці то, наадварот, мінулае ў будучыні, ці то першае і другое ў сваім вычварным амбівалентным спалучэнні.

Сталоўка ўвасобілася ў храм спажывецтва з архітэктанічна выверанай псеўдасакральнай прасторай. У эпіцэнтры ўсяго, зразумела ж, кніга — “О вкусной и здоровой пище”, выдадзеная яшчэ ў 1950-х. На сценах — абразы, большасць з якіх схематычна адлюстроўваюць узоры тых самых страваў. Ёсць і нейкае
падабенства алтара. Усе астатнія часткі інтэр’еру засталіся некранутымі — яны і без таго цудоўна выконваюць сваю ролю. Бракуе хіба толькі пахаў — зразумела ж, зусім не ладану.

На першы погляд, твор падаецца крытыкай савецкай рэчаіснасці, састарэлай гадоў мінімум на трыццаць. Лішне казаць, што апісаныя ў той кнізе далікатэсы былі даступныя большасці грамадзян толькі ў выглядзе карцінак. На другі погляд — крытыкай цяперашняй культуры спажывання, з уласцівай для яе сістэмай каштоўнасцяў. Але занурваючыся ў створаную мастаком прастору, ты паступова прыходзіш да высновы, што насамрэч гэты праект — куды мудрэйшы, глыбейшы і неадназначны.

Неаспрэчна, тыя часы, калі яшчэ не памерла ідэя сусветнай рэвалюцыі (а згаданая кніга была выдадзеная менавіта тады), асацыююцца ў нас зусім не з падсмажаным парсючком. Хтосьці іх ідэалізуе, хтосьці — рашуча адпрэчвае. Але чаму Уладзімір Набокаў некалі пісаў, што за жалезнай заслонай тоіцца другая — цюлевая, абвінавачваючы савецкую культуру ў замшэлай і непераадольнай буржуазнасці? Бо яе прадстаўнікі і спажыўцы толькі рабілі выгляд, што марылі пра рэвалюцыю — насамрэч ім мроіўся менавіта парсючок з хрэнам. І самае страшнае: справа тут, мяркуючы па ўсім, нават не ў савецкай
культуры, а ў прыродзе чалавека.

Таму праект прынцыпова анахранічны. Ён мог з’явіцца і трыццаць гадоў таму, і праз трыццаць гадоў. Трэба быць нейкім ашалелым аптымістам, каб паверыць, што некалі гэта страціць актуальнасць.

У дадатак, тут прачытваецца і яшчэ адзін сэнсавы пласт. Мастацкая манера, у якой выкананыя “абразы”, зусім не нагадвае папраўдзе буржуазную пастаральнасць “кулінарнага жывапісу” савецкай эпохі — як, напрыклад, у інтэр’ерах універсама “Цэнтральны”. Хутчэй, прыходзяць да галавы суцінскія выявы быкоў са злупленай скурай. А яны транслююць у свядомасць што заўгодна, але зусім не шчасце сытага існавання. Вось і работы Кірушчанкі таксама выклікаюць пачуццё трывогі або паражнечы.

Культура кансумерызму пабудаваная на кульце радасці. Менавіта яе абяцаюць рэкламныя выявы ўсіх часоў і народаў або тыя шматлікія бліскучыя шопінг-молы, якія можна назваць сапраўднымі, дзейнымі храмамі спажывання. Але рэальнасць уносіць свае карэктывы, лебедзь пераўтвараецца ў брыдкае качаня, радасць абарочваецца ўнутранай спустошанасцю, а шыкоўны рэстаран — бруднай сталоўкай.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА