Ініцыятыва, на шчасце, заразлівая

№ 33 (1316) 19.08.2017 - 25.08.2017 г

Небезнадзейная Sprava новага племені
Абрысы паўзруйнаванай Свята-Троіцкай (або Белай) царквы мы прызвычаіліся бачыць на тле бязлюдных краявідаў. Але ў мінулыя выхадныя там упершыню за шмат-шмат гадоў усё было іначай: вірлівая людская плынь, музыка, паветраны шар у начным небе, гульня ценяў на пашарпаных мурах ад простай, але вынаходлівай падсветкі. Фестываль Sprava, які прайшоў ля тых муроў, атрымаўся бадай ідэальным паводле ўсіх складнікаў: назвы і айдэнтыкі, праграмы, атмасферы, арганізацыі. Але самае галоўнае — ягоны неверагодна аптымістычны грамадскі пасыл.

/i/content/pi/cult/654/14506/5.jpgЗакінутыя дамы заўсёды выклікаюць журботу — нават калі гэта звыклыя панэлькі. А што тады казаць пра храмы без даху? Пра заняпад цэлых паселішчаў, якія маюць багатую мінуўшчыну, міфалогію, мікратапаніміку? Мясцінаў, дзе чалавек з’явіўся яшчэ ў дагістарычны перыяд, і якія з летапісных часоў былі “на слыху”. Вельмі сумна назіраць за тым, як у ХХІ стагоддзі від homo sapiens іх спакваля пакідае.

Панацэя ад няўхільных, здавалася б, працэсаў урбанізацыі з’явілася неспадзявана для ўсіх. На абязлюдзелых берагах азёр стала з’яўляцца (і, што важна, асядаць) новае, невядомае дагэтуль племя. Не этнічнае, а сацыяльна-культурнае. Гэта людзі, якія выраслі ў вялікіх гарадах, зрабілі неблагую кар’еру ды аб’ездзілі палову свету — але ў выніку абралі не бесклапотны даўншыфтынг на Балі, а той вясковы побыт, ад якога адмовіліся яшчэ іх прадзеды. Ды мала таго — яны аб’ядноўваюцца ў супольнасці, ладзяць розныя праекты і выношваюць грандыёзныя планы па адраджэнні (або перараджэнні) сваёй новай “малой радзімы”.

Летась мы ўжо пісалі пра “лынтупскі феномен”, а цяпер можна з упэўненасцю казаць і пра “чарэйскі”. Ці, дакладней, пра феномен вёскі Белая Царква, дзе непадалёк ад знакамітага храма атабарылася цэлая калонія творчых і проста неабыякавых людзей. Першая іх рук Sprava не прымусіла сябе чакаць.

Барока і сайдынг

Каб паставіць пячатку на камандзіровачнае пасведчанне, высадзіўся ў колішняй сталіцы графства Сапегаў — Чарэі. Як выявілася, дарэмна: гэты былы райцэнтр болей не з’яўляецца нават цэнтрам сельсавета! І яно вытлумачальна: у лепшыя часы насельніцтва тут вымяралася тысячамі, а цяпер і 500 жыхароў, пэўна, не набярэцца. На шчасце, нячаста бывае на Беларусі, калі запусценне можна ўбачыць няўзброеным вокам: шмат закінутых пабудоваў розных часоў і даўно зарослых пустак.

— Як саўгас зачынілі, моладзь адсюль паз’язджала, бо працы няма, — кажа пажылога веку кабета. Яна выйшла з дому спецыяльна, каб адчыніць мне царкву — ледзь толькі заўважыўшы ля яе самотную постаць турыста.

Адзіны з пяці чарэйскіх храмаў, які ацалеў да сёння — рэдкае ў вёсцы месца, дзе заўважныя адваротныя руйнаванню працэсы. Рамонт тут ідзе поўным ходам: літаральна за апошнія пару гадоў з’явіліся казырок з полікарбанату, сайдынг на вежачцы, яркія фарбы на фасадзе і, зразумела ж, новая макаўка-цыбуліна. Наколькі дарэчна выглядаюць усе гэтыя элементы на раннебарочным храме, можаце меркаваць самі. Але мясцовыя людзі радыя ўжо хаця б якім зрухам. Цягам доўгіх дзесяцігоддзяў царква была ў несамавітым стане: і ў якасці саўгаснага складу, і ўжо пасля вяртання нешматлікім тут вернікам.

У дадзеным выпадку мы маем даволі тыповую для вясковых храмаў сітуацыю: зрабіць так, як трэба (з папярэднімі комплекснымі даследаваннямі, навукова абгрунтаваным праектам, выкарыстаннем адпаведных матэрыялаў і пад пастаянным кантролем спецыялістаў) не стае фінансаў. Звяртацца па дапамогу няма да каго, і малюткі прыход застаецца сам-насам са сваімі праблемамі. Таму робяць так, як атрымліваецца. І атрымліваецца яўна не лепшым чынам.

Да таго ж, заканадаўства ў дадзеным выпадку парушана не было. Фундаваная Львом Сапегам царква, якая датуецца пачаткам XVII стагоддзя, чамусьці дасюль не мае афіцыйнага статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці!

Плошча былога мястэчка яшчэ памятае тлум кірмашоў, але цяпер тут пуставата і неяк непрыемна ціха. Гаману чуваць хіба з вокнаў дома культуры, які выглядае сапраўдным агменем жыцця. Зайшоўшы ўнутр, выпадкова заспяваю рэпетыцыю вакальнай групы “Натхненне”: немаладыя ўжо кабеты спевам прызнаюцца ў любові і адданасці роднай Чарэі, абяцаючы, што ніколі яе не пакінуць.

Тым часам, заўсёдны на плошчы штыль парушае з’яўленне моднага сталічнага блогера Вані Мураўёва. Апісаць яго фрызуру і колер валасоў у мяне не хопіць літаратурных здольнасцяў, ды, не зважаючы на гэта, ён вокамгненна знаходзіць паразуменне з зусім негламурнага выгляду мужыкамі.

— Вось бы Белую царкву адрадзіць… Тады і жыццё тут наладзіцца, — адзін з іх агучвае ўслых усеагульную думку.

/i/content/pi/cult/654/14506/6.jpg

Мозг і яго імпульсы

Ваня наўрад ці калі патрапіў бы ў гэтыя мясціны, каб не фэст. У той суботні дзень паабапал гравейкі ля Белай царквы было як ніколі шмат машын, і, мяркуючы па іх марках, уладальнікі прыналежаць да сярэдняга класу. Заплаціць для іх 25 рублёў за ўваход не было вялікай праблемай. А, дзякуючы адпаведнаму музычнаму кантэнту, публіка сабралася акурат тая, што трэба, і дзяжурныя на фэсце міліцыянеры маглі спакойна адпачываць.

У той самы час, пра элітызм і снабізм казаць тут не выпадае. Мясцовых жыхароў на фэст пускалі задарма. Хтосьці з цікавасцю ўслухоўваўся ў нязвыклыя гукі, а кагосьці болей уразілі далікатэсы ад французскага кулінара Барыса, які знайшоў у тых краях сваё каханне і стаў іх жыхаром. Але ўражанні былі станоўчымі ва ўсіх, і гэта аб’ядноўвала.

Пра тое, як рабілася Sprava, і перспектыву ўсёй справы наогул мы гутарым з яе завадатарам Мацвеем Сабуравым, седзячы на КПП, утвораным на перашыйку паўвыспы. Гутарка ўвесь час перапыняецца. Суразмоўца штохвіліны прыкладаецца да рацыі, каб “разруліць” тую ці іншую праблему, валявымі рухамі спыняе ўезд транспарту, каб не было затораў, і асабіста вітае кожнага з наведвальнікаў — па-руску, беларуску або нямецку (замежнікаў, ахвотных “паглыбіцца ў Беларусь”, назбіралася даволі шмат).

— Нам вельмі важна, хто наведвае наш фэст, — тлумачыць Мацвей. — Рэакцыя кожнага, яго заўвагі і прапановы.

Задача зрабіць даволі маштабную імпрэзу ў зусім непрыстасаваным для гэтага месцы — даўно здзічэлай і зарослай хмыззём выспе, дзе нават няма электрычнасці — падавалася амаль невырашальнай. Прынамсі, для купкі энтузіястаў, якія “па жыцці” займаюцца зусім іншымі справамі. Мацвей Сабураў — музыкант і вядомы кліпмейкер, яго жонка Кацярына Аверкава — тэатральны рэжысёр, Сяргей Краўчанка — архітэктар і перкусіяніст трыа Port Mone.

Сакрэт іх методыкі просты: уцягваць у сваю арбіту іншых энтузіястаў, шчодра дзелячыся паўнамоцтвамі. Своечасовая і інтэнсіўная піяр-кампанія прынесла нямала анонсаў у СМІ. На шыкоўна зробленым сайце з’явіўся заклік для валанцёраў, і іх адгукнулася настолькі шмат, што патрэбных сорак нават давялося выбіраць. Цягам тыдня дбайнай працы яны пераўтварылі паўвыспу ў тое месца, дзе тры-чатыры сотні чалавек могуць больш-менш камфортна прабавіць ўікэнд, задаволіўшы свае базавыя патрэбы. Пакасілі кустоўе і траву, падзялілі на функцыянальныя зоны, панастваралі з падручных матэрыялаў розных арт-аб’ектаў. Адначасова інтэрнацыянальная каманда цесляроў зрабіла ля возера стацыянарную сцэну, спраектаваную тым жа Сяргеем Краўчанкам. Яна абяцае паслужыць яшчэ не адзін год.

Сур’ёзных спонсараў у фэсту не было, а вось схільныя да спачування асобы з’яўляліся пастаянна. Адна фірма бясплатна забяспечыла лістоўніцай для будаўніцтва сцэны, другая — задарма дала ў арэнду патрэбны інструмент, нехта “падкінуў” прадуктаў для кухні… Вось па гэтым прынцыпе талакі ўсё і рабілася.

Мацвей — гэта сапраўдны мозг расканцэнтраваных па ўсёй паўвыспе працэсаў. Менавіта ад яго ідуць імпульсы па нервовай сістэме, якія прымушаюць патрэбныя канцовасці рабіць скаардынаваныя рухі. І таму паўвыспа пад несупынным кантролем — нягледзячы на нязмушаную атмасферу. На палявой кухні не сканчаецца вада і прадукты, майстар-класы ідуць па раскладзе, на пляжы ўсё спакойна. Мозг працуе амаль круглыя суткі, вырашае па пяць разнапрофільных задач у хвіліну і чамусьці зусім не стамляецца. Так бывае толькі з людзьмі, якія робяць сваю ўлюбёную справу.

І гэты імпэт папраўдзе заразлівы. Літаральна на маіх вачах Мацвей атрымлівае ўсё новыя і новыя прапановы дапамагчы.

— Вазьміце мяне ў сваю каманду! — просіць гаспадыня аднаго з бліжэйшых лецішчаў. — Хоць і не маладая, але гатова стаць у вас валанцёрам.

Як неўзабаве высвятляецца, жанчыне не давядзецца працаваць на кухні альбо рабіць якую некваліфікаваную працу. Яна мае шматгаловы досвед афіцыйнай перапіскі, а такія навыкі заўсёды спатрэбяцца.

Па словах Мацвея, на пачатку ў завадатараў была задума рабіць фэст супольна з аддзелам ІРКСМ Чашніцкага райвыканкаму. Тое самае мне пацвердзіла і яго начальнік Галіна Авіжа. Потым так здарылася, што сцяжыны трохі разышліся, але непаразумення не ўзнікла — як і зусім недарэчнай у такой справе рэўнасці або духа спаборніцтва.

— Я мару пра тое, каб у далейшым фэст стаў нашым сумесным мерапрыемствам. Аб’яднаўшы намаганні, можна дасягнуць многага, — пераканана Галіна Авіжа.

Рокат металічнага камара

Музычная частка фэсту атрымалася рознастылёвай, але не эклектычнай па духу. І джаз-эмбіентныя “Грезы Пафнутия”, і электронна-фолькавая Shuma, і нават індыйскія мелодыі ўспрымаліся тут надзвычай арганічна. Адназначнай “разынкай” стаў выступ хору Solutaris, які выконваў духоўную і народную музыку непасрэдна сярод руін храма — пры свечках ды ў суправаджэнні харэаграфічных эцюдаў. А медытатыўны сэт Port Mone цудоўна спалучаўся з візуальным суправаджэннем у выглядзе зорнага неба.

Па словах Мацвея, налета “лайн-ап” мае стаць яшчэ больш унушальным: арганізатары плануюць звярнуцца ў замежныя культурныя інстытуты, каб тыя дапамаглі прывезці ў Белую Царкву мэтраў незалежнай сцэны сваіх краін.

Канцэрт ўключаў і тэматычную праграму пра неўміручасць вясковага ладу жыцця ад чарэйскага “Натхнення”. Сталічная публіка, прызвычаеная да зусім іншай клубнай культуры, успрымала яго як свайго кшталту экзотыку. І таму слухала з задавальненнем, пазіраючы то на сцэну, то на дрон, які акурат запусціў у неба Ваня Мураўёў. Рокат металічнага камара стаў сюррэалістычным і, разам з тым, аптымістычным акампанементам гэтым спевам.

Рай для Рабінзона

Між тым, камера дрона фіксавала ашаламляльныя ў сваёй прыгажосці краявіды. Ваколіцы Чарэйскага возера маглі б стаць сапраўднай курортнай зонай накшталт польскіх Мазураў. Ініцыятары “Справы” мараць зрабіць яе не проста месцам для шашлыкоў, але творчай айкуменай. Болей за тое — яны ўжо вядуць перамовы аб набыцці ладнай часткі таго самага Чарэйскага СДК, якая цяпер пустуе (зала на 300 месцаў там даўно не патрэбная). Задаю Мацвею толькі адно пытанне: навошта?

— Як паказвае міжнародная практыка, для тэатральных праектаў і зручней, і танней ствараць новы прадукт у нейкім ізаляваным ад свету месцы кшталту замка, — апавядае ён. — Праца там ідзе інтэнсіўней і хутчэй. А потым можна абкатаць свой новы спектакль у бліжэйшых вёсках.

І тут жа дадае, што пакуль гэта тычыцца адно замежных праектаў: у беларускіх на такую раскошу пакуль не хопіць грошай. Стратэгічны разлік ён робіць менавіта на інтэграцыю ў міжнароднае культурнае жыццё. І ёсць перакананне, што менавіта глушэча ды некранутая прырода прывабяць сюды стомленых ад усяго замежнікаў.

— З’явілася і яшчэ адна вар’яцкая задума, — працягвае Мацвей. — На возеры ёсць пустэльная выспа. Там ідэальныя ўмовы для творчай рэзідэнцыі. Калі табе трэба засяродзіцца для напісання раману альбо сцэнарыя — плывеш туды на лодцы і застаешся на самоце колькі трэба.

У прынцыпе, ён мае рацыю: пабываць у шкуры гэткага Рабінзона рана ці позна пачынае марыць ці не кожны жыхар мегаполіса. Тым болей, тут ёсць і яшчэ адзін магніт увагі — сама Белая царква.

Гэта сімвал краю, як цяпер кажуць, “месца сілы”, прыцягальнае і таямнічае. У яе гісторыі хапае загадак і міфаў — як, напрыклад, пра ўдзел у будаўніцтве знакамітага Арыстоцеля Ф’ёраванці. І хаця для гэтага яму трэба было мець машыну часу (архітэктар і храм проста “не сышліся стагоддзямі”), многія ў тую версію вераць. Пагатоў, навуковых даследаванняў пакуль бракуе.

Як і грунтоўных планаў па аднаўленні. Тут можна казаць хіба пра вельмі спарадычныя захады. З заканадаўствам у сферы аховы спадчыны яны слаба суадносяцца, але асуджаць такіх дабрадзеяў язык не павернецца. Прыкладам, зусім нядаўна на фасадзе царквы з’явілася ікона Святой Тройцы. Гэта парупіўся адзін з мясцовых “дачнікаў”. Прыгнаў сваім коштам кран — і прышрубаваў.

Яшчэ адзін руплівец сёлета без лішніх слоў зрабіў першыя захады па прэвентыўнай кансервацыі, зацыраваўшы дзіркі ў скляпеннях і ачысціўшы рэшткі даху ад назапашанага за дзесяцігоддзі друзу і смецця.

— Мае рабочыя яго тонамі вывозілі, — апавядае ён. — Балюча было глядзець, як цаглінкі адна за адной асыпаюцца, таму і рашыўся. Мы б і дах нармальны зрабілі за свае грошы, каб нам хто дапамог з праектам.

Такую дапамогу атрымаць цалкам рэальна: ёсць архітэктары (напрыклад, з Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў), якія для добрай справы гатовыя працаваць на грамадскіх пачатках. Важна толькі, каб быў цэнтр кансалідацыі размаітых высілкаў і добрых памкненняў. І паколькі фэст засведчыў, што ініцыятыва, насамрэч, — заразлівая, можна спадзявацца і на пэўныя зрухі ў гаротным дасюль лёсе унікальнага помніка.