Калі ружжо вісіць на сцяне

№ 32 (1315) 12.08.2017 - 18.08.2017 г

Інфармацыйная стужка ажно стракаціць паведамленнямі пра цікавыя археалагічныя знаходкі (некалькі з іх патрапілі ў гэты нумар). Яно зразумела, бо лета — сезон раскопак. І, як сведчаць іх вынікі, капаць нам яшчэ не перакапаць. Гэта ўсведамляюць і іншага кшталту “археолагі”, у якіх цяпер таксама сезон. Што праўда, пра іх знаходкі — наколькі б яны ні былі сенсацыйнымі — прэса трубіць не будзе. Тыя артэфакты навекі асядуць у чыіхсьці прыватных калекцыях.

Уласна, гэты сезон павінен паказаць, ці паўплывалі хоць неяк на актыўнасць “капачоў” змены ў нарматыўнай базе, якія паставілі “чалавека з металашукальнікам” фактычна па-за законам. У кожным разе, на гандляроў такім рыштункам яны ніяк не паўплывалі. Калі не верыце, пагугліце — і патрапіце на мноства спецыялізаваных інтэрнэт-крамаў, дзе прадаюць дэтэктары на любы густ і гаманец. А калі прадаюць, значыць — і карыстаюцца. Бо не будзе ружжо проста так вісець на сцяне.

“Сапраўдныя” археолагі не раз выказвалі занепакоенасць адносна імплементацыі заканадаўства і яго ўвасаблення ў жыццё: маўляў, ля кожнага кургана па міліцыянеры ж не паставіш! Ды і не трэба ставіць: праваахоўныя органы валодаюць самымі рознымі методыкамі выяўлення і арышту злачынцаў. Прыкладам, кожны з іх карыстаецца тымі ці іншымі каналамі сувязі, і менавіта апошняе дазваляе пачкамі адлоўліваць, скажам, гандляроў наркотыкамі. Галоўнае, каб згаданыя органы ўсур’ёз зацікавіліся пытаннем.

Варта адзначыць, што апрача тых капачоў, чыя дзейнасць пастаўленая на “прамысловыя рэйкі”, у нас ёсць і процьма размаітых “скарбашукальнікаў” ды іншых аматараў прыгодаў. Розніцу паміж імі заканадаўства не прадугледжвае — ды і чыста аб’ектыўна размежаваць іх не надта проста. Любы несанкцыянаваны раскоп (з якімі б рамантычнымі мэтамі ён ні рабіўся) можа пашкодзіць культурны пласт, парушыўшы цэласнасць утоенай у зямлі “кнігі часу” і каштоўнасць яе для навукоўцаў. Але было б наіўна спадзявацца, што незлічоныя ўладальнікі дэтэктараў назаўсёды пра іх забудуць альбо разбяруць на запчасткі — якім бы жорсткім ні зрабілася заканадаўства. Бо калі ў кагосьці ёсць ружжо, то таму-сяму карціць часам з яго пастраляць.

З іншага боку, навідавоку і такая праблема, таксама артыкуляваная ў гэтым нумары: брак фінансавання і кадраў для правядзення раскопак. Ужо не першы год яна вырашаецца праз прыцягненне валанцёраў, рэкрутаваных сярод сталічнай і мясцовай моладзі, і дапамога іх зазвычай некваліфікаваная. Але чаму б да гэтай дзейнасці не далучыць аматараў з металашукальнікамі — зразумела ж, пад наглядам навукоўцаў? Для іх гэта стала б магчымасцю легітымізаваць сваё хобі — і атрымліваць кайф не толькі ад самога працэсу, але і ад усведамлення ўдзелу ў важнай справе.

Пакуль прыгадваецца толькі адзін, але плённы і красамоўны прыклад такога супрацоўніцтва: паміж Акадэміяй навук і дайверскім клубам “Марскі Пегас” у справе вывучэння малавядомага дасюль замка Жабер. Самі археолагі наўрад ці далі б рады рабіць зімовыя пагружэнні ў яго роў, а вось для спартсменаў-экстрэмалаў гэта — сама тое! Ды і рыштунак у іх ёсць адпаведны.

Відавочна, што такіх прыкладаў могуць быць дзясяткі. Галоўнае — стварыць механізм паразумення, заснаваны на ўзаемадаверы.