Зорка Італіі

№ 43 (1273) 22.10.2016 - 28.10.2016 г

Фінал XVI Сусветнага тыдня італьянскай мовы ў Мінску запомніўся яркімі падзеямі. 21 кастрычніка ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, генеральны дырэктар НММ Уладзімір Пракапцоў быў узнагароджаны ордэнам Зоркі Італіі, які ўручыў яму Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Італіі ў Рэспубліцы Беларусь Стэфана Б'янкі за шматлікія сумесныя праекты і моцныя сяброўскія кантакты з Італьянскай Рэспублікай (на фота). Урачыстае мерапрыемства працягнулася прэзентацыяй дакументальнага фільма “Майстэрня з вуліцы Вальсальва. Прыма Кантавалі, скрыпічных спраў майстар з Імолы” пра вядомага і за межамі Італіі маэстра, чыя апошняя скрыпка была зроблена ў 1989 годзе. Джузэпэ Савіні, прадстаўнік Фонду ашчаднай касы Імолы, уладальнік інструмента Кантавалі 1923 года з надпісам “Бясконцая ноч любові”, ласкава прывёз яго ў Мінск . Першымі выпрабавалі гучанне навучэнцы гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, а заўтра скрыпка загучыць у зале Белдзяржфілармоніі.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст