Фармулёўкі мінскага праспекта

№ 43 (1273) 22.10.2016 - 28.10.2016 г

Семінар “Сацыялістычная паваенная архітэктура краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы” стаў падзеяй папраўдзе знакавай. Прычым справа нават не ў тым, што ён сабраў даволі статусных спецыялістаў з шасці краін. Бо сабраліся яны не проста “каб пагутарыць” — сустрэча мае стаць адпраўным пунктам на пакручастым шляху падрыхтоўкі адпаведнай міжнароднай намінацыі ў UNESCO. І самае прыемнае для нас заключаецца ў тым, што гэтым разам наша краіна — якая, па шчырасці, прызвычаілася “даганяць” і далучацца да ўжо існых культурных працэсаў — мае шанец стаць ля самых вытокаў новай ініцыятывы. Як адзначалі эксперты, Мінск быў абраны “цэнтрам зборкі” вялізнай серыйнай намінацыі зусім невыпадкова.

Несупадзенне прыярытэтаў

Гэты семінар стаў лагічным “працягам папярэдняй серыі”. Леташні папярэднік (“К” № 49 за 2015 год), прысвечаны надзённай для нас тэме папаўнення Спіса сусветнай спадчыны, меў для многіх айчынных спецыялістаў эфект ацверажальнага душу. Надзвычай прадстаўнічыя замежныя эксперты, якіх завабіў на Беларусь фонд “Культурная спадчына і сучаснасць”, у адзін голас заявілі: калі вы і праўда хочаце прасунуць нешта ў UNESCO, трэба найперш улічваць міжнародную кан’юнктуру. Замкі і палацы сёння ўжо трохі не ў модзе, і таму лепей прапаноўваць тое, чаго ў Спісе пакуль замала. Найбольш перспектыўным беларускім аб’ектам для ўключэння ў Спіс UNESCO замежныя адмыслоўцы аднадушна ды без ваганняў назвалі цэнтральны праспект Мінска.

Варта адзначыць, што многія айчынныя спецыялісты маюць зусім іншыя прыярытэты. І таму ў апошняй версіі Папярэдняга спісу аб’ектаў, якія Беларусь прапануе да ўключэння ў лік Сусветнай спадчыны, праспекту месца не знайшлося. Адзначыўшы высілкі беларускіх уладаў у справе захавання гэтага помніка горадабудаўніцтва, удзельнікі сёлетняга семінару ў сваёй рэзалюцыі заклікалі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь краіны вярнуць яго ў прэвентыўны спіс.

Энтузіязм замежных экспертаў вытлумачыць даволі лёгка: падобных аб’ектаў у Спісе сусветнай спадчыны пакуль няма. Гэтая акалічнасць можа адыграць вырашальную ролю, зважаючы на актуальны ў апошнія гады трэнд “запаўнення прабелаў”. Больш за тое, не прадстаўлены належным чынам і сам перыяд, які многім падаецца зусім нядаўнім. Як адзначыў у сваім сёлетнім дакладзе дырэктар дэпартамента аховы спадчыны Берліна Ёрг Хаспел, калі ХХ стагоддзе ў Сусветным спісе агульна прадстаўлена даволі змястоўна (прыблізна дзве сотні, альбо 20 % ад агульнай колькасці аб’ектаў), дык помнікаў, прыналежных да паваеннага часу, не назбіраецца і дзясятак.

Прычым адзін з іх вас дакладна здзівіць. Толькі на гэтым семінары ўдалося ўрэшце ўцяміць, за якія заслугі ў Сусветны Спіс быў унесены цэнтр Варшавы. Як вядома, аўтэнтычным яго ніяк не назавеш — немцы не пакінулі там і каменя на камені, і пасля вайны ўсё давялося, лічы, будаваць наноў (прамаўляючы з гэтай нагоды слова “рэстаўрацыя”, нямецкі прафесар Брыта Рудольф зрабіла пальцамі знак двукосся). Таму і статус ён атрымаў як помнік горадабудаўніцтва… не сівой даўніны, але менавіта другой паловы ХХ стагоддзя. Міжнароднае “журы” ацаніла нават не сам помнік, а памкненне палякаў аднавіць сваю сталіцу. Гэта, уласна, пра важнасць у дадзеным выпадку ідэйнага складніку і наогул інтэрпрэтацыі.

Праблема інтэрпрэтацыі

Як і трэба было чакаць, менавіта яна стала асноўным стрыжнем дыскусіі. Пытанне, як належыць сёння ўспрымаць савецкую архітэктуру, немінуча цягне за сабой і наступнае: як аддзяліць яе ад не надта прывабнага палітычнага кантэксту? Урэшце, ці ўтрымлівае яна наогул нейкія ўніверсальныя мастацкія і гуманітарныя вартасці — альбо ёй час ва ўтыль разам з той эпохай, што яе спарадзіла? Прычым адказы на гэтыя пытанні неабходна сфармуляваць так, каб яны выглядалі пераканаўча не толькі для нашых суайчыннікаў (што пакуль назіраецца не заўсёды), але і для экспертаў, скажам, з Афрыкі ці Аўстраліі — бо Спіс жа сусветны!

У інтэлектуальных колах Беларусі новыя канцэпцыі бачання Праспекта ўжо даўно артыкуляваны. Прыкладам, “Горад СОНца” Артура Клінава адсылае да ўніверсальнага архетыпу Утопіі, разглядаючы высілкі савецкіх архітэктараў як чарговую спробу стварэння ідэальнага горада. Менавіта ў гэтым ракурсе схільныя разглядаць неакласіцыстычныя савецкія ансамблі і ўдзельнікі семінару.

Засталося толькі вызначыць тыя семантычныя ніткі, на якія можна націнаць канкрэтныя аб’екты, утвараючы з іх каралі серыйнай намінацыі. А тут, як выявілася, таксама не ўсё так проста.

Да мінскага праспекта выдатна дапасоўваецца і яшчэ адзін меркаваны элемент будучай міжнароднай намінацыі — раён Нова Гута, які меўся стаць сэрцам “новага Кракава”, здатным зацміць старую польскую сталіцу, але ў выніку стаў хіба яе не надта рэспектабельнай ускраінай. Але, як справядліва адзначылі эксперты, гэты аб’ект не надта пасуе іншаму ідэйнаму лейтматыву — пафасу пераможцаў у жахлівай вайне. Затое, ён навідавоку ў адпаведнай архітэктуры Масквы і Кіева, не кажучы ўжо пра Мінск. Урэшце, адасобленае месца тут займае таксама і Карл-Маркс-алее ў Берліне — цікавы ўзор перанясення традыцый сацыялістычнага горадабудаўніцтва на зусім іншую культурную глебу.

Дыялектыка сацрэалізму

Як засведчыла дыскусія, з тэрміналагічным апаратам у дадзеным выпадку пакуль таксама навідавоку пэўная нявызначанасць. Якую менавіта архітэктуру магчыма спалучыць у адной намінацыі? Сацыялістычную? Сацрэалістычную? Альбо савецкі класіцызм? Тут, вядома ж, ёсць пэўныя нюансы — і пакуль што няма пэўнасці.

Прыкладам, некаторыя ўдзельнікі семінару супрацьпастаўлялі савецкі мадэрнізм і “архітэктурны сацрэалізм” — маючы пад ім на ўвазе менавіта неакласіцызм. Хаця, як падаецца, абедзве з’явы могуць быць дапасаваныя да сацрэалізму: ён дэклараваў сябе не ў мастацкай, але выключна ў ідэйнай плоскасці, і пытанне стылю, адпаведна, было ўжо другасным.

Куды цікавей, напэўна, зрабіць акцэнт на відавочную парадаксальнасць “сталінскага ампіру” як сацыякультурнага феномена — працягваючы авангардысцкія ідэі “пабудовы новага свету”, ён кіраваўся “ідэйна варожымі”, здавалася б, эстэтычнымі ўзорамі. Маскоўскі даследчык Мікалай Васільеў перакананы, што ў мінскіх гмахах чуваць адгалоскі тых мастацкіх стыляў, якія самі па сабе ствараліся зусім не для ўвасаблення камуністычнай утопіі — ад класіцызму да ар-дэко. І гэтая дыялектыка таксама вартая асэнсавання.

Таму і не дзівіць, што рэзалюцыя семінара ўтрымлівае не надта шмат канкрэтных рашэнняў, і самае пэўнае з іх — гэта неабходнасць працягваць дыскусіі экспертаў па ўсіх акрэсленых вышэй пытаннях. Прычым найбольш спрыяльным месцам такіх сустрэч нямецкі прафесар Майкл Шміт назваў менавіта Мінск. Удзельнікі сумоўя яго падтрымалі.

Чаму? Па-першае, гэта архітэктурныя вартасці самога праспекта, які можа прэтэндаваць на асабліва пачэсную ролю ў серыйнай намінацыі. Па-другое, даецца ў знакі чыста геаграфічнае становішча і нават цяперашні міжнародны імідж Мінска як месца перамоваў.

Цяжка пакуль прагназаваць, якім (і калі) будзе фініш гэтага доўгага шляху ў Спіс Сусветнай спадчыны. Але хочацца верыць, што сам працэс паспрыяе не толькі вывучэнню ды асэнсаванню сацрэалістычнай спадчыны, але і яе захаванню. Балазе замежныя госці былі шчыра ўражаныя тым, што мінскі праспект сёння сапраўды выглядае як цэльны помнік горадабудаўніцтва, не надта парушаны бяздумнымі ўварваннямі. І варта спадзявацца, што такое стаўленне будзе і надалей уласціва як для яго, так і для іншых, хай сабе і не настолькі выбітных, узораў архітэктурнай спадчыны той пары.