“Нягледзячы на подпіс, карціна сапраўдная...”

№ 43 (1273) 22.10.2016 - 28.10.2016 г

Феномен Алены Аладавай
Сёння "К" завяршае распавядаць пра ўнікальную асобу ў гісторыі нацыянальнай культуры — Алену Аладаву.

/i/content/pi/cult/609/13544/15-1.jpg(Заканчэнне. Пачатак у №№ 37 — 42.)

Шыкоўная калекцыя карцін і малюнкаў Івана Шышкіна ў нашым музеі — таксама цалкам заслуга Алены Аладавай. Калісьці яна мне распавядала, як усё гэта пачыналася. Першыя два эцюды мастака — “Асака” і “Буралом” — прывезла з Масквы ў 1945 годзе. Сёння ў музеі — каля 40 твораў Шышкіна (жывапіс, малюнак, афорт). Чытачу будзе цікава даведацца пра адну захапляльную гісторыю аб тым, як Алена Васільеўна “здабывала” Шышкіна. Аднойчы ў Маскве яна пазнаёмілася з прафесарам-калекцыянерам, чалавекам адзінокім і хворым. Незадоўга да смерці ён вырашыў прадаць сваю калекцыю ў нейкі расійскі музей. І тут Алена Васільеўна пабачыла ў яго пейзаж Шышкіна. Яе спрактыкаванае вока імгненна вызначыла: гэта Палессе, таямнічы дрымучы лес; на дарозе, што гублялася ў бяскрайніх прасторах, узвышаецца крыж з беларускім ручніком, вышытым нацыянальным арнаментам... Аладава тут жа ўгаварыла прафесара дазволіць ёй узяць гэтую работу для ацэнкі маскоўскай гарадской экспертна-закупачнай камісіяй, якая якраз наступным днём павінна была засядаць у доме на Вялікай Палянцы. І што ж: камісія ацаніла пейзаж у 18 тысяч рублёў — грошы па тых часах нядрэнныя. Але Аладава была гатова набыць пейзаж для нашага музея. І толькі яна паспела паведаміць пра гэта прафесару, як да яго нечакана прыехала з Ленінграда пляменніца, “вельмі дзелавітая жанчына з бульдожай хваткай”. Яна адразу ж прад’явіла дакумент, што з’яўляецца адзінай спадкаемцай усёй маёмасці дзядзькі, у тым ліку і дадзенай карціны. Але за такую мізэрную, на яе погляд, суму аддаць гэты твор для беларускага музея ніяк не можа. Прафесар у такія фінансавыя тонкасці не ўнікаў, таму што быў ужо, лічы, на шляху ў лепшы свет. І тады Алена Васільеўна, з узаемнай згоды з пляменніцай і дзядзькам, выставіла пейзаж на наступнае пасяджэнне камісіі — для пераацэнкі. Вынік аказаўся ранейшым: 18 тысяч рублёў. Але бяда заключалася яшчэ ў тым, што пейзаж вярнулі ўладальніку без ведама Аладавай, якая ў той момант адсутнічала...

“Я страшэнна раззлавалася, — расказвае Алена Васільеўна, — і кінулася яе шукаць, бо асабліва дбайна ставілася да ўсяго, што было намалявана Шышкіным на нашым Палессі. Але — на жаль! — аказалася, што спадкаемка паспела аднесці палатно на Пятроўку, ужо на ацэнку Дзяржаўнай экспертна-закупачнай камісіі. Я хутка туды ж на таксі! Не паспела: пейзаж ужо ацанілі ў 20 тысяч рублёў. Я кінулася ў музейны аддзел Міністэрства культуры РСФСР з просьбай усё ж дазволіць і гэтую суму заплаціць мне. Начальнік аддзела Галаванаў сустрэў мяне такімі словамі (ці то жартам, ці то сур’ёзна): “Ну, нарэшце я з вамі змагу звесці рахункі! Вы з-пад майго носа ўвялі ў Беларусь столькі каштоўных рэчаў! Цяпер прыйшоў час адплаціць вам тым жа. Даруйце, я ўжо падпісаў загад аб перадачы шышкінскага пейзажа Краснадарскаму музею...” З хвіліну памаўчаў. Маўчала і я. Потым усміхнуўся і прадоўжыў: “Але вы не хвалюйцеся... Ведаеце, паважаная Алена Васільеўна, з гэтай карцінай звязана цікавая гісторыя. Калі эксперты глядзелі гэтую рэч, хтосьці ўспомніў, што яшчэ да рэвалюцыі, у Кіеве, у калекцыі Івана Цярэшчанкі, знаходзілася вялікае палатно пад той жа назвай — “Палессе“: той жа палескі рамізнік на пясчанай дарозе, тая ж павозка, крытая буркай, той жа крыж з беларускім ручніком. Але... Кавалак той карціны з адлюстраваннем крыжа з ручніком быў адрэзаны і знік! Больш вялікая частка палатна засталася на Украіне, у Музеі рускага мастацтва, куды пасля рэвалюцыі перайшла калекцыя мецэната і ўладальніка буйных цукровых заводаў Цярэшчанкі. Дык вось, яшчэ да перадачы ў Краснадар шышкінскага пейзажа мы ўсё ж вырашылі ўпэўніцца ў тым, ці сапраўды гэтая частка з’яўляецца фрагментам цярэшчанскай карціны? І, ведаеце, яшчэ да нашага з’яўлення, карціну з Кіева прывезлі ў Маскву, і эксперты пацвердзілі: так, гэта арыгінальны фрагмент...”

Пасля такога расповеду Аладава канчаткова страціла спакой. Але што б там ні было і чаго б гэта ні каштавала, вырашыла здабыць абодва творы. З Краснадарам усё вырашылася проста: Алена Васільеўна перадала краснадарскаму музею з айчынных фондаў невялічкі пейзаж Шышкіна “Сонца ў лесе” ўзамен таго самага фрагмента. Расійскія калегі з задавальненнем пайшлі на такі абмен. А вось што рабіць з Кіевам — тут узнікала вялікае пытанне. Аладава адправіла туды на “казле” (такая машына-“ўсюдыход”) групу музейных супрацоўнікаў.

“Гандаль” з дырэкцыяй кіеўскага музея доўжыўся тры дні, і, урэшце, бакі прыйшлі да кампрамісу: за карціну “Палессе” кіяўляне атрымалі нашага “Шахцёра” Касаткіна і варыянт знакамітага пейзажа Саўрасава “Гракі прыляцелі”. Гэтых работ Аладавай было шкада, але ўкраінцы ні на што іншае не пагаджаліся. Цяпер заставалася “сабраць» тую карціну ў адно, шуканае цэлае. Фрагмент і асноўную частку завезлі ў Маскву да сябра Аладавай — рэстаўратара Аляксандра Корына, брата знакамітага мастака Паўла Корына. Той пагадзіўся. Але нечакана аказалася, што не хапае мізэрнага кавалачка палатна з адлюстраваннем воблачка! Канешне, можна было яго дамаляваць і ніхто б не заўважыў, але Корын палічыў, што пайсці на гэта ён не мае права, бо гэта будзе фальсіфікацыя, і вярнуў карціну назад. “І тады я кінулася ў Ленінград, — працягвала Аладава, — у пошуках той пляменніцы, былой уладальніцы фрагмента, якая магла ведаць пра той самы “кавалачак”: магчыма, ён дзе-небудзь цудам захаваўся. На жаль, тая нічога не ведала...” Так да гэтай пары карціна і засталася без таго “кавалачка”. Словам, гісторыя бадай дэтэктыўная, проста гатовы чарнавік сцэнарыя для мастацкага фільма...

А яшчэ добра памятаю сустрэчу Надзеі Пятроўны Хадасевіч-Лежэ з Аленай Васільеўнай і яе супрацоўнікамі ў музеі. Гэта прыкладна 1967 год. Там яшчэ прысутнічалі на той час намеснік міністра культуры БССР Юрый Міхневіч, Уладзімір Стальмашонак і Андрэй Бембель. Гутарка пра жыццё і мастацтва ішла жыва і эмацыйна. І тут Надзея Пятроўна знянацку захацела патэлефанаваць проста... у Парыж. І каму, вы думаеце? Свайму сябру Марку Шагалу! Усе, хто прысутнічаў тады ў кабінеце Аладавай, збянтэжыліся: у Парыж? Шагалу? Не забывайцеся, шаноўныя чытачы, што тое былі 1960-я, і тэлефанаваць проста так з савецкага дырэктарскага кабінета ў Парыж ды яшчэ каму — Шагалу, які на сваёй радзіме даўно лічыўся “не нашым”, ледзь не ворагам, — нонсэнс! А яна, пабачыўшы нашу разгубленасць, проста так кажа: “Я абяцала патэленафаваць Марку з Мінска, яшчэ раз нагадаць, што даўно прыспеў час наведаць яму сваю радзіму, якую ён пакінуў ва ўзросце Хрыста. Думаю, што пра яго тут яшчэ не забыліся. Ці не так?..” — “Канешне, так!” — млява пагадзіліся мы, адводзячы позіркі ў бок...

Дарэчы, у другі свой візіт яна хацела падараваць Аладавай (“для патрэбаў музея”) вельмі дарагую залатую шматпялёсткавую брошку дыяметрам больш за 10 сантыметраў з ініцыяламі “N.L.” Праўда, я пры гэтым не прысутнічаў, але Алена Васільеўна мне потым распавяла, што ад такога каштоўнага падарунка ёй давялося адмовіцца, з прычыны чаго Надзея Пятроўна вельмі засмуцілася...

На выставе “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі”, якая адбылася колькі гадоў таму ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі і абласных цэнтрах краіны, экспанавалася некалькі графічных адбіткаў — аўтарскіх паўтораў супрэматысцкіх работ Надзеі Хадасевіч — перыяду яе вучобы ў Смаленску ва Уладзіслава Стржэмінскага, Казіміра Малевіча і Кацярыны Кабро. Усе гэтыя шоўкаграфічныя творы Надзея Пятроўна ў 1968 годзе падаравала сваёй сяброўцы Аладавай, якая, незадоўга да сыходу на пенсію, перадала іх музею.

У 1977 годзе Аладава выйшла на пенсію, вызваліўшы сваё крэсла для энергічнага Юрыя Карачуна, які два дзясяткі гадоў плённа кіраваў музеем. Але да самай смерці яна працягвала апекаваць і кансультаваць установу, якая для яе заўсёды была першым домам. Жыць без гэтага яна не магла. “Як неміласэрна ляціць час!” — з сумам сказала яна, адзначаючы сваё сямідзесяцігоддзе. За доўгім банкетным сталом у памяшканні Саюза архітэктараў было весела, шумна, шматлюдна. Казалі цёплыя прамовы сябры і калегі Аладавай — беларусы, расіяне, літоўцы, палякі, украінцы, усе тосты — у гонар гэтай дзівоснай жанчыны. За акном адцвітала чаромха: быў канец мая 1977-га. Аладавай заставалася жыць яшчэ дзевяць гадоў і адзін тыдзень...

Прайшоў нейкі час пасля сыходу Алены Васільеўны ў іншы свет. І сёння, ацэньваючы пакінутую ёй спадчыну, можна сказаць: тое, што яна зрабіла для нацыянальнай культуры, хапіла б на дзве-тры біяграфіі. Шмат чаго зроблена і для ўвекавечання памяці гэтай жанчыны. І ў гэтым асаблівую ролю сыграў Уладзімір Пракапцоў, яе духоўны паслядоўнік і сённяшні генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Першым крокам на яго новай пасадзе кіраўніка музея (у пачатку 1998 года) быў зварот да адпаведных інстанцый з просьбай падтрымаць яго ідэю аб устаноўцы мемарыяльнай дошкі ў гонар Аладавай на фасадзе музея. І 26 чэрвеня 1998 года апошнюю, з партрэтным вобразам Алены Васільеўны (аўтар — Іван Міско), усталявалі. Потым з’явіліся і штогадовыя Аладаўскія чытанні, і паштоўка да 100-годдзя з дня нараджэння Аладавай, і, нарэшце, фундаментальная кніга, выдадзеная 10 гадоў таму. І я быў галоўным рэдактарам праекта, а дапамагалі мне Уладзімір Пракапцоў і Надзея Усава. А потым у гонар Алены Васільеўны і Мікалая Ільіча Аладавых з’явілася ў мінскім мікрараёне Дамброўка-5 і вуліца...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"