Агляд творчасці. Канвертаванай

№ 43 (1273) 22.10.2016 - 28.10.2016 г

Як і трэба было чакаць, леташнія прагнозы спраўдзіліся, і другі “Восеньскі салон з “Белгазпрамбанкам” поўнасцю адпавядае сутнасці — “выстава-продаж твораў маладых мастакоў”. Прычым узнікае ўражанне, нібы многія з твораў рабіліся адмыслова, каб быць прададзенымі. Смелыя ідэі або лёгкі эпатаж у некаторых з іх прысутнічаюць, ды…

/i/content/pi/cult/609/13540/9-1.jpgАдпаведна, звыклае для многіх культурных праектаў пытанне “Каму і навошта?” гэтым разам атрымала максімальна ўцямны адказ. Галоўны адрасат — пакупнік, ва ўсёй яго разнастайнасці. У экспазіцыі “…Салона…” знойдзецца тавар на любы густ. Састарэлая рэспектабельная пара абярэ для сваёй спальні прыгожы традыцыйны пейзаж (а яны тут — у асартыменце). Топ-менеджар упрыгожыць офіс спакойнай графікай, здатнай станоўча ўплываць на псіхалагічны клімат, а разам з тым і на імідж фірмы. Уладальнік кавярні “з прэтэнзіяй” таксама не сыдзе з пустымі рукамі — акурат яму і прызначаны розныя экстравагантныя спалучэнні пін-апа з мясной тушай ды іншыя выбрыкі. Калі вам трэба набыць падарунак шэфу з нагоды яго выхаду на пенсію альбо ў бліжэйшай ад Мінска “Ікеі” не знайшлося патрэбнай “штучкі” для вашага інтэр’еру — можаце не сумнявацца, “Восеньскі салон…” прызначаны менавіта для вас.

Такім чынам, калі разглядаць беларускае мастацтва ў якасці тавару, карціна атрымліваецца даволі прывабная: густы пакупнікоў улічаны ва ўсёй іх размаітасці, выбар ёсць, узровень… Хто б што ні казаў, але прафесійны ўзровень выпускнікоў нашых творчых ВНУ папраўдзе высокі. Прычым гэта тычыцца не толькі знаных мастакоў, але таксама і “маладняку”. Дарэчы, працэнтаў семьдзесяць прозвішчаў удзельнікаў я даведваўся падчас прагляду экспазіцыі. Праўда, не магу сказаць, што іх запомніў — бо, зрэшты, і самі мастакі імкнуліся не столькі засвяціцца, колькі менавіта прадацца. Адкрыццяў для мяне аказалася вобмаль, але і расчараванняў — таксама.

Што да цанавой катэгорыі… Гэтым разам усё таксама дыферэнцыравана, як тое і належыць рынку. І маючы ў кішэні лішнюю тысячу “новых” рублёў, ты можаш з гонарам адчуць сваю далучанасць да арт-бізнесу і калекцыянавання. Калі ж грошай у цябе разоў у дзесяць больш, будуць табе і памеры большыя, і выбар багацейшы, і фарбы ярчэйшыя.

“Сапраўднае мастацтва… годнае каштаваць мільёны і адначасова не каштуе нічога” — пафасна абвяшчаюць аўтары аднаго з канцэптуальных твораў, якія спрабуюць прадаць не карціну, а ўласныя подпісы. І тут жа карэктуюць самі сябе, выстаўляючы побач даволі адэкватны цэннік. Бо раптам хто купіць? Відавочна, большасць удзельнікаў аддаюць перавагу сініцы перад жоравам, ды і жартаўнікоў, якія эпатавалі коштамі, знайшлося небагата. Яно і зразумела, бо кірмаш — справа сур’ёзная.

Таму і “чужародных элементаў” альбо інтэрвенцый фактычна няма. Экстравагантнасці кшталту ўкраплення ў карціну асамбляжу з накрывак для слоікаў толькі падмацоўваюць агульны салонны настрой. Што праўда, сярод дэкаратыўнай графікі і прыгожых пейзажыкаў апынулася пара канцэптуальных фотапраектаў, але выглядалі гэтыя паржаўленыя зернятокі ды тушы забітых на паляванні жывёлаў на агульным тле дзіўна ды невыразна. Як заўсёды, нехта з удзельнікаў ужо ўзняў тлум з прычыны дрэннага экспанавання іх працаў — і, падаецца, без асаблівых падставаў, бо лепей выставіць у адной зале на продаж творы 162 мастакоў, напэўна, проста немагчыма.

Згубіцца ў такім гармідары, вядома, нескладана. Магчыма, гэта здарылася і з даволі някідкімі, як правіла, творамі адносна маладых беларускіх мадэрністаў, кожнаму з якіх уласцівы візуальны “почырк” і ідэйны грунт: Таццяны Кандраценка, Францішкі Брыгадзінай, Івана Сямілетава, Захара Кудзіна… Магчыма, не кожны да канца прасякнуўся крэатыўнасцю Аляксандра Бельскага, які, у лепшых сацартаўскіх традыцыях, спалучае акадэмічны жывапіс з фантастычнымі сюжэтамі, і ў меланхалічнай лужыне ў яго адбіваецца касмічны карабель іншапланетнікаў, які джаліць зямлянаў лазерам. Можа, і шызоідны “іканапіс” Славы Наваслаўскага, які “кананізаваў” Белку і Стрэлку, таксама не прагучаў напоўніцу.

Але гэта, што ні кажы, — выняткі маштабнасці праекта. З імі нічога не зробіш. Бо самае галоўнае — тыя творы сапраўды атрымалі магчымасць быць убачанымі.

Што яшчэ выразна і ўжо традыцыйна вылучае “…Салон…” з ліку іншых выставаў, дык гэта наяўнасць у зале не толькі пакупніка з ліку сярэдняга класа, але і “звычайнага” гледача. Нават у будні і ў працоўны час! Апошняе адпрэчвае абвінавачванні мінскай публікі ў аморфнасці ды поўнай абыякавасці да мастацтва  — якія, зрэшты, грунтуюцца на фактах наведвальнасці. Як выяўляецца, калі да сэрца гэтай публікі знайсці ключык, яна ахвотна і нават за грошы пойдзе глядзець на беларускае мастацтва. Будзе рабіць з ім сэлфі і глыбакадумна казаць: “О, а вось гэты конь, здаецца, нічога”. Прычым сакрэт поспеху, як падаецца, вельмі просты, і пачынаецца ён перадусім з адэкватнай рэкламнай ды піяр-кампаніі.

…Зважаючы на згаданыя вышэй абставіны, меркаванні пра гэты “…Салон…” мусілі падзяліцца ўжо апрыёры. Нехта параўноўвае яго з тымі кірмашамі, якія ладзяцца ў Палацы ў вольны ад выставаў час. Нехта прыводзіць у прыклады замежныя аналагі: маўляў, чым мы горай? І сапраўды, прадстаўленыя ў адной з залаў творы французскіх мастакоў сведчаць за тое, што салон — ён і ў Парыжы салон.

Вядома, аналізуючы тую ці іншую выставу, менш за ўсё хочацца карыстацца нейкай эканамічнай тэрміналогіяй — як гэта непазбежна даводзіцца рабіць у дадзеным выпадку. Урэшце, калі ўжо на тое пайшло, куды прыемней разважаць пра сімвалічны капітал, якім беларускае мастацтва валодае пакуль хіба патэнцыйна. Але… што тут ужо скажаш, сініца ў руках часам і сапраўды бывае лепшай за жорава. Асабліва калі гэта не сініца, а курыца, а табе ўжо даўно хочацца есці.

Таму колькі б хто ні кпіў з “Восеньскага салона…”, але варта прызнаць відавочнае — сваю задачу ён выконвае. А каб агульны перагін у камерцыйны бок не быў такім відавочным, варта працягваць ураўнаважваць гэты праект зусім іншымі — некамерцыйнымі, нонканфармісцкімі, глыбакадумнымі. І наведвальнымі, хацелася б, таксама.

Ілья СВІРЫН


Летась “Салон” выглядаў, як мне падаецца, больш цэласна. Сёлетні — вельмі разнастайны.

Да ўсяго, на маю думку, некаторыя творы цяжка ўспрымаюцца як скончаныя і самадастатковыя, а гэта тычыцца пытанняў прэзентацыі мастацтва. Разумею, “Салон” скіраваны на паказ розных па стылістыцы, тэхніцы выканання твораў, новых, свежых думак, ідэй, канцэпцый, але ён у мяне пакінуў уражанне арт-салаты з экзатычнымі спецыямі, без якіх, магчыма, атрымалася б, прынамсі, не менш смачна… Але адкіну сум і распавяду пра змяненні. Аптымістычныя і перспектыўныя.

Па-першае, з’явілася карта пакупак, дзякуючы якой можна набыць твор у растэрміноўку. Па-другое, знізіўся кошт твораў. Па-трэцяе, што лічу галоўным у сферы арт-працэсу, — удзел галерэй у “…Салоне…” Таму зараз распавяду менавіта пра іх. Сталічная мастацкая галерэя “A&V art gallery”, якая з’явілася ў маі 2015 года, вылучала чатырох нестандартных творцаў, сярод якіх — Аляксандр Аўкцыёнак з творам “Малітва”. Галерэя “ДК” прадставіла канцэптуальных майстроў. Дзмітрый Булдакоў вырашыў спрасціць задачу: напісаць на ружовым фоне “Глядзі” на англійскай мове, і “загнаць” сэнс у багетную залацістую раму. Але твор Дзмітрыя быў прадстаўлены ў перавернутым выглядзе. Новая галерэя сучаснага візуальнага мастацтва “Імёны Art-Boutique” прапанавала творы мастакоў Настассі Хобатавай і Міраўлада Палачыча, а таксама скульптара Андрэя Хацяноўскага. Ажно сем творцаў вылучыла гомельская Карцінная галерэя імя Гаўрылы Вашчанкі, чые творы выкананы ў рэалістычнай манеры, па два чалавекі — ад карціннай галерэі “АD librum”, Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва, Гродзенскай выставачнай залы і Прасторы “КХ”. На маю думку, працэс пайшоў. Механізм запусціўся.

Усім вядома: у Беларусі якасная школа графікі. Але яна сама па сабе патрабуе ад аўтара канцэнтрацыі і часу, таму кожны графічны аркуш ужо можна лічыць маленькім шэдэўрам. Варта згадаць атмасферныя нацюрморты Яўгеніі Сухаверхавай, “брутальныя” работы выпускніцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтва Кацярыны Бяляўскай, “вострыя” Рамана Сустава, вывераныя Сафіі Піскун, апавядальныя афорты Марыны Мароз, казачныя, у пастэльнай колеравай гаме  — Настассі Сакалоўскай, якія могуць быць добрымі ілюстрацыямі для дзіцячай кнігі.

Каб не заблытацца ў візуальных “тэкстах”, вылучыла некалькі сэнсавых блокаў. Першы — акцэнт на памеры твора. Зараз маю на ўвазе твор Захара Кудзіна “Метро”, які складаецца з трох вялізных палотнаў, дзе раскіданы размашыстыя мазкі ў ахраматычных адценнях. Чаму назва “Метро”? Калі ўсё ж такі прывязваць сэнс да назвы, дык аўтар гэтымі мазкамі паказаў няўлоўнасць рэчаў падчас руху цягніка, хвіліны, калі ўсё ператвараецца ў доўгія цёмныя плямы. Зразумела, “Метро” ў маленькім фармаце наогул не ўспрымалася б. Тое ж тычыцца і арт-аб’екта Паліны Піраговай і Васіля Цімашова, які сустракае наведвальнікаў на першым паверсе. Можна ўбачыць і твор з металу з беларускім арнаментам Юрыя Сарокіна.

Другое — зварот да нацыянальнага. На выставе-кірмашы можна ўбачыць зуброў у розных па стылістычных плынях мастакоў — Алеся Багданава (творы яго заўжды прапісаныя, далікатныя) і Яўгена Рамашова, але —“апрацаваных сучаснасцю”. Здаецца, Яўген прыпыніў бег зуброў, націснуўшы паўзу ў відэароліку.

Трэцяя асаблівасць сёлетняй выставы-кірмашу — творы-выклікі, правакацыі. Так, на выставе адзін цікаўны наведвальнік ніяк не мог зразумець, што на чорным палатне: фарба альбо нафта? Насамрэч — нафта. Сёлета з’явіліся карціны з выявамі мяса — сваё бачанне прапанавалі Андрэй Пяткевіч і Алег Касцючэнка. Выклікаюць на сур’ёзны дыялог з чытачом плакаты. Юлія Пруднікава, напрыклад, узнімае пытанне самавызначэння — псіхалагічнай андрагініі, пытанні гендару.

Чацвёртай асаблівасцю можна лічыць невялікі пласт віртуальнага — камп’ютарныя гульні ды розныя адсылкі да серый “Метро”, якія ўпэўнена “ўварваліся” ў сферу мастацтва і хутчэй за ўсё трывала замацуюцца ў ёй.

Крыху распавяду пра лірычнае. Жывапісны твор “Восеньскі дзень” Аляксандра Бельскага нагадвае фотаздымак, але не гіперрэалістычнасцю, а кампазіцыяй (менавіта на тэлефон многія любяць здымаць адлюстраванні ў лужынах). Дарэчы, зараз назіраецца перайманне нейкіх асаблівасцяў розных відаў мастацтва: у фатаграфіі — рысы жывапісу, у жывапісе — эфекты фатаграфіі… Асобна хочацца вылучыць гіперрэалістычны жывапіс Алесі Скорабагатай. Сёлета яна здзівіла абранай кампазіцыяй і колеравай гамай твора “Кахае — не кахае…” Падаюцца недаказанымі, загадкавымі творы Алены Васкрасенскай (Марыя Бонэ) і Андрэя Васкрасенскага. Іх работы, відаць, і адносяцца да ліку незаўважных масавым гледачом, але менавіта ў такога кшталту твораў ёсць індывідуальнасць. Вартая ўвагі серыя Таццяны Кандраценка “Урок плавання для дзяўчынак”, што нагадвае фрагменты са старога фотаальбома. Яе карціны быццам бы ўспаміны. Ціхае жыццё ў “Вясне” і “Сасудах” Дзмітрыя Гаралевіча. Мастак паказаў схаванае ўзаемадзеянне бытавых рэчаў, на якія мы не звяртаем увагі.

“Восеньскі салон…” дае магчымасць зафіксаваць сучасныя тэндэнцыі, пабачыць творы з арыгінальнымі ідэямі, атрымаць асалоду ад рэалізму, пазнаёміцца з маладымі мастакамі і скульптарамі, адкрыць для сябе новыя імёны. Толькі думкі наконт яго будуць разыходзіцца: хтосьці ўспрымае “…Салон…”, скажам, як арт-тэрапію, месца адпачынку, іншыя — прастору з сэнсамі, інтэлектуальным складнікам. А якім наогул мае быць “Восеньскі салон…”?

Вольга РОПАТ


У 1980 — 1990-я шырокі распаўсюд мела меркаванне, што прышэсце ў мастацтва мецэната, прыватнага замоўцы і калекцыянера, будзе для культуры перадумовай калі не “залатога веку”, дык “срэбнага” — абавязкова. Маўляў, з’явяцца альтэрнатыўныя крыніцы фінансавання і не стане больш эстэтыка падпарадкоўвацца ідэалогіі. Мастакі ж, дагэтуль засяроджаныя на барацьбе за грашавіты дзяржзаказ, нарэшце атрымаюць магчымасць напоўніцу рэалізаваць свой творчы патэнцыял. Так думалі і працаўнікі на культурнай ніве, і публіка. Думалі і чакалі, што з’явяцца ў нас свае Траццяковы і Мамантавы, і будзе нам шчасце, а краіне — імідж.

На справе атрымалася не зусім так, як мроілася. Дзяржава, як і мае быць, па-ранейшаму сцвярджае ў галіне культуры свае прыярытэты, але ніякага татальнага кантролю за творчай дзейнасцю, як тое было ў пэўныя перыяды савецкай гісторыі, і блізка няма. З’явіліся і мецэнаты… Сам па сабе гэта факт станоўчы, але вымушаная арыентацыя на густ прыватнага замоўцы сутнасна не адрозніваецца ад неабходнасці азірацца на ідэалагічны канон. Дык ці атрымаў мастак свободу? Мяркую, што так. Бо свабода — гэта магчымасць самому выбіраць для сябе форму залежнасці. А выбар такі сёння ёсць. Пра што, дарэчы, сведчыць і сёлетні “Восеньскі салон з “Белгазпрамбанкам”.

Размясціўся праект у Палацы мастацтва, заняўшы ўсю ягоную прастору. Паводле маштабу і разнастайнасці экспазіцыя адпавядае рэспубліканскай выставе. З той розніцаю, што рэспубліканская выстава мае выразны тэматычны чыннік, якому мастак так ці інакш мусіць падпарадкоўвацца, а тут — рабі, што хочаш. Адзінае: творы пры якой заўгодна стылістыцы, мусяць адпавядаць крытэрыям прафесіяналізму. Інакш кажучы, мастак можа правесці ўсяго некалькі ліній на паперы альбо нанесці на палатно некалькі каляровых плям — але гэта мусіць быць зроблена так, каб ніхто не усумніўся, што аўтар умее маляваць ці пісаць. Да гонару тых, хто рабіў адбор твораў для выставы, адзначу, што папрацавалі яны сумленна: непрафесійных, дылетанцкіх работ няма. Пры тым, што спрэчных — шмат.

Агульнае ўражанне ад выставы станоўчае. Хоць на шыльдачках побач з творамі пазначана цана, не было ўражання, што аўтарамі рухаў матэрыяльны інтарэс. Ды і публіка гэтым разам, па маіх назіраннях, глядзела найперш не на тыя лічбы, як летась, а на самі творы. Хоць у экспазіцыі нямала твораў нерэалістычнай накіраванасці, сама выстава з’яўляецца важкім аргументам на карысць мастацкай адукацыі паводле акадэмічнага канона. Бо відавочна, што з абстрактнай формай умела працуюць якраз тыя, хто добра засвоіў форму рэалістычную і ведае, як правільна пакласці штрых ці мазок.

Некалькі гадоў таму я меў размову з мастаком, які досыць часта бярэ ўдзел у міжнародных пленэрах па-за межамі Беларусі. Дык вось па ягоных назіраннях пік цікавасці да нефігуратыўнага выяўленчага мастацтва, да абстрактнай форматворчасці ў сусветных цэнтрах арт-шопінгу ўжо прамінуў. Як прынята казаць, маятнік хіснуўся ў другі бок.

Цяпер сярод аматараў мастацтва, сярод калекцыянераў зноў набывае папулярнасць рэалізм. Зразумела, сённяшні рэалізм узбагачаны досведам іншых стыляў і напрамкаў. Але галоўнае — зноў у пашане тое, што адносна нядаўна на нашым культурным полі лічылася праявай кансерватызму і правінцыйнасці. Зноў ад мастака патрабуецца ўменне маляваць, майстэрства ў яго традыцыйным разуменні.

Дакацілася гэтая хваля і да нас, што відаць і па экспазіцыі “Восеньскага салону з “Белгазпрамбанкам”. Уражвае вытанчаная графіка Марыны Жвірбля (“Каланада”), Рамана Сустава (нізка “Вандроўка”), Дзмітрыя Шапавалава (“Бітва пад Палонкай” і “Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка прымае замову на гарматы ў арсенале замка”), скульптурная пластыка малых форм Андрэя Хацяноўскага (напрыклад, “Залаты запас краіны”), жывапіс з філасафічным чыннікам Андрэя Пяткевіча (“Ева, або Забойчы выбар”), Алесі Скорабагатай (“Інь і Янь”, “Майстар Бансай”), Аляксандра Акуцыёнка (“Паласа жыцця”, “E-mc2”), іранічныя карціны Наталлі Ляпкінай (“Bon appetit”, “Страла”).

Асобна пра палатно Алеся Багданава “Зубр”, якое запамінаецца сэнсавай глыбінёй і шматсэнсоўнасцю. Такія творы я называю станковымі па форме і манументальнымі зместам. Міфічнасць, містыка, а сутнасна — рэчаіснасць, сённяшняя і адвечная. Вельмі чуллівай падалася мне карціна Вячаслава Наваслаўскага “Белка і Стрэлка ў Раі”. Ёсць у гэтай добрай (я маю на ўвазе вобразны лад) карціне падабенства да ілюстрацыі дзіцячай казкі і да іконы. Такі роспіс мог бы зрабіць у вясковай царкве мастак — прыхільнік інсіту. Работы Тамары Стасевіч “Трапны стралок” і “Вожык у тумане” нагадалі мне настальгічныя творы Барыса Заборава, а нацюрморт “Кветкі Перамогі” Юліі Гайдуковай Шагала. Зрэшты, для мастакоў, якія рэальна толькі распачынаюць свой творчы шлях, арыентацыя на брэнды — справа звычайная.

Хоць сацыяльнасць у нашым сучасным мастацтве не з’яўляецца вызначальным чыннікам, творы такой накіраванасці ў экспазіцыі ёсць. Найперш згадаю пластычную кампазіцыю Юрыя Бірына-Паўлава “Гэта ў нас у крыві?”: вядомая ўсім з падручнікаў структура ДНК, якая, аднак, скампанаваная з… патронных гільз. Для выяўлення ідэі лепш падышлі б патроны, але тады да скульптуры давялося прыставіць ахову.

Важныя чыннікі экспазіцыі — немалых памераў палатно Захара Кудзіна “Метро” (у ім выразна адлюстраваны эфект руху) і кампазіцыя Паліны Амельяновіч і Максіма Макарэвіча “Парад планет” — пластыка ў спалучэнні з фонавым пано. Аўтары “Парада планет” — сёлетнія выпускнікі нашай акадэміі. Гэта іх дыпломная работа. Трэба адзначыць, што у Палацы мастацтва “Парад планет” глядзіцца больш эфектна, чым ў галерэі БДАМ, дзе ён быў прадстаўлены ўпершыню.

Увогуле праект “…Салона…” можна лічыць паспяховым. Гэты панарамны агляд сучаснага выяўленчага мастацтва дае магчымасць рэальна ацаніць яго патэнцыял і, калі карыстацца фінансавай тэрміналогіяй, — ягоную канвертуемасць. Зрэшты, цікава, ці атрымаюць мастакі за свае творы грошы, якія пазначаны на цэнніку?

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"