Колькі ж беларусаў у Карэліі?

№ 39 (1269) 24.09.2016 - 01.10.2016 г

Першая асацыяцыя “звычайнага беларуса” са словам “Карэлія” — гэта недзе далёка. І сапраўды, нардычны край, з яго некранутай прыродай, выспай Кіжы і эпасам “Калевала”, здавалася б, не мае да нас дачынення. Але “Беларускія дажынкі”, што прайшлі ў расійскім Петразаводску 10 верасня, прыадкрылі зусім нечаканую старонку гісторыі нашага народа: удзел яго прадстаўнікоў у засваенні Карэліі. Таму і не дзіўна зусім, што “Цячэ вада ў ярок”, вышыванкі і саламяныя птушкі выклікалі ў публікі прыязную рэакцыю. Агулам беларускі дэсант у Карэлію налічваў больш за паўсотні чалавек. Намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Чэрнік, які ўзначальваў дэлегацыю, перакананы, што дзякуючы гэтай акцыі ў Петразаводску ўдалося хай і сцісла, але пераканаўча паказаць здабыткі беларускай культуры.

Дзе беларусы?

Паводле афіцыйных звестак, беларусаў у Рэспубліцы Карэлія сёння жыве недзе пад 4 % ад агульнай колькасці насельніцтва. Гэта не тое, каб мала (на трэцім месцы пасля рускіх і карэлаў), але і не надта шмат. Зрэшты, дарадца губернатара краю Андрэй Макарэвіч у гутарцы са мной называе іншыя лічбы. Ён ўпэўнены, што з палову цяперашніх жыхароў мае беларускія карані і дадае:

— Ды і мае дзядуля і бацька пахаваны на мінскай Кальварыі.

Адкуль жа беларусы ў тых далёкіх краях? Прычыны настолькі ж разнастайныя, як і чалавечыя лёсы. Той жа Андрэй Макарэвіч — ваенны лётчык, які ў Карэліі камандаваў авіяпалком. А наогул міграцыя з Беларусі мела шмат этапаў: ад стараабрадцаў і да перасяленцаў з пацярпелых ад радыяцыі раёнаў. Але асноўная хваля, якая “зрабіла надвор’е”, прыйшла, калі з фінскай адміністрацыяй край пакінулі многія.

— Як і шмат дзе ў той час, тут адбывалася вялікае перасяленне, — кажа Андрэй Макарэвіч. — Пасля вайны насельніцтва ў Карэліі засталося разы ў два менш, чым было. А тэрыторыя вельмі багатая на карысныя выкапні, і каб яе засвойваць, патрабаваліся рабочыя рукі.

— Мая мама прыехала сюды 17-гадовай у 1950-я, калі яе родны Віцебск, поўнасцю зруйнаваны ў вайну, толькі пакрысе аднаўляўся, — распавядае старшыня Нацыянальнай культурнай аўтаноміі беларусаў Карэліі Святлана Барташэвіч. — А нашым суайчыннікам тут прапаноўвалі жытло і працаўладкаванне. Прымалі вельмі гасцінна, таму многія засталіся назаўсёды. Але і аддзячылі належным чынам: шмат якія заводы і гаспадаркі Карэліі збудаваны рукамі беларусаў.

Паводле яе словаў, у некаторых гарадках і вёсках нашчадкі тых перасяленцаў наогул складаюць большасць насельніцтва. Прычым многім з іх удалося захаваць і сваю культуру — прынамсі, у побыце.

— У нас дома — увесь час беларускія стравы! Тыя ж дранікі я навучылася гатаваць ад мамы яшчэ ў дзяцінстве, — распавядае яна.  — Дамы беларусаў заўсёды можна адрозніць: белыя ліштвы на вокнах, шмат кветак… Тое, што ўспрынялі на радзіме нашы бацькі, мы прапагандуем сваім жыццём, нават часам пра тое і не задумваючыся.

Улетку ў гарадку Кандалакша, што амаль у 500 кіламетрах на поўнач ад Петразаводска, асвяцілі каталіцкую капліцу. Па жаданні вернікаў назвалі яе ў гонар Маці Божай Будслаўскай! Здавалася б, дзе той Будслаў і дзе Кандалакша, але для некаторых жыхароў апошняй духоўны цэнтр беларускіх каталікоў па-ранейшаму блізкі.

Тым не менш, статыстыка сведчыць, што беларусаў Карэліі з кожным дзесяцігоддзем становіцца менш. І справа тут не толькі ў дэпапуляцыі — справа ў тым, што культурныя повязі перарываюцца. Урэшце, пра іх даўно не нагадвалі. Вось і сёлетні беларускі фэст стаў першай падобнай імпрэзай за многія гады. Ці быў калі ў яго папярэднік, нават старажылы не здолелі згадаць. І апошняе заканамерна: не было арганізатара. Беларускіх структур у Карэліі доўга не існавала.

— Крынічка перасохла з-за таго, што не знайшлося пераемніка, які ўзяў бы на сябе ініцыятыву ад старэйшых, — кажа Святлана Барташэвіч. — І мы атрымалі важны ўрок, зразумеўшы, што стаўку трэба рабіць на моладзь.

Адраджацца беларускі рух пачаў нядаўна дзякуючы з’яўленню імпэтных лідараў. Летась у лістападзе ўпершыню прайшоў з’езд беларусаў Карэліі, а 16 верасня тры рэгіянальныя суполкі аформіліся ў Нацыянальна-культурную аўтаномію — тое дае нашым суайчыннікам не толькі паважны статус, але і куды больш магчымасцяў.

На фоне ветразяў

“Дажынкі” прайшлі на галоўнай сцэне свята на беразе Анежскага возера, дзе адбывалася і парусная рэгата. У рамках дзвюхгадзіннай праграмы фэсту яе стваральнікі імкнуліся, з аднаго боку, прадэманстраваць культурныя адметнасці сваёй краіны (найлепш гэта атрымалася ў дуэта Любові і Крысціны Дворак, чый шыкоўны аўтэнтычны фальклор а капэла не сапсавалі нават нягеглыя вершаваныя ўстаўкі па-руску), а з другога — знайсці пункты судакранання з неабазнанай у беларускім мастацтве аўдыторыяй.

Таму “бой”-гурт ансамбля “Неруш” заводзіў савецкія песні кшталту “Малдаванкі” на мове арыгінала і заканчваў іх ужо ў беларускім перакладзе. Знаёмыя гукі прымушалі мінакоў спыніцца, а пераўтварэнне “кавера” ў паўнацэнны творчы прадукт — здзівіцца. А ўпэўнены выступ саліста Уладзіміра Карачэўскага стаў неспадзяванкай нават для ўдзельнікаў “дэсанта”. Не кожны ведае, што дырэктар Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, які ўжо шмат гадоў займае высокія пасады ў сферы культуры, яшчэ і спявак. Паводле яго словаў, аднойчы яму давялося нават рабіць выбар, па якой далей каляіне рушыць, прычым выбар гэты быў няпростым. Фольк-шоу-балет “Альянс” з Бабруйска прадэманстраваў з добры тузін іпастасяў. Маладыя танцоры ледзь паспявалі змяняць канцэртныя строі ды пераўвасабляцца ў новыя вобразы — што не так і лёгка ў амаль “палявых” умовах.

Пакінуўшы бераг Анегі, артысты рушылі на іншы беларускі канцэрт — на ўскраіне горада, ля гандлёвага цэнтра. Непадалёк ад сцэны расклалі вырабы майстры. Наведвальнікі шопінг-мола ахвотна цікавіліся цудоўнымі рэчамі, зробленымі рукамі. Наогул, публіка была заканамерна для такога месца яшчэ больш “выпадковая”, але ад гэтага — не менш прыязная.

Абарона брэнда

Дарэчы, удзел у канцэртнай праграме ўзяў і беларускі дуэт з Карэліі. Свайго ансамбля дыяспара пакуль не мае, але, як распавяла Святлана Барташэвіч, захады па яго стварэнні ў Кандапожскім раёне ўжо робяцца. Бо зразумела, што без музычнай “візітоўкі” цяжка заяўляць пра сябе на шматкультурнай сцэне Карэліі.

Наогул, планы ў нядаўна створанай аўтаноміі даволі маштабныя. Сярод іх — і выданне літаратуры, і развіццё турыстычных сувязяў, і адкрыццё фірменных секцый беларускіх тавараў і, вядома, арганізацыя культурных імпрэзаў. І ўжо ніхто не сумняецца, што цяперашні фэст распачне новую традыцыю.

— А яшчэ прагнем вывучаць беларускую мову, каб гутарыць на ёй у сваіх сем’ях і сярод землякоў, — кажа Барташэвіч. — І, вядома ж, усяляк папулярызаваць тут яе набыткі, абараняць яе інтарэсы.

“Напаміны пра Радзіму” можна заўважыць на вуліцах Петразаводска: то шыльда “Товары из Белоруссии”, то афіша канцэрта “Песняроў”. Што праўда, дакладна ідэнтыфікаваць склад гэтага калектыву мне не ўдалося і таму нават не бяруся меркаваць, якая гэта па ліку “вада на кісялі”. Але радуе, што імя Мулявіна (а гэта, адзначым, адзінае імя, згаданае на той афішы) сапраўды з’яўляецца брэндам, а людзі хочуць чуць беларускія песні.

З таварамі падобная сітуацыя. Як распавядае Святлана Барташэвіч, даволі часта пад шыльдай “made in Belarus” прадаюць падробкі. І таму яна па сваёй ініцыятыве адстойвае інтарэсы нашай дзяржавы, патрабуючы ад прадаўцоў у сумнеўных выпадках дакументы. Адпаведна, гэта тая праца на карысць краіны, да якой не так даўно заклікаў замежных суайчыннікаў беларускі Урад.

— Дарэчы, гэты фэст мы таксама арганізавалі на грамадскіх пачатках, — распавядае спадарыня Барташэвіч. — Ён адлюстроўвае цеплыню душы простых людзей. А як нам удалося знайсці сродкі, каб прыняць такую вялікую дэлегацыю? Ды вельмі проста. Куды б мы ні звярталіся, заўсёды чулі: а, дык у мяне бабуля з Пінска ці дзядуля з Рагачова.

Мінск — Петразаводск — Мінск