Брэсцкая крэпасць. Казахстан

№ 39 (1269) 24.09.2016 - 01.10.2016 г

Нацыянальная бібліятэка Беларусі 19 верасня стала месцам прэзентацыі ўнікальнай кнігі — “1941. Брэсцкая крэпасць. Казахстан”. Аўтар — Лэйла Ахметава, доктар гістарычных навук, прафесар, акадэмік Гуманітарнай акадэміі Рэспублікі Казахстан, журналіст, — прымеркавала выданне да 75-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

/i/content/pi/cult/605/13445/2-1.jpgЗа плячыма спадарыні Ахметавай больш за 700 артыкулаў, брашур і кніг. Менавіта гэта работа прысвечана апісанню падзей напярэдадні вайны на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, пачатку вайны і ўдзелу ў абароне воінаў-казахстанцаў, у тым ліку тых, хто да гэтых часоў лічыўся зніклым без вестак. Журналіст адсочвае не толькі іх гераічныя гісторыі, але і месцы пагібелі і пахавання. Архіўныя дакументы і ўспаміны сведкаў сталі асновай для сістэматызаванага аповеду.

На імпрэзе было падкрэслена, што дзякуючы Фонду першага Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан Нурсултана Назарбаева за апошнія пяць гадоў было надрукавана 10 кніг пра Вялікую Айчынную і тры з іх — тычацца падзей на беларускай Брэстчыне.

Кніга “1941. Брэсцкая крэпасць. Казахстан” пісалася 48 гадоў. Першы матэрыял, які ў выніку стаў часткай работы, Лэйла Ахметава надрукавала ў рэспубліканскай газеце, калі ёй было 14 гадоў. Аўтар з юнацтва адчувала нежаданне савецкіх улад падкрэсліваць нацыянальнасць удзельнікаў вайны, пра палонных увогуле было прынята маўчаць. Яшчэ не так даўно былі вядомыя імёны толькі 30 казахстанцаў, што гераічна адстойвалі Брэсцкую крэпасць. Ахметава ж узняла каля 150 прозвішчаў сваіх суайчыннікаў. Таму спрыяе незалежны статус дзвюх былых савецкіх рэспублік, сённяшняя ўсеагульная інфарматызацыя, інтэрнэт. Дарэчы, па прызнанні Ахметавай, ёй было вельмі лёгка працаваць з супрацоўнікамі Мемарыяльнага комплекса “Брэсцкая крэпасць — герой” як дыстанцыйна, так і ў яго архіве.

Нацыянальная бібліятэка атрымала ў падарунак некалькі асобнікаў кнігі “1941. Брэсцкая крэпасць. Казахстан”. Дырэктар галоўнай кніжніцы краіны Раман Матульскі паабяцаў перадаць экзэмпляры бібліятэкам-партнёрам па ўсёй краіне.

Фота аўтара

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст