Крытычная маса для Лынтупаў

№ 37 (1267) 10.09.2016 - 17.09.2016 г

Урэшце, Праспер Мэрымэ мог крыху памыліцца…
Калі з-пад колаў машыны, якая рушыць па залітай святлом поўні лясной гравейцы, выпырхвае чарговы заяц альбо ліса, разумееш, чаму Лынтупскі край часта называюць магічным.

Тут ёсць амаль усё, што трэба для шчасця — чыстыя азёры (прычым кожнае — з уласным характарам), свежае паветра, вышэзныя вежы касцёла, схільныя неспадзеўкі з’яўляцца на тле вечаровага неба, старыя сядзібы з цікавай гісторыяй… Засталося хіба выпрацаваць разуменне таго, як можна выкарыстоўваць гэтыя скарбы на карысць рэгіёну, дзе зайцы ды іншыя дзікія істоты паступова адваёўваюць прастору ў людзей. І, на шчасце, яно спакваля выкрышталізоўваецца. Не так даўно мы пісалі ўжо пра арт-вёску Каптаруны і звязаныя з ёй грандыёзныя планы. Але гэта — толькі адна з ініцыятыў у ваколіцах Лынтупаў.

Нетыповыя “дачнікі”

Па колькасці населеных пунктаў Лынтупскі сельсавет — адзін з найбольшых на Беларусі. Розных вёсак і засценкаў там ажно 85. Іх назвы надзвычай паэтычныя і энігматычныя: Вайшкілог, Ажуройсці, Свірплішкі, Чопанішкі… У гэтай тапаніміцы пераплятаюцца розныя культурныя і моўныя традыцыі — як, зрэшты, і ва ўсім, што звязана з гэтай зямлёй, дзе мяжа славянскай і балцкай цывілізацый ніколі не была пэўнай.

— Між іншым, тая ж назва “Каптаруны” — са скандынаўскіх моваў, і перакласці яе можна як “пісьмёны на магілах”,  — тлумачыць краязнаўца Алесь Гарбуль, які здатны захапляльна распавесці, здаецца, пра кожны тутэйшы кусток. — Адкуль скандынавы? Магчыма, некалі тут было паселішча вікінгаў…

/i/content/pi/cult/603/13401/4-1.jpg

Імправізаваная галерэя ў Лынтупах.

Ды, на жаль, многія з гэтых назваў зусім хутка рызыкуюць застацца адно на старых картах. “Аўтахтонных” жыхароў у большасці з тутэйшых паселішчаў не назбіраецца і дзясятак — хаця яшчэ параўнальна нядаўна гэта былі даволі вялікія вёскі. Ды і насельніцтва саміх Лынтупаў за апошнія пару дзесяцігоддзяў скарацілася разы ў паўтара.

Падобная сітуацыя характэрная і для многіх іншых куткоў Беларусі, і як яе можна выправіць, пакуль нікому не ясна. Але ў ваколіцах Лынтупаў спусцелыя хаты нярэдка знаходзяць новых гаспадароў. Здавалася б, тут няма нічога дзіўнага. Набываць вясковыя дамы пад лецішчы апошнім часам стала ледзь не модай сярод жыхароў мегаполіса. Але ж у гэты край нейкім збегам абставінаў зазвычай заносіць вельмі нетыповых “дачнікаў”, і прыязджаць у прыгожыя мясціны адно на шашлыкі ім нецікава.

— Тут я сустрэў людзей, блізкіх мне па жыццёвых памкненнях, якія ўжо імкнуліся зрабіць нешта на карысць гэтага краю і яго жыхароў, працуючы на ніве экалогі альбо культуры, — кажа вядомы архітэктар-рэстаўратар Вадзім Гліннік.  — У нас заўсёды было разуменне, што мы — не каланізатары, якія выменьваюць у мясцовых жыхароў золата на нейкія бразготкі. Калі мы сюды прыехалі, дык павінны стаць паўнавартаснымі членамі мясцовай супольнасці і прыносіць ёй карысць.

Стасункі “прыбышоў” з мясцовым насельніцтвам добра ілюструе адна бадай анекдатычная гісторыя. Шмат гадоў таму, калі адзін з першых у вёсцы Вайшкуны “дачнікаў” вырашыў адгарадзіцца ад усіх высокім плотам, “аўтахтоны” дружна абурыліся: маўляў, чым мы цябе так пакрыўдзілі, што ты ад нас закрываешся? Цяпер з мясцовых засталася толькі адна бабця, а вёска пераўтварылася ў немаленькі дачны пасёлак. Але ад парканаў большасць “новых вайшкунцаў” вырашыла адмовіцца — каб не парушаць тутэйшыя традыцыі.

/i/content/pi/cult/603/13401/4-2.jpg

Канцэрт у будучым цэнтры культурных ініцыятыў.

Яшчэ нядаўна пусты дамок у Лынтупах гэтым летам пераўтварыўся ў своеасаблівую арт-галерэю, дзе ладзяцца не толькі выставы, але і інклюзіўныя праекты. Эколаг Іна Жызнеўская актыўна спрыяе захаванню мясцовых рамёстваў, далучаючы да гэтай справы сваіх сяброў і ўсіх, хто толькі пажадае. І гэта толькі адна з прыватна-грамадскіх ініцыятыў, якія ўжо распачаліся ў Лынтупскім краі альбо пакуль толькі задумваюцца.

На сёння гэты рух мае броўнаўскі характар, але наспела патрэба неяк яго ўрэгуляваць — не ў плане кантролю, але дзеля памнажэння супольнага выніку. І вось, не так даўно энтузіясты сабраліся на сход, арганізаваны мясцовымі ўладамі — а на Пастаўшчыне яны, адзначым, ставяцца да ўсіх добрых пачынаў з даверам і спрыяннем.

 — Мы плануем стварыць своеасаблівы каардынацыйны орган для паразумення ўсіх зацікаўленых у развіцці края суб’ектаў  — і мясцовых уладаў, і грамадскіх арганізацый, і прадпрымальнікаў, і гаспадароў аграсядзіб, — тлумачыць намеснік старшыні Пастаўскага райвыканкама Мікалай Кісялёў.

Назвы ў цэнтра пакуль няма, затое ўжо ёсць уласны будынак. Вадзім Гліннік за свае грошы выкупіў старадаўнюю камянічку ў Лынтупах. Рамонт тут яшчэ не зроблены, але адкрыццё паспела адбыцца: разам з галерэяй “Ў” на падворку быў праведзены канцэрт класічнай музыкі. А ў далейшым там плануецца стварэнне музейнай экспазіцыі пра гісторыю краю і залы для майстар-класаў, канферэнцый і камерных імпрэзаў.

— На сённяшні дзень мы яшчэ толькі распрацоўваем канцэпцыю ды пралічваем магчымыя варыянты існавання гэтага цэнтра, — апавядае Вадзім Гліннік. — Па вялікім рухунку, іх два: альбо спрабаваць зарабляць самім, займаючыся не толькі грамадскай дзейнасцю, але і пэўнымі відамі камерцыйнай, альбо спадзявацца выключна на донарскую падтрымку. У любым выпадку, на прыбыткі мы не разлічваем. Прынамсі, датуль, пакуль не дасягнем галоўнай мэты — пераўтварыць Лынтупскі край у своеасаблівы цэнтр культурнага турызму.

Расканцэнтраваны цэнтр

Якім жа чынам можна гэтага дасягнуць, не прыцягваючы сур’ёзных інвестыцый — на аквапаркі, санаторыі ды іншыя буйныя праекты? Тым болей, як мяркуюць “новыя лынтупцы”, будаўніцтва ў тых мясцінах вялікіх турыстычных аб’ектаў “а-ля Хургада” — гэта лепшы спосаб вытруціць genius loci.

Зрэшты, у свеце існуюць і іншыя прыклады. Па той бок мяжы з Польшчай, у ваколіцах Сувалак, утварыліся ажно некалькі турыстычных зонаў, дзе інфраструктура прадстаўлена пераважна аграсядзібамі на адну-дзве сям’і, але ў сукупнасці такіх аб’ектаў — сотні. Прычым турысты не канцэнтруюць сваю ўвагу на нейкай адзінай адметнасці кшталту Пізанскай вежы, а падарожнічаюць па ўсім рэгіёне, няспешна прасякаючыся яго атмасферай. Як выявілася, брэнд “несапсаванай цывілізацыяй” часткі Еўропы выглядае надзвычай прыцягальным для жыхароў буйных гарадоў і асабліва замежных турыстаў.

У перспектыве, Лынтупскі край таксама мог бы разлічваць на апошніх: калі не з Аўстраліі дык, прынамсі, з Літвы да якой тут так блізка, што некаторыя лынтупцы купляюць макароны за рублі, а кетчуп — за еўра. Для віленскай інтэлігенцыі ХХ стагоддзя прыязджаць сюды на вакацыі стала ўжо завядзёнкай — да той пары, пакуль не ўзнікла мяжа. Цяпер праз мясцовы пераход ніхто, апрача “тубыльцаў”, не праедзе, астатнім давядзецца зрабіць ладнае кола. Ды і сама неабходнасць атрымання візы для замежнікаў і памежнай рэгістрацыі для беларусаў таксама не спрыяе прытоку турыстаў. Зрэшты, як сведчыць доўгачаканы прыклад Аўгустоўскага канала, гэтыя праблемы ў нас рана ці позна вырашаюцца — калі ў зняцці тых бар’ераў наспявае патрэба.

— Найпершая наша задача — рацыянальнае стратэгічнае планаванне далейшага развіцця гэтага рэгіёна, — перакананы Вадзім Гліннік. — Неабходна прааналізаваць, якімі рэсурсамі мы валодаем, які сацыяльны, культурны, прыродны патэнцыял мае гэты край, і зыходзячы з гэтага, вызначыцца, што мы можам прапанаваць турыстам. А далей — шукаць магчымасці комплекснага вырашэння праблем. Нешта можна зрабіць на валанцёрскіх пачатках, нешта — за кошт міжнародных праграм, нешта — за бюджэтныя сродкі… Але ў выніку яно ўсё павінна працаваць у сукупнасці. Прыкладам, прафесійны мастак вызначае, у які колер пафарбаваць паркан, мясцовая ўлада выдаткоўвае сродкі на фарбу, а фарбуем мы самі — на валанцёрскіх пачатках.

Менавіта такую схему бачаць найбольш прымальнай “некаланісты” з Лынтупаў. Балазе, і сам край спрыяе яе ўкараненню ў жыццё: аналагу Пізанскай вежы там няма, затое трохі меншых па велічыні адметнасцяў — цэлы россып. Але калі з прыроднымі вабнотамі — усё ў парадку, дык пра некаторыя гісторыка-культурныя каштоўнасці гэтага пакуль не скажаш.

У госці да Локіса

Шыкоўны сядзібны ансамбль у Лынтупах для наведвання пакуль што закрыты. Той час, калі ён прыцягваў увагу аматараў дэкандэнцкай рамантыкі, ужо мінуў. Цяпер там ідзе рэстаўрацыя, пасля якой сядзіба расчыніць дзверы для куды больш рэспектабельных турыстаў. У гэтыя запэўніванні інвестара ахвотна верыш, бо рэстаўрацыя там сапраўды ідзе — а не стаіць, як шмат у якіх падобных выпадках. А вось колішні маёнтак у Каралінова па-ранейшаму парадуе любога сталкера.

Дом, дзе немалы час пражыў вядомы мастак ХІХ стагоддзя Альфрэд Ромэр, настолькі аброс кустоўем, што з дарогі яго амаль не відаць. Патрапіць унутр надзвычай проста — у сцяне ўтварыўся вялізны прагал. Трохі больш за дзесяцігоддзе таму ў драўляным дамку была вясковая школа. Потым яе зачынілі — як заўсёды, з-за адсутнасці вучняў. І час у гэтым месцы фактычна застыў. У былых класах па-ранейшаму сям-там можна ўбачыць школьныя парты і рэшткі “наглядных дапаможнікаў”, а на гарышчы ўдалося адшукаць з тузін вучэбных адгазнікаў.

Красці будматэрыялы тут, на шчасце, проста няма каму, і таму сядзіба гераічна трывае ў чаканні на лепшы лёс. Але час, вядома, не падманеш, і ў даху ўжо зеўраюць прабоіны. Чым яны пагражаюць драўлянаму будынку, думаецца, тлумачыць не трэба.

Як паведаміў Мікалай Кісялёў, сядзіба не так даўно займела гаспадара, але працэс афармлення дакументаў пакуль не завершаны. У сваю чаргу, мясцовыя ўлады будуць усяляк спрыяць таму, каб рэстаўрацыйныя работы распачаліся як мага хутчэй.

Ад яшчэ адной сядзібы гэтага края, якая некалі належыла Даўгялам, ужо мала што захавалася — як, зрэшты, і ад самой вёскі Раманішкі, дзе яна знаходзіцца. Апрача хіба прывабнай легенды. Той самы Алесь Гарбуль перакананы, нібы менавіта тут адбываліся падзеі навелы Праспера Мэрымэ “Локіс”. Па-першае, у яе тэксце і сапраўды фігуруе маёнтак Даўгялаў, па-другое, мясцовыя жыхары апавядаюць, нібы адзін з яго ўласнікаў некалі знаўся з французскім пісьменнікам, а па-трэцяе… Ну чаму б не ўзяць ды лакалізаваць літаратурны сюжэт менавіта ў гэтых мясцінах — пакуль тое не зрабіў хто спрытнейшы? І нічога страшнага, што ў самой навеле дзея, усё ж, адбываецца ў Жамойціі. Можа, неабазнаны ў біяграфіі гэтай часткі Еўропы Мэрымэ трохі памыліўся?

Менавіта гэтымі матывацыямі і кіруецца Вадзім Гліннік, які ўзяўся за аднаўленне сядзібнага парку. Пры актыўным спрыянні мясцовых уладаў ужо была праведзена талака, а таксама раскопкі, падчас якіх паказаліся падмуркі ды лёхі знішчанага ў савецкі час палаца. У планах — аднаўленне парка і стварэнне музейнай экспазіцыі. Прысвечана яна будзе, зразумела, таму самаму мядзведзю-пярэваратню.

— Мясцовыя жыхары ўжо разумеюць, што ўсе нашыя пачыны — гэта, як мінімум новыя рабочыя месцы, — дадае ён. — А з гэтым тут сапраўдная бяда. Зямля не надта ўрадлівая, таму ўся надзея — на вынаходлівасць.

Ці здолее суплёт энтузіястаў змяніць да лепшага жыццё цэлага рэгіёна — пытанне, вядома, няпростае, але… Назіраючы за тым, як старшыня Лынтупскага сельсавета Аляксандр Макаранка паказвае чарговаму прадстаўніку мінскай творчай багемы закінуты дамок у мястэчку, ты прасякаешся аптымізмам. Бо, як напісаў адзін знаёмы літаратар — прычым акурат з нагоды вандроўкі ў той край — купляючы хату ў вёсцы, чалавек абвяшчае сам сабе, што нікуды ўжо з гэтай краіны не з’едзе. А значыць, яму нічога не застанецца, як толькі рабіць яе хоць трохі лепшай.

Мінск — Пастаўскі раён — Мінск