Як гідрасамалёт ратаваў “Несцерку”

№ 21 (1251) 21.05.2016 - 27.05.2016 г

Малавядомае пра найвядомы спектакль коласаўцаў
18 мая — 75-я ўгодкі першага паказу “Несцеркі” па творы Віталя Вольскага. Сёння на вялікай сцэне Коласаўскага тэатра адбудзецца юбілейнае прадстаўленне. Перад гледачамі з’явяцца не толькі сучасныя выканаўцы роляў у класічнай пастаноўцы, але і артысты, чый творчы лёс непасрэдна звязаны са спектаклем.

/i/content/pi/cult/587/13002/15-1.jpgУпершыню — у Петразаводску

Май 1941 года. БДТ-2 (цяперашні Коласаўскі тэатр) выпраўляецца на гастролі ў Карэла-Фінскую аўтаномную рэспубліку. Апроч “Лекара мімаволі” Жана-Батыста Мальера, “Ірынкі” Кузьмы Чорнага, “Нашых дзён” Сяргея Герасімава, “Хлопца з нашага горада” Канстанціна Сіманава запланавалі паказаць у Петразаводску і “Несцерку”, прэм’ера якога ў Віцебску яшчэ нават не адбылася.

125, 115, 110…

На гэты год прыпадае яшчэ некалькі юбілеяў асоб, якія маюць наўпростае дачыненне да першай версіі спектакля: 125-годдзе з дня нараджэння рэжысёра-пастаноўшчыка “Несцеркі”, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР, з 1941 па 1944 гады мастацкага кіраўніка БДТ-2 Навума Лойтара, 115-годдзе з дня нараджэння аўтара п’есы Віталя Вольскага і 110-годдзе аўтара музыкі, кампазітара Ісака Любана.

Што ў “Несцерцы” ад Меерхольда?

Лойтар пачынаў творчую дзейнасць у 1919-м як акцёр і рэжысёр у кіеўскім тэатры-студыі пры яўрэйскай арганізацыі “Культур-ліга”. Пасля пераезду ў Маскву ён паступае на вучобу ў вышэйшыя рэжысёрскія майстэрні да Усевалада Меерхольда. З часам іх узаемаадносіны пераходзяць у сяброўства, Лойтар становіцца найбліжэйшым паплечнікам майстра па кіраўніцтве тэатрам. Ад Меерхольда Навум Барысавіч пераймае прынцып кампазіцыі спектакля, яго афармлення, сцэнічную выразнасць, экспрэсіўнасць, манеру кампанаваць масавыя сцэны. Разам з тым, Лойтар імкнецца да рэалістычнага вытлумачэння твора, змагаючыся з умоўным абагульненнем характараў, уласцівым Меерхольду і яго паслядоўнікам той пары. Урэшце праз шэраг разыходжанняў Лойтар пакідае майстра і ў 1930 годзе ўзначальвае Дзяржаўны яўрэйскі тэатр у Харкаве. У 1937-м ён становіцца галоўным рэжысёрам Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра Украінскай ССР у Кіеве, дзе бліскуча ставіць спектакль “Стэмпеню” паводле Шалом-Алейхема. А ў 1940-м Навум Барысавіч пераходзіць у БДТ-2, з якім і звязана ягоная далейшая творчасць. Найвядомыя спектаклі Лойтара ў “віцебскі перыяд” — “Ягор Булычоў і іншыя” Максіма Горкага і “Рэвізор” Мікалая Гогаля.

А пасля — “Машэка”

Віталь Вольскі, скончыўшы Камуністычны універсітэт імя Леніна, апынуўся ў Віцебску ў якасці дырэктара мастацкага тэхнікума, а пазней — БДТ-2. Праўда, неўзабаве ён зноў вярнуўся ў Мінск. Вольскі — аўтар яшчэ адной п’есы, пастаўленай на коласаўскай сцэне ў 1950-я, — “Машэка”.

Сталінская прэмія за музыку

Найбольш кампазітар, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Ісак Любан вядомы слухачу песняй “Бывайце здаровы!” — у свой час яго адзначалі як кампазітара-песенніка, аўтара рамансаў. А ён жа напісаў музыку да шматлікіх спектакляў і кінастужак, скажам, “Гадзіннік спыніўся апоўначы”, “Шчасце трэба берагчы”, “Палеская легенда” і іншых. За музыку да “Несцеркі” поруч з рэжысёрам Навумам Лойтарам, выканаўцамі цэнтральных роляў Аляксандрам Ільінскім і Цімохам Сяргейчыкам, мастацкім кіраўніком БДТ-2 Паўлам Малчанавым быў узнагароджаны Сталінскай прэміяй ІІ ступені.

Выпадкова атрымалася… опера

Музыказнаўца Дзмітрый Жураўлёў, аўтар кнігі пра Ісака Любана, пісаў: “За даволі кароткі тэрмін ён скончыў у клавіры музыку да п’есы. Здавалася б, музычных нумароў не так ужо і многа, і кожны з іх абсалютна неабходны ў спектаклі. Але калі Ісак Ісакавіч прыняўся за партытуру, то міжволі звярнуў увагу на тое, што добрая траціна п’есы суправаджаецца музыкай. І спектакль, уласна кажучы, вырашаны ім як музычны. Зрэшты, гэта акалічнасць не бянтэжыла ні рэжысёра, ні выканаўцаў галоўных роляў, і толькі некаторыя акцёры жартам скардзіліся, што на сцэну драматычнага тэатра “выпадкова” трапіла “сапраўдная опера”. Музыка да спектакля і сапраўды сталася адным з ключавых складнікаў яго поспеху.

Артысты мелі рацыю

Успаміны пра 18 мая 1941 года, дзень першага паказу “Несцеркі” ў Петразаводску, пакінула адна з актрыс тэатра Таццяна Бандарчык. Акурат напярэдадні вагон з касцюмамі знік у дарозе. “Абарвалі” тэлефоны і высветлілі: недзе на далёкай станцыі адбылося крушэнне, і вагон пашкоджаны. Перагрузіць і даставіць касцюмы цягніком можна толькі на трэці дзень. Тады тэатру вылучылі гідрасамалёт. Наступным вечарам у тэатры зноў сабралася публіка, а касцюмаў усё няма. Прапануюць іграць у іншых, але артысты не ўяўляюць, як тое магчыма. Нарэшце, тэлефанаванне: гідрасамалёт прывадніўся нарэшце на Анежскім возеры. Усіх мабілізавалі прасаваць і сушыць касцюмы, звязаныя ў клункі, пакамечаныя, падмоклыя. Неўзабаве спектакль пачаўся. Прыём быў надзвычайны: гледачы не разыходзіліся, віншавалі, казалі, што спектакль уявіць у іншых касцюмах немагчыма.

Калінін паспрыяў?

Пазней “Несцерку” паказвалі ва Уральску, дзе тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі. Петразаводскія чыгуначнікі ў знак падзякі за выдатны спектакль пераправілі туды вагон з дэкарацыямі і касцюмамі (гэтым разам без надзвычайных здарэнняў). А ў падмаскоўным Арэхава-Зуеве “Несцерку” пабачыў усесаюзны стараста Міхаіл Калінін. І… быў у захапленні ад пастаноўкі. Магчыма, гэты факт і паспрыяў таму, што ў 1946 годзе яго стваральнікі былі ўзнагароджаны Сталінскай прэміяй.

Першы склад — на чвэрць стагоддзя

Першы склад артыстаў трымаўся пад чвэрць стагоддзя. У ім — карыфеі беларускага тэатра: згаданыя вышэй Аляксандр Ільінскі, Цімох Сяргейчык, а таксама Яніна Глебаўская, Анатоль Шэлег і Зінаіда Канапелька.

Пяць “Несцерак”…

Прыкладна з сярэдзіны 1960-х у цэнтральнай ролі ці не да апошніх дзён жыцця выступаў народны артыст СССР Фёдар Шмакаў. Калі ў першым выпадку перад гледачом паўставаў мудры і вельмі абаяльны, дасціпны і па-чалавечы прыцягальны народны герой (сама асоба інтэлігентнага і, разам з тым, віртуознага Аляксандра Ільінскага ўзбуйняла гэты вобраз), то ў другога выканаўцы Несцерка быў хутчэй прасцяк, кемлівы, цікаўны, гатовы прыйсці на дапамогу хаця б таму, што ведае, як гэта зрабіць. У народнага артыста Беларусі Яўгена Шыпілы персанаж стаў надзвычай мяккім, пяшчотным, добразычлівым, але ў ім адчуваўся сапраўдны селянін, як кажуць, “ад сахі”. У заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Валянціна Салаўёва Несцерка атрымаўся настойлівым, упартым, “сабе на розуме”. Цяперашні выканаўца ролі Пятро Ламан іграе вострага на язык, вясёлага, свойскага хлопца.

…пяць Настачак…

Галоўная гераіня Наста ў выкананні народнай артысткі Беларусі Зінаіды Канапелька была сапраўднай лірычнай гераіняй, пяшчотнай, тонкай. У яе наступніцы Людмілы Заграбельнай атрымалася бойкае, здольнае пастаяць за сябе дзяўчо. У Святланы Жукоўскай Наста — вясёлая гарэза, у Наталлі Аладка — сумная і задуменная. Сёння ролю грае маладая актрыса Юлія Цвікі, якая падкрэслівае ўпарты характар Насты, цэльнасць яе натуры.

…тры Юрасі…

Першым выканаўцам ролі яе каханага Юрася быў народны артыст Беларусі Анатоль Шэлег. Ён паказваў зухаватага вясковага прыгажуна. У Пятро Ламана, зацверджанага на гэтую ролю ў 1970-я, атрымаўся менш рашучы і больш меланхалічны герой. Ролю ўнутрана цэльнага, моцнага і мэтанакіраванага хлопца выконвае сёння Арцём Блахін.

…чатыры Мальвіны

Мальвіна ў народнай артысткі Беларусі Яніны Глебаўскай здавалася ўладарнай і сквапнай да бязмежнасці. Больш за ўсё яна хацела патрапіць у асяроддзе панства. Мальвіна Зінаіды Канапелька — паважная, самавітая кабета, што пільна сачыла за ўсімі падзеямі і іх змяненнямі. Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Людміла Пісарава грала сялянку, у якой яе паходжанне выдавала і ўнутраную сутнасць. Цяперашняя выканаўца ролі Раіса Грыбовіч падкрэслівае шляхетнасць персанажа. Ейная Мальвіна клапоціцца пра дабрабыт сваёй дачкі, і гэтым тлумачацца многія яе ўчынкі.

Ну і шкаляр…

Жаданым і цікавым для акцёраў быў вобраз шкаляра Самахвальскага. Спярша яго граў народны артыст Беларусі Цімох Сяргейчык. Ён вельмі дакладна прамаляваў партрэт свайго персанажа, які, на думку акцёра, павінен быў адштурхоўваць гледача. У нечым ён нагадваў сатырычных мальераўскіх герояў. У заслужанага артыста БССР Мікалая Цішачкіна шкаляр атрымаўся больш мяккім і смешным: гэтаму спрыялі адметная пластыка, жэсты, рухі акцёра. Міхась Краснабаеў настойваў на заганнасці свайго героя, а Максім Фралоў не быў пазбаўлены вытанчанасці і кранальнасці.

Рэканструкцыя

У 2006 годзе колішнім мастацкім кіраўніком тэатра Віталём Баркоўскім і галоўным мастаком Пятром Анашчанкам была зроблена капітальная рэканструкцыя спектакля. Пад гэта быў вылучаны грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У тым жа годзе спектакль быў паказаны на Міжнародным тэатральным фестывалі ў Яраслаўлі, дзе атрымаў вельмі цёплыя водгукі гледачоў і прэсы.

Аўтар: Юрый ІВАНОЎСКІ
тэатразнаўца, тэатральны крытык, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа