Апалогія… інквізіцыі

№ 18 (1248) 30.04.2016 - 06.05.2016 г

Меркаванне: без “Батюшки”, але з “…Mortal” на Купалле?
Услед за Масквой і Санкт-Пецярбургам у Мінску быў адменены канцэрт сенсацыйнага блэк-метал-гурта “Батюшка” — так бы мовіць, “па настойлівых просьбах грамадзянаў”. Усё адбылося ціха і спакойна. “Праваслаўныя актывісты” нікому не плявалі ў твар, што нядаўна мела месца ў Расіі ў выпадку з аўстрыйскім гуртом “Belphegor”. Але… Пытанні, напэўна, усё ж засталіся. Як на гэта ўвогуле належыць рэагаваць? І галоўнае — каму?

/i/content/pi/cult/584/12932/4-11.jpgПраект “Батюшка”, які спалучыў праваслаўныя песняспевы з нядрэным па якасці выкананання блэк-металам, выбухнуў на музычнай сцэне літаральна вокамгненна. Нават я, чалавек, ад гэтага далёкі, пра яго вельмі хутка дачуўся. Міжнародны поспех быў цалкам вытлумачальным: на фоне амаль аднолькавых брутальных камандаў, якія рэплікуюць тыя самыя рыфы, сцэнічныя жэсты і тэмы творчасці, выклікаючы ў недалучаных людзей хіба скептычную ўсмешку, гэта быў глыток свежага паветра. Зрэшты, калі разабрацца, навізна даволі ўмоўная.

Яшчэ ў 1994 годзе, калі блэк-метал успрымаўся як не як праява шоу-бізнесу, але як сацыяльная з’ява, і драўляныя цэрквы Нарвегіі ўспыхвалі бы феерверкі ў навагоднюю ноч, адзін з ключавых на гэтай сцэне лэйблаў “Nuclear Blast” раптам выпусціў кружэлку нікому не вядомага і ананімнага праекта “Horde”. Сыры “тру-блэк” суправаджаўся, аднак, зусім іншымі тэкстамі, а агульны мэсэдж быў вызначаны ўжо самой назвай альбома: перагарнуць перагорнуты крыж у першапачатковае становішча.

Тады правакацыя камерцыйнага поспеху не займела — напэўна, таму, што была шчырай і сур’ёзнай (хаця, як хутка выявілася, падвальны гук выдаваў цалкам прафесійны музыкант, удзельнік хрысціянскай дэз-металічнай каманды “Mortification”). Затое, паслядоўнікаў у яго аказалася шмат. З’явілася цэлая галіна — дзясяткі, калі не сотні, гуртоў, якія граюць блэк-метал у славу Хрыста.

Адзін з флагманаў гэтай сцэны, шведскі “Crimson Moonlight”, яшчэ гадоў пяць таму акрэсліў свой стыль як “літургічны блэк”. На сцэне — праваслаўныя іконы, з дынамікаў гучаць песняспевы, вакаліст (дарэчы, магістр тэалогіі), пакрывае публіку знакам крыжа перад тым, як зараўсці страшным голасам. Тэксты, якія датычацца складанага для разумення апафатычнага багаслоўя, прыхільнікі могуць спасцігнуць на адмысловых семінарах.

Але гэта — вузкая субкультура ўнутры субкультуры. Пра яе мала хто ведае і мала хто лічыць, што такое магчыма — насуперак відавочнаму. Агульны трэнд два з гакам дзесяцігоддзі заставаўся нязменным: перагорнуутыя крыжы, пачварны грым, антыхрысціянскія заклікі… І вось, акурат у той момант, калі ўсё вышэйпералічанае стала выклікаць скептычную ўсмешку ўжо ў саміх адэптаў, адзін далёка не самы паспяховы на гэтым рынку польскі лэйбл выпусціў альбом гурта “Батюшка”. Замест “закручаных” англійскіх назваў — вязь, замест англійскай — стараславянская і руская, замест пачвараў — іконы...

Важнае ўдакладненне, якое тлумачыць калі не ўсё, дык, прынамсі, многае. Згаданы лэйбл базуецца ў Беластоку. Менавіта ў тым горадзе, які лічыцца аплотам праваслаўя ў монаканфесійнай Польшчы, і дзе праваслаўе, у дадатак, з’яўляецца маркерам іншай нацыянальнай прыналежнасці — у дадзеным выпадку, беларускасці. Карацей, чэрпаць свежае паветра было адкуль.

Як і той самы “Horde”, праект ахутаны аўрай таямнічасці і ўпарта нічога не хоча тлумачыць. Прыхільнікі і антыпатыкі дасюль не могуць зразумець: ці то яны так сапраўды, ці то так вынаходліва здзекваюцца. Другая пазіцыя прэвалюе, адсюль і адмены канцэртаў — па волі “актывістаў”, якія і выдаюць сябе ў якасці “занепакоенай грамадскасці”.

Хаця, насамрэч, адказ на згаданае пытанне падаецца відавочным. Ён палягае не ў рэлігіі, але ў творчасці і, без сумневу, шоу-бізнесе. Праваслаўная культура тут выступіла хіба свайго кшталту “культурным донарам” — нехта ўбачыў у ёй цікавы для выкарыстання матэрыял. Ну не толькі ж растафарыянцы спяваюць рэгей… У любым выпадку, варта прызнаць: “Батюшка” спарадзіў нешта прынцыпова новае, і нават я амаль здолеў даслухаць альбом да канца.

Дык ці варта было абурацца самім фактам прыезду ў Мінск беластоцкіх хлопцаў? Асабліва калі ўлічыць, што нашых меламанаў рэгулярна радуюць уласнай творчасцю куды больш адназначныя каманды. Прыкладам, ужо згаданы “Belphegor”, які ў сваіх тэкстах і кліпах спалучае тэму апаганьвання хрысціянскіх сімвалаў і тыповыя сюжэты фільмаў для дарослых.

А адзін з летніх айчынных фэстаў у фармаце open air заявіў у якасці хэдлайнера харкаўскі “Nokturnal Mortum”. Пакорпаўшыся ў “высокамастацкай” паэзіі на афіцыйным сайце гурта, які заўсёды ганарыўся сваёй прынцыповасцю, можна знайсці нямала пра арыйскую кроў, свяшчэнную вайну і спаленне драўляных цэркваў, рэзанне расаў і вырыванне сэрцаў “хрысціянскім псам”.

Калі гэты гурт абвінавацяць у прапагандзе экстрэмізму, знойдзецца 100500 ліберальна настроеных грамадзянаў, якія скажуць: ды вы што, гэта ж мастацтва, далоў інквізіцыю! Цікава, ці можна сабе ўявіць, што на масавым фолькавым свяце ў той ці іншай кране Еўропы выступае выканаўца, які “ўсур’ёз” спявае нешта падобнае не пра хрысціян, а пра якуюсьці іншую сацыяльную групу, скажам, бландынак?

…Наконт інквізіцыі яны, на жаль, памыляюцца. Інквізіцыя — наогул не так і дрэнна, як многія думаюць. Сучасныя гісторыкі трохі развеялі створаны за часамі Рэфармацыі міф, успрымаючы тую з’яву не як абсалютнае зло, а толькі як адноснае, бадай непазбежнае для свайго часу і грамадства. Насуперак стэрэатыпнаму меркаванню, інквізіцыю прыдумалі зусім не для таго, каб было каму вядзьмарак паліць — у сярэднявеччы і без яе хапала ахвотнікаў гэтым займацца. Сабраліся нейкія “актывісты”, вызначылі ў сваёй вёсцы вядзьмарку — і талакой, з песнямі пацягнулі на вогнішча. А вось інквізіцыя гэты працэс ускладніла — яна ўвяла ці не самыя дасканалыя ў тую пару судовыя разбіральніцтвы. Адпаведна, колькасць абвінаваўчых выракаў адразу рэзка знізілася, хаця дагэтуль, пры “лінчаванні”, яна была амаль стопрацэнтнай.

Вось і мне чамусьці пра інквізіцыю падумалася ў дадзеным выпадку. Дужа нядрэнна было б, каб у кожным кантраверсійным пытанні “забараніць нельга дазволіць” знаходзіліся кваліфікаваныя асобы (натуральна, свецкія), якія б аргументавана тлумачылі прычыну прынятага рашэння — з цытатамі і спасылкамі. На заканадаўства, канешне ж.

І самае галоўнае: інквізітары заўсёды выслухоўвалі абвінавачаных!