“Дылетант” не даб’е?

№ 18 (1248) 30.04.2016 - 06.05.2016 г

За брак гістарычных і асветніцкіх праектаў айчыннае тэлебачанне крытыкуюць ужо не адно дзесяцігоддзе. Лішне нават казаць, што крытыка — справядлівая. Увесь гэты час тэлевізійшчыкі з вінаватым выглядам пазіралі ў падлогу ды абяцалі хуткія змены. Дык вось, з нядаўняй пары такіх праграм стала яшчэ менш. Свежыя выпускі досыць рэйтынгавага “Зваротнага адліку” цяпер выходзяць удвая радзей (прыблізна раз на два тыдні), а легендарныя “Падарожжы дылетанта” і наогул выпалі з эфірнай сеткі.

/i/content/pi/cult/584/12918/4-11.jpgМатывацыя каналаў зразумелая. Ва ўмовах эканамічных цяжкасцяў ім даводзіцца скарачаць выдаткі на арыгінальны прадукт. Толькі чаму ў якасці баласту быў выбраны і без таго рэліктавы сегмент, у чыёй сацыяльнай значнасці ніхто не наважыцца сумнявацца? Правандраваўшы гадоў пятнаццаць па каналах, “...Дылетант” знайшоў прыстанак у Інтэрнэце — а таксама, што важна, магчымасці для здымак новых серый. З аднаго боку, гэта, вядома ж, цудоўна. Крылатыя словы пра выратаванне тапельцаў у наш век надзвычай актуальныя, і вельмі радуе, калі камусьці ўдаецца выцягнуць сябе з багны за валасы. З іншага боку… Нельга не прызнаць відавочнае: аўдыторыя праекта, які па-новаму раскрывае кожны куток Беларусі, істотна знізілася.

Па-першае, сцвярджэнне пра ўсюдыіснасць Інтэрнэту з’яўляецца міфам нават чыста са статыстычнага пункта гледжання (Сецівам карыстаецца трохі болей за палову беларусаў, і старэнькія жыхары тых вёсак, куды завітвае “Дылетант”, могуць разлічваць цяпер хіба на сваіх унукаў), а па-другое — многія людзі па-ранейшаму маюць звычку ўключаць “скрыню” і глядзець па ёй тое, што пакажуць, займаючыся адначасова нейкімі іншымі справамі. І натрапіўшы на праграму гістарычнай тэматыкі, не ўсе спяшаліся шчоўкаць пультам. Уласна, у гэтай глядацкай пасіўнасці і тоіцца чарадзейная выхаваўчая сіла тэлебачання.

Спісаўшы з балансу “Дылетанта”, айчынныя тэлебухгалтары, канешне ж, не задумваліся, што яны могуць забіць адзін з самых апрычоных айчынных праектаў. Калі шырокая папулярнасць “Зваротнага адліку” цалкам вытлумачальная (захапляльныя сюжэты, дынамічны мантаж, саспенс, эфектныя пастановачныя здымкі), дык сакрэт поспеху “Падарожжаў дылетанта” варты самага ўдумлівага асэнсавання. Пройгрышная, здавалася б, тэматыка (чыстае краязнаўства), да смешнага сціплы бюджэт, лаканічнасць выяўленчых сродкаў  — і, разам з тым, папулярнасць не толькі сярод вузкай мэтавай аўдыторыі.

“Я па “тэліку” толькі пару праграм гляджу, і асабліва гэтага, у капелюшы”, — прызнаўся неяк сусед. Прафесія — электрык, адукацыя — сярэдняя спецыяльная. У пятнічныя вечары любіць распавядаць пра Грунвальд, але моцна скажае факты. Яшчэ больш я здзівіўся, даведаўшыся, што ўдзячныя і рэгулярныя гледачы ў “дылетанта” ёсць нават сярод жыхароў мястэчка Тургеляй. Гэта па той бок мяжы з Літвой, аднак наша тэлебачанне туды яшчэ “дабівае”, ды і мова зразумелая. “Дабіваць” да напаўвыпадковай аўдыторыі праграма болей не будзе. Адпаведна, зменшыцца і яе сацыяльны эфект. Так, набраць у пашукавіку пару словаў — зусім няцяжка, але… У наш век нават такая аперацыя можа стаць бар’ерам.

Тэлевізійшчыкі кажуць: мы адлюстроўваем рэчаіснасць. Напрыклад, так: бярэш камеру, мікрафон і пытаеш у мінакоў, калі пачалася Другая сусветная вайна. А потым дэманструеш у эфіры іх вылупленыя вочы. Такія сюжэты заўсёды атрымліваюцца вострымі ды прыцягальнымі. А вось адказ на пытанне пра крыніцы гэтага невуцтва і абыякавасці рэдка бывае шчырым ды ўсебаковым. Дзядуля Ленін досыць слушна акрэсліў ролю СМІ: прапагандыст, агітатар, а яшчэ і арганізатар. Зразумела ж, гэтыя словы не трэба ўспрымаць літаральна. СМІ здатныя арганізоўваць не толькі мерапрыемствы, але і грамадскія настроі. Напрыклад, цікавасць да мінуўшчыны.

 

Тым часам шчыра жадаем ад рэдакцыі "К" шаноўнаму Юрыю Жыгамонту як найхутчэй папраўляцца! Здароўя Вам, паважаны падарожнік!