“Гэта там, дзе птушкі і калядоўшчыкі?”

№ 16 (1246) 16.04.2016 - 23.04.2016 г

Кажуць, нельга ўвайсці ў адну раку двойчы. Але калі вада насамрэч жывая і гаючая ўжо багата часу? Прызнацца, я быў адначасова і здзіўлены, і ўзрушаны, калі мне спачатку сказалі, а потым нават прынеслі здымкі з выявай таго роспісу, які давялося выконваць у далёкім і знакавым 1991 годзе. Жнівень, я працую на рыштаваннях, а недзе ўнізе па радыё транслююць заяву ДКНС…

/i/content/pi/cult/583/12883/14-1.jpgЯ малюю вялізную карціну, сатканую з беларускіх традыцыйных святаў. Пішацца ўзрушана і лёгка. Зразумела, да гэтага “пералапаціў” шмат літаратуры, скажам “Нарысы нацыянальнай культуры беларусаў XVI — XVIII стагоддзяў”. Але ж і сам паспеў паўдзельнічаць у падрыхтоўцы да адраджэння тых самых святаў яшчэ ў 1988 годзе, дзякуючы фонду культуры на чале з Васілём Шаранговічам. Так што “калядавалі” ды “гукалі”  — карацей, уяўленне пра тэму меў “з першых вуснаў”. Мне было прыемна выпісваць дэталі адзення, атрыбутыку, нібыта дакранаючыся да матэрыяльнай культуры продкаў… Але захаваны і па сёння роспіс “Беларускія святы” ў мінскай гімназіі № 7 — толькі ўступ да добрых успамінаў пра асабісты эксперымент у галіне эстэтычнага выхавання дзяцей.

У той час я працаваў у Рэспубліканскім цэнтры эстэтычнага выхавання, які стваралі з народным мастаком Беларусі Уладзімірам Стэльмашонкам. Стварыць — стварылі, але Уладзімір Іванавіч з’ехаў у Маскву — быў выбраны ў народныя дэпутаты СССР, міністр адукацыі Мікалай Дзямчук, які падтрымліваў ідэю цэнтра, таксама рушыў па такое ж крэсла. Далейшы працяг — сумны для задумы пашырэння эстэтычнага выхавання. Але ў Міністэрстве адукацыі мне прапанавалі рэалізаваць свой досвед і клопат аб эстэтычным выхаванні на базе сталічнай сярэдняй школы № 54 (зараз — гімназія № 7). Дзякуючы старшыні бацькоўскага камітэта школы і дырэктару, дазволілі выкарыстаць памяшканне былога піянерскага пакою пад наш ЭМЭФ (эксперыментальны мастацка-эстэтычны факультэт). І ўсім добра! Школе ў тым, што дзесяць адзінак, якія працуюць з дзеткамі, фінансуюцца з бюджэту Цэнтра эстэтычнага выхавання. А мы змаглі разгарнуцца, няхай сабе і ў межах горада.

У нашым цэнтры праз беларускія гульні і тэатр стваралі атмасферу нечаканай захопленасці дзяцей адкрыццём новага, незвычайнага, былі тут выкладчыкі гісторыі мастацтваў, пляцення з саломкі, музычнага суправаджэння, нарэшце — лабарант і два тэхнікі. Ды сваё абсталяванне для нашых выставаў (на той час супердызайнерскае — зборна-разборная канструкцыя з металічных трубак)! І абавязкова магнітафоны! Выставы ж ладзіліся і ў школах раёна, у выканкаме Партызанскага раёна Мінска, у Белдзяржфілармоніі.

А першая, прысвечаная Дню настаўніка і 90-годдзю майго педагога Сяргея Каткова, адбылася ў пачатку кастрычніка 1991 года ў 54-й школе пад назвай “Шлях да Настаўніка”. Некалькі слоў з анатацыі да той выставы: “…Шмат вучняў Настаўніка самі сталі выкладчыкамі і таксама працуюць з дзецьмі, працягваючы на ўсе часы неабходную і вялікую справу эстэтычнага выхавання. Творы юных мастакоў мінскіх студый таксама экспануюцца на нашай выставе. І хто ведае: пройдзе колькі год і, магчыма, нехта з гэтых дзяцей сам будзе педагогам. І яшчэ. Хутка Дзень настаўніка. Мабыць гэта адное з тых святаў, якое мы будзем шанаваць заўжды, таму што шлях да яго бясконцы. На Усходзе кажуць так: “Шлях да настаўніка ідзе толькі праз любоў да людзей”. А мы дададзім — і да Бацькаўшчыны”.

…А якія святы мы ладзілі! Малыя калядоўшчыкі са сваёй дзеяй ахапілі ўвесь раён, адкалядавалі і прынеслі некалькі мяхоў падарункаў, што дало ім магчымасць частаваць палову школы. Да “Гукання вясны” з дапамогай бацькоў, у першую чаргу архітэктараў, выраблялі адмысловыя “птушкакапялюшы”, нібыта гнёзды… Ды шмат чаго можна згадваць. Атрымлівалася так, як я бачыў у цэнтры эстэтычнага выхавання ў Ерэване. Малюючы — слухаць, спяваючы — маляваць, вырабляць лялькі і гуляць у тэатр. Шукаць, адкрываць, дзейнічаць! А колькі экскурсій — як нашыя, так і да нас! Запомнілася вандроўка ў Мір і Нясвіж не толькі як цікавая ва ўсіх адносінах для дзяцей і іх бацькоў экскурсійна-пазнавальная падзея, але і як адна з прыступак да нашай выставы, якую мы прэзентавалі да 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Мог завітаць да нас Алесь Лось са сваёй дудой, скрыпкай і батлеечнікамі… І мы штомесяц удзельнічалі на тэлебачанні ў перадачы “Сем колераў радасці”. І больш за тое: настаўніцамі малявання ў пачатковых класах таксама былі мае вучаніцы, якія, на жаль, выхоўваюць сёння дзетак далёка ад Беларусі.

Сустрэча са сваім творам праз 25 гадоў — гэта падзея і, адзначу зноў, нечаканая прыемнасць. У сваім артыкуле на старонках “К” “Тэндэнцыя” і “Знак якасці” летась пісаў пра адносіны да твораў манументальнага мастацтва ў нашай краіне. Здаецца, і нарматыўнай базы мала па ахове каштоўнасцяў сучаснага мастацтва. Таму як прыемна аўтару адчуваць: акт стварэння не проста быў тым катарсісам, які сышоў на яго, калі ён пісаў. Гэта карціна, гэты роспіс працягваў і працягвае ўжо чвэрць стагоддзя нейкім чынам уплываць на гледача. А колькі сотняў школьнікаў ці зараз гімназістаў дакранулася ўважлівым позіркам за гэтыя гады да мастацтва?

Калі я распытваю сваіх студэнтаў, якія скончылі гімназію № 7 ці памятаюць яны той роспіс, мне адказваюць: “А, гэта там, дзе птушкі і калядоўшчыкі!” Візуальна і асацыятыўна твор застаецца ў памяці… І дзякуй лёсу, што ён існуе!

Алесь КВЯТКОЎСКІ, мастак, педагог

Аўтар: Алесь КВЯТКОЎСКІ
мастак, педагог