Элементарнае ў неэлементарным

№ 16 (1246) 16.04.2016 - 23.04.2016 г

Апошнія чатыры дзесяцігоддзі паняцце “Віцебская школа акварэлі” асацыіруецца перш за ўсё з імем Фелікса Гумена, выдатнага майстра, дакладна арыентаванага на арыгінальную вобразна-пластычную сістэму, якая з часам знайшла ў творах яго шматлікіх вучняў ды паслядоўнікаў бліскучую моц і аўтарытэт сучаснага класічнага канону.

Фелікс Гумен, які сваё 75-годдзе з дня нараджэння і 50-годдзе творчай дзейнасці нядаўна азначыў буйной выставай пад назвай “Берагі” у Віцебскім мастацкім музеі, — з’ява ўнікальная. У трох залах размясціліся і новыя творы апошніх гадоў, і работы з фондаў установы, і партрэтная галерэя людзей, якіх аўтар асабліва цаніў і паважаў. А каб паспрабаваць сабраць у адно месца ўсе творы, якія Фелікс Фёдаравіч у розныя часы падараваў музеям, галерэям, бібліятэкам, сябрам, прыватным калекцыянерам, і якія знаходзяцца на стэлажах у ягонай майстэрні, дык іх аказалася б больш як дзесяць тысяч! Праўда, такога месца, мабыць, у нашай музейнай прасторы і не існуе. Канешне, справа не толькі і не столькі ў колькасці работ, а ў тым, што большасць іх — гэта сапраўднае мастацтва еўрапейскага ўзроўню. Не выпадкова, Гумен выклікае да сябе інтарэс і ў асяроддзі ўласна акварэлістаў нашай краіны і замежжа, і паміж мастакоў іншых жанраў і відаў мастацтва, і ў таго маладога пакалення творцаў, якія, падавалася б, рашуча адмаўляюцца ад стандартна-традыцыйнага шляху. Такая адзінадушнасць тлумачыцца выключным талентам Гумена, своеасаблівасцю спасціжэння законаў пластыкі і патрэбай гаварыць мовай нашага часу.

/i/content/pi/cult/583/12868/2-1.jpg

Фелікс Гумен. Віцебскі краявід.

На жаль, мне не ўдалося прысутнічаць на вернісажы яго цяперашняй юбілейнай выстав, але цешыць тое, што мы адзін аднаго ведаем каля 50 гадоў. І калі, хоць і рэдка, сустракаемся, нам ёсць пра што прыгадаць і пра што пагутарыць. А акварэльны жывапіс яго я заўсёды лічыў экстракласам, пачынаючы з самых ранніх нацюрмортаў, вясковых і урбаністычных пейзажаў, якія ўпершыню пабачыў, здаецца, у 1966-м, калі ён прыехаў з І Усесаюзнага пленэра па акварэлі ў Доме творчасці ўкраінскага горада Седнеў. Паказаў мне іх Фелікс у Мінску, здаецца, на кватэры сваёй маці (сам ён ужо гады са тры як скончыў мастацка-графічнае аддзяленне Віцебскага педінстытута і ўжо пачаў там жа настаўнічаць. Памятаю, як ён вельмі радаваўся, што яму ўдалося забараніць дыплом менавіта ў тэхніцы акварэлі — першы выпадак такога роду, бо “па законе” трэба было пісаць дыплом толькі алейнай фарбай.

Адночы мастак сказаў: “У кожнага карабля павінен быць свой порт. Віцебск — гэта мой порт, мая база, куды я заўсёды хацеў бы вярнуцца. Я шмат паездзіў па свету, а вось прыкіпеў да Віцебска. Зразумела, душа на месце толькі тады, калі ты дома. Гэты горад — усё маё жыццё, я ведаю яго да апошняй купіны. Мой Віцебск — акварэльны…” Сапраўды, мастак прысвяціў любімаму гораду і наогул Віцебшчыне ледзь не палову сваіх твораў, а мо і больш… Вось з таго ўсё і пайшло...

Не адчуваючы асаблівага піетэту перад класікамі, Гумен смела і свабодна ішоў да выяўлення тых унутраных рытмаў жыцця, якія былі ўласцівыя яму ад прыроды. Менавіта патрэба выйсці яшчэ ў тыя гады з кола звыклага жывапіснага мыслення, знайсці свой шлях да выяўлення сучаснай гармоніі свету штурхала яго на пошукі абвостранай формы, мовы, новай “карціннай” прасторавай кампазіцыі, у якой штодзённыя рэчы, вясковыя пейзажы і архітэктурныя матывы гарадоў артыстычна пераўтвараліся ў сімвалы часу.

Кожны дзень, вось ужо шмат гадоў, Фелікс Фёдаравіч прысвячае свае творы цудоўнасці жыцця і побыту, каб паведаміць нам “норавы і характары” таго, што мы звычайна не заўважаем. І што цікава, прынцыпу “па частцы — цэлае” Гумен аддае перавагу іншаму, процілегламу, — цэламу як такому. Завершаны ў сабе свет акварэльных карцін мастака — апора надзейнасці, трываласці, дзе прывольна і дрэвам, і травам, і нябёсам, дзе ўтульна жывецца і кветкам, і садавіне, і храмам, і прамысловым аб’ектам, і прадметам хатняга побыту. Погляд наш не спатыкаецца на кожным кроку аб вострыя вуглы запазычаных ці спісаных з рэпрадукцый формаў, не блукае ў стракатасці і ў нагрувашчванні рэчаў. Які ні складаны, які ні адвольны часам лінейны і колеравы рытм, галоўныя восі жывапіснай канструкцыі яго твораў “сцягнуты” ў сэнсавы, кампазіцыйны вузел, завязаны акурат пасярэдзіне. Гэта мікрасвет мастака, дзе немагчыма “праверыць алгебрай гармонію”. Увесь сакрэт гуменаўскіх “штудый” заключаецца ў тым, наколькі надзвычайна, часам да наіўнага элементарная схема канструкцыі, настолькі ж неэлементарны змест вобраза, настолькі і адчувальны багаты рытмічны ды імпрэсіяністычна-колеравы пачатак.

Нярэдка бывае адразу бачна, што ў карціне Гумена — ад “выдуманага”, што — ад “падгледжанага”. У яго сцёртая мяжа паміж вымыслам і назіраннем. Застаецца толькі прыкладна меркаваць, ці прыдумляў ён канфігурацыі рытмаў, ці прыводзіў іх у адпаведнасць з абагульняльнай думкай, якая ўзнікла apriori — ад ідэалу, ад жаданага, альбо a posteriori — ад вопыту, назірання. Або адбылося неймавернае, немагчымае — і прырода за ўчэпістасць позірку паднесла Гумену падарунак — “арганізаваную” плоскасць і глыбіню, “гатовыя” згоды рытмаў, плям і колеравыя тэмы з варыяцыямі? Ці адбіліся, выявіліся інтуітыўная кампазіцыйнасць, здольнасць бачыць гармонію ў пабудове прыроды і рэчаў?

Гэта — таямніца аўтара. Урэшце, усё сапраўднае мастацтва — таямніца. Тут для нас важны вынік: арганічнасць твора, дзе прыём не аголены, “зробленасць” адыходзіць углыб, і захоплівае толькі адкрытая эмацыйнасць, пачуцці мастака і жыццё, што цячэ ў гэтых, на першы погляд, маленькіх, але такіх значных сусветах, дзе мы жывём...

Канешне, добра, што Фелікс Фёдаравіч адзначаны і ганаровым знакам Міністэрства культуры Беларусі, і медалём Беларускага саюза мастакоў за заслугі ў выяўленчым мастацтве, і гарадской прэміяй “Сузор’е муз”, але, на мой погляд, ён даўно мог бы стаць заслужаным дзеячам мастацтваў нашай краіны. Урэшце, аднойчы ён сказаў: “Я свабодны мастак, і застануся ім назаўсёды…” Можа, гэта і ёсць самая галоўная яго ўзнагарода, дадзеная яму лёсам?

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"