— Якую падзею ў сваім творчым альбо асабістым жыцці ты лічыш самай важнай для сябе, самай знакавай?
— Думаю, гэта паступленне ў Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва ў Маскве на курс народнай артысткі СССР Эліны Быстрыцкай у 1986 годзе. Бо развівалася там як творчая асоба, назапашвала цікавы і карысны досвед, наведвала лепшыя тэатры, бачыла яшчэ маладымі шэраг вядомых сёння артыстаў. У вучэбных урыўках пашчасціла сыграць такія ролі, пра якія ў тэатры даводзілася толькі марыць: Нюрку з п’есы Віктара Розава “У дзень вяселля”, Бланш з “Трамвая “Жаданне” Тэнэсі Уільямса, каралеву Маргарыту з шэкспіраўскага “Рычарда III”, Паліну Андрэеўну з “Чайкі” Антона Чэхава. А ўвогуле, такіх жыццёвых падзей было некалькі, і ўсе яны шчыльна пераплецены паміж сабой. Гэта і паступленне ў Гродзенскае вучылішча мастацтваў, адкуль мяне запрашалі і ў мінскі Тэатр лялек, і ў гродзенскую драму, і ў тамтэйшую лялечную трупу. А ўсё вырашыў званок колішняга дырэктара Коласаўскага тэатра Геральда Асвяцінскага. Ён шукаў маладую дзяўчыну на ролю Настачкі ў “Несцерцы”, яму прапанавалі Святлану Жукоўскую. А мая выкладчыца Зоя Піткевіч вельмі раіла паглядзець і мяне. Маўляў, у яе народны каларыт, цудоўны голас, яна добра размаўляе на беларускай мове. Спачатку дырэктар адмаўляўся, а потым даў згоду. Так мы ўдзвюх прыехалі ў Віцебск і засталіся тут. У камісіі, што нас праглядала — выдатныя артысты-коласаўцы Зінаіда Канапелька, Уладзімір Куляшоў, Яўген Шыпіла, Людміла Пісарава... Я чытала ўрывак з “Людзей на балоце”, пераўвасаблялася ў сваху. Раптам чую рогат камісіі. Не магла ўцяміць, у чым справа. Аказваецца, многія з іх у той час здымаліся ў фільме па рамане Мележа. І тая ж Пісарава выконвала ролю свахі.
— Вас са Святланай узялі ў дапаможны склад ці адразу ў трупу?
— Адразу ў трупу. У мяне яшчэ было здзіўленне: нібыта не сыграла ніводнай ролі, а ўжо грошы даюць. Спачатку, вядома, працавалі ў масоўках, і мне было вельмі прыемна, што там мяне заўважыў рэжысёр Валерый Маслюк, прапанаваў мне ролю Лаймы ў “Клеменсе”. Было за шчасце працаваць з народным артыстам Беларусі Леанідам Трушко. Гэта быў такі фільтр, што не прапускаў ніякага фальшу, з ім ты не мог маніць, наігрываць альбо іграць сам па сабе. Тое ж магу сказаць пра Валянціну Петрачкову, Людмілу Пісараву, Баляслава Сяўко, Георгія Дубава, Яўгена Шыпілу.
— А ці былі такія падзеі, якія азмрочвалі жыццё, але нейкім чынам паўплывалі на цябе?
— Чым далей ідуць гады, тым менш хочацца пра іх згадваць, хаця ў свой час праз тое загартоўваўся характар. Я вельмі даверлівая і адкрытая: людзі гэтым карысталіся, падстаўлялі падножкі. З дзяцінства пісала вершы. І была ў мяне сяброўка, якая запісала іх за мной, а потым адаслала тыя радкі ў “Піянерскую праўду” як свае. Гэта быў адзін з самых важных жыццёвых урокаў. Колькі так званых сяброў і сябровак у вочы казалі адно, а за спінай — іншае, але не хочацца пра гэта казаць. Навучылася з цягам часу быць мудрэйшай. Іншым разам уцягваюць у нейкія інтрыгі, і ты спачатку пакоцішся, а потым — спынішся і задумаешся: навошта табе гэта трэба, будзь разумнейшай. Мяне ўсё жыццё ратавала пачуццё гумару і самаіронія. Калі здаралася крыўда альбо непаразуменне, я магла паглядзець на іх інакш і нават зрабіць з гэтых здарэнняў эстрадны нумар ды паказаць яго на творчых сустрэчах.
— Каго ты лічыш сваім галоўным настаўнікам?
— Іх таксама шмат было. У першую чаргу, напэўна, гэта Аркадзь Грэчка — мой настаўнік беларускай мовы і літаратуры з Мерчыцаў, з той самай школы, дзе вучылася Яўгенія Янішчыц. Ён, вядома, меркаваў, што я змагу адбыцца як паэтка, але здарылася інакш. Прыгадваю сваю сяброўку Галіну Жывіцу, з якой жыла ў адным інтэрнацкім пакоі ў Пінску і разам спявала ў “Палескіх зорах”. Я была няўрымслівым, “неачэсаным” вясковым дзяўчом, а яна выхоўвала мяне, развівала памкненне да духоўнага, творчага росту. Потым яна стала педагогам, усур’ёз занялася вывучэннем гісторыі сваёй малой радзімы, выпусціла некалькі кніжак. Ды і ў тэатры былі цудоўныя настаўнікі — Іосіф Матусевіч, Галіна Маркіна. Яны не павучалі, але сваім прыкладам, працай, паводзінамі даводзілі, якім павінен аказацца сапраўдны акцёр. Зараз і дзеці для мяне настаўнікі. Дачка Алеся кіруе тэатрам-студыяй аўтарскай песні ў Цэнтры культуры “Віцебск” (дзе я працую супольна з ёй у якасці рэжысёра) і адначасова завочна вучыцца на 4 курсе спецыяльнасці “рэжысура эстрады” Акадэміі мастацтваў. Ды і сама для сябе я і крытык, і рэжысёр, і настаўнік.
— Зараз я прапаную звярнуцца да этапных, найбольш знакавых вобразаў, створаных на Коласаўскай сцэне. Вось, напрыклад, роля Мальвіны з “Несцеркі” Віталя Вольскага. У цябе былі славутыя папярэдніцы: народныя артысткі Беларусі Яніна Глебаўская і Зінаіда Канапелька, заслужаная артыстка краіны Людміла Пісарава. Што табе падабалася ў іншых выканаўцаў і што, на тваю думку, прыўнесена твайго?
— Мне больш падабалася Пісарава, яна была “мамка”, але мякчэйшая, больш гумару дадавала. Са шкаляром іграла так, што публіка жываты надрывала. У рабоце мне спрыяла тое, што я і сама маці, вырасціла дзвюх дачок, турбавалася, каб дзеці былі шчаслівейшыя, каб не нарабілі тых жа памылак, што і я. І таму не хацелася іграць злосную, звадлівую жанчыну. Думаю, у гэтай ролі я мякчэйшая, чым іншыя актрысы, але гэта прынцыпова. Некаторыя гледачы кажуць, што на мне трымаецца энергетыка спектакля. Не ведаю, хоць з боку відаць лепш. Але ж тое самае, дарэчы, казаў і Рыд Таліпаў, наш былы мастацкі кіраўнік. Памятаю яго словы пасля спектакля: “Раіса Сцяпанаўна, у вас столькі энергіі, вы сапраўдны вулкан, на вас трэба браць адмысловы матэрыял!” А яшчэ ён казаў, што артыст выхоўваецца на добрых ролях, расце найперш на класіцы.
— Ты, здаецца, апярэдзіла маё наступнае пытанне. Праца з якімі рэжысёрамі прынесла табе найбольшае творчае задавальненне, адкрыла нейкія новыя рысы, якасці?
— Вельмі цікава было працаваць з Баркоўскім у “Недарасці” Фанвізіна. Я выконвала ролю Прастаковай. Спачатку ён рабіў класічны варыянт — вось дзе была глыба! Пазней рэжысёр перавёў матэрыял у фантасмагорыю, і гэта было менш цікава, больш фармальна, там ужо магла граць любая актрыса. Прыгадваю яго пастаноўкі “Сон на кургане” і “Зямлю”. Як быццам там у мяне было няшмат слоў, але ты пражываў і выкручваў свой лёс, таму што рэжысёр выклікаў твае асабістыя асацыяцыі, і твой унутраны нерв абавязкова прысутнічаў. Ён дасягаў выдатнага акцёрскага ансамбля ў сваіх спектаклях. Нядаўна паглядзела яго “Пінскую шляхту” і зноў была ўражана! А колькі сіл і нерваў каштавала роля Шабловай у “Познім каханні” Астроўскага! Маім партнёрам па сцэне быў сам Фёдар Шмакаў. І я мяркую, каб дзесьці на балконе глядзела спектакль мой педагог Эліна Быстрыцкая, ёй не было б сорамна за сваю вучаніцу. А які майстар Барыс Эрын! У яго “Рэвізоры” я сыграла Мар’ю Антонаўну. Ён мне раіў ісці не ад маёй знешняй фактуры, а знайсці нешта супрацьлеглае. “Вы нібыта бутончык”, — казаў ён мне, тым самым падказаўшы “зерне ролі”. І я рухалася быццам на пуантах, нібы балерына. Вельмі ўдзячна Валерыю Анісенку за супольную працу ў спектаклі “Ліфт” па п’есе Юліі Чарняўскай.
— Адна з апошніх буйных роляў — Бернарда ў драме Лоркі “Дом Бернарды Альба”. Кажуць, што ў балгарскіх рэжысёраў Ёрдана Славейкава і Дзімітра Дзімітрава, што ўвасаблялі праект, быў свой метад работы з акцёрам?
— Адметнасць хоць бы ў тым, што яны працуюць удвух. Адзін табе кажа адно, другі шэпча на вушка іншае. Гэтая роля свайго роду выпрабаванне і фізічных, і псіхічных магчымасцей, таму што супала з пэўнымі ператрусамі ў маім жыцці. Думала, не адолею, бо зашмат энергіі зла, гвалту ў гэтай п’есе і ролі. І тое бянтэжыла, я баялася, каб сябе не разбурыць знутры. А я ж іграла розных нячысцікаў — і бабу Ягу, і Кікімару, але надзяляла адмоўных персанажаў нейкімі добрымі рысамі. А тут — нельга! І тыя, хто памятаў Грыбовіч у ролях народнага альбо камедыйнага, побытавага плану, убачыў яе ў зусім іншым абліччы. Мне далі магчымасць сур’ёзнай унутранай працы па асэнсаванні жыцця і жорсткіх абставін, у якія трапляе чалавек, па ўмацаванні таго стрыжня, які не дае магчымасці разбурыць самога сябе. І зноў-такі адносіны з уласнымі дзецьмі давалі мне магчымасць больш глыбока зразумець гэты вобраз пры ўсёй нашай непадобнасці. Спярша рэжысёры хацелі зрабіць больш авангардны спектакль, і напачатку я так і рэпеціравала, даходзячы да такіх выбрыкаў, што трэба сябе стрымліваць, каб не дайсці да нейкай паталогіі. З цягам часу і з кожным новым спектаклем вобраз крыху змяняўся. І недзе там, дзе я была больш жорсткім суддзёй для свайго вобраза, цяпер знаходжу мякчэйшыя рысы для апраўдання гераіні — там, дзе я адкрываю ў ёй чалавека і яе страх, які нельга паказаць іншым. Некаторыя добра знаёмыя мне гледачы казалі: “Як можна так пераўвасабляцца, гэта ж зусім не ты”. І толькі вочы, пэўна, выдаюць мяне…
— Ведаю, што тваё творчае жыццё не замыкаецца на тэатры. Ты бярэш удзел у шматлікіх фестывалях, імпрэзах, адкрыцці выстаў мастакоў. Нездарма ж атрымала ў свой час ганаровы тытул “Чалавек года Віцебшчыны”.
— Энергіі пакуль што стае. Толькі за апошнія два месяцы правяла мо з дзясятак творчых сустрэч. Клічуць — і я іду! А колькі святаў у цэнтры “Задзвінне” праходзіць з маім удзелам! На працягу некалькіх гадоў была вядучай на фестывалях кавальскага майстэрства, які праводзіўся не толькі ў Віцебску, але і ў Кіеве. Вельмі хацелася б яшчэ раз зняцца ў кіно ў цікавых ролях, у таленавітых рэжысёраў. Засталіся вельмі прыемныя ўспаміны ад супольнай працы з Аляксандрам Мітой, Дзмітрыем Астраханам, Юрыем Марозам...
Фота з архіва тэатра