У“год Мулявіна”

№ 48 (1226) 28.11.2015 - 04.12.2015 г

12 студзеня 2016 года Уладзіміру Мулявіну споўнілася б 75 гадоў. Захады па ўшанаванні легендарнага музыканта былі праанансаваны на прэс-канферэнцыі ў Белдзяржфілармоніі.

Як адзначыла першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга, постаць Мулявіна мае значэнне не толькі для беларускай музыкі, але і для фарміравання нацыянальнага светапогляду ў цэлым. Менавіта таму святкаванне юбілею Маэстра ці не ўпершыню мае стаць падзеяй агульнадзяржаўнага маштабу.

Размаітая праграма мерапрыемстваў пачнецца непасрэдна 12 студзеня, калі на сцэне Белдзяржфілармоніі пройдзе ўжо традыцыйны “Канцэрт у дзень нараджэння”, прысвечаны Мулявіну. Далей свае спецыяльныя праграмы ў гонар Песняра прэзентуюць найлепшыя творчыя калектывы краіны. Прыкладам, Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя Іосіфа Жыновіча зноў прадставіць уласнае прачытанне “Песні пра долю”.

Святкаванне юбілея Мулявіна чырвонай ніткай праходзіць і скрозь творчыя планы Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Фінберга. Знакаміты дырыжор распавёў на прэс-канферэнцыі пра свае сяброўскія стасункі з Мулявіным, якія распачаліся на самым старце ягонай кар’еры і былі абарваныя толькі трагічнай смерцю. Па словах Міхаіла Фінберга, постаць Песняра стане цэнтральнай падчас чарговага фестывалю ў Маладзечне. Ды і на “Славянскім базары ў Віцебску” яму будзе прысвечана адмысловая праграма.

Такама ў планах — фотавыстаўка Юрыя Іванова і Яўгена Коктыша, абнаўленне экспазіцыі музея Мулявіна ў сценах Белдзяржфілармоніі, перавыданне кнігі “Нота лёсу” ды мноства іншых разнастайных захадаў па ўшанаванні памяці.

Што прынцыпова важна, юбілейныя імпрэзы пройдуць не толькі ў Мінску: калектывы запланавалі гастрольныя туры па розных кутках Беларусі. Ды і спектакль Горкаўскага тэатра “Пясняр” таксама адправіцца ў турнэ па дзесяці гарадах...

Ці не ўпершыню ўгодкі з дня нараджэння творцы, які быў нашым сучаснікам, будуць адзначацца на такім узроўні. Без сумневу, гэта станоўчая тэндэнцыя: не трэба чакаць стагоддзі, каб аддаць належную пашану сваім героям ды сказаць ім заслужанае “дзякуй”.