“Адзью” на год адкладаецца

№ 40 (1218) 03.10.2015 - 09.10.2015 г

Вытворца кетчупа для мары Настассі: як дзіцячай мастацкай адукацыі знайсці бізнес- партнёраў?
Без сумневу, гэта зусім нетыповы прыклад дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва. Пару месяцаў таму мінская галерыстка і піяр-менеджар Ірына Бігдай выпадкова пазнаёмілася з маладой выкладчыцай вясковай школы мастацтва Настассяй Забалатнюк. Слова за слова, яна падзялілася сваімі праблемамі: не стае фарбаў, паперы, рамак, яшчэ нечага... Карацей, усяго, апрача жадання зрабіць гэты свет хоць трошкі лепшым. Ірына прасякнулася і вырашыла дапамагчы Настассі ўвасобіць у жыццё яе шчырыя намеры. Дзейнасць прафесійнай піяршчыцы неўзабаве прынесла плён: беларускі прадстаўнік сусветнавядомага брэнда "Heinz" выдаткаваў сродкі на працоўныя матэрыялы ды слодычы для дзятвы, а заадно і на арэнду “бусіка” для журналістаў са сталіцы, каб тыя маглі хоць на дзень акунуцца ў жыццё далёкай ад Мінска вёскі Лужкі. Адгукнуліся, між іншым, не так і шмат выданняў. Для большасці такая тэма — “нефармат”.

/i/content/pi/cult/554/12092/2-1.jpgМаляванне і машыназнаўства

Крохкая ды абаяльная Настасся паклікана натхняць на пранізлівыя радкі не журналістаў, а паэтаў. Выпускніца віцебскага “мастграфа” па ўласнай волі выбрала працу ў Лужках, чым, напэўна, здзівіла нават саміх лужкоўцаў, бо папярэднія заяўкі на размеркаванне падобнага спецыяліста нікога не спакушалі.

Чаму ж яна выбрала? “Бо ў мяне была мара працаваць з сельскімі дзеткамі”. Чаму Лужкі? Бо тут ёсць прыгожы касцёл — між іншым, досыць рэдкі ўзор віленскага барока з фланкуючымі фасад вежамі. А Настасся — практыкуючая каталічка.

Чаму не спакушалі? Адказ таксама навідавоку. З жытлом маладому спецыялісту дапамагла... касцёльная арганістка. І каб не гэтая салідарнасць, уладкавацца дзяўчыне, пэўна, было б няпроста.

— Напачатку мне працавалася складана, — прызнаецца дзяўчына. — Ажно пакуль я не зразумела, што хлапчукам і праўда цікава маляваць машынкі, а не кветачкі. Ды і пастаянны стан лёгкага хаосу, у прынцыпе, можа быць прадуктыўны.

Заняткі праходзяць у класе “для хлапчукоў”. Там размешчаны вялізныя вантробы нейкіх сельскагаспадарчых машын. На ўваходзе так і напісана — “Клас машыназнаўства”. Фізічна ён знаходзіцца ў агульнаадукацыйнай школе, бо ў школе мастацкай, у старасвецкай аднапавярховай камянічцы з мезанінам, для малявання папросту няма месца. Нават калі часова “папрасіць” дырэктара з яго кабінета.

На шчасце, у дадзеным выпадку прыналежныя да розных “епархій” установы здолелі выдатна паразумецца на агульную карысць. І адведзены для для малявання клас выглядае цалкам прыстойна нават па сталічных мерках. Толькі вось вадаправоду няма, хаця ён, канешне, патрэбны. Але дзяўчына спрактыкаваным рухам перакульвае вядро вады ў атавістычны рукамыйнік.

Ружовыя мары аблупіліся

Амаль усе тры гадзіны дарогі ўдзельнікаў прэс-тура “адукоўваў” вядомы гід Алесь Варыкіш, які знойдзе што распавесці, здаецца, пра кожны ўбачаны за вакном кусток. А вось у Лужках ініцыятыву перахапіла маладая жанчына дзелавога выгляду. Напэўна, бібліятэкарка — такой была першая думка. Ды не. Як выявілася, старшыня тамтэйшага сельсавета Таццяна Краснадубская настолькі добра ведае гісторыю сваіх мясцін, што сама здолее правесці грунтоўную экскурсію. Між іншым, на цудоўнай беларускай мове, якой там валодае ці не кожная афіцыйная асоба!

Лужкі па колькасці размаітых адметнасцей трывала ўваходзяць ва ўмоўны топ-5 беларускіх вёсак. У дадатак літаральна ўсутыч месціцца Гарадзец з нядрэнна захаваным сядзібным комплесам Плятэраў. Эмілія там не жыла, але, кажуць, гасцявала. І калі прынамсі палова насельніцтва краіны будзе ведаць, хто яна такая, гэтая мясціна, без сумневу, пераўтворыцца ў папулярны турыстычны аб’ект.

Знешні выгляд сядзібнага дома — выдатны аргумент на карысць мастацкай адукацыі для жыхароў вёскі. Справа ў тым, што мясцовая гаспадарка “з найлепшымі намерамі” пафарбавала частку фасада ў вясёлы ружовы колер. Тэхнічныя патрабаванні забяспечаны не былі, і свежая рошчына (чый хімічны склад наўрад ці ўлічваўся) ужо пачала лупіцца. Агульную карціну дапаўняюць модныя пластыкавыя шклопакеты… Хочацца верыць, што вучні Настассі, калі вырастуць, так рабіць не будуць.

Зрэшты, як трапна адзначаюць неабыякавыя лужкоўцы, шчасце ўжо ў тым, што палац выкарыстоўваецца. Большасць “брыкстайлавых” гаспадарчых пабудоў сядзібы — здатных уразіць як манументальным архітэктурным вырашэннем, так і бездакорнай якасцю яго ўвасаблення ў жыццё — сёння нікім не запатрабавана. Шыкоўны вадзяны млын у Лужках таксама даўно пустуе, і на экскурсію нас туды не павялі: маўляў, аб’ект — праблемны.

— Праблема тут перадусім у тым, што няма каму закрыць шыферам пару дзірак у даху, — як выявілася, начальнік па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры краіны Ігар Чарняўскі вельмі добра абазнаны ў гэтай сітуацыі. — Калі ж такі руплівец не знойдзецца, выдатны помнік прамысловага дойлідства праз лічаныя гады і сапраўды пераўтворыцца ў руіну.

Такую самую, як, напрыклад, лужкоўская сінагога, якую ў дзяцінстве наведваў адраджальнік іўрыту Эліезер Бен-Егуда. Зрэшты, стан ці не кожнага з тамтэйшых помнікаў спадчыны мае свае праблемы — большыя альбо меншыя.

Няспраўджаны кластар

Каб вымаляваць турыстычную перспектыву Лужкоў, неабавязкова мець добрую фантазію. Варта прыгадаць прынамсі колькі відавочных фактараў. Па-першае, самі адметнасці і вядомыя асобы (абавязкова згадайма тут яшчэ пра Драздовіча — які, між іншым, быў наўпростым папярэднікам Настассі, бо ў перадваенны час таксама выкладаў у Лужках маляванне). Па-другое, геаграфічнае становішча: недзе паміж Глыбокім ды Браславам. То бок, гарадамі, якія — хай і не сямімільнымі крокамі — ужо пераўтвараюцца ў турыстычныя цэнтры. У дадатак, зусім побач з Лужкамі месціцца яшчэ адна фенаменальная вёска — Германавічы, і ў сукупнасці яны могуць утварыць такі магутны кластэр размаітых адметнасцей, што турыст не дасць рады іх агледзець за цэлы дзень.

Але пакуль што гэта ўсё мары. Вонкава Лужкі нагадваюць звычайную беларускую вёску — асабліва ў такі пахмурны дзень, які выпаў на наш візіт. На пераўвасабленне банальна няма сродкаў. Паводле бесстаронніх даных Белстата, Шаркаўшчынскі раён трывала прапісаўся ў тройцы самых небагатых на Беларусі. І гэты факт немагчыма абмінуць увагай — ён сам сабою даецца ў знакі.

...На ўроку Настассі дзятва паводзіць сябе жвава ды раскамплексавана. Усе пачуваюцца быццам дома і яўна атрымліваюць задавальненне ад працэсу. Толькі вось, адзін хлопчык затаіўся ў кут, і выраз твару ў яго надта сумны. Як выявілася, бацькі забараняюць яму наведваць студыю — хаця вельмі хочацца. Чаму забараняюць? Пэўна, найперш таму, што сям’я — з ліку “праблемных”. І такіх тут — не адна і не дзве...

Ад Адама і да нядаўняй пары галоўную выхаваўчую функцыю выконвала менавіта сям’я. Цяпер жа ў некаторых выпадках яна не дае з гэтым рады. Адпаведна, грамадская роля школы ўзрастае бязмерна. І ў Лужках, мяркуючы па ўсім, гэты інстытут сацыялізацыі належна спраўляецца са сваёй функцыяй. Там ёсць сапраўдны дэндрарый, зімовы сад, экалагічны музей, а таксама і “ноу-хау” — дзіцячая пляцоўка, кожны элемент якой падпісаны беларускім словам, каб тыя запаміналіся ў працэсе гульні. Яркія колеры фасада, утульныя і дагледжаныя калідоры… Сама атмасфера настройвае на добры лад.

Таму і вучні ветлівыя ды гарэзлівыя — толькі ў меру. Бо, як мяркуе дырэктар школы Ларыса Гараніна, сем’і могуць быць рознымі, а вось дзеці — аднолькава добрыя.

— І аднолькава любяць сваіх бацькоў, якімі б тыя ні былі, — дадае яна.

Пасля нашага прыезду ў школе з’явілася і яшчэ адна цікавостка: галерэя дзіцячых твораў, пад якую была задзейнічана адна са сцен калідора. Належна аформленая, з прыгожымі рамкамі... Добры стымул для кожнага з вучняў! Без сумневу, спонсар недарэмна ахвяраваў для яе свае сродкі.

Падобна, гэтым праектам былі задаволеныя ўсе — і фундатары, і вучні мастацкай школы, і журналісты, і найперш арганізатары. Узнікае толькі адно пытанне: ці будзе ў яго працяг?

Як сведчыць досвед гэтай “разавай” пакуль што акцыі, сродкі для сельскіх устаноў культуры можна шукаць нават у офісах транснацыянальных карпарацый — абы толькі ўмець падаць свае прапановы пад пэўным соўсам (даруйце за непазбежныя ў выпадку з цяперашнім спонсарам алегорыі).

На думку Ірыны Бігдай, дзіцячыя малюнкі могуць удала выкарыстоўвацца ў маркетынгавых стратэгіях ці не любога брэнда: у спажыўцоў яны выклікаюць выключна станоўчую рэакцыю. Ды і многія прадстаўнікі бізнесу зусім не супраць лішні раз засведчыць сваю сацыяльную адказнасць.

Спадарыня Ірына з ходу выдае і яшчэ адну ідэю: чаму б не задзейнічаць той чараўнічы плён дзіцячай фантазіі ў турызме і шчыльна знітаванай з ім вытворчасці сувеніраў?

— Уявіце, быццам ля той ці іншай цікавосткі прадаюць паштоўкі з яе дзіцячымі выявамі, — з ходу падае яна ідэю. — Ці купілі б вы такі сувенір? Я б адназначна набыла.

І такая ідэя, неаспрэчна, вартая, прынамсі, абмеркавання. Толькі вось… Ці бачаць гэтыя перспектывы самі работнікі культуры “на месцах” і ці хопіць у іх кампетэнцыі для рэалізацыі? У скрайнім выпадку, ім ёсць сэнс шукаць падтрымкі сталічных прафесіяналаў, якім неабыякава жыццё па-за межамі мінскай кальцавой дарогі. Няма сумневу, што такія ёсць і лік іх расце.

…Але гэта — толькі першая частка адказу на прыведзенае вышэй пытанне. Бо і новаствораная галерэя, і нават само мастацкае аддзяленне ў Лужках маюць пакуль што даволі няпэўную будучыню. Насстасся Забалатнюк адпрацавала два гады размеркавання і засталася на трэці. Але па яго сканчэнні збіраецца сыходзіць, каб увасобіць у жыццё сваю наступную (пакуль сакрэтную) мару, якую, на жаль, з выкладаннем у Лужках спалучыць немагчыма.

Па словах дырэктара мастацкай школы Юрыя Пазейчука, такая сітуацыя для тых мясцін увогуле звыклая. Зазвычай малады спецыяліст сумленна адпрацоўвае размеркаванне, а потым — гаворыць “адзью”. Прычыны, па якіх ён не пускае тут карані, даволі зразумелыя: заробак, жытло… І пабываўшы ў Лужках, мы яшчэ больш прасякнуліся разуменнем, што ад вырашэння дадзеных праблем шмат у чым залежыць будучыня гэтай патэнцыйна турыстычнай вёскі. Зрэшты, не толькі гэтай.

Мінск — Шаркаўшчынскі раён — Мінск

Фота Дар'і КІРЫЛЕНКА

Аўтар: Ілья СВІРЫН
Галоўны рэдактар газеты "Культура"