Экспартны арт-“шоукейс”

№ 36 (1214) 05.09.2015 - 11.09.2015 г

Як правіла, арганізатары амбітных выставачных праектаў ставяць перад сабой звышзадачу сабраць “самае-самае” — ці то ў актуальным працэсе, ці то ў пэўнай рэтраспекцыі. Вынікі зазвычай атрымліваюцца даволі спрэчныя, бо пытанне, хто ж “самы-самы” адназначных адказаў апрыёры не мае. Дыскусіі пра “табелі аб рангах” шкодныя ўжо хаця б таму, што адцягваюць увагу ад саміх твораў. І як тут не прыгадаць прымаўку “Лепшае — вораг добрага”!

/i/content/pi/cult/550/12005/7-1.jpgВыстаўка. Проста выстаўка

Праект “12 стратэгій” — гэта выстаўка не найлепшага, а проста добрага. Адпаведна, куратары пазбавілі сябе прыемнай ролі суддзяў, абраўшы пэўную (амаль адвольную) колькасць творцаў, кожны з якіх, неаспрэчна, варты ўвагі паасобку, і прадаставіўшы ім магчымасць сябе паказаць. Праігнаравана і яшчэ адна тутэйшая традыцыя: забяспечыць экспазіцыю мажнай куратарскай звышідэяй і напісаць “многабукв” на нейкія актуальныя грамадскія тэмы. У параўнанні з чэмпіёнам у дадзенай намінацыі — нядаўняй інтэрвенцыяй у музей Багдановіча, дзе ў лесе літар губляліся самі творы, — “12 стратэгій” выглядае дзіўным прыкладам рудыментарнай веры ў самадастатковасць мастацтва. Самой назвай ды лаканічнай канцэпцыяй куратары выстаўкі імкнуліся давесці, што ў беларускай арт-прасторы ёсць незалежныя ад павеваў кан’юнктуры і пры гэтым вартыя ўвагі постаці.

Па вялікім рахунку, гэтая выстаўка магла б называцца проста “Выстаўка”. Што, як выявілася, дастаткова, бо дадзенае паняцце ўжо само па сабе абавязвае. Яно азначае нават не пэўную сукупнасць твораў, размешчаных у адным памяшканні, але, так бы мовіць, “гатовы прадукт” — выбудаваную экспазіцыю. І гэта акурат той выпадак.

Канцэпцыя выстаўкі надзвычай удала ўвасобілася ў будынку Цэнтра сучасных мастацтваў, з яго невялічкімі заламі і катушкамі. Асобных памяшканняў хапіла на кожнага з аўтараў. І да кожнай міні-выстаўкі падрыхтаваны тэкставыя “ўводзіны” — невялічкія эсэ сакуратаркі Вольгі Каваленка. Піша яна прыгожа і, што асабліва важна, — менавіта пра аўтараў, а не пра дыскурсы і абстрактныя паняцці.

Стратэгіі ўдзельнікаў аказаліся ў нечым прадказальнымі — у тым ліку, у сваёй непрадказальнасці. Уладзімір Цэслер, вядома ж, выставіў “зэ бэст”, а вось Ігар Цішын, чыя аўтарская практыка чым далей тым болей выяўляе разрыў паміж жывапісам і карцінай, паказаў серыю экспромтных малюнкаў. Максім Пятруль спалучае мінімалістычнасць формы і перфекцыянізм падачы, Жанна Капуснікава, як заўжды, гарэзлівая... Дарэчы, якраз яна падаравала выстаўцы новы хіт — яе “Сон трактарыста”, дзе рэальнасць перагукаецца з ідэальным светам народных маляванак, можа стаць эталонам нашага постмадэрну.

Стратэгія Канстанціна Селіханава — арганічнае спалучэнне неспалучальнага: мадэрнісцкай скульптуры з яе форматворчасцю, і канцэптуалізму, які нівелюе ўсе віды і жанры на карысць ідэі. Гэтым разам пераважыла другое вымярэнне: аўтар стварыў бліскучы новы праект з ужо гатовых твораў. Палову залы займаюць скульптурныя партрэты яго знакамітага дзядулі — Сяргея Селіханава, вылепленыя з натуры падчас творчай камандзіроўкі ў Кітай у 1956 годзе. Гэта твары некалі жывых (а цяпер у большасці выпадкаў забытых) людзей, увекавечаныя ў цвёрдым матэрыяле сапраўдным майстрам. У другой палове — людзі без твараў, знакамітыя абезасобленыя постаці. І тое напружанне, што ствараецца паміж дзвюма часткамі, здатна выклікаць нямала роздумаў ды эмоцый.

Агулам, выстаўка атрымалася ў меру правакатыўнай, у меру рэспектабельнай, у меру інавацыйнай... Разасобленай — і, усё ж, даволі цэльнай. Паглядзець там сапраўды ёсць што, і нават самы агрэсіўны прафан не будзе па яе наведванні абвінавачваць усіх сучасных мастакоў у шарлатанстве.

...Урэшце, варта прыгадаць гісторыю дадзенай ініцыятывы, а яна даволі нязвыклая. Скульптар Максім Пятруль вырашыў зрабіць свайго кшталту шоўкейс беларускага мастацтва для перспектыўнага кітайскага рынку. Пра апошні ён ведае не па чутках — сам там бывае. І ў выніку прыйшоў да высновы, што ў свеце цэніцца не падуладнасць нейкім актуальным трэндам, але найперш арыгінальная аўтарская пазіцыя і стылістыка. За сродкі зацікаўленага спонсара быў аддрукаваны каталог з іерогліфамі. Зладзіць маштабную выстаўку ў Паднябеснай аказалася не надта простай справай — хаця надзея на гэта не страчана.

Цяжка сказаць, як адрэагуюць на гэтую выстаўку кітайцы, калі яна туды дабярэцца. Але ж і ў Мінску гэты, нібыта, “экспартны” прадукт патрэбны не меней — нават пры тым, што ладную частку твораў заўсёднікі ўжо недзе бачылі. Бо такі самы шоўкейс актуальны і для айчыннага гледача, які атрымаў магчымасць скласці пэўнае ўражанне пра беларускае сучаснае мастацтва — і пры гэтым не расчаравацца.

Ілья СВІРЫН


Cтратэгія і... натхненне?

Слова “стратэгія” надзвычай амбіцыйнае і не надта стасуецца са словам “творчасць”. Бо стратэгія мае ў аснове грунтоўную аналітыку, прадугледжвае выразна акрэсленую мэту і паслядоўны рух да яе. А вось мастацкая творчасць — па вызначэнні рэфлексіўная і непрадказальная. Ёсць, зразумела, у творчай справе тэхналагічны і камерцыйны чыннікі, ды ўсё ж даволі цяжка ўявіць творцу, які выбудоўвае карціну ці скульптуру паводле распрацаванага да драбніц плана, папярэдне намаляванага ў галаве чарцяжу. Таму назву “Дванаццаць стратэгій” для выстаўкі, што зараз праходзіць у сталічным Цэнтры сучаснага мастацва, я лічу не надта карэктнай.

Згаданая экспазіцыя прэзентуе нават не тузін канцэпцый развіцця беларускага выяўленчага мастацтва, а творчы патэнцыял групы вядомых у асяродку мастакоў. Рабілася выстаўка для Кітая, а пакуль яе “абкатваюць” на мінскай аўдыторыі.

Скульптары Юрый Анушка, Андрэй Вераб’ёў, Аляксандр Шапо, Максім Пятруль, Канстанцін Селіханаў, жывапісцы Наталля Залозная, Жанна Капуснікава, Зоя Луцэвіч, Леанід Хобатаў, Ігар Цішын і мастак-дызайнер шырокага профілю Уладзімір Цэслер. Дванаццатым, калі меркаваць па каталозе, мусіў быць мастак шматграннага таленту Руслан Вашкевіч, але з нейкіх прычын у гэтай экспазіцыі ягоныя творы адсутнічаюць. На прэс-канферэнцыі куратар выстаўкі Вольга Каваленка, не чакаючы, пакуль журналісты запытаюццца пра крытэрыі адбору ўдзельнікаў праекта, сказала, што гэта справа чыста суб’ектыўная. З вялікага масіву сучаснага беларускага выяўленчага мастацтва куратар вылучыла тых, каго ведае асабіста, з кім ёй лёгка працаваць. Мяркую, акрамя агучанага быў і яшчэ адзін важны ў дадзеным выпадку крытэрый — псіхалагічная сумяшчальнасць мастакоў і візуальная дапасаванасць іх твораў.

Калі выставіць побач, скажам, выяўленчыя рэфлексіі Ігара Цішына і узоры традыцыйнага рэалізму, які шануе публіка, выхаваная на рэпрадукцыях твораў з Траццякоўскай галерэі, дык агрэсіўныя апалагеты рэалізму могуць палічыць, што Цішын з публікі здзекуецца. Між тым, Ігар Цішын — мастак сур’ёзны і у творчым сэнсе адказны. Проста тое, што ён робіць, мусіць нармальна ўспрымацца толькі ў адмысловым кантэксце. У большай ці меншай ступені тое тычыцца і іншых удзельнікаў праекта.

Згаданы вышэй мастак у кантэксце выстаўкі ўвасабляе свайго роду полюс, крайнюю кропку аддаленасці ад выяўленчых стэрэатыпаў. Калі хочаце, “кропку невяртання”. Іншыя мастакі гэтай экспазіцыі не ідуць на радыкальны разрыў з фігуратыўнасцю і прадметнасцю, не пазбаўляюць свае творы асацыятыўнай асновы. Наталля Залозная падкрэслена неахайна малюе звыклыя рэчы і краявіды, у якіх даволі лёгка прачытваюцца прыродныя і архітэктурныя формы. Але праступаюць яны нібыта праз туман. Гэтая акалічнасць прымушае гледача пільна ўглядацца ў карціну, а значыць — шукаць ва ўсім, што атрымліваецца разгледзець, нейкі патаемны сэнс. Работы Зоі Луцэвіч — гэта памежжа жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Тым больш яе ўвесь час цягне выйсці ў аб’ём і зрабіць са сваіх размалёвак прасторавыя кампазіцыі.

Леанід Хобатаў доўжыць стылёвую лінію, распачатую яшчэ напрыканцы 1980-х, пры гэтым усё далей адыходзіць ад вобразаў умоўна рэалістычных да беспрадметнасці. Карціны Жанны Капуснікавай запамінаюцца добрым гумарам і лёгкай іранічнасцю. Змест карціны “Сон трактарыста” яна тлумачыць так: “Трактарыст на хвілінку прылёг пасля абеду. І ўсё гэта яму ці то сніцца, ці то мроіцца, ці марыцца... Ці проста на дыване намалявана”. А намаляваны на дыване, што над ложкам, рай у стылі Алены Кіш з даважкам шэрагу аднолькава прыгожых аголеных дзяўчын… Стылёва жывапіс Капуснікавай нагадвае часопісную графіку — простую і даступную для разумення неспакушанага гледача. Ну а сэнс карцін трэба шукаць не ў выявах, а ў подпісах да іх…

Апошнім часам склалася завядзёнка, што выстаўка без удзелу Уладзіміра Цэслера, бадай, і не выстаўка. Прычым, дзякуючы дасціпнасці вобразаў і высокай якасці выканання творы гэтага мастака і сапраўды пасуюць экспазіцыям самага рознага профілю. Тое, што прадстаўлена тут, знаўцам мастацтва Цэслера збольшага мусіць быць вядомым. Але сабранае ў адной зале, у адзінай візуальнай прасторы ўражвае канцэптуальнай цэльнасцю.

Кожны з прадстаўленых у экспазіцыі скульптараў мае адметны почырк, трымаецца ўласных тэматычных і сэнсавых дамінантаў, паспяхова выбудоўвае уласны вобразны кантэнт. Андрэй Вераб’ёў — мастак, які шчыра прызнаецца: усё, што ён робіць, гэта па сутнасці ягоны аўтапартрэт. І гэту тэзу дэманструе прадметна. Юрый Анушка трансфармуе рэчаіснасць у фантастычную экзотыку. Аляксандр Шапо звяртаецца да рэлігійнай містыкі, каб выявіць найвышэйшы градус чалавечых жарсцей. Максім Пятруль спрабуе звесці шматаблічнасць быцця да першасных форм, з якіх, так бы мовіць, пачынаўся свет. Наколькі выніковымі аказаліся памкненні аўтараў, мусяць вырашаць гледачы…

Экспазіцыя Канстанціна Селіханава вартая асобнай згадкі, бо ўяўляе сабой цалкам самастойны сегмент выставачнай прасторы, звязаны з самой выстаўкай вельмі умоўна. Гэта праект, які складаецца з дзвюх частак. У першай прадстаўлены партрэтныя эцюды, зробленыя дзедам аўтара, скульптарам Сяргеем Селіханавым у 1950-х падчас творчай паездкі ў Кітай. У гэтых творах метафізічныя разуменні “народ” і “грамада” прадстаўлены як сукупнасць канкрэтных асоб, надзеленых унікальнымі рысамі. У другой частцы — работы самога Канстанціна, дзе згаданыя вышэй разуменні прадстаўлены ў форме стандартызаванай масы. Візуальны шэраг дапоўнены тэкстам, у якім аўтар тлумачыць, што ён хацеў сваім праектам сказаць. Твор атрымаўся шматсэнсавы, і цалкам магчыма, што глядач убачыць тое, пра што аўтар і не думаў. Асабіста мне падалося, што згаданы скульптурны праект прапаноўвае паглядзець на адно і тое ж у розным асвятленні і зрабіць высновы: што табе бліжэй, а што адмаўляеш.

Не ведаю, які розгалас будзе мець гэта выстаўка ў Кітаі (калі яна туды даедзе), а вось для нашай сталіцы яна стала падзеяй, вартай увагі. Справа ў тым, што яна насамрэч справакавала пытанне пра наяўнасць у беларускім мастацтве стратэгіі развіцця. Я ж з прагляду зрабіў выснову пра немагчымасць стратэгавання ў сферы, дзе пануюць эмоцыі. Адзінай “стратэгіяй” у дадзеным выпадку будзе не паперашкаджаць мастаку быць самім сабою.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"