“Апостал”, на шчасце, не пацярпеў, але музейны тазік — напагатове...

№ 35 (1213) 29.08.2015 - 04.09.2015 г

Найбуйнейшая музейная скарбонка краіны туліцца ў “прыстасаваных памяшканнях”
Летась мы пісалі ўжо пра “вялікае перасяленне” фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея — самай багатай скарбніцы рухомых гісторыка-культурных каштоўнасцяў нашай краіны. Супрацоўнікі ўстановы тады агучвалі нямала праблем, датычных захавання калекцый, і выказвалі надзеі на іх хуткае і кардынальнае вырашэнне. Праз год мы вярнуліся да гэтай тэмы, папрасіўшы зладзіць для нас экскурсію па музейных “нетрах”, схаваных ад вачэй шараговага наведвальніка.

/i/content/pi/cult/549/11966/1-1.jpgНе лішне нагадаць: экспазіцыя любога музея — толькі бачная для ўсіх вяршыня айсберга. Мяркуйце самі: фонды НГМ налічваюць каля 400 тысяч адзінак захоўвання, і хіба пару працэнтаў з іх выстаўлена ў экспазіцыі альбо задзейнічана ў зменных выстаўках. Адпаведна, усё астатняе — у сховішчах. Ці не кожная з 49 калекцый, размеркаваных па тэматыцы і матэрыялах, вымагае адмысловага рэжыму захоўвання.

Апрача, уласна, будынка з гарматай па вуліцы Карла Маркса, дзе знаходзяцца зборы, якія вымагаюць самай пільнай аховы (зброя, прадметы з каштоўных металаў і гэтак далей), калекцыі раскватараваны яшчэ ў чатырох лакацыях, раскіданых па розных раёнах Мінска. Цягам дня галоўны захавальнік фондаў музея Зоя Кур’янава, у кампанію да якой напрасіліся карэспандэнты “К”, паспела наведаць толькі тры з іх. Але, у выніку, мы пераканаліся, што нязручнасці з лагістыкай тут далёка не самыя галоўныя — асабліва ў параўнанні з іншымі.

Цяжкае паветра паліклінікі

Першы адрас — цокальны паверх “сталінкі” непадалёк ад вакзала. Не толькі кабінеты, але і калідоры ад падлогі і амаль да столі там загрувашчаны разнастайнымі музейнымі артэфактамі. З-пад цэлафану праглядаюцца то каменныя крыжы, то біўні маманта, то драўляны Ільіч  — сімбіёз афіцыёзнай манументалістыкі і народных традыцый разьбярства...

Распакаваць скрыні і зняць цэлафан сёння нельга: не стае плошчаў для таго, каб нармальна выставіць усе прадметы на стэлажы. І гэта нягледзячы на тое, што пад фондасховішча задзейнічаны літаральна кожны метр — нават колішні санвузел, чый інтэр’ер вылучаецца сваёй характэрнай плітачкай.

Да таго ж, няўзброеным вокам відаць, што памяшканне пад фондасховішча “прыстасаванае” (ці, калі зірнуць праўдзе ў вочы і адкінуць канцылярскі стыль, наадварот зусім непрыстасаванае). Некалі там месцілася паліклініка, пра што і сёння нагадваць адмысловыя таблічкі на кабінетах. Натуральна, такая “кватэра” для артэфактаў ад пачатку разглядалася як часовая. Тым больш, музей знаходзіцца тут у прымаках — уласнікам плошчаў з’яўляецца Міністэрства аховы здароўя.

— Арэнду нам кожнага разу працягваюць толькі на адзін год, і калі тэрмін заканчваецца, поўнай ўпэўненасці ў тым, што мы тут застанемся, ніколі няма, — кажа Зоя Кур’янава.

Паліклініка пакінула па сабе і адмысловы “водар”. Альбо гэта ўсяго толькі цяжкае паветра? Я правёў там якія паўгадзіны — і ўжо як найхутчэй імкнуўся “на волю”. А супрацоўнікі ж працуюць цэлы рабочы дзень. Тым больш, у дадатак да фондаў, тут цяпер размешчаны і майстэрні. Рэстаўратар па тканіне Вольга Канаплёва вось ужо не першы тыдзень аднаўляе ўнікальны арнат XVIII стагоддзя, які ўтрымлівае ўстаўку са слуцкага пояса. На кожны сантыметр патрэбна па некалькі дзён карпатлівай працы.

— Дыхаць тут няма чым, і ніякія вентылятары не ратуюць, — кажа яна. — А вокны ж не адчыніш, бо на іх стаяць краты і сігналізацыя…

Па справе яна, на шчасце, ні разу не спрацоўвала, а вось “ілжывая трывога” здаралася не раз. Датчыкі ў гэтым месцы могуць зрэзанаваць нават ад праезду цяжкіх машын. Адпаведна, адказныя супрацоўнікі мусяць быць гатовыя бегчы на працу ў любы час дня і ночы.

Кандыцыянераў не прадугледжана. Як кажа загадчык аддзела рэстаўрацыі Аляксандр Хільман, у сёлетні скнар тэрмометр часам фіксаваў плюс 35 па Цэльсіі, што асабліва даецца ў знакі, калі працуеш з металам. Да таго ж, гэта тэмпература — амаль удвая большая, чым вымагаюць нарматывы для захоўвання калекцый змяшанага тыпу. Паколькі патрэбны рэжым захавання не забяспечваецца, прадметы псуюцца. Прыкладам, саломка (а ў фондах — найлепшыя вырабы народных майстроў) становіцца бляклай і крохкай.

У колішняй паліклініцы знайшла прытулак таксама і музейная бібліятэка. З кнігамі сітуацыя тая самая, што і з экспанатамі: тры чвэрці па-ранейшаму запакаваны ў скрынях, бо для стэлажоў наяўнай плошчы не хапае.

— Некаторыя ў наш век не разумеюць, навошта музею патрэбна свая бібліятэка, — кажа “гаспадыня” гэтага няпрофільнага, здавалася б, актыву Любоў Мяртвішчава. — Але вы паспрабуйце знайсці ў Інтэрнэце кнігі па музейнай справе, што выйшлі ў 1950-х!

Гэтая бібліятэка мае свайго дакладнага адрасата: любы музейшчык альбо даследчык можа знайсці ў ёй карысную літаратуру па методыцы і гісторыі музейнай справы. Агулам у фондах — 22 тысячы асобнікаў. Ёсць і дарэвалюцыйныя выданні, і замежныя… Таму зразумела, што калегі з розных куткоў Беларусі звяртаюцца ў Нацыянальны гістарычны. Але выкарыстоўваць кніжны збор напоўніцу сёння немагчыма.

Самыя каштоўныя кнігі з музейных фондаў — старадрукі — месцяцца сёння ў іншым сховішчы, па сталічнай вуліцы Крапоткіна (пра яго пазней), а ў “паліклініку” трапляюць толькі на лячэнне — рэстаўрацыю. Але, як выявілася, па абодвух адрасах нацыянальныя каштоўнасці падсцерагае адна і тая самая небяспека камунальна-бытавога характару.

/i/content/pi/cult/549/11966/1-2.jpg

Белая рака

У адзін цудоўны дзень вядомы рэстаўратар паперы Андрэй Крапіўка скончыў працу над “Апосталам”, які выйшаў у 1595 годзе ў віленскай друкарні Мамонічаў. Працаваў ён у той самай “паліклініцы”, дзе мае ў сваім распараджэнні чатыры пакойчыкі метраў па дзесяць кожны.

Наогул, такая планіроўка спецыяліста не задавальняе: надта цесна, раскласці працу вялікага памеру ў гэтых катухах немагчыма, каб забяспечыць тэхналагічны працэс, трэба бегаць туды-сюды… А ўлюбёны рабочы стол памерам 2 на 3 метры вось ужо каторы год стаіць прытулены да сценкі ў разабраным стане — куды тут яго ўваткнеш?

Але гэтым разам непрыстасаваныя памяшканні адыгралі папраўдзе чарадзейную ролю.

— Не ведаю чаму, але па завяршэнні работы я ўзяў ды перанёс “Апостала” ў іншы пакой, — апавядае Андрэй Крапіўка. — Як быццам прадчуваў нешта… І тут прыбягае ахоўніца: ды ў вас там белая рака, вада з вапнай! Калі б старадрук застаўся на ранейшым месцы, яго б ужо нічога не ўратавала.

— Нас тут сапраўды анёл-ахоўнік аберагае, — дадае Зоя Кур’янава. — У наступны патоп вада пайшла па цэнтры памяшкання, а стэлажы, што стаялі па баках, засталіся некранутымі.

Як распавялі супрацоўнікі музея, патопы здараюцца ў “паліклініцы” даволі рэгулярна, і здзіўляцца таму не выпадае. Па-над імправізаваным фондасховішчам размешчаны жылыя кватэры. Адсюль і “чалавечы фактар”, і проста разрывы труб. Тым болей, дом прастаяў без капрамонту ўжо не адно дзесяцігоддзе.

— Тут то няма вады, то ідзе іржавая, — кажа Андрэй Крапіўка. — Таму з прамыўкай увесь час узнікаюць праблемы.

Пра сучасную ванну (“як касмічная станцыя”), убачаную падчас замежнай стажыроўкі, рэстаўратар з сусветным імем нават і не марыць. У цяперашніх варунках яна нават і не патрэбная — бо няма куды ўціснуць.

Парніковы эфект

Наступны адрас — апошні паверх Інстытута водных рэсурсаў па вуліцы Славінскага. Тут захоўваюцца архіўныя дакументы, карціны, нацыянальныя строі, фатаграфіі, парцаляна... Музейныя калекцыі пераехалі сюды летась з няіснага ўжо колішняга будынка Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на Кастрычніцкай плошчы. Цягаць вялізныя скрыні давялося доўга, а распакаваць кожную з іх таксама не выпадае, бо месца для стэлажоў бракуе.

Варта адзначыць, што належныя ўмовы захоўвання музейных прадметаў патрэбны таксама і для належнага іх выкарыстання. Па-першае, даследчыкам: лепш адзін раз убачыць цікавы для цябе прадмет, чым сто разоў пра яго пачытаць. Па-другое — для выставак. Нацыянальны гістарычны атрымлівае мноства прапановаў адусюль: Берлін, Масква, Санкт-Пецярбург, Варшава... Як з гонарам распавяла Зоя Кур’янава, часам паважныя музеі нават змяняюць свае планы, каб знайсці месца, скажам, для фота палешукоў і сакуноў Ісака Сербава, бо арыгінальныя артэфакты цэняцца за мяжой надзвычайна.

Але рыхтаваць іх да выставак у сённяшніх умовах складана: у тым ліку, нават і фізічна, бо скрыні надзвычай цяжкія. Даследчыкам (у тым ліку, і замежным) у большасці выпадкаў даводзіцца адмаўляць.

Але галоўны клопат усё ж тычыцца самаго захавання. Як патлумачылі супрацоўнікі, загорнутыя ў цэлафан прадметы могуць пацярпець ад “парніковага эфекту”. І самае дрэннае — няма ніякай магчымасці прасачыць за станам кожнага з іх і прыняць аператыўныя меры. Хаця мала ў каго ўзнікае сумнеў, што шмат у якіх выпадках такое ўмяшальніцтва спатрэбіцца.

Паветра ў калідорах навукова-даследчага інстытута не такое цяжкае, але ж належны клімат-кантроль тут не забяспечваецца, бо памяшканні таксама “прыстасаваныя”. У памяшканні, дзе захоўваецца парцаляна, прылады зафіксавалі сёлета рэкордную адзнаку тэмпературы: плюс 58 градусаў па Цэльсіі. Фігуральна кажучы, гэта амаль тое самае, што 451 градус па Фарэнгейце... Пры мне на табло былі ўжо іншыя лічбы — тэмпература 25 градусаў, і прыблізна такая ж вільготнасць. Пры норме ў 18 градусаў Цэльсія і 55 працэнтаў.

— Ад гэтай сухасці папера літаральна храбусціць у руках, — кажа загадчык аддзела пісьмовых і выяўленчых крыніц Надзея Саўчанка.

А між тым у сховішчах Нацыяльнага, скажам, Трайчанскі архіў, самы ранні дакумент якога датуецца 1547 годам, частка Радзівілаўскага архіву, пергаментныя граматы... У падобных умовах размешчана і калекцыя касцюмаў — у тым ліку, і фрагменты слуцкага пояса. Прагназаваць, якім чынам адаб’ецца на гэтых рарытэтах падобны “рэжым захоўвання”, музейшчыкі пакуль не бяруцца.

— Тканіна становіцца ломкая як папера, — кажа галоўны захавальнік фондаў.

У адным з суседніх памяшканняў — калекцыя жывапісу. Тут і стараабрадніцкія іконы, і паўтары сотні твораў наіўнага мастацтва, і шляхецкія партрэты, і Пэн, і Цвірка... Усё запакавана ў цэлафан і згрувашчана на падлозе.

— А куды мы іх размесцім? — задае рытарычнае пытанне Зоя Кур’янава.

— Плёнка, прынамсі, аберагае карціны ад механічных пашкоджванняў. Зрабілі вось проразі, каб халсціна магла хоць трохі дыхаць. Мы, вядома, разумеем, што захоўваць творы мастацтва ў такіх умовах недапушчальна, але...

Не так даўно ў сховішчах былі ўсталяваны кандыцыянеры, але ж падключыць іх дасюль не атрымалася. Справа ў тым, што будынак — даволі стары, і дадатковага напружання праводка не пацягне. Таму музею давядзецца несці чарговыя выдаткі.

— Зрэшты, кандыцыянер — гэта таксама паўмера, бо належны рэжым захоўвання забяспечыць ён не здатны, — кажа Надзея Саўчанка. І зважаючы на ўбачанае, ахвотна даеш ёй веры. Бо справа тут — не толькі ў тэмпературы.

Музейны тазік

Урэшце, дабіраемся да гмаху на вуліцы Крапоткіна, дзе ў невялічкай “кватэрцы”, бы анахарэт засеў вядучы навуковы супрацоўнік музея Юрый Лаўрык.

Вады ў памяшканні няма, але часам яна трапляе туды зусім не па вадаправодзе. Менавіта таму “гаспадар” калекцыі быў вымушаны абзавесціся ўласным пластмасавым тазікам, і цяпер ён заўсёды стаіць непадалёк ад стэлажоў.

Праз лічаныя дні пасля “перасялення” ў будынак па вуліцы Крапоткіна ў Мінску здарылася магутная залева. 13-ы паверх аказаўся нешчаслівым па цалкам зразумелай прычыне: гэта, лічы, паддашак... Калі вада хлынула ў памяшканне, былі экстрана выкліканы супрацоўнікі музея, які ў той час ужо мірна адпачывалі ў сваіх дамах. Рыхтаваліся яны да найгоршага, але... Ад душы адлягло: старадрукі не пацярпелі! Акурат надоечы калегі з Нацыянальнай бібліятэкі пазычылі для транспарціроўкі адмысловыя скрыні, і менавіта яны ўратавалі становішча.

Ваду хутка прыбралі, але... Калі інцыдэнт ужо быў амаль забыты, на падлозе раптам з’явілася плесня.

— Вільгаць упіталася ў ламінат і праз яго патрапіла ў дывановае пакрыццё і далей на паркет, — распавядае Зоя Кур’янава. — І калі мы выклікалі спецыяліста з Інстытута мікрабіялогіі, яна знайшла ў нас некалькі відаў грыбковых мікраараганізмаў, небяспечных не толькі для паперы, але таксама і для здароўя чалавека.

Музейшчыкам удалася даказаць, што патоп здарыўся па віне ўласнікаў будынка, і таму рамонт быў зроблены іх коштамі. Але з таго часу Юры Лаўрык ніколі не пакідае свайго працоўнага месца ў той вечар, калі сіноптыкі абяцаюць навальніцу. А тазік — заўсёды напагатове.

Дабрацца ў колішні дзіцячы садок у Серабранцы ў той дзень мы ўжо не паспелі, але, як запэўніла Зоя Кур’янава, карціна там прыблізна тая самая. Ізноў жа, “прыстасаванае памяшканне” без намёкаў на клімат-кантроль...

Прагнозы адмыслоўцаў у дадзеным выпадку несуцяшальныя: калі цяперашні статус кво захаваецца і надалей, літаральна за некалькі гадоў музей можа пазбавіцца добрай паловы сваіх каштоўнасцей.

— І гэта абсалютна рэальная ацэнка нашых магчымых стратаў, — як мы пераканаліся, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага Алег Рыжкоў цалкам усведамляе праблему. — Прычым нашы фонды — як правіла, неадзнаўляльныя. Калі сёння на рынку антыкварыята можна знайсці, скажам, узоры мэблі ХІХ стагодзя, дык каштоўныя артэфакты, звязаныя са станаўленнем айчыннай культуры, ні за якія грошы не купіш. Але тыя прадметы, якія неабходна захоўваць ледзь не ў спецыяльных сейфах, сёння мусяць вытрымліваць 50-градусную тэмпературу. Вельмі прыкра, што скарбы, якія збіраліся не адным пакаленнем шчырых заўзятараў і здолелі перажыць войны ды іншыя гістарычныя катаклізмы, могуць загінуць у наш час. Гэта асабліва важна яшчэ і таму, што менавіта фонды музея ў сваёй сукупнасці  — акурат тое, што дазваляе ідэнтыфікаваць беларусаў як самастойную нацыю, якую не зблытаеш з іншымі народамі.

Супрацоўнікі бачаць толькі адно вырашэнне набалелых праблем — будаўніцтва спецыяльнага дэпазітарыя. Алег Рыжкоў перакананы, што часовых варыянтаў тут быць не можа: гэта прывядзе хіба да неапраўданых выдаткаў дзяржаўных сродкаў з мінімальным эфектам. У прынцыпе, пазіцыя зразумелая: каб прыстасаваць “прыстасаванае” памяшканне пад фондасховішча, неабходна ўкласці немалыя грошы. Гэта і краты на вокны, і тыя ж кандыцыянеры, і спецыяльная супрацьпажарная бяспека, якая адсутнічае на ўсіх аб’ектах, і многае іншае.

Яшчэ некалькі гадоў таму Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь агучыў ідэю будаўніцтва адмысловага дэпазітарыя, здатнага змясціць усе фонды Нацыянальнага гістарычнага. Згодна з апошнім даручэннем Кіраўніка дзяржавы, аб’ект мусіў быць уключаны ў дзяржаўную інвестыцыйную праграму на гэты год. Але...

— Праект ужо зроблены працэнтаў на 80, нават месца выдзелена ў раёне вуліцы Ціміразева, — апавядае Алег Рыжкоў. — Аднак на сёння, наколькі мне вядома, работы пакуль спынены. А час працуе яўна не на нашу карысць.

Усе супрацоўнікі музея мараць пра сучасны комплекс, здатны аб’яднаць у адным месцы і ўсе калекцыі, і выставачныя залы, і рэстаўрацыныя майстэрні. Тым больш, ніхто не сумняваецца ў тым, што працы ў рэстаўратараў будзе нямала пасля гадоў туляння па “прыстасаваных” памяшканнях.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ