Калі рамяство, а калі — рукадзелле

№ 29 (1207) 18.07.2015 - 24.07.2015 г

Яўген САХУТА, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці
Сучаснае беларускае рамяство, безумоўна, існуе. Іншая справа, якія віды рамёстваў і ў якім выглядзе можна назіраць.

/i/content/pi/cult/542/11827/12-1.jpgЗ пункту гледжання навукі можна вызначыць тры асноўныя ўзроўні сучаснага беларускага рамяства. Адзін з іх — традыцыйныя рамёствы, якія амаль не змяніліся з часам. Як правіла, яны спалучаюць у сабе і ўтылітарныя, і дэкаратыўныя функцыі. Скажам, некаторыя віды ганчарства, лозапляценне, некаторыя віды ткацтва. Носьбітамі і выканаўцамі гэтых відаў рамёстваў з’яўляюцца майстры старэйшага пакалення, што перанялі традыцыі ад продкаў. Таму на іх мала паўплывалі сучасныя сродкі масавай інфармацыі. Попыт на падобныя вырабы пакуль, на шчасце, існуе.

Другі ўзровень, вельмі пашыраны сёння, — рамёствы і промыслы, якія адаптаваліся да сучасных патрабаванняў. Тым не менш, у іх наўпрост ці апасродкавана яшчэ прасочваюцца традыцыі. Пад гэтую катэгорыю, фактычна, падпадаюць усе віды рамёстваў, якія больш ці менш змянілі характар у адпаведнасці з патрабаваннямі сучаснасці. Найбольш яркі прыклад — сучаснае саломкапляценне, наш нацыянальны феномен, якім мы ганарымся перад светам. На дзіва, салома ёсць паўсюль, але ж вырабы з яе — толькі ў нас.

У сучасным саломкапляценні амаль не выплятаюць таго, што раней. Скажам, у тэхніцы спіральнага пляцення ўжо не робяць саламяны посуд для насыпання збожжа ці мукі. Аднак плятуць тое, што можа быць запатрабаваным, але ў змененым у выглядзе, напрыклад, галаўныя ўборы. Традыцыйны калісьці кампанент мужчынскага строю — капелюшы — сёння перахапілі жанчыны як кампанент святочнай вопраткі ў нацыянальным стылі. Капялюшык ужо стаў больш прыгожым і адмысловым.

Вельмі папулярная зараз саламяная аб’ёмная пластыка змянілася карэнным чынам. Традыцыйна — гэта просценькія фігуркі і дзіцячыя цацкі з двух-трох пучкоў саломы. Сёння ж — фігуры чалавека, жывёлы, птушкі ў натуральную велічыню, якія ўжо не выконваюць тую гульнёвую функцыю, а становяцца выключна дэкаратыўнымі рэчамі. Як бачым, характар саломкапляцення змяніўся непазнавальна, але змест яго застаўся тым жа.

Возьмем выцінанку — выразанне ажурных папяровых узораў. Некалі выцінанкамі былі фіранкі на вокнах, сурвэткі на стол. Сёння — гэта твор станковага характару, які можа вырашаць розныя тэмы выяўленчага мастацтва, з глыбокім філасофскім зместам: амаль раздзел графікі. Які від традыцыйнага рамяства не возьмеш, сённяшнія майстры адаптуюцца на сучаснасці, але ж мы, навукоўцы і даследчыкі, імкнемся іх скіроўваць і трымацца традыцый. Толькі ў такім выпадку гэта будзе лічыцца традыцыйным беларускім рамяством, а не проста нейкім відам рукадзелля.

Трэці ўзровень рамёстваў ніякіх адносін да традыцый не мае. Гэта, як кажуць, — вольная аматарская творчасць. Ад яе таксама нікуды не падзенешся, бо рукадзеллем сёння займаюцца многія: гэта сродак баўлення часу, але многае запатрабавана ў побыце, у мастацтве. Ды гэта ўжо тыя рэчы, якія не звязаны з класічнымі ўзорамі і нашым Саюзам майстроў народнай творчасці.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст