Адарванасць і мы

№ 25 (1203) 20.06.2015 - 26.06.2015 г

Акрэслю спачатку гэтае незамяцінскае “мы”, узростава і геаграфічна. “Мы” ў дадзеным выпадку — гэта я і мае аднагодкі-суайчыннікі, якія нарадзіліся і выраслі ў вялікіх беларускіх гарадах. Мне зараз 22 гады, і ўсё жыццё я пражыла ў Мінску.

/i/content/pi/cult/538/11724/4-1.jpgА цяпер пра тое, што я адкрыла для сябе толькі пасля таго, як стала працаваць у рэдакцыі газеты “Культура”. Гэта быў сапраўды “across the Universe”, калі я даведалася, што ганчары, ткачыхі, кавалі — зусім не казачныя персанажы са старонак кніг, а рэальныя людзі, якія прафесійна займаюцца сёння сваёй справай. Я дазналася, што цягам года па ўсёй краіне праходзіць шэраг фестываляў, прысвечаных рамяству і фалькларыстыцы, што сёння шмат неабыякавых людзей у сферы культуры, што збіральнікі і адраджэнцы аўтэнтычнасці дзейнічаюць і цяпер. Канешне, такія познія адкрыцці можна спісаць на інтэлектуальную абмежаванасць майго пакалення — і прасцей за ўсё зрабіць гэтак. Але ж рэальнасць такая, што мы — прадстаўнікі гэтага пакалення, — валодаючы каласальным аб’ёмам патрэбных і не зусім ведаў, дасведчаныя ў апошніх падзеях у свеце, зусім не ў курсе таго, што адбываецца па-за межамі нашых шумных і тэхнічна ўдасканаленых гарадоў.

Дзякуючы рэдакцыйным паездкам, атрымалася паглядзець на Беларусь, на тое, як і чым жывуць нашы людзі ў іншых гарадах, маленькіх і даволі буйных, мястэчках ды вёсачках. Я сапраўды з гэтым ніколі раней не сутыкалася, бо нават у вёсцы свайго прадзядулі была паўтара разы ў дзяцінстве і пад пільным назіраннем з боку старэйшых. Аказалася, што дзеці з раённых цэнтраў, скажам, вельмі адрозніваюцца ад тых жа сталічных. Талачынскія ведаюць, што такое сапраўдны народны тэатр, бабруйскія трымалі ў руках гліну, слуцкія, канешне ж, на “ты” з ткацкім станком. Мінск таксама мае свае "плюсы": можна аддаць свайго атожылка хоць на вывучэнне кітайскай мовы, хоць на асвойванне габоя, хоць на курсы камп’ютарнага праграмавання — лішнім усё гэта не станецца. Але што пакіне такое дзіцё ў сваім сэрцы пра родны край і з якімі думкамі аб радзіме ўступіць у дарослы свет?

Яшчэ адзін ракурс: запытала некалькі тыдняў таму дзяўчынак з аднаго беларускага горада пра тое, ці пойдуць яны на мясцовы фестываль гэтымі днямі, ці стануць яго гледачамі або нават удзельнікамі, ці чакаюць яны, урэшце, наступлення тых святочных выхадных? І ведаеце што? Яны яшчэ хвіліну спрабавалі ўцяміць, пра што я ўвогуле вяду гаворку! Атрымліваецца, некаторыя фестывальныя фарматы і дзеі — не дужа цікавая прапанова для нашай моладзі. І ў гэтым віна не толькі маладога пакалення, якое чагосьці там не ведае альбо не хоча ўспрымаць. Гэта праблема няведання і нецікавасці, якую трэба вырашаць разам, сумесна з дзецьмі і падлеткамі, даследуючы, што — патрэбна, што ім падабаецца, а што — не.

Нашы шматлікія мерапрыемствы, фестывалі маюць вельмі абмежаваную публіку, чый склад не змяняецца дзесяцігоддзямі. З аднаго боку, сталасць — добрая рыса, але з іншага — трэба ж пашырацца, прыцягваць да сябе ўвагу, кантактаваць з рознымі людзьмі, у тым ліку — з моладдзю, у тым ліку — з гарадской.

Яўген Сахута ў нашай нядаўняй гутарцы адзначыў, што не хапае ў такой справе рэкламы: забяспечыць яе вельмі складана і затратна. Але ж калі з такім пытаннем звярнуцца да шараговага падлетка, ён скажа: сёння выкарыстоўваць папяровыя аб’явы, флаеры, нават аб’явы па тэлебачанні і радыё — дорага і не зусім эфектыўна — лепш звярнуцца да магчымасцей Інтэрнэту. І я ўпэўнена, амаль што кожны з нас гатовы дапамагчы ў папулярызацыі той ці іншай беларускай з’явы прынамсі ў Сеціве, бо нам гэта не складана, нават прыемна, а таксама пазнавальна. І тады мо і знікне тая адарванасць, якая існуе сёння, не будзе інфармацыйнага вакуума. Тады людзі даведаюцца, што адбываецца ў іншай мясцовасці, а дарослыя і тыя, хто іх “даганяе”, займеюць нешта агульнае, важнае, сапраўды каштоўнае і наша роднае.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст