Прэмія Саюзнай дзяржавы

№ 22 (1200) 30.05.2015 - 05.06.2015 г

Кульмінацыі чакаюць шасцёра
26 мая сталі вядомыя намінанты на прэмію Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва. Экспертны савет пры Пастаянным Камітэце Саюзнай дзяржавы ў наступны тур з дзесяці прапанаваных праектаў абраў шэсць найвыбітных, чатыры з якіх — менавіта ад Рэспублікі Беларусь.

На прысуджэнне прэміі зараз вылучаны помнік Свяцейшаму Патрыярху Алексію II творчага аўтарскага калектыву ў складзе архітэктара, настаяцеля Усіхсвяцкага прыхода ў г. Мінску Фёдара Повнага, скульптара, прафесара, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, члена ГА “Беларускі саюз мастакоў”, ганаровага члена Расійскай акадэміі мастацтваў Уладзіміра Слабодчыкава, архітэктара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Ігара Марозава.

Прэтэндуе на прэмію цыкл патрыятычных песень, якія апяваюць братэрства народаў Расіі і Беларусі (да 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне), кампазітара, народнага артыста СССР, народнага артыста Беларусі, старшыні ГА “Беларускі саюз кампазітараў”, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва Ігара Лучанка.

Экспертны савет прапанаваў для далейшага разгляду на атрыманне прэміі намінаваныя канцэртныя праграмы Нацыянальнага акадэмічнага народнага хора Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча, актыўную гастрольную дзейнасць пад кіраўніцтвам дырыжора, народнага артыста Беларусі, мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора дзяржаўнай установы “Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча”, старшыні ГА “Беларускі саюз музычных дзеячаў”, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міхаіла Дрынеўскага.

У шасцёрку намінаваных праектаў увайшоў музычны альбом “Дзе каліна цвіла” аўтарскага калектыву выканаўцы, народнага артыста Беларусі, мастацкага кіраўніка Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля “Сябры” адасобленага структурнага падраздзялення “Белканцэрт” установы “Беларуская дзяржаўная ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга філармонія” Анатоля Ярмоленкі, кампазітара, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, члена ГА “Беларускі саюз кампазітараў”, уладальніка спецыяльнага дыплома Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы за творчае ўвасабленне ідэі Сяброўства народаў Беларусі і Расіі Алега Елісеенкі, паэта, члена ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, уладальніка літаратурнай прэміі “Залаты купідон” ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Івана Юркіна.

Ад Расійскай Федэрацыі на прэмію намінаваны: песні “Олеся”, “Завалинка”, “Глухариная заря”, “Печки-лавочки”, “У Криницы”, “Москва за нами”, “Родная деревня”, “Город-городок” кампазітара, народнага артыста Расійскай Федэрацыі Алега Іванова і праект “Песни военных лет” дырыжора, народнага артыста СССР, мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага сімфанічнага аркестра імя П.І. Чайкоўскага Уладзіміра Федасеева.

Чарговы этап вылучэння адбу-дзецца ў верасні 2015 года, тады ж назавуць трох прэтэндэнтаў, якія пройдуць у фінал. Апошняе слова адпаведна палажэнню аб дадзеных прэміях будзе не за Экспертным саветам, дзейнасць якога носіць рэкамендацыйны характар, а за Вышэйшым Дзяржаўным Саветам Саюзнай дзяржавы. Пераможцы будуць аб’яўлены напярэдадні Дня яднання народаў Беларусі і Расіі і ўзнагароджаны на Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” летам 2016 года. Яны атрымаюць грашовыя прэміі ў памеры 5 мільёнаў расійскіх рублёў кожная, а таксама дыпломы, ганаровыя знакі, пасведчанні і пачэсныя званні лаўрэатаў прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва.

Па прызнанні Экспертнага савету, выбіраць лепшых сярод лепшых — задача неверагодна складаная. Працэс ідзе павольна, па прынцыпе грунтоўнага і пільнага адбору. Вялікае значэнне і каштоўнасць маюць экспертныя меркаванні аўтарытэтных дзеячаў беларускай і расійскай культуры, мастацтва, навукі, міністэрстваў і ведамстваў. Сёлета ў склад Савета ўваходзяць Іван Бамбіза, Міхаіл Баразна, Юрый Гільдзюк, Аляксандр Яфрэмаў, Сяргей Кавальчык, Вольга Жукава, Наталля Красачка, Юрый Палякоў, Яўген Сцяблоў і іншыя. Сустаршынямі Савета з’яўляюцца статс-сакратар, намеснік Міністра культуры Расійскай Федэрацыі Рыгор Іўліеў і першы намеснік Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга. На прэс-канферэнцыі для журналістаў 26 мая Ірына Уладзіміраўна зазначыла, што імёны пераможцаў (або калектываў пераможцаў) будуць да апошняга трымацца ў сакрэце і што гэта дапаможа захаваць інтрыгу ды інтарэс да падзеі.

Як адзначана на сустрэчы са СМІ, агульная карціна ад пададзеных заявак сведчыць пра тое, што прэтэндэнты на атрыманне прэміі і іх творы з кожным годам становяцца ўсё больш моцнымі. Але сама колькасць удзельнікаў не надта высокая (пададзена ўсяго 10 заявак з дзвюх краін). Вольга Жукава, намеснік дырэктара Дэпартамента міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, у сваім кароткім выступленні заклікала творчыя саюзы актывізавацца і ў наступныя гады не ўпускаць тых магчымасцей, якія дае дадзеная прэмія.

Што ж, будзем чакаць імёнаў тых намінантаў, якія стануць пераможцамі прэміі 2015 — 2016 гг., а пакуль застаецца сачыць за развіццём па-дзей, аналізаваць інфармацыю пра тое, каго з прэтэндэнтаў асабліва ахвотна падтрымае грамадскасць, меркаванне якой таксама ўплывае на рашэнне суддзяў.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст