Прастора і плюшч

№ 12 (1190) 21.03.2015 - 27.03.2015 г

У многіх установах культуры, дзе даводзіцца бываць журналістам "К", як мантру паўтараюць, апроч тэмы нізкіх заробкаў: “Нам бы памяшканні, каб разгарнуцца…”. Прычым не стае прасторы бібліятэкам, клубам, школам мастацтваў, цэнтрам рамёстваў.

/i/content/pi/cult/525/11357/4-1.jpgМне падумалася, а ці шмат яе, той прасторы, карыснай ва ўсіх сэнсах плошчы, патрэбна для творчасці? Гэтым пытаннем я задалася пасля наведвання Квасыніцкага цэнтра рамёстваў пад Слуцкам. Установа абслугоўвае багата школьнікаў з вакольных паселішчаў, а таксама аб’ядноўвае дарослыя рамесніцкія сілы. Будынак установы немаленькі: панэльны, аднапавярховы, налічвае некалькі памяшканняў пад класы-майстэрні, а таксама кабінет дырэктара і прахадныя пакоі ды калідоры. Апошнія выкарыстаны прагматычна: з іх атрымаліся выставачныя галерэі. Праходзячы, не абмінеш рукачыннай прыгажосці. А дэманстраваць у Цэнтры рамёстваў ёсць што!

Па прызнанні дырэктара ўстановы Наталлі Матусевіч, плошчаў бракуе асабліва для захоўвання работ. Па сутнасці, некаторыя ж з іх становяцца ўзорнымі для новых пакаленняў навучэнцаў, экспанатамі для выставак. Дарэчы, цэнтр ужо спазнаў пераезд: сённяшні будынак выдзелілі ўстанове з дзясятак гадоў таму, як больш зручны і прасторны. І майстры яго хутка асвоілі ды ўпарадкавалі на свой лад.

Такое “разрастанне” нагадвае мне прыроду паводзін плюшча. Не атрутнага, крый божа, а вечназялёнага і пяшчотнага. Нездарма плюшч быў улюбёнай раслінай аднаго з найвядомых мастакоў у гісторыі — Ван Гога. Апошні, як вядома, працаваў, змагаючыся з нястачай. Тым не менш, майстар пакінуў па сабе такую спадчыну, што кожнаму музею, прынамсі, хопіць па карціне.

Прыклад для таго, каб зразумець: дык ці з’яўляюцца камфорт, дадатковыя метры і грошы гарантамі прадуктыўнасці ў галіне культуры. А тым часам усё часцей чуеш ад работнікаў сферы скаргі менавіта на гэты, побытавы, бок іх дзейнасці. Ды складанасці такога парадку, мяркую, могуць прывесці не да стагнацыі, а да мабілізацыі творчых сіл і здольнасцей. І — да прыкметных вынікаў. Цесна ў памяшканнях? Можна выйсці ў прастору іншай установы, на прадпрыемства, на вуліцу са сваімі праектамі. Але ж, з іншага боку, не культываваць жа беднасць устаноў у рэгіёнах як норму і прынцып дзеяння… Карацей, цікава было б пачуць меркаванні і ад чытачоў…

Аднак нярэдкія і такія выпадкі, калі (цяпер не пра Квасынічы) проста не разумееш, што менавіта зойме гэтае чаканае “свята месца”, у чым арыгінальнасць установы, якая ўсё патрабуе і патрабуе чагосьці, скардзіцца ды скардзіцца. Вось чым выстаўка ў гіпатэтычнай музейнай зале № 2, якая так патрабуецца, будзе якасна адрознівацца ад экспазіцыі ў зале № 1? Або няўжо памяшканне меркаванай новай “чыталкі” ў бібліятэцы станецца запатрабаваным за кошт правядзення чарговай кніжнай выстаўкі? Не заўсёды бачыш выразны вынік і навацыі ў бягучай дзейнасці, далёка не заўжды здзіўляюць арыгінальнасцю планы работы на перспектыву, нават фантазійна-аддаленую, дзе ўжо, падаецца, можна разысціся і панабудаваць праектаў. Ды і інвестар пагодзіцца размаўляць толькі тады, калі перад ім пакладуць канкрэтны бізнес-план. Ці хаця б які-небудзь план. А так спрацоўваюць хіба “дацкія” нагоды па спансіраванні з “дацкай” жа "абавязалаўкай" на выхадзе.

Так, у нашых рэаліях неабходна прыцягваць увагу, натхняць і пераконваць спонсараў ці дзяржаўныя інстытуцыі: нічога, настолькі ж каштоўнага, як культура ў якасці складніка ідэалогіі, не знайсці. А калі не атрымоўваецца абгрунтаваць праект, дык мо варта выдаткаваць больш часу на падрыхтоўку свежай задумы. А ўрадлівая творчая глеба ды мастацкі клімат, можа, і не такія ўтапічныя, як падаецца? Тым больш, што метафарычны плюшч не такая ўжо і патрабавальная расліна. Яму ж патрэбны здаровы корань, правільны кірунак росту і надзейная апора. Як гэты працэс нагадвае культурнае станаўленне і развіццё...

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст