Выключна горад

№ 8 (1186) 21.02.2015 - 27.02.2015 г

Археалагічны музей Мінска: канцэпцыя з улікам падмуркаў
Археалогія — навука, пакліканая адказваць на гістарычныя пытанні і раскрываць сакрэты. Тым часам Археалагічны музей у Мінску з’яўляецца пакуль не самай зведанай кропкай для гараджан і гасцей нашага старажытнага горада. Пра тое, што адбываецца ва ўстанове культуры па адрасе вуліца Кірылы і Мяфодзія, 6, які курс абраў малады музей і па якім прынцыпе ён працуе, апавядае вядучы навуковы супрацоўнік Музея гісторыі горада Мінска Лідзія МАРКОВІЧ.

/i/content/pi/cult/523/11291/13-1.jpg

Месца і прадметы

— Насамрэч, музей сябе яшчэ шукае. Пакуль падрыхтавана само памяшканне. А ўнікальнай асаблівасцю з’яўляюцца аўтэнтычныя падмуркі, выяўленыя археолагамі Інстытута гісторыі НАН, у прыватнасці, Юрыем Каласоўскім, у 2007-м годзе пад час вывучэння гарадскога квартала ў Верхнім горадзе і непасрэдна — на тэрыторыі колішняга мужчынскага бернардзінскага манастыра.

Мы ведаем, што выяўленыя мураваныя падмуркі — адна з манастырскіх гаспадарчых пабудоў, якія змяшчаліся на камянях і цэгле. Тады, відаць, для эканоміі матэрыялаў скарыстоўвалася арачная тэхналогія, здольная ўтрымаць лёгкую пабудову. Але (да такой высновы прыйшлі археолагі) праект так і не завершылі. Больш за тое: ён не нанесены ні на адзін план манастыра! Вось так знаходка падштурхнула праекціроўшчыкаў да ідэі забудовы квартала на дадзенай тэрыторыі. Было вырашана стварыць тут музей, прывязаўшы яго да гістарычнай мясціны і напоўніўшы прадметамі раскопак, якія маюць дачыненне да наваколля. Таму самае цікавае наперадзе: напаўненне вітрын экспанатамі.

Сярод апошніх — прадметы, наўпрост звязаныя з побытам гараджан Мінска (асабліва — ХVI — ХVIІІ стагоддзяў), тыя рэчы, што калісьці выкарыстоўваліся ва ўжытку. Калі гэта абутак, то стане відавочна, хто і як яго насіў, дзе на ім ставілі латы. Калі гэта дрэва, то мы прадставім незвычайныя культурныя і побытавыя прадметы. Напрыклад, нашым рэстаўратарам удалося сабраць дзверы пабудовы з культурнага пласта ХVIІ — ХVIІІ стагоддзяў, а таксама асобныя драўляныя ёмістасці (кадушкі, бочку). Маем і вялікую калекцыю драўлянага посуду (лыжкі, талеркі). Ёсць нават драўлянае верацяно. Калі казаць аб прадметах са скуры, гэта могуць быць накладкі, з металу — ключы, замкі, нажы, нажніцы, а таксама дэкаратыўныя элементы. Пахваліцца можам і вялікай калекцыяй керамічных вырабаў: посудам, кафляй, цэглай.

Тэма і крыніцы

— Тэма даследаванняў — Верхні горад Мінска. Да ўсяго, сучасны Верхні горад амаль перадае тое, як Мінск выглядаў у эпоху свайго росквіту — на пачатку ХІХ стагоддзя. Адпаведна, вялікі тэматычны блок, што закранае музей, — забудова дадзенага гарадскога квартала і манастыры, якія рабілі ўнікальным аблічча Верхняга горада цягам стагоддзяў. Калі адчуем недахоп археалагічных прадметаў, будуць выкарыстаны планы або макеты будынкаў, якія не захаваліся. Маю на ўвазе той жа Дамініканскі кляштар. Урэшце, захаваны, няхай і нязначныя, фрагменты пліткі з манастырскай падлогі: можна выкласці нейкі сюжэт з частак, і ён будзе адгадвацца. Дзесьці нам дапамогуць пісьмовыя крыніцы. Хутчэй за ўсё, іх копіі або муляжы закажам у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.

Пры гэтым музей сёлета адзначыць першую круглую дату — пяцігоддзе, але яго калекцыя ўжо шырокая. Асноўную частку фонду перадаў археолаг Сяргей Тарасаў, які праводзіў работы на Нямізе, дзе сёння размешчаны гандлёвы цэнтр (Няміга, 3). Невялікую колькасць прадметаў з раскопак тэрыторыі мужчынскага бернардзінскага кляштара атрымалі на часовае захоўванне ад Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Прычым на працяг супрацы з апошнім мы вельмі спадзяёмся: яго спецыялісты праводзілі раскопкі і на гэтай плошчы. Магчыма, яны таксама перададуць свае калекцыі, што будуць прадстаўлены ў Археалагічным музеі. Дый першапачатковая ідэя праекта палягала ў тым, што выяўленым прадметам не месца ў запасніках, — іх варта дэманстраваць у музеі, тым самым паказваючы гісторыю як канкрэтнага месца, так і засяроджваючы ўвагу на гісторыка-культурных аб’ектах, каштоўнасцях сталіцы.

Самыя “дарослыя” экспанаты адносяцца да старажытнарускага перыяду. Матэрыялы ж ХІІ стагоддзя былі знойдзены і проста вось тут. І адкрыццё паслужыла падставай для маштабных археалагічных даследаванняў.

Выстаўка і аб’ём

— Паколькі музей сябе шукае, прынялі выстаўку, каб ужо можна было знаёміцца з гэтым месцам. Таму мы падбіралі сённяшнія экспанаты не выпадкова, хацелі: каб яны ўпісаліся ў гэтыя падмуркі, ва ўнутраную архітэктуру ды інтэр’еры музейнага памяшкання. Таму і спыніліся на выстаўцы даспехаў ваяроў XVI стагоддзя еўрапейскіх армій. Гэта, канешне ж, рэканструкцыі, але вельмі дакладныя, зроблены майстрам з Магілёва Сяргеем Нурматавым, які прадаставіў нам дзесяць камплектаў кераціраў і рэйтараў, воінаў-наймітаў. Налічвалася іх па Еўропе каля сямі тысяч. Цікава, што пазней сяляне, што жылі непадалёк ад месцаў баёў, з замкаў і равоў бралі дэталі даспехаў і выкарыстоўвалі для вырабу сельска-гаспадарчых прылад…

Экспазіцыя дапоўнена фрагментамі даспехаў: сабатонамі, якія абаранялі ногі, латнымі рукавіцамі, копіямі ды рэканструкцыямі зброі — і той, што коле, і той, якая сячэ. Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займаюць два "чорныя" коннiкi — рэйтары, якія атрымалі сваю назву з-за даспехаў. Яны стаяць у два шэрагі — так, як калісьці выступалі і ішлі ў бой. Тактыка называлася “слімак”, або “карусель”. Асаблівасцю гэтага роду войскаў было тое, што яны скарыстоўвалі агнястрэльную зброю. Вага даспеха чорнага вершніка была каля 50 кілаграмаў — з-за патаўшчэнняў, якія палягчалі ўдары.

Вядома, думаем і над новым выставачным праектам: тут павінна быць аб’ёмная альтэрнатыва, бо памяшканне — вялікае. Ну, і каб усё ўпісвалася ў руіны ды не ўступала ў дысананс з архітэктурай будынка.

Праменад і чарга

— Наш музей з’яўляецца структурнай адзінкай, адной з экспазіцый Музея гісторыі горада Мінска. А вялікі музей сёння пайшоў па шляху выяўлення кропак, звязаных з канкрэтнымі падзеямі ў летапісе горада: розныя храналагічныя этапы ды старонкі гісторыі ў будынках і помніках. І таму музей, з аднаго боку, прыцягвае ўвагу да пэўнага аб’екта, а з іншага — знаёміць з яго мінуўшчынай, кантэкстам ды антуражам.

Паколькі мноства помнікаў знаходзіцца тут, у Верхнім горадзе, атрымліваецца музейны праменад, які можна здзейсніць, пачаўшы знаёмства ў Ратушы, найбольш старажытнай па звязаных з ёй гістарычных падзеях, потым можна прайсці да “Карэтнай”, нашай экспазіцыі, далей на шляху — сядзіба ХVIII стагоддзя (цяпер — Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага). Ну, і выставачная зала на вуліцы Рэвалюцыйнай. Яшчэ адзін аб’ект, які чакае сваёй чаргі на рэалізацыю, — Музей мінскай конкі. Паколькі адзін складнік экспазіцыі мы ўжо зрабілі (гаворка — пра “Карэтную”, што знаёміць з гісторыяй коннага прыватнага транспарту жыхароў Мінска ХІХ — ХХ стагоддзяў), лагічным працягам стане разгляд грамадскага транспарту.

Наведвальнік і мультымедыя

— Абавязковае патрабаванне да кожнага музея — гэта цікавасць гледача любога веку і падрыхтоўкі. Скажам, наша бягучая выстаўка — прывабная нават для маленькіх наведвальнікаў. Яны не складаюць асноўны кантынгент гасцей, але, тым не менш, за кошт магчымасцей прымерыць нейкія прадметы, сфатаграфавацца на фоне даспехаў увага дзятвы гарантавана! Урэшце, самі даспехі для многіх — гэта нешта рамантычнае, таму на іх заўсёды хочацца паглядзець. І асноўны наведвальнік нашага музея зараз — сем’і: і дарослым цікава, і дзецям падабаецца.

Мы здзіўлены прытокам гасцей, якія сюды завітваюць. Месца цудоўнае, але, на дзіва, малавядомае. Многія прыходзяць і кажуць: жывём у Мінску, а ўпершыню бачым гэтыя мясціны праз прызму гісторыі… Немалы наплыў і турыстаў, магчыма, дзякуючы гатэлям 
вакол...

Фота аўтара

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст