У чым “разбіраюцца ўсе”?

№ 8 (1186) 21.02.2015 - 27.02.2015 г

Ганна КІСЛІЦЫНА, літаратурны крытык, супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Што раздражняе ў сучаснай журналістыцы, дык гэта тое, што ёю можна займацца не выходзячы з кватэры. Радыё, тэлевізар і асабліва Інтэрнэт ператварылі ўсіх не проста ў сведкаў, знаўцаў, але і ў эрудытаў. Чалавек можа атрымаць доступ практычна да любой інфармацыі, якую дастаткова насыціць уласнымі эмоцыямі, і — вуаля: матэрыял гатовы! Асабліва гэта датычыцца так званай культурнай журналістыкі, дзе сустрэць прафесіянала — рэдкая ўдача…

/i/content/pi/cult/523/11270/5-1.jpgМенавіта пра гэта думалася мне на сустрэчы рэдакцыі газеты “Культура” з чытачамі (яна ж — снежаньская “Развіртуалізацыя № 1 у Музеі Янкі Купалы”). Я даўно ведала імёны Барыса Крэпака, Пётры Васілеўскага, Надзеі Бунцэвіч, Яўгена Рагіна, Алега Клімава, Ільі Свірына… Не першы год чытаю іх тэксты, любуюся тым, як умеюць яны на старонках газеты ўзнімаць вострыя пытанні, застаючыся пры гэтым далікатнымі і аб’ектыўнымі, а цяпер вось пабачыла некаторых з іх на свае вочы. Кожны з іх гаварыў як быццам бы сваё і пра сваё, але на фоне іншых удзельнікаў сустрэчы яны вылучаліся агульнай ды непахіснай верай у тое, што газета робіцца не столькі для жыхароў сталіцы, колькі для тых, хто жыве ў невялікіх гарадах і вёсках. Трэба прызнаць, мяне гэта па-добраму ўразіла.

Перада мной аказаліся людзі, якія былі нібы пазбаўлены нейкіх амбіцый. Кожны раз, калі нехта з запрошаных гасцей прамаўляў слова “піяр”, яны пачыналі махаць рукамі, быццам разганяючы нябачных надакучлівых мух… Затое з задавальненнем расказвалі, хто іх чытач, чаго ён хоча, на што спадзяецца. Яно і не дзіва: журналісты “Культуры” — ці не апошнія прафесіяналы, якія пішуць матэрыялы, абапіраючыся на рэальныя сустрэчы ды канкрэтныя падзеі! Шчыра кажучы, не ўяўляю, хто лепш за іх арыентуецца ў культурным жыцці краіны.

Я глядзела на іх і думала: а што, уласна, трымае іх у газеце? Працаваць тут даводзіцца шмат, як і ездзіць. і пры гэтым атрымліваць зусім не шыкоўны заробак бюджэтніка… Не сакрэт, што цяпер ганарары буйных парталаў нашмат большыя, чым у дзяржаўнай газеце. І чытачоў там у разы больш. Да таго ж ёсць магчымасць пісаць пад сотнямі псеўданімаў, выпускаючы ў дзень па дзясятку “інфармашак”, абапіраючыся выключна на прэс-рэлізы. Нашто глядзець, аналізаваць, губляць час?

Хочацца спадзявацца, такая пошасць датычыцца толькі сферы культуры, у якой, як і ў літаратуры, “разбіраюцца ўсе”! Пры гэтым, як справядліва адзначылі на сустрэчы з рэдакцыяй, у паловы сённяшніх тэлежурналістаў, якія распавядаюць пра культуру, праблема з ведамі выяўляецца ўжо хаця б у тым, што яны не ведаюць значэння элементарных слоў, не кажучы ўжо пра вымаўленне замежных імёнаў, якія павінны быць знаёмыя любому больш-менш адукаванаму чалавеку. Між тым, не раз бачыла, як людзі без аўтарытэту ды імені выстаўляюць у сацыяльных сетках свае рэзюмэ: “Пайду начальнікам, зарплата — ад 1000 у.а.”. І самае смешнае, што яны знаходзяць працу, бо сучасныя рэдактары медыя-пляцовак любяць маладых-амбітных…

Нядаўна на сайце Mediakritika.by давялося прачытаць, што рэдактары “топавых беларускіх медыя чакаюць ад сваіх патэнцыйных працаўнікоў”. І з сумам зразумела, што менш за ўсё рэдактараў цікавяць прафесійныя веды… Пацвердзілася і маё даўняе падазрэнне, што журналістаў цяпер знаходзяць не на падставе нейкіх цікавых апублікаваных матэрыялаў, а праз знаёмых ці сацыяльныя сеткі. Чытала прызнанні рэдактараў і думала пра тое, што цяпер мне больш зразумелыя паводзіны некаторых маладых журналістаў, якія рассыпаюцца ў кампліментах у сацыяльных сетках перад кожным, хто мае больш-менш адказную пасаду ў СМІ. Аказваецца, такая палітыка “аблізвання” рэальна спрацоўвае! Тым больш, што тым, хто ездзіць па камандзіроўках ды яшчэ і сур’ёзна падыходзіць да апрацоўкі і падачы матэрыялу, няма часу на “акучванне” патэнцыйных працадаўцаў. Прафесіяналы ніколі не будуць хваліцца, што пішуць па дзесяць матэрыялаў у дзень. Яны працуюць удумліва і адказна… Аднак наколькі іх хопіць, гэтых місіянераў культуры?..

Аўтар: Ганна КІСЛІЦЫНА
загадчык аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук