Без тэндэнцый ды інтрыг

№ 9 (1187) 28.02.2015 - 06.03.2015 г

Пласты і формы трэцяй “ПлаSтформы”
9 — 14 лютага ў Мінску прайшоў Трэці Адкрыты форум эксперыментальных пластычных тэатраў Беларусі “ПлаSтформа”. На трох сцэнах спектаклі паказалі 14 калектываў з сямі краін свету, у тым ліку Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Швецыі. Як заўсёды, фестываль суправаджаўся лекцыямі і майстар-класамі. Пасля ж апошняга паказу адбыўся пашыраны “круглы стол” з удзелам зацікаўленых артыстаў ды гледачоў. На старонках “К” вынікі ІІІ “ПлаSтформы” абмяркоўваюць яе заўсёднікі — Надзея БУНЦЭВІЧ і Ілья СВІРЫН.

/i/content/pi/cult/521/11222/7-1.jpg

І.С.: — Цяперашняя “ПлаSтформа” выявіла даволі заканамерную тэндэнцыю: ніякіх тэндэнцый у гэтай сферы на Беларусі няма. Ёсць толькі пэўная сукупнасць разнародных калектываў, якім і сапраўды было вельмі важна не толькі сябе паказаць, але і на іншых паглядзець. Таму галоўная інтрыга была прадказальнай: ці ўдасца хаця б гэтым разам парушыць звыклую формулу “ІнЖэст” і астатнія”? Яна была актуальнай для мінулых такіх форумаў — ды, па вялікім рахунку, увогуле для айчыннага пластычнага тэатра. Што асабліва прыемна, высілкі па пераадоленні гэтага стану рэчаў робіць перадусім сам “Інжэст”, які з’яўляецца арганізатарам фэсту.

Н.Б.: — Асабіста для мяне інтрыгай было, найперш, — што цікавага мы ўбачым. А ўжо хто менавіта гэта пакажа, не так важна. Хаця за беларускіх удзельнікаў, вядома, “хварэеш” заўсёды. Справа, на мой погляд, не ў высокім узроўні “ІнЖэста”, які здавён з’яўляецца лідарам у гэтай сферы, а ў астатняй праграме. Дарэчы, у яе складанні, наколькі мне вядома, самы актыўны ўдзел бярэ кіраўнік гродзенскай “Галерэі” Аляксандр Цебянькоў, дапамагае яму Іна Асламава з гомельскай “Квадры”. Так што пытанні наконт таго, каго мы не ўбачылі, хаця маглі б, трэба пераадрасаваць ім. Але больш правільна будзе засяродзіцца не на тым, чаго і каго не было, а на ўбачаным. І тут акрамя “ІнЖэста” можна было вылучыць, да прыкладу, літоўскі спектакль “Contemporary?”, заснаваны на парадыраванні штампаў сучаснай харэаграфіі. Дадам, што ў нас першым у такім кірунку, сумяшчаючы найноўшыя пластычныя заваёвы з гумарам, працаваў (прычым больш за дваццаць гадоў таму) гродзенскі гурт “ТАД”, арганізаваны Дзмітрыем Куракулавым. І пакуль праз Інтэрнэт распаўсюджваюцца плёткі пра ягоны “творчы крызіс”, хтосьці можа беспакарана карыстацца яго знаходкамі, даходзячы да простага “запазычання”. Я маю на ўвазе не літоўцаў (яны ідуць у тым жа кірунку, але — сваім шляхам), а некаторыя беларускія калектывы. Што да замежных, дык у той жа Польшчы багата больш цікавых праектаў, чым той, што быў паказаны ў нас…

І.С.: — Люблінскі тэатр танца прадэманстраваў ідэальны варыянт спектакля для бюджэтных фестываляў: адсутнасць дэкарацый тлумачыцца канцэпцыяй пастаноўкі. У спектаклі “Гісторыі, якія мы ніколі не распавядалі” акцёры ігралі саміх сябе, выяўляючы не сцэнічны гераізм, а звычайныя чалавечыя мары ды комплексы, побытавыя фобіі і дрэнныя звычкі. Вербальная “споведзь” перамяжоўвалася пластычнымі эцюдамі (прафесійна зробленымі, але... не больш за тое), а напрыканцы дзеі чацвёра выканаўцаў нават паспрабавалі распрануцца. Метафара, па-мойму, не надта арыгінальная...

Н.Б.: — Калі гаварыць пра аголеную натуру, дык у артыстаў з Латвіі тое было куды больш смела. Але справа не ў самім прыёме, а ў тым, што ім хацелі сказаць, наколькі ён спрыяў данясенню задумы.

І.С.: — Тым не менш, публіка здолела ўбачыць урэчаісненне адной з “ідэй-фікс” сучаснага тэатра: на сцэне ўсё павінна быць “як у жыцці”, гаварыць трэба ад сябе і “аб набалелым”. І тут жа раптам выявіўся зваротны бок шчырасці. Зразумела, што памер ды форма ўласнага носа турбуюць чалавека куды больш за баявыя дзеянні на Бліжнім Усходзе. Але гэта не азначае, што нечыя прыватныя клопаты абавязкова павінны быць цікавымі староннім. Міні-спектакль гродзенскай “Галерэі” “Канчэрта гроса” таксама распачынаўся ў рэфлексійным ключы, але далей дзея развівалася ў абсалютна нечаканым кірунку. Мантаж яе фрагментаў нагадваў гульню ў тэтрыс — прычым ужо на тым этапе, калі фігуры падаюць долу з вялізнай хуткасцю ды кладуцца ў адвольным парадку. Быў нават нумар з караоке! Развагі “пра сэнс мастацтва” (часам, між іншым, вельмі іранічныя) патанулі ў гэтым кактэйлі, непадуладнасць якога адназначнай інтэрпрэтацыі падаецца ці не галоўным плюсам.

Н.Б.: — З “неінжэстаўскай” праграмы я вылучыла б найперш магілёўскі спектакль “Goldkopf”.

І.С.: — Пагаджуся, праект Юркі і Таццяны Дзіваковых “Лабараторныя фігуры Оскара Шлемера”, які стаў сапраўдным адкрыццём папярэдняй “ПлаSтформы”, гэтым разам не зняверыў прыхільнікаў. Павольныя пластычныя эцюды дапаўнялі дзівосныя аб’екты, і разам з удалым саўндтрэкам аўтарства Весяліна Румянцава дзея спараджала сапраўдны гіпнатычны эфект. Пастаноўка, якая адсылае гледача некуды ў нетры падсвядомага, перанасычана алюзіямі на авангарднае мастацтва пачатку ХХ стагоддзя, прычым аўтарам спектакля, як падаецца, удалося выявіць той драматызм, што стаяў па-за фармальнымі эксперыментамі. І ці не самая важная адметнасць — выдатная рэжысура, якая дазволіла “загучаць” напоўніцу нават непрафесійным акцёрам.

Н.Б.: — Пры ўсіх нямецкіх “спасылках” праекта, звернутага да творчых здабыткаў Шлемера, у спектаклі яскрава прасочваліся і беларускія карані. Апора на геаметрычныя абстракцыі ды кубізм, уласцівыя гэтаму мастаку, скульптару і харэографу Германіі 1-й паловы ХХ стагоддзя, прыводзілі да выкарыстання ў якасці выразных сродкаў простых геаметрычных фігур (квадрат, трохвугольнік, кола) і асноўных колераў (жоўты, зялёны, чырвоны), што асацыятыўна звязвалася з перыядам беларускага авангарда 1920-х, супрэматызмам Казіміра Малевіча. У асобных “кадрах”-фрагментах, вылучаных святлом з амаль касмічнай “чорнай дзіркі”, якая то нараджала, то паглынала сумесь чалавечых і геаметрычных фігур, бачыліся паралелі і з наскальным роспісам, ажно да егіпецкіх іерогліфаў, і са знакамітай карцінай Эдварда Мунка “Крык”, што сімвалізавала пачатак экспрэсіянізму, таксама закранутага ў творчасці Шлемера. Такім чынам, аповед пра своеасаблівае “стварэнне свету” набываў не толькі сусветны размах, але і дакладную “ўнутраную геаграфію”. Пастаноўшчыкі паўставалі не толькі мастакамі, апантанымі фантазіяй, але і даследчыкамі гісторыі мастацтваў, праводзячы паралелі ў фарміраванні ды развіцці нацыянальных школ еўрапейскай прасторы.

Цікавай была і драматургія, шмат у чым падуладная законам музычнага сімфанізму. З мазаікі асобных “эцюдаў-элементаў”, спачатку быццам не звязаных адно з адным, у выніку складалася завершаная карціна, асноўныя рухі-лейтматывы спляталіся ў фінале ў непарыўную повязь. Калі ў мінулай пастаноўцы Дзіваковых некаторыя дэталі падаліся мне неабавязковымі, дык гэтым разам усё было выверана вельмі дакладна. Але я пастаянна лавіла сябе на думцы: як шмат страчвае дадзены спектакль у вялізнай, не самай прыдатнай для падобных пастановак, зале Палаца культуры чыгуначнікаў, дзе, на жаль, губляліся многія важныя дробязі… Вельмі хацелася б убачыць магіляўчан яшчэ — да прыкладу, у той жа зале Тэатра беларускай драматургіі, дзе ў час “ПлаSтформы” ішоў “Вечар танца бута”. Гэты сучасны японскі напрамак, папулярны сёння ва ўсім свеце, часам і на танец зусім не падобны, затое наўпрост звязаны з усходняй філасофіяй ды глыбіннымі старадаўнімі традыцыямі.

І.С.: — Вечар бута сумяшчаў дзве даволі рознакаліберныя пастаноўкі, аб’яднаныя хіба агульным лейтматывам: выяўленне праз пластыку той утоенай сутнасці рэчаў, якую не ўбачыш няўзброеным вокам. Ірына Ануфрыева са Швецыі зрабіла свой монаспектакль на драматычную музыку Дыяманды Галас, і часам падавалася, што досыць камерны візуальны шэраг значна саступае музыцы па напале жарсцяў. Але мінімалістычная пластыка танцоркі з часам пачынала зачароўваць. Рыжскі тэатр “Ideagnosis” выдаў сакавітую касмаганічную фантазію “Праект чалавека”, насычаную самымі рознымі істотамі немаведама з якіх вымярэнняў, якія выраблялі неверагодныя дзеі пад жывую музыку.

Н.Б.: — Абедзве пастаноўкі былі цікавыя, але па розных прычынах. Першая ўвасабляла сапраўдны бута — з усёй яго запаволенасцю, блізкай да нірваны, эстэтыкай “непрыгожасці” і “антывіртуознасці”, якая “пратэстуе” супраць звыклага ўспрыняцця тэхнічнасці артыстаў праз хуткасць тэмпаў ды вышыню скокаў. Такімі незвычайнымі для многіх прысутных сродкамі ўвасаблялася тэма Халакосту (не ўсе звярнулі ўвагу на тое, што спектакль называўся “Embers” — “Вуголле”), вымагаючы ад гледача не меншай аддачы і такога ж напружання душэўных сіл. Гэта аказалася блізка не ўсім, асабліва неспрактыкаваным, хаця для многіх Ірына Ануфрыева (дый сам танец бута) сталі адкрыццём ужо летась. Другая ж пастаноўка была… зусім не бута. На аснове хіба асобных элементаў гэтага напрамку быў створаны візуальна кідкі, куды больш просты для ўспрымання спектакль, скіраваны на відовішчнасць, нават на сувязі з масавай культурай, пачынаючы з фільмаў жахаў пра вампіраў ды пярэваратняў-ваўкалакаў. Публіка ўспрыняла ўсё гэта — на ўра! І не магла ўцяміць, чаму некаторыя спецыялісты моршчыліся. Насамрэч, пастаноўка была цікавая па многіх параметрах. Гэта і шыкоўная фанасфера (проста музыкай назваць тое немагчыма), што ствараецца жывым выкананнем на нашых вачах, утвараючы сімбіёз акустычных і электронных гучанняў. Гэта і адметныя сцэнічныя строі, многія ідэі якіх маглі б стаць прыдатнымі для дзіцячых казак і ўвасаблення ўсялякіх “пачвар”, прывучаючы да сучаснай тэатральнай мовы, а не рэтраспекцый 1950-х. Гэта і сам факт “адвольнага перакладу” далёкай усходняй культуры на мову, блізкую шырокай публіцы.

Такім жа імкненнем да “знаёмага-незнаёмага” вылучаўся беларуска-ўкраінскі спектакль “У чатыры рукі”. Прыдатная для мыльных опер гісторыя пра жанчыну і мужчыну была выяўлена новымі сродкамі, пазбавіўшыся меладраматызму. А вось праграма “Новыя імёны”, за выключэннем выступлення тульскага калектыву, складзеная з беларускіх нумароў, летась паказаных у конкурсе IFMC у Віцебску, нічога новага, на жаль, не ўтрымлівала. Але пры такім згуртаванні пачаткоўцаў і падзеле агульнай праграмы на “асноўную” ды “дадатковую” больш бачнымі сталі хібы прызнаных беларускіх калектываў, многія з якіх аказаліся не на піку сваіх заваёў. Затое якой выбуховай кульмінацыяй стаўся тэатралізаваны фінал, зроблены, як заўсёды, Вячаславам Іназемцавым у духу актуальнага “капусніка з падтэкстам” — бляск!

І.С.: — “Флагман” — “ІнЖэст” — паказаў не надта новы спектакль “Доступ да цела”, задуманы пяць гадоў таму ў якасці юбілейнага бенефіса Іназемцава. Сёлетняя версія даволі моцна адрознівалася ад прэм’ернай: па ўсім відаць, што і пастаноўка, і сам тэатр не стаяць на месцы. І справа не толькі ў пастаяннай змене акцёрскага складу (хваробе ці не ўсіх калектываў, удзельнікі якіх не атрымліваюць сталы заробак), але і ў здаровай творчай эвалюцыі. Прыкладам, пафасны “прывід камунізму”, які нібыта ўваскрос з прапагандысцкіх шоу савецкіх часоў, гэтым разам быў увасоблены ў выглядзе... барадатай жанчыны. Увогуле, фантасмагарычная куламеса самых розных стыляў, сэнсаў ды гістарычных кантэкстаў — у той ці іншай ступені падуладная пры гэтым волі аўтара — гэта акурат тая “фішка”, што робіць “ІнЖэст” пазнавальным.

Н.Б.: — Любы іх спектакль патрабуе разгляду. І не толькі спектакль, але і сама школа Іназемцава! Бо яго артысты-аматары могуць даць фору прафесіяналам. І ў чарговы раз даказваюць, што лепшыя спектаклі заслугоўваюць вылучэння на Нацыянальную тэатральную прэмію куды больш за некаторыя іншыя. Але гэта тэма — для асобнай размовы…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"