Мой Нэмэн

№ 42 (1168) 18.10.2014 - 24.10.2014 г

Не, Нэмэн не зваліўся з нябёс, нібыта шаравая маланка. Для нас, шаснаццацігадовых юнакоў, якіх цяпер называюць “тынэйджэрамі”, адкрыццём было ўсё, што адбывалася ў культурным жыцці суседняй Польшчы. Пажадана было хоць крыху ведаць польскую мову, бо ў любым кіёску “Саюздруку” прадавалася прадукцыя на ёй — ад партыйных да гумарыстычных і спартыўных выданняў. (Пазней пра чарнобыльскую трагедыю са спазненнем на суткі я даведаўся з польскіх камунікатаў аб надвор’і.) “Перспектывы” ці “Панарама” друкавалі ўсё, аб чым немагчыма было даведацца па гэты бок “жалезнай заслоны”.

/i/content/pi/cult/517/11206/14-1.jpg

Алесь Квяткоўскі. "Партрэт Чэслава Нэмэна".

З пятага класа я вывучаў польскую мову. Па радыё можна было знайсці іхнія станцыі ў якасным гучанні. У Брэсце, Гродне — глядзець і тамтэйшае тэлебачанне, дый у Мінску, хто ўмеў, таксама.

Паўсюль ствараліся біт-гурты. Можна было набыць партытуры ці не любой рэчы ці не любога гурта і, што мяне здзівіла, — партыі для перкусіі (ударных). Я сам удзельнічаў у такім гурце, які называўся “Рэзананс”. Існаваў ён па раёне нашага жыхарства — Мінскі палац культуры камвольнага камбіната. Дарэчы, там нядоўга працавалі “Лявоны” — будучыя “Песняры” — і “Вясёлыя лісы” з Валодзем Спірыдовічам.

Зразумела, акрамя беларускіх (ці былі яны на слыху?), рускіх песень лягчэй і цікавей было спяваць, а публіцы — успрымаць творы з репертуару “Чырвоных гітар” на чале з Севярынам Краеўскім (вось і сына свайго я назваў Севярынам), “Но то цо”, “Скальдаў”, пазней — Марылі Радовіч. А труба Збышака Вадэцкага? Лічылася, што польская мова падыходзіць да біг-бітавых кампазіцый так, як і англійская.

Мне пашчасціла ў першасным культурным развіцці, эстэтычным выхаванні. Па-першае, я вучыўся ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве (зараз — Каледж імя Ахрэмчыка). Падлеткі з музычнага аддзялення, на тры гады маладзейшыя за нас, іх настаўнікі (як сёння кажуць, “прасунутыя”) заўсёды былі ў курсе сучаснага музычнага жыцця. Па-другое, я меў сяброў у Цэнтральнай музычнай школе пры кансерваторыі. Сёння гэта салідныя людзі, якія шмат зрабілі для культуры краіны, але тады, дзе заўгодна, на “тры-чатыры”, гуляючы, яны маглі “злабаць” “Ob-la-di, ob-la-da”, “Miсhelе”, “Girl”. Па-трэцяе, кола сяброў ды знаёмых маёй старэйшай сястры складалася з розных па інстытуцкай падрыхтоўцы людзей: РТІ, “ін’яз”, БДУ — былі і фізікі, і лірыкі. Дзякуючы такому сяброўству я адкрыў для сябе Рэя Чарльза, Жака Брэля, Сальватора Адама, “Белы альбом” “Бітлз”, “Гісторыю кахання” Фрэнсіса Лея. І гэта толькі частка…

Але “Чырвоныя гітары” гучалі больш мілагучна ды проста. У лепшых творах — гэта сапраўдныя славянскія балады. Мы спявалі іх не толькі на танцах ці школьных канцэртах, — без іх выканання не праходзілі нашы сустрэчы ні ў парку Горкага, ні ў Лошыцы, ні на Нарачы. Дый сёння, хто яшчэ можа, праспяваем і “Анну-Марыю”, і “Не кажы нічога”, і “Белы крыж”…

З Чэславам Нэмэнам было цяжэй. Яго немагчыма спяваць ля вогнішча ці на дні нараджэння. Ягоныя творы, як сёння кажуць, — не “папсовыя”. У любым адчуваецца драматызм. Спрацавалі і легенды пра Нэмэна: “выгналі з вучылішча”, “хіпі”, “дрэнныя паводзіны”, “вымушаны з’ехаць у Польшу”…

Мы ж нічога не ведалі пра тое, што адбывалася ў Заходняй Беларусі пасля вайны. Тыя ж факты дэпартацыі “па жаданні радзімы”…

Пазней мне стала зразумела: няхай ты нацыянальны герой Польшчы, але ты — чалавек з “крэсаў усходніх”. Мне здаецца, што такое адбывалася і з Нэмэнам. Можа, таму — гэта факт — яму добра спявалася доўгі час у Італіі ці ЗША?..

…Нэмэна я адкрываў усё жыццё. Ён сабе стварыў характэрны, пазнавальны вобраз. Калі я пісаў свайго жывапіснага Нэмэна, нейкім чынам хацеў пазбегнуць такога клішэ…

Я не вельмі цікавіўся і Старымі Васілішкамі. Са стваральнікамі дакументальнага фільма пра яго знаёмы гадоў мо сто!.. Два дзесяцігоддзі прыязджаю маляваць, збіраць грыбы ў Ліпічанскую пушчу на другім беразе Нёмана, насупраць мястэчка Орля, кіламетраў за пятнаццаць ад радзімы Нэмэна. Але не спяшаўся бегчы туды, куды імкнуцца ўсе. Застаюся са сваім Нэмэнам.

Увесь час, калі я іду да Нёмана праз дубровы, дзе нідзе няма ні акурка, ні шкла, ні пластыкавай бутэлькі, а да самага далягляду — і не аднаго слупа, думаю: вось месца чысціні ды святасці, дзе нараджаюцца паэты і музыканты…

Чэслаў Нэмэн дапамог мне адкрыць Цыпрыяна Каміля Норвіда, а той — верш “Памяці Бема жалобная рапсодыя”, а верш — словы “…Клятве, якую я даў бацьку, верны да гэтага дня…”. Пасля крушэння самалёта з польскім кіраўніцтвам пад Смаленскам я пісаў амаль графічную, манументальную кампазіцыю “Памяці палякаў жалобны рапсод” пад сугучныя творы Нэмэна…

Але сустрэчы з Нэмэнам па жыцці былі больш рамантычнымі, незвычайнымі… У 1973 годзе я з групай сяброў-мастакоў-студэнтаў працаваў у Валагодскай вобласці — у горадзе Кірылаве. Гэта вядомы Кірыла-Белазёрскі манастыр, непадалёк адтуль і Ферапонтаў манастыр. Так здарылася, што да нашай групы часова “прыбіўся” малады спецыяліст-стаматолаг з Яраслаўля, які, пакуль не знайшлі яму кватэру, жыў у камуне. У Валодзі-стаматолага былі дзве ўлюбёныя музычныя зборкі для плёначнага магнітафона: “Pink Floyd” і Чэслаў Нэмэн. Больш за два месяцы ад раніцы да раніцы мы слухалі гэтую музыку. І яшчэ “Песняроў” у дадатак. Наша майстэрня ператваралася раз на тыдзень у салон для эліты раёна і яго гасцей…

Гэта толькі адзін з успамінаў пра Нэмэна на абшарах СССР. А Масква, Арменія, Літва, нават Кішынёў… Ну а калі я пачынаў працу над любой карцінай на любы сюжэт у сваёй майстэрні, асабліва ў 1980-я, у мяне гучалі творы Нэмэна — ягоны імпульс, нерв, драматызм…

Яшчэ ж мяне моцна ўразіў выпадак, калі ў час канцэртаў у Гродне Чэслаў проста ўзяў таксоўку туды-назад, каб на пару гадзін наведаць малую Радзіму — Старыя Васілішкі…

У кожнага свае асацыяцыі ад праслухоўвання ягонай музыкі, напрыклад, “Italiam, Italiam” ці “Мой пейзаж”… Я казаў, што вобраз Нэмэна запамінальны, таму ў работах мастакоў, якія бачыў, ён падаецца заўсёды плакатным. Нельга пазбавіцца ад пазнавальных капелюша, вусоў ці барады. Таму капялюш у мяне падобны і на галаўны ўбор, і на німб ці на скафандр іншапланетніка. Уздоўж дарогі — быццам кветкі-свечкі. Усё алегорыі. Але зямны Музыка едзе на зямным кані. Куды?..

У кампазіцыйных партрэтах, якія я напісаў за апошнія пяць гадоў, усе мае героі, чыю творчасць я паважаю і шаную, сядаюць на коней ды скіроўваюцца на Грунвальд. Наш умоўны Рубікон, праз які спазнаецца Гордасць, Сумленне, Любоў да Радзімы, Існасць… І не кожнаму з маіх суайчыннікаў знойдзецца месца ў гэтым шляхетным шэсці… Далей… Далей… І яшчэ мне заўжды цікава: а што сталася б з Чэсікам Выджыцкім, каб ён застаўся ў СССР?..

Аўтар: Алесь КВЯТКОЎСКІ
мастак, педагог