Брама без сцен. Пакуль...

№ 6 (1184) 07.02.2015 - 13.02.2015 г

Райвыканкам завяршыў аднаўленне аб’екта спадчыны за ўласныя сродкі
Мінулым разам давялося наведаць Бярозу менш за год таму. У шэры зімовы дзень галоўная адметнасць горада — руіны картэзіянскага кляштара — выглядала неяк асабліва несамавіта, і не кожны адразу здагадаўся б, што гэта ўвогуле нейкая славутасць... Запэўніванні мясцовых улад у тым, што неўзабаве рэстаўрацыя тут пачнецца “ўсур’ёз”, выклікалі хіба вельмі стрыманы аптымізм. Сёлета надвор’е гэткае ж невыразнае, аднак уражанне кляштар пакідае зусім іншае, і стварае яго перадусім нядаўна адноўленая брама. Ці стане яна “варотамі ў будучыню”?

/i/content/pi/cult/520/11197/201.jpg

/i/content/pi/cult/520/11197/202.jpg

Брама сёння і яшчэ ўлетку.

Валявое рашэнне

Для Бярозы кляштар — гэта нешта большае, чым проста помнік спадчыны. Некалі гэта было “горадаўтваральнае прадпрыемства”, вакол якога віравала жыццё тады яшчэ мястэчка. Таму і не дзіва, што менавіта відарыс брамы трапіў на сучасны герб Бярозы, зацверджаны ў 2008-м. Дый увогуле, выявы кляштара, выкананыя ў рознай тэхніцы і з розным умельствам, там можна сустрэць літаральна на кожным кроку, нават на сценах кавярняў.

Аднак да нядаўняга часу на лёс самой брамы гэтая акалічнасць асабліва не ўплывала, і пашчэрбленыя руіны, у якіх ледзь угадваліся вытанчаныя барочныя формы, спакваля пераўтвараліся ў друз. Рэстаўрацыя нібыта і пачалася, але... Па звыклай фінансавай прычыне яна расцягнулася ў часе ды не прынесла заўважнага плёну. Асаблівыя спадзевы мясцовых улад былі на Дзяржпраграму “Культура Беларусі”. Аднак фінансавыя ўліванні “звонку” затрымліваліся, і ўрэшце старшыня райвыканкама Юрый Наркевіч прыняў валявое рашэнне: трэба разлічваць на ўласныя сілы. І вось, за лічаныя месяцы справа прасунулася значна далей, чым за восем папярэдніх гадоў...

Як распавяла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бярозаўскага райвыканкама Таццяна Кавалёк, леташняя рэстаўрацыя брамы аблягчыла муніцыпальны бюджэт на 1,7 мільярда рублёў. Сума адносна невялікая, асабліва калі гутарка вядзецца пра галоўны сімвал краю. Прычым у якасці падрадчыка быў запрошаны не якісьці будаўнічы трэст, а “Брэстрэстаўрацыя”.

— Вядома, гэтыя работы маюць сваю спецыфіку, і да іх трэба падыходзіць вельмі адказна, тым больш на такім важным аб’екце, — кажа Таццяна Кавалёк. — Таму нават сумневаў не ўзнікала ў тым, што трэба ўсё даверыць прафесіяналам. І на якасць іхняй працы ў нас няма ніякіх нараканняў…

Пакрытая свежай тынкоўкай брама праглядаецца здалёк і выгодна вылучаецца на фоне свайго непрыгляднага атачэння. Што ні кажы — сапраўдны сімвал горада! Таму і не дзіва, калі на яе фоне ладзяцца вясельныя фотасесіі. Прынамсі, у добрае надвор’е, бо ў непагадзь падступіцца да кляштара ў парадным абутку па-ранейшаму даволі складана…

Дысананс захаваецца

Адрэстаўраваная брама досыць выразна кантрастуе з усёй астатняй часткай вялізнага комплексу, выгляд і тэхнічны стан якога калі і змяніліся за апошнія дзесяцігоддзі, дык зусім не ў лепшы бок. На жаль, ёсць падставы меркаваць, што такі дысананс захаваецца надоўга.

— Быў намер аднавіць яшчэ хаця б касцельную званіцу, — распавядае Таццяна Кавалёк. — Але сіламі раёна мы гэта ўжо не пацягнем. Таму будзем чакаць фінансавання альбо шукаць інвестара…

Зразумела, што рэстаўрацыя — справа дарагая і марудная. Іншае — звычайнае добраўпарадкаванне. Як падаецца, менавіта гэты крок быў бы найбольш лагічным у доўгім, але неабходным працэсе рэвіталізацыі бярозаўскай “візітоўкі”.

— Калі ў прэсе і сацыяльных сетках з’явіліся паведамленні пра пачатак рэстаўрацыі брамы, рэакцыя жыхароў не прымусіла сябе чакаць, — распавядае метадыст аддзела ІРКСМ Вольга Лаўрынчук. — Да нас звярнулася бярозаўская моладзь, якая цяпер вучыцца ў больш буйных гарадах, і прапанавала дапамагчы з навядзеннем парадку на тэрыторыі кляштара…

Такая ініцыятыва лішні раз засведчыла, што захады мясцовых улад не сталі “халастым стрэлам”, — жыхары на іх жыва адгукаюцца. Але сіламі адных валанцёраў наўрад ці можна прывесці да ладу вялізную тэрыторыю комплексу. Таму раз на тыдзень туды выязджае гаспадарчая група аддзела ІРКСМ. А тым часам мясцовыя ўлады ўжо замовілі праект добраўпарадкавання.

Функцыянальнае прызначэнне руін кляштара і пагэтуль даволі няўцямнае — нават калі казаць пра перспектыву. Любы адэкватны варыянт — ці то музей, ці то кляштар — адразу ўпіраецца ў банальнае “няма грошай”. Дый не так і лёгка прыстасаваць месца жыцця манахаў да патрэб сённяшняга дня...

Зрэшты, адзін з варыянтаў усё ж навідавоку. Руіны — гэта амаль гатовы твор ландшафтнага дызайну. І калі стварыць на тэрыторыі комплексу культурна-рэкрэацыйную зону — з лаўкамі, дарожкамі ды, канешне ж, сметніцамі, — напэўна, яна будзе запатрабаванай. Мой прагноз заснаваны на асабістым назіранні: куды менш цікавыя руіны млына ў Лошыцкім парку штодня прыцягваюць сотні аматараў “пафоткацца”.

Вядома, папулярнасць мае і адваротны бок. З цягам часу мясцовыя ўлады плануюць усталяваць у кляштарнай браме жалезныя створкі. Хутчэй, дзеля прыгажосці, бо перыметр комплексу адной брамай усё адно не закрыеш, дый ніякай аховы, здатнай не пускаць туды “непажаданых элементаў”, там няма па-ранейшаму.

— У нас добрае паразуменне з камандаваннем вайсковай часткі, што знаходзіцца на тэрыторыі кляштара, — кажа Вольга Лаўрынчук. — У прыватнасці, мы дамовіліся, каб вартавыя прыглядалі таксама і за ўсім комплексам. Бо, самі разумееце, у мяне няма магчымасці штодзённа яго патруляваць...

Адпаведна, гэта толькі на паверку здаецца, што вайскоўцы на такім аб’екце — як ні круці, лішнія. У цяперашніх варунках усё зусім наадварот.

Нечаканая рэстаўрацыя

Наведанне руін кляштара шмат часу не заняло: у зімні дзень там даволі няўтульна, дый банальна няма чаго рабіць. Таму мне прапанавалі паглядзець гонар Бярозы — кінатэатр, адкрыты летась пасля грунтоўнага рамонту.

Убачанае і сапраўды ўражвае: рамонт “з іголачкі”, абсталяванне — звышсучаснае, рэпертуар — актуальны... Натуральна, і публіка адразу паваліла. Прычым кіраўніцтва кінатэатра да аддзелкі ставілася ўдумліва: сцены пакрыты гукаізаляцыйнымі матэрыяламі, праходы паміж крэсламі наўмысна зроблены вялікімі, дый самі крэслы выконваліся па індывідуальным заказе (спінка — ад адной мадэлі, а ніжняя частка — ад іншай). Мэта толькі адна — максімальны камфорт для наведвальнікаў. Прычым для тых, каму нават і гэтага будзе недастаткова, прызначана V.I.P.-зала на дванаццаць месцаў, дзе на кожнага — “панскі” фатэль.

Але, па шчырасці, больш за ўсё мяне ўразілі нават не гэтыя выгоды, а вялізнае жывапіснае палатно, размешчанае па-над лесвіцай, што вядзе ў фае. Неабавязкова быць мастацтвазнаўцам, каб вызначыць стыль ды прыблізны перыяд яго напісання: шчаслівыя і нядрэнна апранутыя савецкія людзі адпачываюць на беразе рэчкі... Рэчка, між іншым, не абстрактная, а менавіта тутэйшая Ясельда. Брэсцкі мастак Пётр Данелія стварыў сваю шматфігурную карціну “У выхадны дзень” менавіта ў Бярозе і менавіта для гэтага кінатэатра, а было тое з паўстагоддзя таму. Адпаведна, сам твор — ужо таксама спадчына...

На жаль, падобныя “рэлікты мінулай эпохі” пад час рамонту нярэдка трапляюць на самы звычайны сметнік. Але ў Бярозе для старой карціны было знойдзена пачэснае месца ў інтэр’ерах сучаснай установы.

— Людзі старэйшага веку нам вельмі за гэта ўдзячныя, — кажа галоўны інжынер кінатэатра Любоў Лапурка. — Бо для іх гэта — памяць...

Уразіў і яшчэ адзін прыклад захавання спадчыны. “За царом” пабудовы занядбанага ды зачыненага кляштара разбіраліся на цэглу для ваенных казармаў. А ў наступным стагоддзі, ужо “за Польшчай”, менавіта там паўстала ўстанова, якая зрабіла Бярозу-Картузскую сумна вядомай па ўсёй краіне. Гісторыя часам вырабляе пакручастыя піруэты...

Цяпер пра першы на тэрыторыі Беларусі канцлагер у тых казармах мала што нагадвае. У адной з іх месціцца цэлы рой самых розных арганізацый — ад піцэрыі да Цэнтра рамёстваў. Другая ладны час прастаяла без даху, пакуль яе не выкупіла вядомая кожнаму беларусу гандлёвая сетка.

Зважаючы на сумны лёс падобных казармаў у Гродне, у дадзеным выпадку таксама можна было чакаць найгоршага. Тым больш, камяніца не мае статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці... Аднак убачанае прыемна здзівіла. Новы ўласнік вельмі далікатна прыстасаваў ацалелую цагляную “каробку” да ўласных патрэб, захаваўшы і аконныя праёмы, і характэрны для свайго часу сціплы дэкор.

За мяжой падобныя аб’екты звычайна моцна перайначваюцца пад час рэканструкцыі, тут жа — ніякіх сучасных надбудоў! Больш за тое: нават былі адноўлены страчаныя скляпенні ды коміны. Таму ці не самы папулярны сёння ў Бярозе гандлёвы цэнтр выглядае густоўна — асабліва ў параўнанні са шматлікімі шэдэўрамі стылю “хай так”, што растуць у роднай старонцы бы грыбы пасля дажджу…

Ці выпадковыя тры прыведзеныя вышэй “рознакаліберныя” прыклады аховы спадчыны? У выпадку з Бярозай, напэўна, не: стаўленне да гэтай тэмы там — паслядоўнае і сур’ёзнае. А вось калі казаць агулам... На жаль, прыклады, калі раён сам бярэцца за аднаўленне свайго “брэндавага” помніка, можна пералічыць па пальцах. Альбо нават па канечнасцях...

Усе тры прыклады зноў падкрэсліваюць банальную ісціну: многае залежыць ад людзей. Ад тых, хто дбае не толькі пра абрыдлыя надзённыя клопаты, але і пра будучыню, у якую плаўна перацякае сучаснасць…